Астрагляды
Астрагля́ды[1] — былая вёска ў складзе Буркоўскага сельсавету Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці.
Астрагляды | |
трансьліт. Astrahlady | |
Першыя згадкі: | каля сярэдзіны XV ст. |
Былая назва: | Астраглядавічы |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Буркоўскі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
СААТА: | 3203846041 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°47′3″ пн. ш. 30°8′41″ у. д. / 51.78417° пн. ш. 30.14472° у. д.Каардынаты: 51°47′3″ пн. ш. 30°8′41″ у. д. / 51.78417° пн. ш. 30.14472° у. д. |
± Астрагляды | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьНайранейшая згадка пра Астрагляды (арыгінальная назва — Астраглядавічы[a]) можа быць датаваная прыкладна сярэдзінай XV ст. У Генэральнай візыце Брагінскай пратапопіі (дэканату), пачатай 30 студзеня 1743 году, ёсьць запіс, згодна зь якім, царква Ўваскрашэньня Хрыстова[b] ў Астраглядавічах, «як паведамляецца» (ut fertur), існавала перад тым ужо 300 гадоў. Кім збудаваная і асьвечаная невядома[2], але Брагінскай воласьцю тады валодаў ваявода троцкі Ян (Іван) Манівідавіч[3]. Пасьля сьмерці ў 1475 годзе яго сына Войцеха, ваяводы наваградзкага і падстолія вялікага літоўскага, Брагінам з воласьцю, відавочна, ізноў пачаў кіраваць вялікакняскі намесьнік, пра што маецца зьвестка на 1496 год[4].
3 чэрвеня 1504 году кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар сваім прывілеем, вылучыўшы Астраглядавічы і Хвойнікі з усімі прылегласьцямі з Брагінскай воласьці, падараваў на вечныя часы за вайсковыя заслугі пану Сямёну Хведаравічу Палазовічу («слаўнаму русінскаму воіну Полазу», «Полазу Русаку, слаўнаму казаку», як назвалі яго польскія гісторыкі Ёст Людвік Дэцый[5] і Марцін Бельскі[6]). Вядомы ён пакуль што з польскамоўнага вопісу архіва князёў Шуйскіх са збору «Archiwum Prozorów i Jelskich», што захоўваецца ў фондах Галоўнага архіву старых актаў у Варшаве[7].
Адміністрацыйна Астраглядавічы належалі спачатку да Брагінскай воласьці Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Уладальнікамі іх і Хвойнікаў ад пачатку XVI ст. і да 1860-х гадоў (маёнтку — да 1887 году) пасьлядоўна былі паны Палазовічы, князі Любецкія, паны Харлінскія, Абрамовічы (Абрагамовічы), Бжазоўскія, князі Шуйскія, паны Прозары[8][c].
3-га сакавіка 1532 году кароль Жыгімонт Стары сваім лістом загадаў ваяводзе Андрэю Неміровічу маёнткі нябожчыка Сямёна Палазовіча (у іх ліку «Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки»), якія той пасьпеў прыгарнуць да Кіеўскага замку, вярнуць яго зяцю князю Дзьмітрыю Раманавічу Відыніцкаму[9] (Любецкаму). Потым Астраглядавіцкі маёнтак князя Дз. Відыніцкага і яго жонкі Фенны Палазовічаўны згаданы ў дакумэнце ад 6 кастрычніка 1541 году з запісам аб узаемных саступках грунтоў у ім і ў Брагінскіх добрах князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага[10]. У сьнежні 1556 году князь Дзьмітры Любецкі, не жадаючы прызнаць віну «людей моих села Остроглядовского о подране бчол и о збите людей монастырских» (лыскоўскіх сялян кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра), сьцьвярджаў , нібы «тое село Остроглядовичи не ест у повете Киевского воеводства, але Троцкого повету, не повинен бых тут с того именя отказывати»[11]. 5 студзеня 1560 году князь Богуш Любецкі, ад імя свайго і маці-удавы княгіні Дзьмітравай Любецкай, падаў судовы пратэст супраць князя Міхаіла Аляксандравіча Вішнявецкага, старосты чаркаскага, за тое, што людзі яго гвалтоўна ўварваліся ў межы астраглядавіцкія, дзеля ўласнай карысьці палі разрабілі, пакасілі сенажаці і іншыя крыўды ўчынілі[12].
Дачка князя Дзьмітрыя і Фенны Любецкіх, сястра нябожчыка князя Богуша, таксама Фенна, пасьля сьмерці мужа Мельхіёра Насілоўскага ўзяла шлюб з панам Шчасным Харлінскім гербу Бонча ды ў сьнежні 1568 году запісала на яго «именя свое отчизные, дедизные, материстые у повете Киевскомъ лежачие, тоестъ… Хойники[d], Остроглядовичи, Новоселки…»[13].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (у тым ліку Астраглядавічы) было далучана да Кароны Польскай[14].
Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай
рэдагавацьУ 1570 – 1590-я гады добра Астраглядавічы пана Шчаснага Харлінскага шматразова згаданыя ў судовых справах з-за нанесеных ім брагінскімі падданымі князёў Вішнявецкіх маёмасных стратаў, з-за ўчыненага гвалту над людзьмі. 25 сакавіка 1579 года кароль Стэфан Баторы нават даслаў ліст княгіні-удаве Аляксандравай Вішнявецкай, у якім загадаў, каб яе людзі не ўдзіраліся ў дзедзічныя грунты астраглядавіцкія пана Ш. Харлінскага[15]. У датаваным 13 днём сакавіка месяца 1581 г. дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзьмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе разьмежаваньня добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[16]. У 1598 году сойм прызначыў Ш. Харлінскага адным з камісараў у справе разьмежаваньня ziemie Kiiowskiey Кароны і Мазырскага павету ВКЛ[17]. У актах трыбунальскіх што да Кіеўскага ваяводзтва, у дакумэнце ад 22 чэрвеня 1600 году засьведчаная нязгода пана Шчаснага Харлінскага з тым, як разьмежаваныя грунты яго Астраглядавічаў, Навасёлак, Хвойнікаў з прыналежнымі князю Адаму, сыну Аляксандра, Вішнявецкаму сёламі Мікулічы, Веляцін, Лісьцьвін, а таксама яго Багушэвічаў (Багушоў), Плоскага, Паселічаў, Хвойнікаў, Навасёлак з прыналежнымі князю Міхаілу, сыну Міхаіла, Вішнявецкаму Глухавічамі, Бабчынам, з тым, як падзеленыя дубровы, урочышчы, з папсаваньнем старых памежных знакаў[18].
20 чэрвеня 1600 года падкаморы Ш. Харлінскі выдаў сыну свайму Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор з 5 часткай зь сямі пляцаў у Кіеве[19]. Зь імёнамі сужэнства Мікалая і Гэлены (Гальшкі) Харлінскіх зьвязана заснаваньне яшчэ да 1622 году касьцёла ў Астраглядавічах і стварэньне найбольш раньняй у рэгіёне каталіцкай парафіі. Першым зь вядомых настаяцелем быў ксёндз Станіслаў Зданоўскі[20]. Недзе ў гэты ж час Астрагляды апынуліся ў складзе Оўруцкага павету. У 1623 годзе ўдава Гальшка Мікалаевая Харлінская судзілася з сваякамі Харлінскімі за іх наезд на замак Астраглядаўскі[e], вёску Астраглядавічы, на мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёску Хойнікі і інш[21].
11 лютага 1627 году Гальшка Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добры Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да яе зяця Мікалая Абрагамовіча, ваяводзіча смаленскага[22]. У 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з пятнаццаці дымоў ў Астраглядавічах плаціў па 3 злотых, з 2-х агароднікаў па 1 злотаму і 6 грошаў[23]. Пры гэтым яму яшчэ доўга давялося ўлагоджваць спадчынныя і проста маёмасныя непаразуменьні зь іншымі Харлінскімі — панамі Станіславам, Юрыем і Шчасным, а таксама з панам Мадлішэўскім, зь якім пані Гальшка ўзяла шлюб.
Дзеля ўтрыманьня ў Астраглядах касьцёла і плябана на іх сталы прыбытак Мікалаем і Гальшкай Харлінскімі раней была запісана вёска Багушы. Але спадчыньнік маёнтку, зяць іх, пан Мікалай Абрамовіч, кальвініст, відавочна, не ўважаў той запіс абавязковым да выкананьня. Таму маем справу ад 6 чэрвеня 1635 году ксяндза Заклічынскага, плябана астраглядаўскага, якая разглядалася не адно ў Кіеўскім гродзе, але і ў каронным Люблінскім трыбунале. М. Абрамовіч, як высьвятляецца, наслаў на добра Багушы сваіх людзей, каб яны ўчынілі там розныя гвалты і рабункі[24]. У актавай кнізе Жытомірскага гродзкага суда 1635 году са слоў вознага сказана, што з-за няўплаты чопавага падатку ён «Перши позовъ по его милостъ пна Абрамовича, воеводича смоленъского, до села Оcтроглядовичъ, маетности его милости, того року и дня деветнастого мца сепътемъбра однеслъ и въ дворе тамошнимъ урядникови в руки одъдалъ»[25]. Валодаў маёнткам М. Абрамовіч і ў 1639 годзе, калі заставіў Астраглядавічы гданьскаму мешчаніну Ежаму Гэўлу за 33 600 злотых, і ў канцы 1641 году, калі вяртаў доўг сыну нябожчыка Ісааку Гэўлу. Уражаньне такое, нібы генэрал артылерыі ВКЛ М. Абрамовіч ці ня кожны раз пазычаў грошы дзеля таго, каб аддаваць папярэднія даўгі то дзяржаве, то прыватным асобам, застаўляючы Астрагляды[26].
24 сьнежня 1642 году ад імя пана Мікалая Абрамовіча, кашталяна амсьціслаўскага, складзены запіс wieczystej przedarzy пагразлых у даўгах добраў Астраглядавічы і Хвойнікі праваслаўнаму пану Максыміліяну Бразоўскаму, падстолію кіеўскаму, пра што пан Лукаш Мадлішэўскі выказваў клопат яшчэ ў лісьце ад 29 чэрвеня 1641 году[27].
З запісу ў абозным дзёньніку польнага гетмана ВКЛ князя Януша Радзівіла ад 26 ліпеня 1649 году вядома, што паказачаны селянін Улас з Астраглядавічаў, спайманы ў сваёй хаце за дзень да таго, прызнаў: далучыўся ён да казакоў, як тыя летась ішлі ў Літву, быў у Бабруйску і Быхаве ў палку Гаркушы; а пра казакоў паведаміў, што трое заходзілі ў іхнае сяло яшчэ "ў мінулую суботу"[28].
26 чэрвеня 1664 году дачка нябожчыка Максыміліяна Бжазоўскага, берасьцейскага ваяводы, пані Зофія перапісала спадчынныя маёнткі ў Кароне (Астраглядавічы з Хвойнікамі таксама) і Берасьцейшчыне на свайго мужа-католіка князя Канстанціна Яна Шуйскага[29]. Тады Шуйскія ўпершыню набылі добра ў Кіеўскім ваяводзтве ды трымалі іх каля паўтары сотні гадоў. 5 чэрвеня 1682 году ксёндз Дамінік Бэркіновіч, прэзыдэнт касьцёлу Астраглядавіцкага, закону сьв. Дамініка, засьведчыў, што касьцёл прыняў абавязак адпраўляць па тры сьвятыя імшы на тыдзень, за што князь Шуйскі на яго ўтрыманьне ізноў саступіў вёску Багушы. 14 студзеня наступнага 1683 г. харунжы берасьцейскі князь Канстанцін Шуйскі ў маёнтку Тэрэбунь склаў айцам-дамініканам астраглядаўскім фундуш, паводле якога абяцаў касьцёл у Астраглядавічах wystawić і вёску Багушы з грунтам і ўсялякімі пажыткамі на іх запісаць[30]. Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 10 дымоў у Астраглядавічах князя Шуйскага выплачвалася 9 злотых. А яшчэ ў вёсцы было 9 дымоў, якія належалі баярам (асабіста вольным слугам)[31]. 2 траўня 1697 году ў Оўруцкі гродзкі суд астраглядаўскім земянінам панам Аляксандрам Галаскім ад імя князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, была пададзена скарга, у якой сьцьвярджалася, што казацкага палку Ярэмы сотнік Лабада, аніяк не паважаючы вайсковыя артыкулы і права паспалітае, наехаў на двор Астраглядаўскі пана Дамініка году 1697 дня 10 лютага месяца, а наехаўшы, валоў, коней, авечак, сьвіней і дабро ўсякае пазабіраў[32].
Згодна з Генэральнай візытай Брагінскага дэканату, на 1743 год у прыходзе царквы Ўваскрашэньня Хрыстова сяла Астраглядавічаў, дзедзічных добраў князя Ігнацыя Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, налічвалася plus minus 80 двароў, дапушчаных да споведзі 164 душы. Узначальваў прыход сьвятар Якаб Тышко(ў)скі (Tyszkoski)[2].
У 1740-я гады і надалей Астраглядавіцкі касьцёл аб'ядноўваў рыма-каталіцкую парафію ў Оўруцкім дэканаце Кіеўскай дыяцэзіі, да якой належалі жыхары (у асноўным шляхта) зь мястэчак Астраглядавічы[g], Хвойнікі, Брагін, вёсак Храпкаў, Руднае, Дворышча, Стралічаў, Вялікі Бор, Рудня Вялікаборская, Паселічы, Багушы, Сялец, Крыўча, Рудакоў, Лісцьвін, Мікулічы, Шкураты, Рудня Удалёўская, Буда Удалёўская, Глухавічы, Губарэвічы, Краснасельле, Масаны, Баршчоўка, Аравічы[33]. На 1777 г. парафія, паводле графа Дз. Талстога, налічвала 252 верных[34].
22 сакавіка 1753 году князем Шуйскім запісаны фундуш Астраглядавіцкай уніяцкай царкве[35].
На 1754 год у Астраглядавічах было 48 двароў (×6 — каля 288 жыхароў), зь якіх «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 7 злотых, 13 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 29 злотых і 24 грошы[36]. Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Астраглядавічах жылі адпаведна 7, 5 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[37].
У 1776 годзе ў Астраглядавічах узьведзены новы будынак царквы, імаверна, ужо пад тытулам Сьвята-Траецкай[38][h].
13 ліпеня 1791 г. варшаўская «Gazeta narodowa i obca» зьмясьціла паведамленьне пра тое, як 12 чэрвеня патрыёты Рэчы Паспалітай, госьці Караля і Людвікі Прозараў з Мазырскага, Оўруцкага і Рэчыцкага паветаў бралі ўдзел у сьвяточнай імшы з нагоды прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня, пакліканай умацаваць і выратаваць гаротную Айчыну. Урачыстасьць адбылася ў Астраглядаўскім парафіяльным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Казань, прымеркаваную да падзеі, прамовіў ксёндз-пробашч Францішак Глінскі. Па яе заканчэньні ўсе прысутныя, пад няспынныя гарматныя салюты, прасьпявалі гімн Te Deum laudamus (Цябе, Бога, услаўляем) [41].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Астраглядавічы — у межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 года Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[42]. У рэвізіі 1795 г. запісана, што Астраглядавічы Людвікі з Шуйскіх Прозар былі здадзены ў «арэндную пасэсію» Яну, сыну Уладыслава, Ястшэмбскаму (Ястржэмбскаму) тэрмінам на 3 гады (з 02.04.1794 да 02.04.1797) за 1 833 дукаты і 6 злотых польскіх[43].
У шляхецкай рэвізіі 1811 года эканомам фальварка Астраглядаўскага названы Юзаф Парыкевіч[44]. Пасля сьмерці жонкі Людзьвікі і свайго вяртаньня зь няволі ў 1829 годзе К. Прозар уступіў ва ўладаньне маёнткамі, хоць вельмі хутка запісаў іх на сыноў Уладыслава і Юзафа. Уважаецца, што менавіта Уладыслаў, жанаты з Тэкляй Ракіцкай, якому дасталіся Астрагляды, ініцыяваў ўзьвядзеньне тут мураванага палацу ў стылі ампір паводле праэкту Генрыка Марконі[45][i]. Спачыў абозны, паводле запісу ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёла, 20 кастрычніка (1 лістапада) 1841 года[46].
29 ст. ст. жніўня 1844 году ў двары Астраглядавіцкім спачыў, а 31 жніўня быў пахаваны 70-гадовы мэтр музыкі шляхетны Юзаф Дашчынскі[47]. Згодна зь інвэнтаром таго ж 1844 году, Астрагляды належалі да маёнтку Хвойнікі, гаспадаром якога быў малодшы сын Караля Прозара Уладыслаў.
Пасьля двара ў Сігневічах, ад сярэдзіны XIX ст. карціна «Сям’я Прозараў», напісаная зь ініцыятывы і на замову самога К. Прозара знакамітым мастаком Францішкам Смуглевічам у 1789 годзе, пэўны час знаходзілася ў Астраглядаўскім палацы пана Уладыслава і яго нашчадкаў[48][j][k].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 356 жыхароў сяла Астраглядавічы абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сьвята-Троіцкай царквы, 21 мужчына і 22 жанчыны зь сяла, 10 мужчын і 9 жанчын з фальварку былі парафіянамі Астраглядавіцкага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[50]. 18 верасьня 1860 году Астрагляды наведаў праваслаўны архіяпіскап менскі і бабруйскі Міхал Галубовіч, запіс якога засьведчыў, што ў палацы тады жыла сям'я рэчыцкага маршалка Мечыслава, сына Уладыслава, Прозара: «Па абедзе я ад’ехаў у Астраглядавічы [з Хвойнікаў]. Засьпеў там толькі гаспадыню дома, жонку маршалка пані Прозараву, яе матку Аскеркаву, брата, глухога і барадатага, Эміля Аскерку, і валынскага Прозара. Вельмі гасцінна быў прыйманы»[51].
У парэформавы пэрыяд сяло Астрагляды ў Мікуліцкай воласьці. З 1864 году арганізавана народная вучэльня. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Троіцкай царквы названыя настаяцель а. Дамецій Ляляўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Іван Пігулеўскі, просьфірня Дар'я Грыгаровіч. Да прыходу, акрамя сяла Астрагляды, належалі вёскі Вязок, Дуброўнае, Плоскае, Шчарбіны, Варацец (прозараўскі), Бакуны, Багушы[52]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 812 верных мужчынскага і 852 жаночага полу[40]. Паводле А. Ельскага, у 1885 годзе Астраглядаўскі маёнтак, калі ім валодаў Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар, быў прададзены[53]. Каля 1895 году парафія Астраглядаўскага касьцёла, якая абыймала вялікую тэрыторыю, налічвала 3230 верных[54]. Згодна зь перапісам 1897 году, у сяле дзейнічалі царква, касьцёл, капліца, народная вучэльня, хлебазапасная крама, вятрак, карчма. Побач быў аднайменны фальварак. На 1904 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы ўладальнік маёнтку Астрагляды спадчынны дваранін Валерыян Рафаілавіч Рыбнікаў[55]. Уладальнікам 1 746 дзесяцін зямлі ў Астраглядах «Список землевладельцев Минской губернии 1911 г.» называе Аляксандра Іванавіча Цямніцкага[56]. У 1912 г. «па найвысачэйшаму дазволу» маёнтак Астрагляды набыў Альгерд Гардзялкоўскі, апошні іх прыватны ўладальнік[57].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Астрагляды ў складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[58].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
З 8 сьнежня 1926 да 1987 году – цэнтр Астраглядаўскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 году Палескай, з 8 студзеня 1954 году Гомельскай вобласьці БССР.
У 2-й палове 1920-х гадоў арганізаваны саўгас «Астрагляды», дзейнічалі пачатковая школа, хата-чытальня, адзьдзяленьне спажывецкай каапэрацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1930 годзе арганізаваны калгас імя Варашылава, працавалі 2 гамарні, цыркулярка, вятрак (з 1928 году), сталярная майстэрня (з 1930 году).
Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны ў сярэдзіне ліпеня 1943 года разграмілі гаспадарчую базу акупантаў, якая месцавалася ў вёсцы. Карнікі забілі 23 жыхара. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 389 жыхароў вёскі, у памяць пра якіх у 1967 годзе ў цэнтры вёскі пастаўлены абеліск. У 1962 годзе да вёскі далучаныя пасёлак Двор Астрагляды, хутар Папаратнае. Была цэнтрам саўгаса «Астрагляды», існавалі сярэдняя школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячыя ясьлі.
20 жніўня 2008 году вёска была ліквідавана[59].
Асобы
рэдагаваць- Дашчынскі Юзаф (1774, Вільня — 1844, двор Астраглядавічы) — піяніст, кампазытар, дырыжор, кіраўнік аркестра.
- Кардаш Дзяменці (1904-?) — беларускі настаўнік, гісторык.
- Бельман Яўхім (1906—1977) — савецкі беларускі нэўрапатоляг[60].
- Палескі Вячаслаў (сапр. Станкевіч; 1912—1971) — беларускі драматург, заслужаны дзеяч культуры БССР (яго імем была названа Бабчынская сярэдняя школа Хвойніцкага раёну, дзе ён вучыўся).
Галерэя
рэдагаваць-
Ікона Маці Божая Сьнежная з Астраглядаў (?), другая палова XVIII ст.[l]
-
Ф. Смуглевіч. Сям'я Прозараў (1789)
-
Карціна Сям'я Прозараў у музэі сядзібы Замосьце А. Ельскага (1910 – 1914).
-
Палац Прозараў у Астраглядах. Малюнак Ігнацыя Врублеўскага. 1891 год.
-
Палац у Астраглядах. Фота каля 1910 г.
-
Госьці Альгерда і Ванды Гардзялкоўскіх каля палацу ў Астраглядах. 1910 г.
-
Альгерд і Ванда Гардзялкоўскія сярод руінаў палацу, які меркавалі аднавіць. Каля 1910 г.
-
Каля руінаў.
-
Афіцына ў Астраглядах. Стрэлкай пазначанае месца бяроставай гідраізаляцыі. Фота Уладзімера Смольскага. 2021 г.
-
Гідраізаляцыя ў будынку афіцыны. Здымак У. Смольскага. 2021 г.
-
Касьцёл у Астраглядах. 1914 г.
-
Інтэр'ер касьцёла.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ У «Вялікім гістарычным атласе Беларусі» (Мінск: Белкартаграфія, 2009. Т. 1. С. 193) аўтары-укладальнікі падалі назву нібыта зь яе варыянтам – Остроглядовичи (Глядовичи), што ёсьць недарэчнасьцю. Запазычана яна з выдадзенай Ю. Вольфам кнігі графа К. Ажароўскага («Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. – Warszawa, 1895. S. 206»), у якой узьнікла памылка пры перадачы зьместу каралеўскага ліста 1532 г. Тут побач згаданыя Hladowicze (а былі яшчэ Hładkowicze), Nowosielki, далей жа Chwojniki, Ostrodwory, хоць у арыгінале крыніцы побач названыя Хвоиники, Остроглядовичи, Новоселки (ёсьць там і Углядковичи, што на тэрыторыі Украіны). Астрадворы ўтварыліся шляхам разрыву назвы Астра-глядавічы і далучэньня да Астра- першага слова згадкі пра «двор с пустовщинами у замку Киеве и на месте, и во Вручомъ». Другая ж частка назвы ператварылася ў асобнае паселішча Глядавічы.
- ^ Тытул названы менавіта такі.
- ^ Насуперак таму, як уважаецца пачынаючы са слоўнікавага артыкула А. Ельскага (Ostrohlady // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.— Warszawa, 1886. Т. VII. S. 690), князям Вішнявецкім і панам Ракіцкім Астрагляды ніколі не належалі.
- ^ Гэта ці ня першы вядомы выпадак выкарыстаньня ў пісьмовай крыніцы палянізаванай формы замест арыгінальнай назвы Хвойнікі.
- ^ На мапе ВКЛ 1613 г. у дачыненьні да Астраглядавічаў выкарыстаная выява, адсутная ў легендзе пад гербам Пагоня, відавочна, дзеля таго, што Астрагляды – па-за межамі ВКЛ. На існаваньне замку альбо ўмацаванай сядзібы яна, у адрозьненьне, напрыклад, ад Антонава на рацэ Славечне, як быццам не ўказвае. Але ж на гэтай мапе з найменш значных паселішчаў пазначаныя хіба цэнтры маёнткаў, зразумела, з панскімі сядзібамі, сярод якіх неўмацаваных у тыя часы не магло быць. Адсюль сьведчаньні пра замкі нават і пры невялікіх аднайменных сёлах. Тут важна не перабольшваць іх абарончыя здольнасьці і ўсьведамляць выключна надзённае прызначэньне — абарона маёмасьці ад тутэйшых сялянаў-бунтаўнікоў, суседніх паноў-братоў шляхты, прыхадняў-казакоў, пазьнейшых гайдамакаў і г. д.
- ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
- ^ Астраглядавічы тут названыя «мястэчкам» дзеля таго хіба, што былі цэнтрам парафіі, бо адпаведнага статусу, у адрозьненьне ад Брагіна і Хвойнікаў, ня мелі.
- ^ У больш позьніх даведніках пазначаны 1779 г.[39][40]
- ^ А. Кулагін памылкова назваў сына К. Прозара Уладзімерам.
- ^ Хто ёсьць хто на карціне? У цэнтры партрэт бацькі – віцебскага ваяводы Юзафа Прозара, побач зьлева абозны Караль прамаўляе верш Францішка Карпінскага, прысьвечаны нябожчыку, па другі бок партрэту яго сярэдні брат Ігнацы і жонка Людвіка Канстанцыя, каля яе старэйшая дачка Юзэфа, зьлева малодшая Марыяна, крайні зьлева швагер Францішак Букаты, сакратар амбасады Рэчы Паспалітай у Лёндане, побач малодшы брат Караля Антоні (адзіны ў сармацкім строі). Швагра Станіслава Ельскага (з падачы яго праўнука Яна Ельскага, блыталі раней з Антоніем[49]) тут, як пераканаўча давёў Зьбігнеў Міхальчык, няма. Цікава заўважыць, што прысутныя на палатне дочкі Юзэфа і Марыяна (з распазнаваньнем дзяцей таксама існавала праблема), у адрозьненьне ад дарослых, пісаныя не з натуры, народжаныя 13 чэрвеня 1786 г. і 23 кастрычніка 1787 г. w Poniemuniu, атрымалі імёны ў гонар адпаведна бацькі Караля і маці Людвікі. Народжаны ў Хвойніках 23 кастрычніка ў год стварэньня карціны сын іменаваны ізноў жа, у гонар дзядка-ваяводы, Юзафам.
- ^ Улічыўшы пэрспэктыву страты Канстанцінам Прозарам Астраглядаўскай фартуны, карціну набыў адзін з сваякоў Прозараў, энцыкляпэдыст Аляксандар Ельскі з Замосьця Ігуменскага павету, а яго сын Ян вывез палатно ў гады Першай сусьветнай вайны да Варшавы. У 1929 г. ён перадаў твор на захаваньне ў Нацыянальны музэй, які пасьля Другой сусьветнай вайны і набыў яго для сваёй калекцыі.
- ^ Аляксандар Ярашэвіч некалі задаваўся пытаньнем: а ці не старая гэта алтарная ікона, якая пасьля зачыненьня 19 ліпеня 1865 г. каталіцкай капліцы ў Юравічах, была перададзеная ў Астраглядаўскі касьцёл?.. http://media.catholic.by/nv/n24/art3.htm. Паводле акту ад 31 траўня 1967 г., падпісанага дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР пані Аладавай (Е. Аладовой), парамэтры іконы адпавядаюць той, што атрыманая зь вёскі Сялец, таксама Брагінскага раёну. У картатэцы музэю, аднак, запісана, што абраз нібыта паходзіць з маёнтку Патонаў (з двара Гарадзішча?). І якімі ж былі шляхі іконы?..
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ а б Візыты Брагінскага дэканату 1743 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. І. 2461. А. 287, 287адв.
- ^ Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza. // Ateneum Wileńskie. — Wilno, 1923. № 2. S. 261, 267
- ^ Акты, относящиеся к истории Западной России — Т. 1(6): Сборник документов канцелярии великого князя литовского Александра Ягеллончика, 1494—1506 гг. Шестая книга записей Литовской метрики / М. Е. Бычкова (отв. сост.), О. И. Хоруженко, А. В. Виноградов; отв. ред. тома С. М. Каштанов — Москва; С.-Петербург: Нестор-История, 2012. С. 397
- ^ Decjusz, Jost Ludwik. Contenta: De vetustatibus Polonorum liber I; De Iagellonum familia liber II; De Sigismundi regis temporibus liber III. — 1521. F. LXVII
- ^ Kronika Marcina Bielskiego. T. II (Księga IV, V). /Wydanie Józefa Turowskiego. — Sanok, 1856. S. 950
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 3, 200. Sygn. 2. S. 78
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12 — 18
- ^ Андрій Блануца. Земельні надання Сигізмунда І Старого на Українські землі Великого Князівства Литовського // Україна в Центрально-Східній Европі. — Київ: Інститут історії України НАНУ, 2008. № 8. С. 69 — 70
- ^ АGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 3, 4
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 5, 37
- ^ АGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 4
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 8. Т. 6. Акты о землевладении в Юго-Западной России XV—XVIII стст. — Киев, 1911. С. 224—227
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 5—15
- ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
- ^ Constitucię seymu walnego Koronnego Warszawskiego, MDXCVIII. — W Krakowie, w Architypografiiey Króla Ieo M. y Kościelney, Lazarzowey, MDXCVIII. S. 20; Volumina Legum. S. 372
- ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 57
- ^ ŹD. T. XXI. S. 60; AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 46 — 47
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 51; гл. таксама Прозараўскія мясьціны ў Астраглядах
- ^ ŹD. T. XXI. S. 637
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 56
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 37
- ^ Акти Житомирського гродського уряду: 1590 р., 1635 р. / В. М. Мойсієнко. – Житомир, 2004. № 40
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 14—15, 35—36
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 67
- ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648 – 1658 рр. Т. 1 (1648 – 1649). – Київ, 2012. С. 296
- ^ AGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 69
- ^ АGAD. АРіJ. Sygn. 1. S. 37
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489. Другі пабор — 9 злотых з 9 дымоў (С. 506)
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 26, 36
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ^ Le Catholicisme Romain en Russie. Études historiques par M. le comte Dmitry Tolstoy. Tome premier. – Paris, 1863. P. 478
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 63
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 30
- ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 303
- ^ а б Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 117
- ^ Gazeta narodowa y obca. № LVI. 13 lipca 1791; гл.: Хойнікшчына
- ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 208; Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). – Минск, 2018. С. 71
- ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
- ^ Кулагін А. Астраглядская сядзіба. // Габрусь Т. Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, А. Квітніцкая, М. Ткачоў – Мінск: Полымя, 1998. С. 176
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 17
- ^ НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
- ^ Michalczyk Z. Franciszek Smuglewicz, Jan Chrystian Kampsetzer i pamięć synów o Józefie Prozorze. // Biuletyn Historii Sztuki. Rocznik LXXVI. – Warszawa, 2014. Nr 2. S. 197 – 217
- ^ Tadeusz Mikulski. Karpinsciana w Archiwum Prozorów. // Pamiętnik Literacki: czasopismo kwartalne poświęcone historii i krytyce literatury polskiej. – Wrocław, 1950. 41/2. S. 509; Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. – 2-е изд. – Минск: БелЭн, 2006. С. 202
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 700
- ^ Янушкевіч Я. Дыярыюш з XIX стагоддзя. Дзённікі Міхіла Галубовіча як гістарычная крыніца / Я. Янушкевіч – Мінск: Хурсік, 2003. С. 124, 256
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 459
- ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. – Warszawa, 1886. T. VII. S. 690
- ^ Кароль М. М. Перавод у праваслаўе на тэрыторыі беларускіх губерняў у сярэдзіне 1860-х – 1905 г.: палітыка ўрада і адносіны насельніцтва. Магістарская дысертацыя. – Мінск, 2017. С. 87
- ^ Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. – Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
- ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1911. – Минск: Мин. губ. стат. ком., 1911. С. 3
- ^ Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych Kresach Rzeczypospolitej. Tom 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1–10. /R. Aftanazy – Wrocław; Warszawa; Kraków: Zakład Narodowy imienia Ossolinskich Wydawnictwo, 1997. S. 280; Кулагін А. Астраглядская сядзіба. С. 176
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Зах| С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
- ^ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 (рас.)
- ^ [1]
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0