Гісторыя Вугоршчыны

Радзімай паўкачавых плямёнаў мадзьяраў, роднасных сучасным ханты й мансі, былі стэпы Перадуральля (прыкладна ў раёне сучаснай Башкірыі), адкуль яны праз Прыазоўе і Прычарнамор’е перасяліліся ў Эўропу, заняўшы ў канцы IX стагодзьдзя Сярэдняе Падунаўе. Адтуль зьдзяйсьнялі рабаўнічыя набегі на Заходнюю Эўропу. Разьбітыя ў 966 годзе на рацэ Лех германскім імпэратарам Атонам I, перайшлі да аселага ладу жыцьця, стварылі дзяржаву, якая пры каралі Стэфане I Сьвятым прыняла каталіцтва. Вугоршчына вяла актыўную заваёўніцкую палітыку ў Цэнтральнай Эўропе і Балканскім паўвостраве, падначаліла сабе многія славянскія (харватаў, сэрбаў, славакаў, частку продкаў украінцаў) і ўсходнераманскія народы, у значнай ступені асыміляваўшы іх. З 1092 году падначаліла Харвацкае каралеўства, якое адгэтуль існавала ў сталай асабістай уніі з Вугоршчынай. З канца XI стагодзьдзя прэтэндавала на тэрыторыі Галіцка-Валынскага княства, часам асаджаючы на галіцкім прастоле вугорскіх манархаў. Берасьцейская зямля, якая трапіла ў склад Галіцка-Валынскай дзяржавы, разглядалася вугорскімі фэадаламі як частка іх законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагодзьдзяў авалоданьне ёю як апошнім рубяжом на паўночным усходзе лічылася адной са стратэгічных мэтаў вугорскай экспансіі.

З XIII стагодзьдзя Вугоршчына актыўна падтрымлівала Крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта вугорскі кароль Эндрэ II запрасіў Тэўтонскі Ордэн ва Усходнюю Эўропу ў 1211 годзе, асадзіўшы іх у раёне плато Бырса (сучасная Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з Вугоршчыны і пасяліліся ў Прусіі, але і надалей Вугоршчына працягвала аказваць ім палітычную і ваенную падтрымку.

Найбольш варожымі адносіны паміж ВКЛ і Вугоршчынай былі ў часы караля Людвіка І Вялікага (1342—1382). Пасьля сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства (1340) Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедымінавіча, які прэтэндаваў і на Галічыну. У 1340—1349 гадах галіцкае баярства намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то Людвіка I. У лютым 1345 году Людвік удзельнічаў ў бесьпасьпяховым паходзе крыжакоў у бок Трокаў, у 1349—1351 гадах арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша й Берасьцейшчыну. Асабліва няўдалай для ВКЛ была вайна ў ліпені — жніўні 1351 году, калі Людовік захапіў у палон Любарта й Кейстута. 15 жніўня 1351 году быў падпісаны дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмовіцца ад прэтэнзій на Галічыну. Кейстут і Любарт адправіліся ў Вугоршчыну як гаранты дагавора і для хрышчэньня, але здолелі ўцячы. Дагавор вядомы з хронікі ананімнага францысканца, удзельніка выправы (магчыма, Янаша Кецьі); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў». (Такая лякалізацыя Белай Русі ўласьцівая вугорскім крыніцам XIV—XVI стагодзьдзяў). У 1352 годзе Людвік быў паранены пры асадзе крэпасьці ВКЛ Белз на захадзе Валыні. Пасьля заняцьця ім польскага трону ў 1370 годзе войны з ВКЛ узнавіліся, у 1377 годзе Белз і Холм разам з Галічыной часова ўвайшлі ў склад Вугоршчыны; Любарт, падольскія князі Аляксандар і Барыс Карыятавічы і ратненскі князь Фёдар Альгердавіч (якому належаў і Кобрын з акругай) прызналі сувэрэнітэт Вугоршчыны. Людвік высунуў некалькі праектаў хрысьціянізацыі Літвы, ініцыяваў стварэньне Луцкай каталіцкай япархіі ў 1375 годзе. Пасьля сьмерці Людвіка яго дачка Ядвіга была абраная польскай каралевай; яе шлюб зь вялікім князем літоўскім Ягайлам далучыў ВКЛ да заходняй цывілізацыі і даў пачатак шматвекавому дзяржаўнаму саюзу ВКЛ і Польшчы, форма якога эвалюцыянавала ад Крэўскай уніі 1385 году да Люблінскай уніі 1569 году. Як і Польшча, у XV—XVI стагодзьдзях ВКЛ адчувала значны ўплыў Вугоршчыны, асабліва ў матэрыяльнай культуры (распаўсюджаньне вугорскага строю мужчынскай вопраткі, высокі прэстыж вугорскага віна, гатунку сьліў, выкарыстаньне дукату («залаты вгорскі») у якасьці рэгіянальнай залатой валюты й г.д.)

Першай сумеснай ваеннай акцыяй Польшчы і ВКЛ было выцясьненьне вугорскіх войскаў з Галічыны ў 1387 годзе. У выніку ліквідацыі Вітаўтам у 1393 годзе многіх удзельных княстваў, у тым ліку на Падольлі, князь Фёдар Карыятавіч уцёк у Вугоршчыну, у 1396—1414 гадах кіраваў некалькімі замкамі ў Закарпацьці з цэнтрам у Мукачове; у 1420 годзе бесьпасьпяхова спрабаваў вярнуць сабе Падольле. На пачатак XV стагодзьдзя інтарэсы ВКЛ і Вугоршчыны сутыкаліся таксама на Малдаўскім княстве, якое плянаваў падначаліць Вітаўт. Пры каралі Жыгімонце Люксембургу Вугоршчына працягвала падтрымку Тэўтонскага Ордэну, выступіла яго хаўрусьнікам у Вялікай вайне 1409—1411 гадоў (мірны дагавор Польшчы і ВКЛ з Вугоршчынай заключаны ў 1412 годзе ў Любоўлі). Жыгімонт Люксембург даваў прытулак у Вугоршчыне Сьвідрыгайлу, падтрымліваючы яго змаганьне супраць цэнтралізатарскай палітыкі Вітаўта.

У 1440 годзе вугорскім каралём быў абраны сын Ягайлы Уладыслаў III Варнэньчык (польскі кароль з 1434 году), які загінуў у 1444 годзе ў крыжовым паходзе супраць туркаў пад Варнай. Яго сьмерць выклікала ў тым ліку аднаўленьне пэрсанальнай уніі ВКЛ і Польшчы пад уладай Казімера Ягелончыка (з 1447 году). У 1490 годзе вугорскім каралём быў абраны ягоны сын Уладзіслаў Ягелончык, і на пэўны час (1490—1526) улада над дзяржавамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (Вугоршчына з Харватыяй, Чэхія, Польшча, ВКЛ) засяродзілася ў руках дынастыі Ягелонаў. «Ягелонаўскі сьвет», ад Адрыятыкі й Чорнага мора да Балтыкі і ад Судэтаў да Акі, зьвязаны толькі сваяцтвам манархаў, меў адно сымбалічную палітычную еднасьць. Аднароднасьць гэтай частцы Эўропы надавала прывілеяванае становішча кляса землеўладальнікаў-шляхты. Балянс улады паміж шляхтай і манархіяй у гэтым рэгіёне на працягу амаль усяго XVI стагодзьдзя заставаўся надзвычай роўным, і менавіта ў Вугоршчыне была выпрацаваная такая мадэль дзяржаўнага ладу.

Апошні вугорскі манарх з дынастыі Ягелонаў, Людвік ІІ, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам у 1526 годзе, якая зруйнавала магутнасьць вугорскай дзяржавы. Яшчэ да гэтага, у выніку дыпляматычнай місіі ад Жыгімонта I Старога на чале зь Мікалаем Радзівілам да Фэрдынанда I Габсбурга (1515) была дасягнутая дамоўленасьць аб шлюбе Фэрдынанда з Ганнай Ягелонкай, дачкой Уладзіслава Ягелона (заключаны ў 1521 годзе), і аб магчымасьці пераходу Чэхіі й Вугоршчыны ад Ягелонаў да Габсбургаў. З 1526 году ў Вугоршчыне ішла барацьба за ўладу паміж 2 каралямі: Фэрдынандам (літоўскія паны больш сымпатызавалі яму) і Янашам Запольяі, жанатым на Ізабеле (дачцы Жыгімонта Старога і Боны Сфорца), які меў больш прыхільнікаў у Польшчы. Пасьля захопу Буды туркамі ў 1541 годзе Вугоршчына на паўтара стагодзьдзя распалася на 3 часткі: каралеўскую Вугоршчыну, на чале з Габсбургамі, цэнтральную частку, што ўвайшла непасрэдна ў склад Асманскай імпэрыі, і залежнае ад яе Трансыльванскае княства, якое падтрымлівала цесныя сувязі з Польшчай і ВКЛ. У 1576 годзе трансыльванскі князь Стэфан Баторы быў абраны польскім каралём і вялікім князем літоўскім. Праведзеныя ім дзяржаўныя і ваенныя рэформы дазволілі давесьці да перамогі Інфлянцкую вайну 1558—1582 гадоў. Вугорскі культурны ўплыў на ВКЛ пры Баторыі дасягнуў найвышэйшага ўзроўню: канчаткова аформіўся нацыянальны шляхецкі строй адзеньня (Кунтушовы строй), вугорская пяхота стала ўзорам для фармаваньня пяхотных аддзелаў войска ВКЛ (Гайдукі). Каспар Бекеш гуртаваў вакол сябе антытрынітарыяў ВКЛ. Значная частка вугорцаў з войска Баторыя засталася ў ВКЛ і ўлілася ў склад літоўскага (беларускага) народа.

Трансыльванскі князь Дзьёрдзь II Ракацы імкнуўся аднавіць адзіную «Вялікую Вугоршчыну», незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імпэрыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У вайне Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў ён падтрымліваў швэдаў, заключыў са Швэцыяй, Трансыльваніяй, Брандэнбурска-Прускім курфюрствам і Багданам Хмяльніцкім Радноцкі дагавор 1656 году. Меркавалася, што тытул польскага караля разам з Валыньню, Падляшшам і Берасьцейшчынай дастанецца Ракацы; Курляндыя, Віленскае, Троцкае й Інфлянцкае ваяводзтвы ВКЛ — Швэцыі; усходняя Літва — Багдану Хмяльніцкаму, а з Наваградзкага ваяводзтва і некаторых іншых тэрыторыяў будзе створана незалежнае спадчыннае княства для Багуслава Радзівіла. Рэалізуючы Радноцкі дагавор, швэдзка-трансыльванска-казацкае войска 23 траўня 1657 году захапіла Берасьце, камэндантам якога быў пакінуты палкоўнік Андраш Гаўдзі, аднак вугорская акупацыя працягнулася толькі некалькі месяцаў.

Узьяднаньне ўсіх трох частак Вугоршчыны пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстрыйскага войска над туркамі ў Венскай бітве 1683 году. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683 году, але вызначылася найбольш рабункамі мірнага насельніцтва габсбурскай часткі Вугоршчыны (на тэрыторыі сучаснай Славаччыны).

Гістарычны агляд

рэдагаваць
  • 600 г. да н. э. Ілірыйцы і скіфы, качавыя плямёны з чарнаморскага рэгіёна, засяляюць Сярэднедунайскую нізіну.
  • 400 г. да н. э. Кельцкае племя эравіскаў захоплівае рэгіён і пасьля працяглай барацьбы пачынае зьмешвацца са скіфамі.
  • 10 г да н. э. Рымляне займаюць заходнюю частку цяперашняй Вугоршчыны і засноўваюць правінцыю Панонія.
  • 194 г. Рымскі горад Аквінкум на тэрыторыі сёньняшняй Абуды пры імпэратару Септіміі Севере становіцца ваенным селішчам.
  • 409 г. Гуны адціскаюць рымлян, але праз 50 гадоў ізноў адыходзяць.
  • 567 г. Азіяцкія плямёны авараў прасоўваюцца на Захад і даходзяць да Цюрынгіі.
  • 803 г. Аварскі каганат разгромлены імпэратарам Карлам Вялікім; славяне селяцца на тэрыторыі цяперашняга Будапешта.
  • 896 г. На чале з князем Арпадам сем качавых плямёнаў вугорцаў захопліваюць землі.
  • 1001 г. Іштван (Стэфан) I Сьвяты, нашчадак Арпада, становіцца каралём Вугоршчыны.
  • 1222 г. Правы дваранства зафіксаваны ў кодэксе «Залатая була» пры каралю Андрашэ II.
  • 1241 г. 11 красавіка татара-манголы атрымліваюць перамогу над войскамі караля Бэлы IV і захопліваюць усю краіну.
  • 1308 г. Карл I Робэрт (Анжуйскі) каранаваны ў Вугоршчыне, бо дынастыя Апардаў спыніла сваё існаваньне.
  • 1387 г. Жыгімонд Люксембурскі становіцца каралём Вугоршчыны, а ў 1433 г. таксама імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі германскай нацыі.
  • 1446 г. Янашу Хуньяді, вайскаводу і рэгенту Вугорскай дзяржавы, атрымоўваецца адбіць напад асманскіх войскаў.
  • 1458 г. Матьяш Корвін, сын Хуньяді, абвешчаны каралём. Пры ім Вугоршчына становіцца эўрапейскім культурным цэнтрам.
  • 1514 г. Паўстаньне сялянаў супраць фэадальнага прыгнёту трывае параза.
  • 1526 г. У бітве пры Мохачэ гіне кароль Лайаш II. Паўночна-заходняя частка краіны апыняецца пад уладаю Габсбургаў (Фэрдынанд II); Трансыльванія незалежная, астатнія тэрыторыі заняты туркамі.
  • 1686—1697 гг. Войскі «Сьвятой лігі» атрымліваюць перамогу над туркамі. Пачынаецца эпоха валадарства Габсбургаў у Вугоршчыне.
  • 1703 г. Князь Фэранц Ракацы са сваімі войскамі дамагаецца значных посьпехаў у барацьбе супраць Вены.
  • 1708 г. Расея і Францыя адмаўляюцца падтрымаць князя Ракацы; з прычыны гэтага імпэратару атрымоўваецца здушыць паўстаньне.
  • 1780 г. Ёзэф II, сын Марыі-Тэрезіі, успадкоўвае трон. Праз 4 гады ён абвяшчае нямецкую мову афіцыйнай у Вугоршчыне.
  • 1848 г. Прадстаўнікі «сакавіцкай моладзі», якія аб’ядналіся вакол паэта Шандора Пэтэфі, становяцца пачынальнікамі паўстаньня.
  • 1849 г. Дэклярацыя незалежнасьці Вугоршчыны, абвешчаная ў Дэберцэне, патрабуе зрыньваньня Габсбургаў. Паўстаньне падушана сіламі царскага войску Расеі; Пэтэфі гіне.
  • 1867 г. Фэранц Деак спрабуе дамагчыся роўных правоў для Вугоршчыны і Аўстрыі; ствараецца адзіная Аўстра-Вугорская манархія зь дзьвюх суверэнных дзяржаваў. Франц Ёзэф I і Элізабэт (Сісі) становяцца кіраўнікамі Вугоршчыны.
  • 1873 г. Гарады Буда, Пэшт і Абуда аб’ядноўваюцца ў Будапэшт.
  • 1896 г. Імпрэзы ў сувязі зь 1000-годзьдзем заваёвы вугорскіх тэрыторыяў — здабыцьцё радзімы.
  • 1914 г. Пачатак Першай сусьветнай вайны. У Першай сусьветнай вайне гінуць 380 тыс. салдат вугорскіх батальёнаў.
  • 1918 г. Двуадзіная манархія распадаецца. У Вугоршчыне абвешчана рэспубліка.
  • 1919 г. 133 дня існаваньня Вугорскай Савецкай Рэспублікі. Румынскія войскі акупуюць Будапэшт.
  • 1920 г. Войскі контар-адмірала Мікалаша Хорці ўступаюць у Будапэшт; Хорці абвешчаны рэгентам. Паводле Трыанонскай мірнай дамове Вугоршчына губляе ²/3 тэрыторыі; 3 млн вугорцаў з тых часоў жывуць за межамі сваёй радзімы.
  • Каля 1930 г. Расьце беспрацоўе, узмацняюцца прафашысцкія рухі.
  • 1941 г. Уступ Вугоршчыны ў вайну на боку гітлераўскай Нямеччыны. Нарастальны антысэмітызм.
  • 1944 г. Нямецкія войскі займаюць Вугоршчыну. Дэпартацыя габрэйскага насельніцтва. Зьнішчэньне прыблізна 500 тыс. вугорскіх габрэяў.
  • 1945 г. Вызваленьне Вугоршчыны Савецкім войскам, якое застаецца ў краіне. Высланы каля 250 тыс. вугорскіх немцаў.
  • 1949 г. Вугоршчына становіцца народнай рэспублікай. З гэтага варта «дыктатура пралетарыяту» пры кіраваньні сталініста Ракашы.
  • 1953 г. Прэм’ер-міністрам становіцца Імрэ Надзь.
  • 1956 г. Народнае паўстаньне ў кастрычніку. Цяжкія баі ў Будапэшце, крывавае прыгнечаньне паўстаньня савецкімі танкамі. Янаш Кадар фармуе новы ўрад.
  • 1958 г. Імрэ Надзь пакараны як здраднік радзімы.
  • З 1970 г. Паступовая лібэралізацыя і эканамічны ўздым.
  • 1987 г. Імклівая інфляцыя, зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню. Першыя дэманстрацыі пасьля 1956 г.
  • 1989 г. Адкрыцьцё мяжы з Аўстрыяй. Імрэ Надзь і яго паплечнікі перапахаваны з усімі ўшанаваньнямі. Абвяшчэньне Вугорскай Рэспублікі.
  • 1990 г. Вольныя выбары, Вугорскі дэмакратычны форум (MDF), Незалежная партыя малых гаспадароў (FKGP) і Партыя хрысьціянскіх дэмакратаў (KDNP) складаюць кааліцыйны ўрад. Прэм’ер-міністрам становіцца Ёжэф Антал (MDF).
  • 1999 г. Уступ Вугоршчыны ў NATO.
  • 2003—2004 гг. Крызіс у вугорскай кіравальнай кааліцыі, а таксама ў эканоміцы і фінансавай сфэры.
  • 2004 г. Уступ Вугоршчыны ў Эўразьвяз адначасова з Чэскай Рэспублікай, Славеніяй, Славаччынай, Польшчай, Кіпрам, Эстоніяй, Латвіяй, Летувой, Мальтай.
  • 2007 г. У сьнежні Вугоршчына далучылася да Шэнгенскай дамовы. Пераход на эўра плянуецца ў 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Алесь Белы. Венгрыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • Хэрл Михаэль. Венгрия. Путеводитель // АЯКС-ПРЕСС, М., 2006
  • Филевич И. П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890
  • Довнар-Запольский М. В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8
  • Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925
  • Шабульдо В. Ф. Земли Ю-З Руси в составе ВКЛ. К., 1987
  • Белы А. Хроніка «Белай Русі». Мн., 2000
  • Белы А. Невядомыя эпізоды «невядомай вайны» // Спадчына. 1999. № 3
  • Пашуто В. Т. Очерки по ист. Галицко-Вол. Руси. М., 1950
  • Пашуто В. Т. Внеш. Политика Др. Руси. М., 1968
  • Бэтс Р. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Ўсходняй Эўропе // БГА. Т. 6, сш. 1—2, 1999
  • Florianus M. Chronicon Dubnicense // Historiae Hungaricae Fontes Domestici. V. III, Lipsiae, 1884
  • Lewicki A. Kilka przyczynków do dziejów Kazimierza Wielkiego // KH. R. III. 1899.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць