Беларусь у польска-савецкай вайне

Польска-савецкая вайна — вайна Польшчы з Савецкай дзяржавай у 1919—1920 роках. Баявыя дзеяньні адбываліся сярод іншага на тэрыторыі Беларусі. У выніку вайны Беларусь была падзеленая на 2 часткі: Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, а на падкантрольнай бальшавікам тэрыторыі створаная БССР.

Напярэдадні вайны

рэдагаваць

У пэрыяд адраджэньня Польскай дзяржавы (1918—1919) было створана Войска Польскае. Урад Польшчы выступіў супраць абвяшчэньня ССРБ, а пасьля і ЛітБелу. Сілы Самаабароны Літвы і Беларусі ў 1918—1919 спрабавалі супрацьстаяць усталяваньню савецкай улады на гэтых тэрыторыях. Да пачатку 1919 фармаваньні Самаабароны ўліліся ў рэгулярныя польскія войскі.

Кіраўніцтва Польшчы на чале зь Юзафам Пілсудзкім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі, імкнулася далучыць беларускія, летувіскія, украінскія землі да сваёй дзяржавы. У сьнежні 1918 дэкрэтамі польскага ўраду да Польшчы былі далучаныя Бельскі павет Гарадзенскай і Аўгустоўскі павет Сувальскай губэрняў. Пачынаючы з 14 лютага 1919 паўночная група польскіх войскаў пад камандаваньнем генэрала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гарадзенскай губэрні, павяла наступ у кірунку Баранавічы — Менск і Кобрынь — Пінск.

Палітыка польскіх уладаў на пачатку вайны

рэдагаваць
 
Тэатар вайсковых дзеяньняў польска-савецкай вайны 1919—1920 гадоў

Першыя польска-савецкія сутычкі адбыліся на Беларусі 17 лютага 1919. У сакавіку польскае войска апынулася на лініі рэк Піна — Ясельда. 21 красавіка пасьля трохдзённых баёў была занятая Вільня. На другі дзень была абвешчана адозва начальніка польскага войска Юзафа Пілсудзкага «Да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага». «Польскае войска нясе Вам усім вольнасць і свабоду», — запэўніваў Пілсудзкі. Ён дакляраваў таксама, што створыць магчымасьці разьвязваць нацыянальныя і канфэсійныя пытаньні бяз гвалту і націску з боку Польшчы. Апрача Ю. Пілсудзкага свае адозвы і загады на польскай і беларускай мовах выдалі генэралы Эдвард Рыдз-Сьміглы і Станіслаў Шаптыцкі. 3 загаду Э. Рыдз-Сьміглага вынікала, што афіцыйнай мовай мелася быць польская, а ўсе распараджэньні ўладаў трэба перакладаць на беларускую мову. У кантактах з уладамі дапускалася ўжываньне беларускай мовы. У сытуацыі далейшай канфрантацыі з Савецкай Расеяй польскія ўлады імкнуліся здабыць прыхільнасьць беларусаў. Для часткі палітыкаў, якія стваралі структуры БНР, Юзаф Пілсудзкі, прыхільнік фэдэралізму, уяўляўся магчымым прыяцелем беларускай незалежнасьці.

 
Ю. Пілсудзкі ў Менску

8 жніўня польскія войскі занялі Менск, у верасьні апанавалі лінію Любань — Барысаў — Полацак — Дзьвінск. Большасьць беларускіх земляў аказалася пад польскім кантролем. Беларускі друк у Менску і Вільні пісаў пра гістарычную супольнасьць палякаў і беларусаў, дзякаваў за вызваленьне Беларусі з-пад расейскага імпэрыялізму, выказваў спадзяваньні на дапамогу Ю. Пілсудзкага ў пабудове незалежнай беларускай дзяржавы. Старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэту Аляксандар Прушынскі (Алесь Гарун), вітаючы начальніка польскай дзяржавы і дзякуючы яму за вызваленьне Гародні, Вільні і Менску, прыгадаў, што ў няволі застаюцца прыналежныя Беларускай Народнай Рэспубліцы гарады Віцебск, Магілёў, Смаленск. Пілсудзкі ў Менску, як раней у Вільні, запэўніваў, што «зямлі гэтай нічога гвалтам навязана ня будзе».

20 верасьня 1919 Канвэнт старэйшынаў Рады БНР паслаў ліст Ю. Пілсудзкаму, у якім інфармаваў пра аднаўленьне дзейнасьці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад ліпеня ў Вільні дзейнічала Беларуская вайсковая камісія, якая чакала дазволу польскага камандаваньня на стварэньне беларускага войска.

У Парыжы 1 ліпеня 1919 г. прэм’ер ураду БНР Антон Луцкевіч і прэм’ер польскага ўраду Ігнацы Падарэўскі ўзгаднілі новы праект фэдэрацыйнага пагадненьня абедзьвюх дзяржаў, які прадугледжваў супольную замежную палітыку і супольнае камандаваньне ўзброенымі сіламі.

Палітыка бальшавікоў на пачатку вайны

рэдагаваць

Посьпехі польскага войска ўлетку 1919, асабліва фэдэрацыйныя дэклярацыі Пілсудзкага, якія аптымістычна ўспрымаліся ў Менску і Вільні, занепакоілі савецкі ўрад. Выклікана гэта было рэальным шанцам узьнікненьня фэдэрацыі народаў пад эгідай Польшчы.

Бальшавікі фактычна ліквідавалі Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і прапанавалі палякам мір «зь вечнай граніцай на Дзьвіне, Вуле і Бярэзіне». Яны аддавалі амаль усю Беларусь узамен спыненьня ваенных дзеяньняў. Прапановы гэтыя ня раз выносіліся пад час мірных перамоваў восеньню 1919 ў Мікашэвічах. Адначасова савецкія ўлады падтрымоўвалі ўсялякія дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў тылах польскага войска. Увосень 1919 ў Смаленску была падпісаная дамова паміж Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і Расійскай камуністычнай партыяй (бальшавікоў) у справе арганізацыі беларускіх паўстанцкіх аддзелаў на занятых палякамі тэрыторыях. Дамова прадугледжвала, што ў выпадку апанаваньня Беларусі Чырвонай Арміяй будзе створана беларуская савецкая дзяржава, а ўлада перададзена эсэрам і мясцовым камуністам.

Дзеяньні польскага войска і адміністрацыі на акупаваных землях

рэдагаваць
 
Грамадзянская ўправа ўсходніх земляў — польская цывільная адміністрацыя на літоўска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 гадах польскім войскам

Энтузіязм, выкліканы дэклярацыямі Юзафа Пілсудзкага, хутка згас з прычыны дзеяньняў польскага войска і адміністрацыі Грамадзянскай управы ўсходніх земляў (польск. Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich). Сацыяльнай апорай Пілсудзкага ў Беларусі стала мясцовае польскае насельніцтва: заможныя земляўласьнікі, каталіцкае сьвятарства, інтэлігенцыя.

Камісар Грамадзянскай ўправы ўсходніх земляў Ежы Асмалоўскі (1872—1952) на пасады ва ўсіх установах прызначыў мясцовых памешчыкаў, якія лічылі сябе палякамі. Тыя выкарыстоўвалі ўладу для расправы зь сялянамі, рэагуючы на вынікі савецкай акупацыі. Павятовымі старостамі прынцыпова ставілі памешчыкаў, войтамі ў гмінах прызначалі толькі палякаў і каталікоў. Гвалт і рэквізыцыі з боку вайсковых падразьдзяленьняў, жандармэрыі і паліцыі згладжвалі адмоўныя ўражаньні, набытыя за час савецкага панаваньня. Рабаваньне, тэрор і расстрэлы падазроных у прыхільнасьці да камунізму надавалі польскай прысутнасьці рысы акупацыйнай улады. Асяродкамі камунізму лічыліся праваслаўныя цэрквы і жыдоўскія сынагогі. Пасьпешліва перадавалі каталікам многія праваслаўныя храмы. Адбывалася гэта і ў тых мясьцінах, дзе палякі складалі нязначны працэнт агульнага ліку жыхароў. Беларускую інтэлігенцыю адштурхоўвала нішчэньне праяваў нацыянальнага жыцьця. Пад рэквізіцыі і суды траплялі незалежныя беларускія газэты, у Менску забаронена было ставіць п’есы Янкі Купалы і Каруся Каганца. Прапаганда на старонках часопісу «Straż Kresowa», якой займаўся Камітэт абароны крэсаў (Komitet Obrony Kresów), разьвеяла ілюзіі прыхільнікаў хаўрусу з Польшчай.

Палітыка тэрору, рэквізіцый, рабаўніцтва супраць беларускага насельніцтва, гвалтоўная палянізацыя павярнула большасьць беларускіх палітыкаў у апазыцыю да польскага рэжыму. Рост узброенай барацьбы ў тыле польскай арміі выклікаў лявіраваньне палітыкі Ю. Пілсудзкага. Так, у жніўні 1919 року ён запрасіў з Парыжу на перамовы А. Луцкевіча, даў дазвол на вызваленьне з турмы ўсіх беларускіх палітычных зьняволеных, абяцаў даць сродкі на адкрыцьцё беларускіх школаў і культурных установаў. Гэтыя ўступкі восеньню 1919 ізноў выклікалі ажыўленьне сярод нацыянальна-дэмакратычных дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. На старонках легальных беларускіх газэтаў разгарнулася агітацыя за далучэньне Беларусі да Польшчы. Ю. Пілсудзкі даў дазвол А. Луцкевічу на правядзеньне чарговай сэсіі Рады БНР у сьнежні 1919, спадзеючыся, што яна выкажацца за інкарпарацыю Беларусі ў склад Польшчы.

Палітыка дзеячоў БНР

рэдагаваць

Стаўленьне да Польшчы і палякаў разьяднала беларускіх палітыкаў. Паводзіны войска і адміністрацыі ажыўлялі ідэю супрацоўніцтва з Савецкай Расеяй. У Радзе БНР рашучыя антыпольскія пазыцыі займалі дзеячы БПСР і БПСФ. Частка палітыкаў гэтых партый, асабліва фэдэралісты, не былі прыхільнікамі паразуменьня з саветамі, але бачылі ў дзеяньнях кожнага з варагуючых бакоў імпэрыялісцкія памкненьні. Паразуменьня з палякамі шукалі дзеячы, згуртаваныя вакол Антона Луцкевіча. Яны не давяралі бальшавікам і спадзяваліся ў выпадку перамогі Польшчы на выкананьне абяцаньняў кіраўніка польскай дзяржавы. 20 лістапада ў час сустрэчы А. Луцкевіча зь Ю. Пілсудзкім было ўзгоднена, што Рада БНР пераўтворыцца ў Нацыянальную беларускую раду, што абазначала б замену яе статусу зь дзяржаўнага прадстаўніцтва на нацыянальнае.

Падчас сэсіі Рады БНР, якая праходзіла ў сьнежні 1919, большасьць сябраў Рады асудзіла калянізатарскую палітыку Польшчы, выказала недавер дзеяньням старшыні Рады БНР Язэпа Лёсіка і старшыні Кабінэту Міністраў Антона Луцкевіча, якія, па іх меркаваньні, праводзілі згодніцкую палітыку. Беларускія эсэры прызвалі да адкрытай барацьбы з польскімі акупантамі.

Адбыўся раскол Рады БНР. Прыхільнікі захаваньня незалежнасьці Беларусі — Вацлаў Ластоўскі, Пётра Крэчэўскі, Васіль Захарка, Аляксандар Цьвікевіч, Тамаш Грыб — намерыліся адклікаць Антона Луцкевіча з пасады прэм’ер-міністра і такім чынам пазбавіць яго паўнамоцтваў выступаць ад імя Рады БНР. Прыхільнікі Луцкевіча на чале з Паўлам Алексюком прапанавалі стварыць «дырэкторыю», якая выконвала б ролю нацыянальнага прадстаўніцтва і вяла далейшыя перамовы з палякамі. 13 сьнежня 1919 бальшыня сяброў Рады абрала новым прэм’ер-міністрам Вацлава Ластоўскага і абвясьціла сябе Народнай Радай БНР, старшынём якой стаў Пётра Крэчэўскі. Прыхільнікі супрацоўніцтва з Польшчай абвясьцілі сябе Найвышэйшай Радай БНР і на пасадзе прэм’ер-міністра пакінулі Антона Луцкевіча. Старшынём Найвышэйшай Рады стаў Ян Серада.

Некалькі дзён у Менску суіснавалі два беларускія ўрады і дзьве рады, якія выступалі ад імя беларускага народа. Неўзабаве ўрад В. Ластоўскага і частка сябраў Народнай Рады былі арыштаваныя палякамі. Пасьля вызваленьня з турмы бальшыня іх падалася ў Коўна, дзе яны атрымалі статус эміграцыйнага ўраду і сродкі на вядзеньне нелегальнай дзейнасьці на тэрыторыі Польшчы. Антон Луцкевіч і сябры Найвышэйшай Рады пераехалі ў Вільню.

24 сакавіка 1920 Вацлаў Іваноўскі, у якога былі паўнамоцтвы Найвышэйшай Рады, заключыў зь Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў кіраўніка польскай дзяржавы, пагадненьне ў справе ўрэгуляваньня польска-беларускага жыцьця на Меншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасфэры і — як высьветлілася — часу на ажыцьцяўленьне падпісаных абавязнасьцяў.

Савецкі наступ, абвяшчэньне БССР

рэдагаваць

У ліпені 1920 року Беларусь зноў была занятая Чырвонай Арміяй. Разам з польскім войскам адышлі ў Лодзь Беларуская вайсковая камісія і падначаленыя ёй падразьдзяленьні.

12 ліпеня бальшавікі падпісалі пагадненьне зь летувіскім урадам, у адпаведнасьці зь якім Віленшчына і Гарадзеншчына былі перададзеныя Летуве. Пагадненьне гарантавала нэўтралітэт Летувы на час савецка-польскай вайны, а ў выніку — бясьпеку правага флянгу войскаў Заходняга фронту, якія наступалі ў кірунку Варшавы. Адначасова амаль мільённая маса беларусаў у межах Летувы стварала Савецкай Расеі пэрспэктыву ўплываць на ўнутраную сытуацыю ў гэтай краіне.

31 ліпеня ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі паўторна абвясьціў незалежнасьць Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Утвораны ў гэты ж час Вайскова-рэвалюцыйны камітэт (у складзе Аляксандра Чарвякова, Вільгельма Кнорына, Язэпа Адамовіча) выконваў функцыі беларускага савецкага ўраду. У дэклярацыі ЦК КП(б) ЛіБ аб абвяшчэньні «незалежнай БССР» гаварылася, што межы Беларусі з буржуазнымі дзяржавамі будуць вызначаны паводле этнаграфічнага крытэрыю, а з сацыялістычнай Расеяй і Ўкраінай — «згодна з воляй беларускага народа»[1]. У склад створанай у адпаведнасьці з гэтым дакумэнтам дзяржавы ўваходзілі толькі 18 паветаў. Ейная тэрыторыя зусім нязначна выходзіла за межы Меншчыны. У кастрычніку 1920 большая частка тэрыторыі Беларусі разам зь Менскам была зноў занятая польскім войскам. На савецкім баку засталася невялічкая рэспубліка з 6 паветаў колішняй Менскай губэрні.

Дзейнасьць Булак-Булаховіча

рэдагаваць

Аддзел пад камандаваньнем генэрала Станіслава Булак-Балаховіча змагаўся на польскім баку ад імя беларускага ўрада Антона Луцкевіча. 12 кастрычніка Павал Аляксюк, які выконваў абавязкі старшыні Беларускага палітычнага камітэту, падпісаў пагадненьне з генэралам Булак-Балаховічам, згодна зь якім Камітэт меўся весьці вярбоўку ў беларускае войска. Ягоным камандзірам мусіў быць Булак-Балаховіч. Са свайго боку ён абавязваўся дапамагаць дзейнаму ад імя ўрада А. Луцкевіча камітэту пераймаць цывільную ўладу на занятых ягоным войскам абшарах Беларусі.

Генэрал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контранаступе ў верасьні 1920. Спрабаваў ён, згодна з дамоўленасьцю зь Ю. Пілсудзкім, ваяваць з Савецкай Расеяй і пасьля перамір’я на польска-савецкім фронце ў кастрычніку 1920. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. салдатаў. 10 лістапада ягоныя аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Менск і Гомель. У Мазыры С. Булак-Балаховіч праклямаваў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясьціў «начальнікам Беларускай Дзяржавы», а Беларускі палітычны камітэт — урадам БНР, адмаўляючыся такім чынам падпарадкавацца дзейным ужо цэнтрам улады — урадам А. Луцкевіча ў Варшаве і В. Ластоўскага ў Коўне. Прэм’ер-міністрам новага ўраду стаў Вячаслаў Адамовіч. Ад імя свайго кабінэту ён выдаў маніфэст да беларускага народу, у якім гаварылася пра далейшую барацьбу за незалежнасьць Беларусі ў хаўрусе з Польшчай, правядзеньне аграрнай рэформы разам з адчужэньнем вялікай зямельнай уласнасьці і скліканьне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэсьленьня дзяржаўнага ладу[2]. Пасьля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі мусілі адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе і былі інтэрнаваныя.

Слуцкае паўстаньне

рэдагаваць

Змаганьне за незалежнасьць Беларусі разгарнулася напрыканцы 1920 ў Слуцкім павеце. У сярэдзіне лістапада адбыўся зьезд Случчыны. Дэлегаты ад палітычных партыяў, сялянскіх саветаў, грамадзка-культурных арганізацыяў прызналі Случчыну часткай Беларускай Народнай Рэспублікі і намерыліся змагацца за яе незалежнасьць. Яны спадзяваліся, што іх змаганьне будзе пачаткам акцыі, якая ахопіць усю Беларусь. На працягу двух дзён Радзе Случчыны ўдалося сфармаваць два стралковыя палкі. Да іх далучыўся беларускі батальён зь Беласточчыны пад камандаваньнем Міколы Дзямідава. На гэтай аснове была створаная Слуцкая брыгада, якая налічвала каля 4 тыс. салдатаў. 30 лістапада пачаліся баі з Чырвонай Арміяй, вынік якіх, з прычыны значнай перавагі расейцаў, быў прадвызначаны. Аднак ваенныя дзеяньні, галоўным чынам партызанскага характару, доўжыліся амаль да канца сьнежня 1920. Слуцкія паўстанцы, як і армія С. Булак-Балаховіча, адышлі на тэрыторыю Польшчы, дзе таксама былі інтэрнаваныя.

Партызанскія фармаваньні «Зялёнага Дуба»

рэдагаваць

Пры канцы 1920 ў прыфрантавой паласе з абодвух бакоў дэмаркацыйнай лініі дзейнічала больш за дзесяць беларускіх партызанскіх аддзелаў, якія выступалі пад супольным найменьнем «Зялёны Дуб». Са згоды і пры падтрымцы польскай выведкі партызаны рабілі напады на кантраляваную савецкім войскам тэрыторыю, а ў выпадку небясьпекі адыходзілі ў Польшчу. I хоць лёзунгам «Зялёнага Дуба» была барацьба за незалежную Беларусь у этнаграфічных межах, аднак мела яна ўсяго прапагандысцкае значэньне. Многія беларускія афіцэры, якія ўдзельнічалі ў вайне з балынавікамі на пачатку 1921, перамір’е на польска-савецкай мяжы лічылі часовым становішчам. У гэтым перакананьні праўдападобна ўмацоўвалі іх прадстаўнікі польскай выведкі, якія пастаўлялі ім зброю і сродкі на ўтрыманьне аддзелаў. Пасьля падпісаньня 18 сакавіка 1921 Рыскай мірнай дамовы частка камандзіраў «Зялёнага Дуба» прызнала беларускі эміграцыйны ўрад Вацлава Ластоўскага адзіным прадстаўніцтвам беларускага народа. Многія памянялі фронт: спынілі антысавецкую партызанскую дзейнасьць і далучыліся да антыпольскага руху, які арганізаваў ковенскі цэнтр на тэрыторыі Гарадзеншчыны і Віленшчыны.

Улетку 1921 г. польскія ўлады ў адпаведнасьці з Рыскай мірнай дамовай забаранілі беларусам весьці якія-небудзь дзеяньні супраць СССР з тэрыторыі Польшчы. У рамках ліквідацыі антысавецкіх цэнтраў у межах польскай дзяржавы на Гарадзеншчыне яны зачынілі беларускія школы і забаранілі выдаваць газэты на беларускай мове.

Беларусы ў Сярэдняй Літве

рэдагаваць

У кастрычніку 1920 польскае войска пад камандаваньнем генэрала Люцыяна Жалігоўскага заняло Віленшчыну, якая ад ліпеня знаходзілася ў межах Летувы. На тэрыторыі абвешчанай генэралам Л. Жалігоўскім гэтак званай Сярэдняй Літвы Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч атрымалі высокія пасады ў польскай адміністрацыі — Часовай кіруючай камісіі. Аднак віленскі Беларускі нацыянальны камітэт ня выказаў падтрымкі іх місіі. Па-за тэрыторыяй Сярэдняй Літвы ўсюды, куды вярталася польская адміністрацыя, закрывалі беларускія школы. Дый на Віленшчыне беларускае школьніцтва існавала толькі да тае пары, пакуль у складзе Часовай кіруючай камісіі былі В. Іваноўскі і Б. Тарашкевіч.

Палітыка ўраду Летувы

рэдагаваць

Пераможаныя летувісы, зацікаўленыя ў аслабленьні Польшчы, сталі прыхільнікамі беларускага незалежніцкага руху.

13 лістапада 1920 ўрад БНР Вацлава Ластоўскага падпісаў з урадам Летувы пагадненьне аб узаемнай падтрымцы дзеля «стрыманьня польскага імпэрыялізму». За фінансавую дапамогу і падтрымку на міжнароднай арэне ўрад Ластоўскага абавязаўся перадаць у распараджэньне летувіскага галоўнага камандаваньня ўсе беларускія вайсковыя часткі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Летувы. Паабяцаў ён таксама паўплываць на беларусаў, каб у выпадку рэфэрэндуму ў справе дзяржаўнай прыналежнасьці Сярэдняй Літвы яны галасавалі за карысны для Летувы вынік. Урад В. Ластоўскага праз пасрэдніцтва летувіскага ўраду атрымаў таксама 40 млн марак крэдыту ад Нямеччыны на фінансавую падтрымку партызанскіх фармаванняў, якія мелі змагацца з Польшчай у выпадку яе вайны зь Летувой[3].

Рыскі мір

рэдагаваць

Пад час мірных перамоваў, якія вяліся ў Рызе з восені 1920, беларусаў не прадстаўляў ніводзін палітычны цэнтар. Паводле ўдзельніка перамоваў з польскага боку Станіслава Грабскага, савецкі ўрад узамен за саступкі на тэрыторыі Ўкраіны прапанаваў Польшчы большую частку Беларусі разам з усёй Меншчынай. Баючыся залішне вялікай колькасьці праваслаўнага насельніцтва ў межах Рэчы Паспалітай, С. Грабскі адстойваў мяжу ўздоўж Дзьвіны, ад латыска-савецкай граніцы ў кірунку сярэдняга цячэньня Прыпяці[4]. Такі выгляд мяжы з СССР, нават пры добрым стаўленьні польскага боку, касаваў магчымасьць ажыцьцяўленьня якіх-небудзь фэдэрацыйных плянаў, спрыяў канцэпцыі інкарпарацыйнай палітыкі.

Рыская мірная дамова нанесла вялікі ўдар па беларускіх палітыках Найвышэйшай Рады БНР і Беларускага палітычнага камітэту, якія пасьлядоўна выказваліся за аб’яднаньне беларускіх земляў і стварэньне фэдэрацыі з Польшчай. Акцыя генэрала С. Булак-Балаховіча ў Мазыры і Слуцкі збройны чын не зьмянілі стаўленьня польскага ўраду і парлямэнту да выкананьня пагадненьняў, падпісаных з бальшавікамі ў кастрычніку 1920 і пацьверджаных Рыскай мірнаю дамовай. Гэтая дамова, якая падзяліла Беларусь, ня была ўхваленая ніводным уплывовым беларускім цэнтрам у Польшчы. Яна стварыла сытуацыю супярэчнасьці польска-беларускіх інтарэсаў і вялікія магчымасьці ўзьдзеяньня на гэтыя судачыненьні з боку Масквы.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Из истории гражданской войны в СССР, Т.3, Мн., 1961, с. 320.
  2. ^ O. Łatyszonek, Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923, 1995, s. 156.
  3. ^ Я. Мірановіч, Найноўшая гісторыя Беларусі, 2003, с. 51
  4. ^ S. Grabski, W Mińsku i Rydze // Więż, 1988, nr 11-12, s. 173—174

Літаратура

рэдагаваць
  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — СПб., 2003. — С. 43-51.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць