Царква (газэта)
«Царква́» — беларуская рэлігійная культурна-асьветніцкая газэта, квартальнік і інтэрнэт-выданьне.
Царква | |
Тып | квартальнік |
---|---|
Фармат | А4, 20 палосаў |
Выдавец | Грэка-каталіцкая парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Берасьці |
Галоўны рэдактар | а. Ігар Кандрацьеў |
Заснаваная | 20 сакавіка 1995 |
Мова | беларуская |
Штаб-кватэра | Берасьце, вул. Дворнікава, 63 |
Наклад | 2000—4000 ас. 7000—7500 ас. (1995, 2006) |
Афіцыйны сайт | carkva-gazeta.by |
Царква ў Вікісховішчы |
Выданьне асьвятляе жыцьцё грэка-каталіцкіх супольнасьцяў у Беларусі і ў іншых краінах сьвету, зьмяшчае афіцыйныя дакументы Царквы, удзяляе ўвагу праблемам экумэнізму і хрысьціянскай еднасьці, друкуе матэрыялы па гісторыі Ўніяцкай царквы і іншую рэлігійна-асьветніцкую інфармацыю.
Выдавец: Грэка-каталіцкая парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў г. Берасьці.
Беларуская грэка-каталіцкая газэта «Царква» заснавана менскімі грэка-каталіцкімі парафіямі ў 1995 годзе. Першы нумар газэты выйшаў на Вялікі пост, 20 сакавіка 1995 году[1]. Рэдакцыя тады месьцілася ў Полацку, а першым галоўным рэдактарам газэты быў ераманах Валеры Алексійчук (зь верасьня 2010 г. — Уладыка Бэнэдыкт, дапаможны біскуп Львоўскай архіяпархіі УГКЦ), царкоўны кансультант быў протапрасьвітар БГКЦ а. Ян Матусевіч. Над выпускам першых нумароў газэты (да № 7-8 за 1996 г.) працавала менская моладзь і супрацоўнікі выдавецтва «Унія».
Ад спэцвыпуску № 7—8, 1996 г., прысьвечанага 400-гадоваму юбілею Берасьцейскай Уніі, газэта «Царква» ствараецца ў Берасьці намаганьнямі вернікаў мясцовай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, а з 27 лістапада 1997 году, пасьля перарэгістрацыі выданьня, берасьцейская грэка-каталіцкая парафія зьяўляецца таксама заснавальнікам і выдаўцом газэты «Царква». Да 2011 году было выдадзена 65 выпускаў газэты. Галоўным рэдактарам газэты «Царква» зьяўляецца а. Ігар Кандрацьеў, выпускны рэдактар — Ігар Бараноўскі, адказны рэдактар — а. Андрэй Крот.
Газэта «Царква» выходзіла раз на квартал, яе заўсёды можна было набыць ва ўсіх грэка-каталіцкіх парафіях і асяродках Беларусі, а таксама ў многіх рыма-каталіцкіх касьцёлах. Ад моманту заснаваньня газэты на яе існавала падпіска праз каталёг «Белпошты» ў любым аддзяленьні сувязі Беларусі. Шмат асобнікаў газэты «Царква» рэгулярна дасылаліся таксама ў розныя гарады і краіны сьвету чытачам, вернікам і сябрам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія жывуць у Польшчы, Украіне, Расеі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Італіі, Чэхіі, Нямеччыне.
Наклад газэты за часы яе існаваньня ў сярэднім складаў 1500-2500 асобнікаў, аднак адзін зь першых нумароў газэты і нумары, што выйшлі ў канцы 2006 году, мелі наклад да 7500 асобнікаў. У 2007 — 2009 гг. газэта «Царква» выдавалася накладам 2500-4000 асобнікаў.
Зь сярэдзіны 2010 году існуе толькі як інтэрнэт-выданьне.