Паселічы
Пасе́лічы[1] — вёска ў Беларусі, цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 7 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Брагін.
Паселічы | |
трансьліт. Pasieličy | |
Дата заснаваньня: | перад 1581 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Паселіцкі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254836071 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°51′58″ пн. ш. 30°3′5″ у. д. / 51.86611° пн. ш. 30.05139° у. д.Каардынаты: 51°51′58″ пн. ш. 30°3′5″ у. д. / 51.86611° пн. ш. 30.05139° у. д. |
± Паселічы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гісторыя
рэдагавацьКарона Каралеўства Польскага
рэдагавацьВёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі на 1581 год[a] як слабада Паселічы (Poselnicze) Астраглядаўскага маёнтку пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. Зь яе пяці дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з двух агароднікаў, у залежнасьці ад акалічнасьцяў, — па 4-6 грошаў, з аднаго каморніка — 2 грошы падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Паселічы належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].
27 сьнежня 1586 г. Шчасны Харлінскі выступіў з судовым пратэстам да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за гвалтоўнае насланьне людзей на добра Астраглядавічы, Хвойнікі, Багушы, Паселічы, а падданых тамтэйшых дзедзічных з жонкамі і дзецьмі, з усімі хатнімі рэчамі забраньне і ў добрах сваіх Брагінскіх пасяленьне[5]. 12 ліпеня 1594 г. пан падкаморы Ш. Харлінскі падаў скаргу ў суд на князя Вішнявецкага за напад узброеных людзей яго Брагінскай воласьці на grunt własny Posielicki, за жорсткае зьбіцьцё пастуха пры статку быўшага, забраньне да колькіх соцень галоў быдла і сена зь сенажацяў[6].
26 чэрвеня 1600 г. пан падкаморы нарэшце адпісаў Астраглядаўскі двор з прыселкамі, 13 сёлаў, сярод якіх Паселічы (Poseliczy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве свайму сыну Мікалаю. 12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў з грунту Азярышча, што да вёскі Паселічы належаў, ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[7].
У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[8], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе пан Мікалай Абрагамовіч z Posielicz, з шасці дымоў (×6 — каля 36 жыхароў) мусіў плаціць па тры злотыя[9].
Іншая сытуацыя склалася да канца XVII стагодзьдзя. Вельмі верагодна, што і жыхары Паселічаў былі ў ліку тых 77 дымоў (прыкладна 462 чалавекі) Хвойніцкага маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў іншыя, больш спакойныя мясьціны. Таму на 1698 год у былой вёсцы Паселічы існаваў адзін толькі двор; гаспадар яго, прыгонны Wasila Siniaka syn выплачваў дзедзічнаму ўладальніку князю Дамініку, сыну Канстанціна, Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты чынш у 5 злотых і дзякла. Паводле рэвізіі 1716 г. і інвентару 1721 г., калі добра вярталіся ад пасэсара (арандатара) ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча сыну нябожчыка князя Дамініка князю Мікалаю Шуйскаму, зямлю на хутары Паселічы мелі пакуль яшчэ вольны селянін Лукіян і пан Віслаух, якія z gruntu плацілі ў тыя гады адпаведна па 20 і 25 злотых[10]. Тарыф падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводзтва на 1734 год засьведчыў прыналежнасьць Паселічаў да маёнтку Хвойнікі князя Ігнацыя, сына Дамініка, Шуйскага[11].
Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Паселічы былі сярод вёсак, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[12]. У 1754 годзе з 15 двароў (каля 90 жыхароў) вёскі Паселічы Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 2 злотыя і 9 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 9 злотых і 8 грошаў[13]. Працягваліся памежныя канфлікты. 14 ліпеня 1763 года пасэсар паселіцкі і рашаўскі пан Рафальскі засьведчыў у Оўруцкім гродзкім судзе, што людзі пана Міхала Ракіцкага, уладальніка маёнтку Брагін, і яго сваяка маршалка мазырскага Рафала Аскеркі зьбілі ды ўсяляк мардавалі падданага ўладальнікаў Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх, які высякаў дрэвы «na wlasnym gruncie y lesie Posielickiem»[14].
Паводле перапісаў габрэйскга насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Паселічах налічвалася адпаведна 7, 2 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[15]. Пэўна, на колькасць габрэяў у вёсцы не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 году, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Ўкраіне.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паселічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. У 1796 годзе вёска Паселічы згаданая сярод уладаньняў пана Людвіка[c] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[17]. 2 лютага 1807 году фальварак Паселічы зь вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыцьцёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку сьмерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[18].
Паводле інвентару, складзенага 10 сьнежня 1844 году, вёска і фальварак Паселічы былі ў складзе маёнтку Хвойнікі пана Уладыслава, сына Караля, Прозара[19]. Згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», на 1850 год тут налічвалася 22 двары[2]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 154 жыхары абодвух полаў зь вёскі Паселічы былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 2 асобы з фальварку зьяўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[20].
У парэформавы час Паселічы ў Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 году тут налічвалася 91 мужчынская душа зь сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Паселіцкага сельскага таварыства, трое аднадворцаў, прыпісаных да воласьці[21]. У ведамасьці Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год сказана, што да яе прыходу належалі 118 асобаў мужчынскага і 125 асобаў жаночага полу, якія жылі ў 29 дварах вёскі Паселічы[22]. Са сьнежня 1887 году тут працавала «школа грамотности», дзеля чаго сельскае таварыства пастанавіла ахвяраваць 30 рублёў і забясьпечыць ацяпленьне і асьвятленьне будынку[23]. Перапіс 1897 году засьведчыў наяўнасьць 60 двароў, 396 жыхароў, капліцы, школы граматы, хлебазапаснай крамы. Працягваў існаваць і фальварак[2]. У 1909 годзе ў вёсцы Паселічы налічвалася 58 двароў, 386 жыхароў, побач аднаіменны хутар (фальварак) з адным дваром і 32 жыхарамі[24].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскаqкага мірнаq дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паселічы ў складзе Хвойніцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[25].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Згодна з дакумэнтам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 году ў Паселічах працавала школа першай ступені (г. зн. пачатковая) з 85 вучнямі[26].
З 8 сьнежня 1926 году вёска — цэнтр Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1929 годзе арганізаваны калгас «3-ці год пяцігодкі», працавала кузьня. У 1930 годзе 119 двароў, 651 жыхар[2]. З 20 лютага 1938 году — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
60 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, двое жыхароў расстраляныя акупантамі[27].
З 8 студзеня 1954 году Паселічы — у складзе Гомельскай вобласьці. На 1955/56 навучальны год (відавочна, ужо і раней) існавала беларускамоўная сярэдняя школа[28]. Паводле перапісу 1959 году, у вёсцы налічвалася 559 жыхароў. Цэнтральная сядзіба калгаса «Сьвітаньне»[2].
Забудова
рэдагавацьЗабудова Паселічаў двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У 1986—1987 гадох у вёсцы збудавалі цагляныя дамы на 50 кватэраў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС[29].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Не з XIX ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2]
- ^ Выява з надмагільля Віталіса Шуйскага (†1. VI. 1849) у в. Чыжэўшчына (былыя Крупчыцы) Жабінкаўскага р-ну Берасьцейшчыны.
- ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ а б в г д Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 453—454
- ^ Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
- ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
- ^ Archiwum Główny Akt Dawnych. Warszawa (далей AGAD. APiJ). Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 6
- ^ AGAD. APiJ. S. 11
- ^ ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 281, 637
- ^ AGAD. APiJ. S. 56
- ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
- ^ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 125адв., 130адв., 140
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
- ^ AGAD. APiJ. S. 73
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
- ^ AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8
- ^ НГАб. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. а. 1-105
- ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 666
- ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 68об.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40937. А. 234, 239адв.; гл. таксама: Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1888. № 9. С. 257, 260
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 162
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
- ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ^ Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна. — Мінск: БЭ, 1993. С. 172, 267—268
- ^ Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 12 (аркуш без нумарацыі)
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.