Тураўскае княства

(Перанакіравана з «Турава-Пінскае княства»)

Тураўскае княства, Тураўская зямля, Турава-Пінская зямля — буйная сярэднявечная дзяржава на поўдні Беларусі, у землях дрыгавічоў[1]; на яго аснове сфармаваўся сучасны мікраэтнас Палесься.

Колішняя дзяржава
Тураўскае княства
лац. Turaŭskaje kniastva
988 — 1340
Сталіца Тураў
Афіцыйная рэлігія
Форма ўраду манархія

Узьнікненьне

рэдагаваць

Тураўскае княства было прамым пераемнікам Дрыгавіцкага князяваньня, цэнтар якога не вядомы. Увогуле невядома, які горад быў цэнтрам дрыгавічоў. Тураў быў заснаваны блізу 950 году (найверагодней, 946, у Аповесьці мінулых часоў згадваецца пад 980 годам) князевічам Турам, братам Рагвалода. Тур быў першым князем, які пераўтварыў князяваньне ў княства. Паводле народнага паданьня, Тур і Рагвалод з войскам прайшлі ўздоўж Дняпра, і спыніліся ля ўпадзеньня Прыпяці ў гэтую раку. Далей Рагвалод, прыкрываючы Тура, застаўся тут, а Тур пайшоў уздоўж Прыпяці, знайшоў выгоднае месца і заснаваў горад. Ён дзейнічаў выключна ў хаўрусе з братам Рагвалодам Полацкім, але чамусь не прыйшоў яму на дапамогу ў 976 годзе, відаць, з-за раптоўнасьці нападу Ўладзімера. Пракнязяваў ен да 988 году, калі ў Тураве над Дрыгавіччынай быў пасаджаны Сьвятаполк І. Народнае паданьне пасьля Тура называе Ўладыку, але гэта — тытул япіскапа. Відаць, пры малалетнім Сьвятаполку ад яго імя ўладарыў япіскап, хоць гэта пярэчыць зьвесткам аб заснаваньні япархіі.

Князяваньне Сьвятаполка І

рэдагаваць

Сьвятаполк І быў актыўным уладаром. Відаць, яго сталіцаю спачатку быў Пінск, бо аб гэтым кажа «Жыцьцяпіс Барыса і Глеба». Відаць, пазьней ён зрабіў абодва гарады сваімі сталіцамі. Ён імкнуўся забясьпечыць незалежнасьць ад Кіева, дзеля чаго ўступіў у шлюб з дачкой Баляслава І. У 1005 годзе ён заклаў у Тураве япіскапію, і па названых у ёй гарадох можна меркаваць аб тэрыторыі княства. Яно займала большую частку сучаснай Беларусі. У 1015 годзе Сьвятаполк заняў і кіеўскі пасад, але князяваньне ў Тураве пакінуў за сабою. Княства прымала актыўны ўдзел у барацьбе братоў: так, у Тураве Сьвятаполк набіраў сабе вояў, а пазьней Яраслаў заняў нейкі горад Сьвятаполка, якім, відаць, быў Тураў ці Пінск.

Падзеі ХІ стагодзьдзя. Заняпад Турава

рэдагаваць

Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам. Яраслаў даў Тураў Ізяславу блізу 1045 году, і Ізяслаў І князяваў тут і пасьля заняцьця Кіева. Гэта паказвае на значнасьць Турава ў той час, але ён паступова заняпаў. Пазьней ім валадарыў Сьвятаполк ІІ Тураўскі, сын Ізяслава. Але пазьней князі імкліва зьмянялі адзін аднаго. У рэшце рэшт, княства згубіла амаль палову земляў: Берасьце, Мазыр, Панямоньне.

Набыцьцё незалежнасьці

рэдагаваць

У 1156 годзе ў Тураве замацаваўся прадстаўнік дынастыі Сьвятаполчычаў Юры. Ён узяў курс на здабыцьцё незалежнасьці. У адказ кіеўскія князі зрабілі паход на Тураў і Пінск у 1158 годзе, але гэтыя гарады выстаялі. У 1162 годзе незалежнасьць Турава была прызнаная. Пасьля гэтага з Турава выдзяляюцца Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае і, магчыма, Гарадзенскае і Давыд-Гарадоцкае княствы.

Дзяржаўны лад

рэдагаваць

На жаль, аб дзяржаўным ладзе Тураўскага княства нам вядома мала. З жыцьцяпісу Кірылы Тураўскага нам ведама, што ў горадзе мела вялікую ўладу Веча, якое мела ўплыў на выбар япіскапа. Апроч таго, ў горадзе быў пасаднік, што ўказвае на асаблівасьці разьвіцьця ў Тураве грамадзка-палітычнага ладу.

Культура

рэдагаваць

Аб разьвіцьці культуры можна меркаваць па дзейнасьці Кірылы Тураўскага. Апроч таго, існуе меркаваньне, што ў Тураве таксама быў катэдральны Сафійскі сабор.

Сьпіс князеў (ХІ — пачатак ХІІ стст)

рэдагаваць
  1. Тур І (пасьля 945—988)
  2. Сьвятаполк І (988—1019)
  3. Ізяслаў І, у хрышчэньні — Зьмітры (1042—1073)
  4. Яраполк І у каталіцтве — Пятро (1078—1085)
  5. Давыд І (1085—1087)
  6. Сьвятаполк ІІ Тураўскі (1087—1113)
  7. Вячаслаў І (1125—1132)[2]
  8. Ізяслаў ІІ (1132—1133)
  9. Вячаслаў І (1133—1142)[2]
  10. Сьвятаслаў (1142)[3]
  11. Вячаслаў І (1142—1146)[2]
  12. Яраслаў (1146—1150)
  13. Андрэй І Багалюбскі (1150—1151)[4]
  14. Сьвятаслаў (1154—1155)[3]
  15. Барыс Юр’евіч (1155—1157)
  16. Юры І Яраславіч (1157—1167)
  17. Іван Юр’евіч (1167—1170)
  18. Сьвятаполк ІІІ Юр’евіч (1170—1189)
  19. Глеб Юр’евіч (1189—1196)
  1. ^ Лясенка П. Ф. Тураўскае княства // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 37.
  2. ^ а б в Ермаловіч М. І. Вячаслаў Уладзіміравіч // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 405.
  3. ^ а б Пазднякоў В. С. Сьвятаслаў Усеваладавіч // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 14. С. 275.
  4. ^ Андрэй Багалюбскі // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 361.

Літаратура

рэдагаваць
  • Лысенка П. Ф. Тураўскае княства // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 37.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць