Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў (21 сьнежня 1934, Вялікі Бор, Магілёўская вобласьць — 5 студзеня 1996, Менск) — народны пісьменьнік Беларусі, драматург, грамадзкі дзяяч. Аўтар раманаў «Плач перапёлкі» і «Апраўданьне крыві», якія апавядаюць пра трагічныя падзеі пачатку нямецка-савецкай вайны на тэрыторыі Беларусі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў.

Іван Чыгрынаў
лац. Ivan Čyhrynaŭ
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў
Нарадзіўся 21 сьнежня 1934(1934-12-21)[1]
Памёр 5 студзеня 1996(1996-01-05) (61 год)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст, драматург, перакладнік, літаратурны крытык, сцэнарыст, рэдактар
Гады творчасьці 1952—1996
Жанр ваенная проза
Мова беларуская мова
Значныя творы «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996)
Прэміі Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія

рэдагаваць

Іван Чыгрынаў нарадзіўся 21 сьнежня 1934 году ў вёсцы Вялікі Бор Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці[2] ў сям’і старшыні сельсавету[3]. Іван быў чацьвёртым дзіцём у сям’і, а пасьля яго нарадзіліся яшчэ тры сястры і брат. Бацька быў занятым чалавекам, таму дзяцей выхоўвала маці, Хадоска Ігнатаўна[4]. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну, на якой згубіў бацьку.

Пасьля сканчэньня Вялікаборскай сямігадовай школы (1949) працягнуў навучаньне ў дзесяцігадовай школе ў Саматэвічах (Магілёўская вобласьць), якая знаходзілася за восем кілямэтраў ад хаты. Вучыўся старанна. Гэтую школу ў свой час скончыў беларускі паэт Аркадзь Куляшоў[5]. У той час, натхнёны творчасьцю Аркадзя Куляшова, Чыгрынаў упершыню пачаў публікаваць свае вершы ў газэтах. Вясной 1952 году Куляшоў завітаў у Саматэвіцкую сярэднюю школу на выпускны вечар. На мерапрыемстве выступіў і дзесяціклясьнік Чыгрынаў, прачытаў свае вершы[6].

У 1952 паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ. Аднакурсьнікамі Чыгрынава сталі Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў і іншыя. У час вучобы Іван Гаўрылавіч друкаваўся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы (вершы ў «Чырвонай змене», часопісе «Полымя»)[6].

Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту з 1957 па 1962 год працаваў рэдактарам у выдавецтве Акадэміі навук БССР, потым там жа загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва[7]. З 1965 па 1975 год працаваў рэдактарам аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя»[2]. У 1973 годзе далучыўся да КПСС. З 1975 зьяўляўся намесьнікам старшыні, а з 1976 году — сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1978 годзе ўдзельнічаў у працы XXXIII сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР[2].

З 1986 па 1990 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З 1987 году — старшыня праўленьня Беларускага аддзяленьня савецкага фонду культуры. З 1989 году — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына». З 1986 па 1990 год — старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савету БССР па нацыянальных пытаньнях і міжнацыянальных адносінах[8].

Памёр 5 студзеня 1996 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.

Творчасьць

рэдагаваць

Творчы шлях І. Чыгрынава ахоплівае крыху больш за два дзесяцігодзьдзі. За гэты час празаікам было напісана каля трыццаці апавяданьняў і пяці раманаў[9].

У друку дэбютаваў вершам у 1952, як празаік — у 1958 годзе ў моладзевай газэце «Чырвоная змена». У 1952 годзе ў №12 часопісу «Полымя» быў надрукаваны верш першакурсьніка Чыгрынава «Сон трактарыста»[10].

Сам Чыгрынаў пачаткам сваёй сталай літаратурнай дзейнасьці лічыў 1961 год, калі 6 чэрвеня газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла яго апавяданьне «Праз гады»[7].

У пачатку 60-х гг. Чыгрынаў зьвярнуўся да прозы. Спачатку ён узяўся за напісаньне так званых «мясцовых быляў», якія прапаноўваў для друку касьцюковіцкай раённай газэце «Сцяг камунізму». У аснову гэтых твораў клаў мясцовыя паданьні і легенды, якія запісваў падчас вандровак па роднай Касьцюкоўшчыне. Першай сур’ёзнай заяўкай Чыгрынава як празаіка стала дакумэнтальная аповесьць «Тайна адной экспэдыцыі», зьмешчаная ў газэце «Чырвоная змена» ў канцы 1957 году. Ужо ў гэтай аповесьці адчуваюцца асаблівасьці Чыгрынава-празаіка: важлівае асэнсаваньне матэрыялу, нешматслоўнасьць і разам з тым глыбокі падтэкст, пераканаўчасьць псыхалягічных характарыстык пэрсанажаў[11].

Аўтар кніг апавяданьняў і аповесьцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчасьлівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданьне крыві» (1977), «Свае і чужынцы» (1984), «Вяртаньне да віны» (1992), «Ня ўсе мы згінем» (1996), п’есаў — «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Сьледчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзьведжым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцьці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Падчас працы ў выдавецтве Акадэміі навук далучыўся да навукова-дасьледніцкай дзейнасьці. Разам з В. Бандарчыкам стаў аўтарам манаграфіі «Н. Я. Никифоровский», якая выйшла ў 1960 годзе[7].

У сваіх творах Чыгрынаў імкнецца паказаць праўду таго суровага і гераічнага часу, праўду, якая адкрылася яго пакаленьню, узгадаванаму вайной і балючай памяцьцю пра яе[12].

Адзін з аўтараў сцэнару шматсэрыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

Творы І. Чыгрынава вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У 1968, 1970, 1978 гг. на расейскай мове выйшлі зборнікі яго апавяданьняў, а ў 1972 і 1978 гг. — раманы. Творы пісьменьніка перакладзеныя на ўкраінскую, баўгарскую, нямецкую, польскую, ангельскую, францускую, гішпанскую і іншыя мовы[9].

Узнагароды

рэдагаваць

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як суаўтар сцэнару тэлефільму «Руіны страляюць…».

У 1994 атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), срэбным мэдалём імя А. Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданьне крыві»; мэдалём Францішка Скарыны 1992.

  1. ^ Чигринов Иван Гаврилович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ а б в Чыгрынаў Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  3. ^ Иван Гаврилович Чигринов // Советские писатели. Автобиографии. — Худ. лит. — М.: 1988 Т. 5. — С. 483−491. — 527 с. — ISBN 5-280-00412-X
  4. ^ Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — С. 6. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  5. ^ Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — С. 10. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  6. ^ а б Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — С. 11. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  7. ^ а б в Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — С. 12. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  8. ^ Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — С. 13. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  9. ^ а б Грамадчанка Т. К. Уступ // Жывая памяць народа. — М.: Навука і тэхніка, 1984. — С. 4. — 112 с. — 4050 ас.
  10. ^ Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — Мн.: Народная асвета, 1999. — С. 15. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  11. ^ Марціновіч А. А. З Вялікага Бору — у вялікае жыццё // Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — Мн.: Народная асвета, 1999. — С. 16. — 176 с. — 4100 ас. — ISBN 985-03-0707-3
  12. ^ Грамадчанка Т. К. Уступ // Жывая памяць народа. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — С. 6. — 112 с. — 4050 ас.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Марціновіч А. А. Іван Чыгрынаў. Нарыс жыцця і творчасці. — М.: Народная асвета, 1999. — 176 с. — ISBN 985-03-0701-3
  • Грамадчанка Т. К. Жывая памяць народа. — М.: Навука і тэхніка, 1984. — 112 с.