Мікалай Абрамовіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Абрамовіч.
Мікала́й Абрамо́віч (1590-я — люты 1651) — дзяржаўны й вайсковы дзеяч ВКЛ, дыплямат. З шляхецкага роду Абрамовічаў, сын смаленскага ваяводы Яна Абрамовіча, бацька Самуэля Абрамовіча.
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1590[1] |
Памёр | люты 1651[2] |
Род | Абрамовічы |
Бацькі | Ян Абрамовіч[3] Дарота з Валовічаў[d][3] |
Дзеці | Самуэль Андрэй Абрамовіч |
Дзейнасьць | дыплямат |
Біяграфія
рэдагавацьВайсковая кар’ера
рэдагавацьУ 1603 годзе, пасьля сьмерці бацькі, аддадзены на выхаваньне на двор біржанскіх Радзівілаў. Магчыма, вывучаў артылерыю й інжынэрыю. У 1-й палове 1620-х ваяваў супраць швэдаў у Курляндыі і Інфлянтах у войску Крыштапа Радзівіла, дзе выконваў абавязкі старшага над гарматай (пад ягонай камандай служыў Крыштаф Арцішэўскі). У 1625 годзе вызначыўся пры ўзяцьці перадмесьця Рыгі, у 1626 годзе ў бітве пад Гневам, дзе фактычна замяніў няздольнага Януша Тышкевіча. У 1626—1627 гадах ваяваў супраць швэдаў на Памор’і й у Прусіі. У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 гадоў са студзеня 1633 году камандаваў палком пяхоты групоўкі Радзівіла, ад 1634 году старшы над гарматай (ад 1640 году называўся генэрал артылерыі ВКЛ), камандэр калёны ў маршы на горад Белы. Камісар пры заключэньні Палянаўскага міру 1634 году.
Палітычная дзейнасьць
рэдагавацьСтароста старадубскі ў 1636—1647 гадах, мядзельскі й курклійскі; неаднаразова абіраўся паслом на соймы й дэпутатам Трыбуналу ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1638—1640 гадах, кашталян амсьціслаўскі ў 1640—1643 гадах, ваявода амсьціслаўскі (1643—1647) і троцкі ад 1647 году.
У 1646 годзе прызначаны камісарам на перамовах з Масквой й на даручэньне караля перадаў Расеі Трубчэўскую воласьць, за што трыбунальскім судом прысуджаны да штрафу 60 тысячаў злотых і сьмяротнага пакараньня. Справу заспакоілі перадачай ВКЛ ад Польшчы гарадоў Лоеў і Любеч. У 1648 годзе прызначаны камісарам для перамоваў з Швэцыяй.
Адзін з кіраўнікоў кальвіністаў ВКЛ. У 1631 годзе падараваў Літоўскаму сыноду двор у Слуцку пад канвікт для вучняў гімназіі. Старшыня правінцыйнага сыноду (1644).
Зямельныя ўладаньні
рэдагавацьАпроч бацькавых маёнткаў (Варняны, Дубнікі й Язаў у Віленскім павеце, Сьвіраны, Сураж і Кабыльнік у Ашмянскім) меў Мглін і Дрокаў у Старадубскім павеце, Лебедзева ў Ашмянскім павеце, Холмеч у Рэчыцкім павеце, маёнткі ў Кіеўскім ваяводзтве, сярод якіх ад сярэдзіны 1620-х да пачатку 1640-х гадоў — Астраглядавічы і Хвойнікі.
Літаратура
рэдагаваць- Antanas Tyla. Унівэрсальная летувіская энцыкляпэдыя = Visuotinė lietuvių enciklopedija. — Вільня: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2001. — Т. 1:A–Ar. — С. 40. — 799 с. — (Унівэрсальная летувіская энцыкляпэдыя з 23-х тамоў(lt)). — ISBN 5-420-01486-6
- Крыніца: Валерый Пазднякоў, «Вялікае Княства Літоўскае»
- ^ Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 9, Województwo mścisławskie XVI-XVIII wiek / пад рэд. А. Рахуба — Warszawa: 2019. — С. 75. — ISBN 978-83-65880-76-5
- ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 60, 214.
- ^ а б Рыбчонак С. Паходжанне і радавод Валовічаў XV — пачатку XVII ст. (белар.) // Unus pro omnibus: Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. / пад рэд. А. М. Янушкевіч — Мінск: 2014. — С. 73. — 508 с. — ISBN 978-985-7085-36-1