Янка Лучына
Я́нка Лучы́на (сапр. — Іван Люцыянавіч Неслухоўскі; 6 ліпеня 1851, Менск — 28 ліпеня 1897, Менск) — беларускі паэт-дэмакрат, мысьляр.
Янка Лучына лац. Janka Łučyna | |
Герб «Дамброва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 ліпеня 1851[1] |
Памёр | 16 ліпеня 1897[1] (46 гадоў) |
Пахаваны | |
Жонка | Ганна Грыневіч |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, перакладчык |
Мовы | беларуская, польская, расейская |
Дэбют | «Не ради славы иль расчёта…» // «Минский листок», №1, 1886 |
Значныя творы | «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься» |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Біяграфія
рэдагавацьПаходжаньне
рэдагавацьПаходзіў з шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскіх. Адзін з далёкіх продкаў Івана Неслухоўскага — Пшэбыслаў Дамброва — у сярэдзіне XIII стагодзьдзя вызначыўся ў бітвах з татара-манголамі і атрымаў ад князя Конрада Мазавецкага Цеханавецкае графства ў Драгічынскай зямлі, дзе быў маёнтак Неслухі. Адсюль, на думку У. Мархеля, і пайшло прозьвішча Неслухоўскія, а яго носьбіты свой родавы герб назвалі Дамброва. У XVII стагодзьдзі Неслухоўскія мелі ўладаньні ў Пінскім павеце — спачатку маёнткі Моладава, Косаў, Сакаловая Воля, а затым Марочнае і Завідчыцы, што належалі раней продкам Ф. М. Дастаеўскага (цяпер гэта ў межах Івацэвіцкага і Янаўскага раёнаў). Вайсковую службу продкі паэта адбывалі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прадзед паэта, Іван Неслухоўскі, быў ротмістрам Наваградзкага ваяводзтва, а дзед, Юры Іванавіч, — межавым судзьдзёю Слуцкага павету. У паэтавага дзеда і бабкі, Варвары Рымашкаўны, была вялікая сям’я — шэсьць сыноў: Іван, Іясафат, Валяр’ян, Юры, Юльян і Люцыян.
Бацька паэта, Люцыян Неслухоўскі (9 сакавіка 1816—1880), пачынаў службовую кар’еру канцылярыстам у Менскім губэрнскім праўленьні, куды паступіў 10 кастрычніка 1853 году; потым ён працаваў там пісцом, калескім рэгістратарам і, нарэшце, памочнікам столаначальніка[2]. 5 жніўня 1840 яго прызначылі столаначальнікам Менскай палаты цывільнага суда. У сьпіс чыноўнікаў Менскай губэрні за 1842 год ён трапіў як чыноўнік X клясы. У 1857 Люцыян Неслухоўскі быў ўжо сакратаром Менскай палаты, меў чын калескага асэсара і разам зь іншымі чыноўнікамі быў узнагароджаны бронзавым мэдалём у памяць вайны 1853—1856[2].
У 1871—1880 гадах Люцыян Юр’евіч прадстаўляў Слуцкі павет у Менскай шляхецкай дэпутацыі і быў павераным князёў Радзівілаў у атрыманьні выкупных пазык за маёнткі.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і Люцыяна Неслухоўскага і Антаніны Мікалаеўны з Лукашэвічаў 6 ліпеня [ст. ст. 24 чэрвеня] 1851. Меў братоў Антона, Юліяна, Генрыха і сясьцёр Антаніну-Аліну і Вікторыю. Сям’я Неслухоўскіх жыла ў Менску ва ўласным доме, які стаяў на вуліцы Юр’еўскай пад нумарам 23 (таксама з 1863 году сям’я арандавала ў князёў Радзівілаў фальваркі Мархачоўшчына і Зацэржаў). Сярод іншага, Соф’я Кавалеўская ў сваёй кнізе «Менскія абразкі» адзначала, што дом Неслухоўскіх належаў «да вельмі вядомых, неадлучных ад горада» дамоў, дзе зьбіралася менская інтэлігенцыя[4].
У 1860 Ян быў аддадзены ў прыватны пансіён настаўніка Ціля. Там, у дзевяцігадовым узросьце, засумаваўшы па бацькоўскім доме, напісаў свой першы верш. Пасьля паступіў адразу ў трэцюю клясу Менскай клясычнай гімназіі (1865—19 чэрвеня 1870), якую, паводле зьвестак Л. Бэндэ, скончыў пасрэдна і толькі па трыганамэтрыі, фізыцы і касмаграфіі меў адзнакі «весьма удовлетворительно»[5]. Наадварот, як адзначае Я. Бравер, пра выдатныя посьпехі І. Неслухоўскага ў вучэньні паведамляла газэта «Минские губернские ведомости» за 8 кастрычніка 1866. У перадавым артыкуле газэты за 18 ліпеня 1870 году паведамлялася, што сярод вучняў, якія пасьпяхова скончылі гімназію, быў і Іван Неслухоўскі[2].
У жніўні 1870 году паехаў у Санкт-Пецярбург і з 31 жніўня стаў студэнтам матэматычнага факультэту Пецярбурскага ўнівэрсытэту, дзе правучыўся толькі адзін год. Быў вызвалены ад аплаты ў сувязі зь бедным становішчам. Недзе пасьля 7 траўня 1871 году Ян Неслухоўскі з дазволу рэктара выехаў у Менск. Вяртаючыся ў Пецярбург 14 жніўня таго ж году будучы паэт падаў прашэньне аб выключэньні з унівэрсытэту[5].
Увосень 1871 паступіў на мэханічнае аддзяленьне Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага тэхналягічнага інстытута, які скончыў 10 верасьня 1877 году (вучобу ў інстытуце перапыняў на год, служыў на Варонескай чыгунцы). Атрымаўшы дыплём па спэцыяльнасьці «інжэнэр-тэхноляг чыгуначнага транспарту», працаваў начальнікам чыгуначных складоў[6] у Тыфлісе да 1879 году. На Каўказе пазнаёміўся з Максімам Горкім (пра іх асабістае знаёмства Горкі згадваў у цягніку, на шляху з Італіі ў СССР у гутарцы зь беларускімі пісьменьнікамі[7] на перагоне Менск—Негарэлае[8]).
Падчас апошняга прыезду ў родны Менск (у канцы 1879 — пачатку 1880 году) на выхадзе з канцэрта яго нечакана разьбіў параліч. Пасьля падзеньня мог хадзіць толькі з дапамогай мыліц, якія служылі яму апорай, але пры гэтым наведваў тэатры і нават хадзіў на паляваньне, што давала падставу для чутак пра тое, што ён сымуляваў хваробу[8]. Па прыезьдзе ўладкаўваўся ў тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі. Улетку 1889 знаходзіўся на лячэньні ў Буску. У 1890 годзе рабіў захады, каб наладзіць у Менску выданьне беларускай газэты[9]. У 1891 ажаніўся з Ганнай Грыневіч.
Памёр у 1897 годзе, пахаваны на Кальварыйскіх могілках.
Творчасьць
рэдагавацьДэбютаваў вершам на расейскай мове «Не ради славы иль расчёта…», апублікаваным у першым нумары газэты «Минский листок» у 1886 г. Першае выступленьне Неслухоўскага ў тым жа 1886 годзе ў польскім друку — публікацыя верша «Раскоша натхненьня» ў часопісе «Kłosy» («Калосьсе»). Пазьней друкаваўся ў альманаху «Северо-Западный календарь», польскіх часопісах «Głos Polski», «Kłosy», «Kraj», «Prawda», «Życie» і іншых выданьнях. Зьбіраў фальклёр, супрацоўнічаў зь вядомым этнографам Паўлам Шэйнам (дасылаў яму запісы народнага лялечнага тэатра — батлейкі). Вёў перапіску з гісторыкам Мітрафанам Доўнар-Запольскім, у лісьце да якога назваў свае вершы «стихоплётными начинаниями»[10].
На беларускай мове пачаў пісаць у 1887 годзе пад уражаньнем ад выступу ў Менску ўкраінскіх артыстаў трупы Міхайлы Старыцкага[11]. Першы яго беларускамоўны верш «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» зьмяшчала наступныя радкі «Сьпявайце ж, братцы, сьмела і звонка: ня згіне песьня і Ўкраіна! Будзьце здаровы! Янка Лучына»[11]. Гэтым самым псэўданімам падпісаны і верш «Дабрадзею артысту Манько». Як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі зьмясьціў у газэце «Минский листок» верш «Вясновай парой». Найвядомейшым яго творам стаў верш «Роднай старонцы».
Неслухоўскі зьяўляецца аўтарам паэм «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься», «Віялета», «Гануся», «Андрэй». Большасьць твораў прысьвечаны тэмам зь сялянскага жыцьця. У сваёй творчасьці спалучаў элемэнты рэалізму і рамантызму. Яго вершы лічацца адным зь першых узораў беларускай філязофскай лірыкі.
У 1889 годзе ў Кракаве брашурай выйшаў публіцыстычны нарыс «З крывавых дзён: эпізод з паўстаньня 1863 году на Меншчыне», напісаны паводле ўспамінаў менчукоў пра паўстаньне 1863—1864 гадоў. Нарыс падпісаны крыптонімам «S» і, на думку дасьледнікаў Адама Мальдзіса і Ўладзімера Мархеля, напісаны Янкам Лучынам[12].
Займаўся перакладамі з польскай на беларускую і расейскую твораў Уладзіслава Сырокомлі, з польскай на расейскую Адама Асныка, з расейскай на польскую Івана Крылова, Мікалая Някрасава, Вольгі Чуміной і іншых паэтаў, зь нямецкай Гайнрыха Гайнэ, з старажытнагрэцкай перакладаў Гамэра.
Некалькі твораў Лучыны на расейскай мове і аповесьць «Верочка» апублікаваныя ў 1900 годзе. У 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу выйшаў яго зборнік лірыкі на беларускай мове «Вязанка». Дзеля таго, каб абысьці цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк, зборнік, складзены яшчэ ў 1891 годзе, быў выдадзены Кругам беларускай народнай прасьветы і культуры пад выглядам кнігі на баўгарскай мове[8][11][13]. Вершы Янкі Лучыны на польскай мове былі пасьмяротна апублікаваныя ў 1898 годзе ў Варшаве ў зборніку «Паэзія» («Poezye»).
Тэматыка
рэдагавацьНа думку Л. М. Канаплянік, адметнымі рысамі мастацкай творчасьці Я. Лучыны зьяўляюцца гуманістычная накіраванасьць, дэмакратызм і арганічнае зьліцьцё жыцьця аўтара з жыцьцём народа. Псыхалягізм і лірызм аўтара супрацьстаяў натуралістычна-бурлескнай традыцыі ў беларускай літаратуры і адкрываў шлях да паглыбленага інтэлектуалізму.
На думку крытыка, Я. Лучына фактычна стварыў сацыяльна-філязофскі і антрапалягічна абумоўлены тып беларуса XIX стагодзьдзя зь яго тонкім складам душы і псыхалягічнай адметнасьцю асобы (лясьнік Грышка ў паэме «Паляўнічыя акварэлькі з Палесься»). Паводле разуменьня аўтара, супярэчлівасьць сьветапогляду беларуса (вера ў сваю сілу і вера ў прадвызначанасьць свайго лёсу) характарызуе яго вялікія духоўныя магчымасьці і інтэлектуальныя здольнасьці, яго разуменьне суб’ектыўнасьці і адноснасьці чалавечай свабоды. Усеагульны недахоп духоўнасьці паэт зьвязваў зь людзкой нядоляю, з вынішчэньнем старога ўкладу і нечакана агрэсіўным поступам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Тым ня менш, аўтар не пагаджаўся з пэсымізмам і абстрактным гуманізмам Шапэнгаўэра, праяўляючы цікаўнасьць да асьветніцкага і дэмакратычнага бакоў пазытывізму[14].
У творчасьці паэта таксама закраналася тэма няздольнасьці грамадзтва ўспрымаць чульлівую народную песьню праз тыя маральныя страты, якія непазьбежна ўзьнікаюць у буржуазным сьвеце. Лучына асуджаў мэркантыльнасьць сучасьнікаў, якія не адчувалі сувязі з айчыннымі традыцыямі[15].
Аўтар насьледаваў эпічным творам А. Міцкевіча і паэтычнай традыцыі У. Сыракомлі. Паводле словаў Р. Зямкевіча, Лучына «заўсёды трымаў пад рукою на бібліятэчнай паліцы Сыракомлю і Някрасава»[9]. На думку Ул. Мархеля, вернасьць сыракомлеўскім традыцыям утрымала Лучыну ад празьмернага захапленьня як польскім пазытывізмам, так і праявамі мадэрнізму. Таму ў тагачаснай крытыцы замацавалася думка, што «Неслухоўскі быў сапраўды паэтам несучасным: новыя кірункі паэзіі на яго зусім не ўплывалі; яго настаўнікамі былі Міцкевіч і перш за ўсё Сыракомля»[16].
Вэрсыфікацыйнае наватарства
рэдагавацьЯнка Лучына як паэт працаваў у сілавым полі трох моўных рытмалягічных стыхіяў: беларускай народнай лірыкі (танічнай у сваёй аснове) польскага сылябічнага верша і расейскай паэзіі (сыляба-танічнай). Пры гэтым ён улічваў законы вершаваньня антычнай (мэтрычнай) паэзіі (у адным зь лістоў Я. Лучына разважае пра асаблівасьці мэтру і рытму «Іліяды»), а таксама рытмічныя пошукі сучаснай заходнеэўрапейскай творчасьці, што абумовіла выразную спэцыфіку і навізну нешматлікай паэтычнай спадчыны Я. Лучыны[17].
У адрозьненьне ад В. Дунін-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча, паэт аддаваў перавагу больш пэрспэктыўнаму для новай беларускай паэзіі вершу сыляба-танічнаму, прычым двускладовым яго памерам. У гэтым выявіўся ўплыў на беларуска- і расейскамоўную творчасьць Я. Лучыны расейскай паэзіі, якую ён вывучаў у Менскай гімназіі і зь якою судакранаўся ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце[17].
Так, з 32 ягоных твораў, напісаных на беларускай і расейскай мовах, 27 (або 84%) належалі да сыляба-тонікі. Зь іх 12 напісаныя трох-, чатырох- і пяцістопным харэем, 8 — трох-, чатырох-, пяці- і шасьцістопным ямбам, 6 — двух-, трох- і чатырохстопным анапэстам, 1 — чатырохстопным дактылем[17].
Разам з тым паэтычныя творы Я. Лучыны паказваюць веданьне прасадычных уласьцівасьцяў беларускай мовы (рухомы націск, поўнагалосьсе), для якой больш арганічна сылябатоніка. Схільнасьць паэта да ўсходнеславянскай мэтрыкі ў значнай ступені абумовіла рытма-інтанацыйны малюнак і ягоных польскіх вершаў, сабраных у пасьмяротнай кнізе «Poezye Jana Niesluchowskiego» (Варшава, 1898). Большасьць твораў у гэтай кнізе вытрыманыя ў кадэнцыі сыляба-тонікі, што нехарактэрна для клясычнай польскай паэзіі і што надзвычай складана для ўвасабленьня праз асаблівасьці польскай прасодыі (фіксаваны націск на перадапошнім складзе). Так, верш «Калыханка» напісаны сыляба-танічным вершам з мужчынскімі рыфмамі, якія амаль не сустракаюцца ў польскай паэзіі[17].
Акрамя арыгінальнай творчай практыкі, свае погляды на паэтыку Я. Лучына ўвасабляў і ў арыгінальных тэарэтычных развагах. Напрыклад, актыўна абараняў мажлівасьць перакладу гамэраўскай «Іліяды» мэтрычным вершам. Таксама, апярэджваў свой час у поглядах на інтанацыялёгію, сьцьвярджаючы, што: «…сёньня ніхто ня будзе чытаць вершы скандуючы, чытаюць жа іх звычайна так, як гавораць»[18]. Перакананасьць аўтара ў вядучай ролі ў вершы рытму, а ня мэтру супадае з сучасным разуменьнем паэтычнай інтанацыі. Адсюль — вольнае карыстаньне пірыхіямі, анакрузамі, шматлікія зьявы пераакцэнтуацыі, характэрныя для нямногіх паэтаў другой паловы XX ст[17].
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьІмя Янкі Лучыны носіць адна з вуліцаў Менску (мікрараён Лошыца).
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- зборнік «Вязанка» быў выдадзены пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове — каб абыйсьці расейскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк.[11]
- у час вучобы ў Санкт-Пецярбурскім дзяржаўным тэхналягічным інстытуце Іван Неслухоўскі кожныя канікулы прыязджаў да бацькоў — у Менск ці Мархачоўшчыну (пад Стоўпцы), тую самую, якую раней, яшчэ ў 1830-я, арандаваў Аляксандар Кандратовіч, бацька славутага вясковага лірніка Ўладзіслава Сыракомлі, вельмі шанаванага ў сям’і Неслухоўскіх;
- зь сям’і Неслухоўскіх выводзіўся таксама віленскі ваявода Ўладзіслаў Рачкевіч[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Jan Niesłuchowski // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ а б в Бравер Я. Архівы расказваюць. Новыя матэрыялы да біяграфіі Янкі Лучыны // Полымя. — 1971. — № 7. — С. 226.
- ^ а б Глагоўская Л. Пра Янку Лучыну пры нагодзе аднаго здымка // Ніва. — 2001. — В. 2379. — № 50.
- ^ Kowalewska Z. Obrazki mińskie: 1850—1863. — Wilno, 1912, s. 35
- ^ а б Бэндэ Л. Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне // Полымя. — 1945. — № 9. — С. 155—161.
- ^ Бас І. Янка Лучына на Каўказе // Літаратура і Мастацтва. — 1977. — В. 2848. — № 9. — С. 13.
- ^ Садоўскі Я. Яго ведаў Максім Горкі // Вячэрні Мінск. — 1971. — В. 1157. — № 192. — С. 3.
- ^ а б в Рублевская Л. Не ради славы иль расчета…(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия. — 30.08.2006.
- ^ а б Зямкевіч Р. Ян Неслухоўскі (Янка Лучына) і яго невядомыя творы // Нёман. — 1932. — № 2. — С. 59.
- ^ Да М. В. Доўнар-Запольскага // http://yankalychina.ru/
- ^ а б в г Арлоў, Уладзімер (31 студзеня 2007) Імёны Свабоды: Янка Лучына (6.7.1851, Менск — 16.7.1897, Менск. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках). Радыё «Свабода». Праверана 6 кастрычніка 2018 г.
- ^ Бузук У. Біблейскія матывы ў творчасці Янкі Лучыны. Да 150-годдзя з дня нараджэння // Наша вера. — 2001 — № 2 (16).
- ^ Содаль У. Рыбак і паляўнічы // Наша Ніва. — № 28 (237) — 2001.
- ^ Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 479—480. — 671 с.
- ^ Мархель У. І. Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні / Рэд. А. І. Мальдзіс. — Мн.: Навука і тэхніка, 1983. — С. 161—162. — 192 с.
- ^ Chrzanowski I. Z poezyj pośmiertnych // Słowo. — 1899. — № 107. — С. 1.
- ^ а б в г д Рагойша В. «Папярэджваў развіццё беларускай версіфікацыі…» Янка Лучына — вершаскладальнік // Роднае слова. — 2001. — № 8. — С. 24—27.
- ^ Лучына Янка. Творы. — С. 198
Літаратура
рэдагаваць- Лена Глагоўская. Пра Янку Лучыну пры нагодзе аднаго здымка // Ніва № 50 (2379), 16 сьнежня 2001 г.
- Łučyna Janka // Weißrussische Anthologie: Ein Lesebuch zur weißrussischen Literatur (mit deutschen Überzetzungen). — München: Verlag Otto Sagner, 1983. ISBN 3-87690-252-5
- Уладзімір Мархель. Лучынава адкрыццё (Янка Лучына) // Беларуская Палічка
- Лучына Янка // Беларускі пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. У. 6 т. Лазарук — Перкін / Ін-т літ. імя Я. Купалы Ан Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 113. — 524 с.