Сэміцкія мовы
Сэмі́цкія мовы — сям'я моваў, якая паходзіць з тэрыторыі Блізкага Ўсходу, і на мовах якой размаўляюць больш за 470 млн чал. На цяперашні час распаўсюджаныя ў большай частцы Паўднёва-Заходняй Азіі, Паўночнай Афрыкі й паўвостраву Самалі. Уваходзяць у склад афразійскіх моваў, у якой аб'ядноўваюцца шэраг моваў і моўных сем'яў Паўночнай Афрыкі.
сэміцкія мовы | |
Народнасьць | сэміцкія народы |
---|---|
Арэал | Паўднёва-Заходняя Азія, Паўночная Афрыка, Паўвостраў Самалі, Мальта |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Афразійская макрасям’я
|
Склад |
усходнесэміцкая,
цэнтральнасэміцкая, паўднёвасэміцкая галіны |
ISO 639-5: | sem |
|
Найбольшыя сэміцкія мовы паводле колькасьці носьбітаў — арабская (206 млн чал., з улікам усіх рэгіянальных варыянтаў)[1], амгарская (25 млн чал.)[2], іўрыт (8-9 млн чал.)[3][4][5], тыгрынья (6,9 млн чал.)[6] і арамэйская (каля 2,2 млн чал.) мовы.
Сэміцкія мовы гістарычна фіксуюцца зь вельмі раньніх часоў: так, акадзкія й эблаіцкія тэксты пачынаюць зьяўляцца ў сярэдзіне ІІІ тыс. да н.э. ў Мэсапатаміі й паўночным Леванце адпаведна. Гэтыя тэксты засноўваліся на прыстасаваных варыянтах шумэрскага клінапісу. Большасьць сучасных пісьмовасьцяў сэміцкіх моваў засноўваецца на кансанантным прынцыпе, паводле якога большая частка або ўсе галосныя апускаюцца (што зьяўляецца звыклым для сэміцкіх моваў з прычыны таго, што сэнсавае значэньне ўскладаецца на зычныя гукі). Серад гэтых пісьмовасьцяў — угарыцкая, фінікійская, арамэйская, габрэйская, сырыйская й арабская. Этыёпскі альфабэт, які выкарыстоўваецца для сэміцкіх моваў Этыёпіі й Эрытрэі, структурна зьяўляецца абугідай — мадыфікацыяй кансанантнай пісьмовасьці, у якой галосныя адлюстроўваюцца шляхам даданьня дыякрытычных знакаў над сымбалямі для зычных. Серад сэміцкіх моваў вылучаецца мальтыйская мова — адзіная сэміцкая мова, якая выкарыстоўвае лацінскі альфабэт. Таксама мальтыйская мова зьяўляецца адзінай сэміцкай мовай, якая мае афіцыйны статус у Эўрапейскім Зьвязе.
Сэміцкая марфалёгія вылучаецца на фоне іншых моўных сем'яў будоваю каранёў, якая засноўваецца не на складох ці словах, а на ізаляваных наборах зычных гукаў (звычайна тры, праз што сэміцкі корань вядомы як трохлітарны корань). Словаскладаньне часьцей за ўсё адбываецца шляхам дапасаваньня галосных гукаў між зычнымі (тым ня менш, сустракаюцца таксама суфіксацыя ды прэфіксацыя). Напрыклад, у арабскай мове корань са значэньнем «пісьмовасьць» мае выгляд k-t-b, ад якога шляхам дапасаваньня галосных утвараюцца словы з новымі блізкімі значэньнямі: kitāb («кніга»), kutub («кнігі»), kātib («пісьменьнік»), kuttāb («пісьменьнікі»), kataba («ён напісаў»), yaktubu («ён піша») і г.д.
Намэнклятура
рэдагавацьТэрмін сэміцкія мовы для пазначэньня згаданай сям'і моваў выкарыстоўваецца большаю часткай лінгвістаў як краінаў былога СССР, так і Захаду.
Прыметнік сэміцкі (ням. semitischen) упершыню стаў выкарыстоўвацца напрыканцы XVIII ст. нямецкімі арыенталістамі Аўгустам Людвігам фон Шлёцэрам і Ёганам Готфрыдам Айхгорнам[7][8]. Гэты тэрмін у цэлым адпавядаў сучаснаму разуменьню, бо ягоныя аўтары мелі пад ім на ўвазе мовы, блізкія да арамэйскай, арабскай і іўрыту[7]. Шлёцэр выводзіў гэты тэрмін ад грэцкамоўнага варыянту (Σημ) імя Сым — аднаго з трох ноевых сыноў паводле біблейскай Кнігі Роду[7].
Да Шлёцэра сэміцкія мовы ў эўрапейскай літаратуры былі вядомыя як арыентальныя (усходнія)[7][8]. У ХІХ ст. тэрмін сэміцкі збольшага замацаваўся, аднак некаторымі аўтарамі быў вынайдзены і стаў выкарыстоўвацца тэрмін сыра-арабскія мовы[8].
Гісторыя
рэдагавацьПаходжаньне
рэдагавацьСэміцкая сямя моваў зьяўляецца адной з складовых афразійскай макрасям'і, якая складаецца зь пяці або больш галінаў. Усе мовы ў складзе гэтай макрасям'і, на думку дасьледчыкаў, паходзяць з Паўночнай і Паўночна-Ўсходняй Афрыкі. У межах гэтых меркаваньняў некаторыя дасьледчыкі высоўваюць гіпотэзу, паводле якой продкі носьбітаў прасэміцкай мовы перасяліліся ў Блізкі Ўсход з поўначы Афрыкі ў пэрыяд позьняга нэаліту (г.зв. тэорыя сахарскай помпы)[9]. Як мяркуе Дзьяканаў, прарадзіма сэміцкіх моваў месьцілася ў рэгіёне паміж дэльтаю Нілу й Ханаанам — такім чынам, сэміцкія мовы разглядаюцца як самая паўночная галіна афразійскіх. У прыватнасьці, ставілася пад сумнеў паходжаньне моваў гураге (адна з падгрупаў сэміцкіх моваў) на тэрыторыі Этыёпіі (дзе гэтыя мовы распаўсюджаныя нацяпер).
Іншыя тэорыі высоўваюць магчымасьць лякалізацыі прарадзімы сэміцкіх моваў у Леванце каля 3750 г. да н.э. і распаўсюджваньне іх з паўднёвай Арабіі ў Афрыку каля ІХ ст. да н.э.[10]. У адной з інтэрпрэтацыяў гэтай тэорыі мяркуецца, што носьбіты прасэміцкае мовы дасягнулі Арабскага паўвостраву прыкладна ў IV тысячагодзьдзі да н.э., зь якога мовы, што пайшлі зь яе, сталі распаўсюджвацца ў навакольныя рэгіёны. З пачаткам пісьмовых фіксацыяў у канцы IV тысячагодзьдзя да н.э. сэмітамоўныя акадцы ўвайшлі ў Мэсапатамію з захаду і, верагодна, ужо прысутнічалі ў такіх месцах як горад Эбла ў сучаснай Сырыі; акадзкія асабістыя імёны пачынаюць зьяўляцца ў пісьмовых помніках Мэсапатаміі з канца 2900-х гг. да н.э.[11]
ІІ тысячагодзьдзе да н.э.
рэдагавацьДа канца ІІІ тысячагодзьдзя да н.э. усходнесэміцкія мовы, такія як акадзкая й эблаіцкая, дамінавалі на тэрыторыі Мэсапатаміі ды паўночна-ўсходняй Сырыі. Акадзкая мова Акаду, Асырыі й Бабілёніі паступова стала дамінантнай літаратурнай мовай Урадлівага паўмесяцу і стала выкарыстоўваць клінапіс, запазычаны ў шумэраў, а ў XIV ст. да н.э. Асырыя паспрыяла ўсталяваньні акадзкае мовы як лінгва-франка ў шматлікіх рэгіёнах за арэалам свайго першапачатковага распаўсюджаньня. Лінгвістычна блізкая, але пісьмова менш засьведчаная эблаіцкая, а таксама амарэйская мовы зьніклі.
Цягам ІІ тысячагодзьдзя да н.э. дзякуючы вынаходніцтву альфабэтнага запісу паўстае новы пэрыяд у пісьмовасьці тагачасных сэміцкіх моваў. Ад прыблізна 1500 гг. да н.э. зьяўляюцца першыя бясспрэчныя сьведчаньні заходнесэміцкіх моваў (старажытнаханаанэйскае пісьмо; мажліва, існавалі й ранейшыя сьведчаньні, што захаваліся ў протасінайскай пісьмовасьці), за якімі прыкладна ў 1300 гг. да н.э. пасьледавалі таблічкі на ўгарыцкай мове з паўночнай Сырыі. Акадзкая мова працягвае захоўваць прывілеяваны статус, на гэты ж пэрыяд прыпадае яе падзел на бабілёнскі й асырыйскі дыялекты.
І тысячагодзьдзе да н.э.
рэдагавацьУ І тысячагодзьдзі пачынаецца пашырэньне альфабэтных сыстэмаў запісу ў пісьмовасьці арамэйскай, старажытнапаўднёваарабскай моваў і мовы геэз. За гэтым часам назіраюцца распад угарыцкай мовы, распаўсюджваньне ханаанэйскай мовы цераз сыстэму фінікійскіх калёніяў у навакольлях Міжземнага мора і атрыманьне іўрытам адной з галоўных роляў у рэлігійнай літаратуры (Тора, Танах). У выніку заваёваў Асырыйскай імпэрыі арамэйская набывае ролю лінгва-франка, паступова адцясьняючы вызначаныя мовы, такія як акадзкая, фінікійска-ханаанэйская й іўрыт. З прычыны гэтага некаторыя мовы сталі выміраць, але іншыя (іўрыт, акадзкая) заставаліся ў якасьці літургічных моваў, на іўрыце пачала разьвівацца істотная літаратура. Першыя зьвесткі пра этыёсэміцкія мовы (сэміцкія мовы Этыёпіі) прыпадаюць на ІХ ст. да н.э., серад найранейшых пісьмовых помнікаў — надпісы на протагеэскай мове царства Д'мт, зробленыя паўднёваарабскім альфабэтам[12].
Наша эра
рэдагавацьСырыйская мова, асырыйская мова-нашчадак арамэйскае мовы, у пэрыядзе ІІІ-V стст. н.э. атрымала значэньне літаратурнай мовы хрысьціянаў гэтага пэрыяду. Тым ня менш, па ўзьнікненьні ісламу ў VII ст. на кіроўчыя пазыцыі выйшла іншая сэміцкая мова, арабская, якая стала моваю справаводзтва новастворанага Арабскага Халіфату.
Пры падтрымцы Халіфату і ролі новай літургічнай мовы арабская мова хутка стала моваю міжнароднай камунікацыі ў частках Халіфату й навакольных рэгіёнах. Тым ня менш, на яе пашырэньне ў масах спатрэбілася нашмат больш часу, з-за чаго большая частка карэннага насельніцтва па-за Арабійскім паўвостравам паступова перайшла на арабскую. Пазьней арабская мова распаўсюдзілася ў Эгіпце, Емэне[13], большай частцы Магрыбу й Гішпаніі. Пасьля зьнікненьня царства Дангола на поўначы сучаснага Судану арабская мова стала пашырацца на поўдзень ад Эгіпту, а плямёны бэні-гасан ажыцьцявілі арабізацыю тэрыторыі сучаснай Маўрытаніі.
Між тым, этыёсэміцкія ідыёмы пад уплывам моваў кушыцкай сям'і падзяліліся на асобныя мовы, у прыватнасьці амгарскую й тыгрынья. Па экспансіі Этыёпіі пад кіраваньнем Салямонавай дынастыі амгарская мова, якая на той час абмяжоўвалася выключна мясцовым выкарыстаньнем, распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Этыёпіі, асыміляваўшы як шэраг сэміцкіх, так і не-сэміцкіх моваў. На гэтую эпоху прыпадае пераход на гэтую мову з геэзу функцыі галоўнай літаратурнай мовы, пры гэтым геэз застаўся літургічнай мовай рэгіёну.
Сучасная сытуацыя
рэдагавацьНайбольш прадстаўнічай сэміцкай мовай у сьвеце нацяпер зьяўляецца арабская мова, якая мае носьбітаў у значнай колькасьці краінаў ад паўночнага захаду Афрыкі да Блізкага Ўсходу, а таксама ў дыяспары. У якасьці мовы Карану й мовы міжнародных зносінаў мова вывучаецца ў шматлікіх краінах Азіі; гістарычна, як літургічная мова ісламу, арабская мова паслужыла крыніцаю для вялікай колькасьці запазычаньняў для шматлікіх моваў сьвету, серад якіх як славянскія (напрыклад басьнійская мова), так і мовы Ўсходу (бэнгальская мова) й Афрыкі. Вусная форма арабскай мовы падзяляецца ня значную колькасьць разнавіднасьцяў і дыялектаў, некаторыя зь якіх пры гэтым не заўсёды зьяўляюцца ўзаемназразумелымі. Усе арабскія разнавіднасьці, аднак, аб'яднаныя адзінай літаратурнай мовай. Вынятак з гэтага складае мальтыйская мова, якая зьяўляецца нашчадкам вымерлага сыцылійскага арабскага дыялекту, але мае ўласны альфабэт (лацінскі) і літаратурную мову.
Збольшага адзначаецца панаваньне арабскае мовы на Блізкім Усходзе, але апроч яе ў рэгіёне існуюць іншыя сэміцкія мовы. Так, ужо ў канцы ХІХ ст. быў адроджаны іўрыт, які да таго часу выкарыстоўваўся выключна як мова літаратуры й літургіі. Іўрыт захаваў сваю літургічную ролю, але па ўтварэньні дзяржавы Ізраіль набыла ролю асноўнай мовы краіны.
Некаторыя іншыя этнічныя групы Блізкага Ўсходу, такія як асырыйцы або мандэі, працягваюць выкарыстоўваць уласныя сэміцкія мовы (арамэйскія мовы і новаарамэйскія мовы, якія паходзяць ад сырыйскай). Іх носьбіты пражываюць галоўным чынам на поўначы Іраку, паўднёвым усходзе Турэччыны, паўночным захадзе Ірану, паўночным усходзе Сырыі ды на Каўказе. Гэтыя дыялекты ўтрымліваюць шэраг акадзкіх запазычаньняў і маюць большае структурнае падабенства з акадзкай мовай, супрацьпастаўляючыся заходнеарамэйскім мовам. Уласна сырыйская мова, што паўстала як нашчадак старажытнаарамэйскай, выкарыстоўваецца ў рэлігійнай дзейнасьці хрысьціянаў Блізкага Ўсходу (у прыватнасьці, асырыйцамі й маранітамі).
У пераважна арабамоўных Емэне й Амане захоўваецца карэннае насельніцтва, якое працягвае выкарыстоўваць сучасныя паўднёваарабскія мовы (у прыватнасьці, мовы магры й сакатры). Гэтыя мовы адрозьніваюцца як ад геаграфічна блізкае арабскае мовы, так і ад іншых паўднёваарабскіх моваў, існаваньне якіх засьведчанае гістарычнымі помнікамі (гэтыя мовы ня варта блытаць з сучаснымі паўднёваарабскімі).
Сэміцкія мовы, распаўсюджаныя ў Афрыцы, вылучаюцца перадусім амгарскай (Этыёпія), тыгрэ (Эрытрэя) і тыгрынья (у абедзьвюх краінах). Амгарская мова зьяўляецца дзяржаўнай у Этыёпіі, тыгрынья — Эрытрэі. Тыгрынья, тыгрэ й амгарская мовы, а таксама іншыя сэміцкія мовы Этыёпіі, Эрытрэі й навакольных краінаў, як правіла, аб'ядноўваюцца ў падгрупу этыёсэміцкіх моваў.
Лінгвістычная характарыстыка
рэдагавацьВыказваліся меркаваньні, што ў тыпалягічным пляне мелі слабыя эргатыўныя характарыстыкі[14].
Фаналёгія
рэдагавацьУ наступнай частцы артыкула сэміцкая фаналёгія прадстаўленая ў выглядзе параўнаньня фаналёгіяў некаторых сэміцкіх моваў. Гэтае параўнаньне ў асноўным бярэ да ўвагі параўнаньне зычных, паколькі між імі ў сэміцкіх мовах, у адрозьненьне ад галосных, існуюць рэгулярныя гукавыя адпаведнасьці.
- Зычныя:
Кожная з рэканструяваных прасэміцкіх зычных фанэмаў тлумачыць гукавыя адпаведнасьці між зычнымі ў сучасных сэміцкіх мовах. Лацінскае курсіўнае пазначэньне зьяўляецца выключна ўмоўным з прычыны таго, што іх гукавая нагрузка зьяўляецца пытаньнем транскрыпцыі, дакладнае іх вымаўленьне не зафіксаванае.
Большасьць пісьмова засьведчаных сэміцкіх моваў зьведалі зьліцьцё першапачатковых фрыкатываў, аднак у паўднёваарабскіх мовах яны захаваліся (з даданьнем дадатковага, пятнаццатага: *p > f). У арамэйскай ды іўрыце ўсе адзіночныя неэмфатычныя выбухныя ў пазыцыі пасьля галоснага перайшлі ў фрыкатывы, што прывяло да гукавага чаргаваньня ў гэтых мовах. У мовах, у якіх захоўваюцца фарынгалізацыя эмфатычных, першапачатковы вэлярны зычны разьвіўся ва ўвулярны выбухны ([q]).
Тлумачэньне: у наступных калёнках «прасэміцкая», «акадзкая», «угарыцкая», у другой калёнцы «фінікійская», у другой калёнцы «іўрыт» і ў другой калёнцы «арамэйская» ўжыты сэміцкі фанэтычны альфабэт. У другой калёнцы «арабская», у калёнках «сучасны іўрыт» і «сучасныя паўднёваарабскія» і, адпаведна, у калёнцы IPA ўжыты запіс паводле IPA. Іншыя калёнкі паказваюць сымбалі пісьмовасьці той ці іншай мовы, якія паказваюць гук у ячэйцы калёнкі насупраць.
Прасэміцкая | IPA | Акадзкая | Арабская1 | Угарыцкая | Фінікійская | Іўрыт[b] | Сучасны іўрыт | Арамэйская | Геэз | Сучасн. паўдн. арабскія | |||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
*b | b | b | ب | b | b | b | ב | ḇ/b6 | /v/, /b/ | ב | ḇ/b6 | በ | /b/ | /b/ | |
*d | d | d | د | d | d | d | ד | ḏ/d6 | /d/ | ד | ḏ/d6 | ደ | /d/ | /d/ | |
*g | ɡ | g | ج | ǧ/g1 | g | g | ג | ḡ/g6 | /ɡ/ | ג | ḡ/g6 | ገ | /ɡ/ | /ɡ/ | |
*p | p | p | ف | f | p | p | פ | p̄/p6 | /f/, /p/ | פ | p̄/p6 | ፈ | /f/ | /f/ | |
*t | t | t | ت | t | t | t | ת | ṯ/t6 | /t/ | ת | ṯ/t6 | ተ | /t/ | /t/ | |
*k | k | k | ك | k | k | k | כ | ḵ/k6 | /χ/, /k/ | כ | ḵ/k6 | ከ | /k/ | /k/ | |
*ṭ | tʼ | ṭ | ط | ṭ [tˤ] | ṭ | ṭ | ט | ṭ | /t/ | ט | ṭ | ጠ | /tʼ/ | /tʼ/ | |
*ḳ | kʼ | q | ق | q | ḳ | q | ק | q | /k/ | ק | q | ቀ | /kʼ/ | /kʼ/ | |
*ḏ | ð | z | ذ | ḏ [ð] | ḏ>d | z | ז | z | /z/ | ז4/ד | ḏ4/d | ዘ | /z/ | /ð/ | |
*z | z / dz | ز | z | z | ז | z | /z/ | ||||||||
*ṯ | θ | š | ث | ṯ [θ] | ṯ | š | שׁ | š | /ʃ/ | ש4/ת | ṯ4/t | ሰ | /s/ | /θ/ | |
*š | ʃ | س | s | š | שׁ | š | /ʃ/, /h/ | ||||||||
*ś | ɬ / tɬ | ش | š [ʃ] | שׂ2 | ś2 | /s/ | שׂ4/ס | ś4/s | ሠ | /ɬ/ | /ɬ/ | ||||
*s | s / ts | s | س | s | s | s | ס | s | ס | s | ሰ | /s/ | /s/ | ||
*ṱ | θʼ / tθʼ | ṣ | ظ | ẓ [ðˤ~zˤ] | ṱ>ġ | ṣ | צ | ṣ | /ts/ | צ4/ט | ṯʼ4/ṭ | ጸ | /tsʼ/ | /θʼ/ | |
*ṣ | sʼ / tsʼ | ص | ṣ [sˤ] | ṣ | צ | ṣ | /sʼ/ | ||||||||
*ṣ́ | ɬʼ / tɬʼ | ض | ḍ *[ɮˤ] > [dˤ]1 | ק4/ע | *ġʼ4/ʻ | ፀ | /ɬʼ/ | /ɬʼ/ | |||||||
*ġ | ʁ | – | غ | ġ [ɣ~ʁ] | ġ,ʻ | /ʕ/ | ע3 | ʻ3 | /ʔ/, - | ע4 | ġ4/ʻ | ዐ | /ʕ/ | /ɣ/ | |
*ʻ | ʕ | -5 | ع | ʻ [ʕ] | ʻ | ע | ʻ | /ʕ/ | |||||||
*ʼ | ʔ | – | ء | ʼ [ʔ] | ʼ | /ʔ/ | א | ʼ | /ʔ/, - | א | ʼ | አ | /ʔ/ | /ʔ/ | |
*ḫ | χ | ḫ | خ | ḫ [x~χ] | ḫ | ḥ | ח | ḥ | /χ/ | ח4 | ḫ4/ḥ | ኀ | /χ/ | /x/ | |
*ḥ | ħ | -5 | ح | ḥ [ħ] | ḥ | ח | ḥ | ሐ | /ħ/ | /ħ/ | |||||
*h | h | – | ه | h | h | h | ה | h | /h/, - | ה | h | ሀ | /h/ | /h/ | |
*m | m | m | م | m | m | m | מ | m | /m/ | מ | m | መ | /m/ | /m/ | |
*n | n | n | ن | n | n | n | נ | n | /n/ | נ ר |
n r |
ነ | /n/ | /n/ | |
*r | ɾ | r | ر | r | r | r | ר | r | /ʁ/ | ר | r | ረ | /r/ | /r/ | |
*l | l | l | ل | l | l | l | ל | l | /l/ | ל | l | ለ | /l/ | /l/ | |
*w | w | w | و | w | w y7 |
|
w y7 |
ו י |
w y7 |
/v/, /w/ /j/ |
ו י |
w y7 |
ወ | /w/ | /w/ |
*y | j | y | ي | y [j] | y | y | י | y | /j/ | י | y | የ | /j/ | /j/ | |
Прасэміцкая | IPA | Акадзкая | Арабская | Угарыцкая | Фінікійская | Іўрыт | Сучасны іўрыт | Арамэйская | Геэз | Сучасн. паўдн. арабскія |
- Заўвагі:
- Арабскае вымаўленьне паказваецца паводле рэканструяванага вымаўленьня клясычнай арабскай мовы (VI-VII ст. н.э.). У выпадку, калі тагачаснае вымаўленьне разыходзіцца з сучасным, гэты пераход паказваецца стрэлкай;
- Прасэміцкае *ś рэалізавалася ў Біблейскім іўрыце як [ɬ], аднак праз тое, што ў фінікійскім альфабэце сымбаль для гуку ня быў знойдзены, габрэйскі сымбаль ש стаў пазначаць як /ʃ/, так і /ɬ/. Пазьней /ɬ/ зьлілося з /s/, але старая артграфія захоўвалася, таму два вымаўленьні ש графічна адрозьніваліся ў тыбэрыйскім іўрыце: שׁ — /ʃ/, שׂ — /s/ < /ɬ/;
- Біблейскі іўрыт, верагодна, да ІІІ ст. да н.э. адрозьніваў фанэмы /ʁ/ ды /χ/, што відаць паводле транскрыпцыі ў Сэптуагінце. Як у папярэднім разе, у мове першапачаткова не існавала сымбаляў для пазначэньня гэтых фанэмаў, а існыя літары несьлі двайное значэньне: ח = /χ/, /ħ/; ע = /ʁ/, /ʕ/. Тым ня менш, пазьней у абодвух выпадках гэтыя гукі зьліліся, сьляды ранейшага, адрознага вымаўленьня захаваліся толькі ў старых транскрыпцыях;
- Незважаючы на тое, што раньні арамэйскі альфабэт (да VII ст. да н.э.) меў толькі 22 сымбалі для пазначэньня зычных, у тагачаснай арамэйскай, відавочна, адрозьніваліся ўсе 29 першапачатковых сэміцкіх зычных. У сярэднеарамэйскай мове яны, між тым, зьліліся зь іншымі, што, у сваю чаргу, пацьвярджаецца зьвесткамі этымалёгіі[15][16]. Таксама адзначаліся рысы, падобныя пункту 3 іўрыту[17]. Гэта сьведчыць пра тое, што ў старажытнаарамэйскай гэтыя гукі адрозьніваліся, але запісваліся пры дапамозе аднаго сымбалю;
- Гэтыя фанэмы адрозьніваюцца ад нулявых рэфлексаў *h, *ʔ наяўнасьцю *a, якое перайшло ў e: *ˈbaʕal-um > bēlu(m)[18];
- У іўрыце й арамэйскай зазналі леніцыю, пры гэтым выбухныя /b ɡ d p k t/ перайшлі ў адпаведныя ім фрыкатывы [v ɣ ð f x θ], якія ўзьніклі пасьля галосных і не падвоіліся. Гэтыя зьмены, верагодна, адбыліся пасьля страты ў старажытнаарамэйскай /θ, ð/ у VII ст. да н.э.[19] і, потым, пасьля страты ў іўрыце /χ, ʁ/ ў ІІІ ст. да н.э.;
- У паўночназаходніх сэміцкіх мовах */w/ перайшло */j/ ў ініцыяльнай пазыцыі[c]: напр., *wald > па-габрэйску: yeled;
У дадатак да фанэмаў, пералічаных у табліцы, у іўрыце паўсталі фанэмы /tʃ/, /dʒ/, /ʒ/, якія ўзьніклі ў выніку запазычаньняў.
- Галосныя:
Прасэміцкія галосныя цяжэй паддаюцца рэканструкцыі з-за асаблівага тыпу марфалёгіі ў сэміцкіх моваў, які больш арыентаваўся на зычныя гукі (гл. пачатак артыкула). У ніжэйшай табліцы прыведзеныя толькі агульныя рэфлексы. У прасэміцкай мове яны, як правіла, прадстаўлялі націскныя склады[20]. У табліцы ніжэй прыводзяцца скарачэньні C, V, якімі пазначаюцца зычны й галосны адпаведна.
Прасэміцкая | Іўрыт | Арамэйская | Арабская | Геэз | Акадзкая | |||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
/ˈ_.1 | /ˈ_Cː2 | /ˈ_C.C3 | звычайна4 | /_C.ˈV | ||||
*a | ā | a | ɛ | a | ə | a | a | a, e, ē5 |
*i | ē | e | ɛ, e | e, i, ЗС[d] ɛ |
ə | i | ə | i |
*u | ō | o | o | u, o | ə | u | ə, ʷə6 | u |
*ā | ō | ā | ā | ā | ā, ē | |||
*ī | ī | ī | ī | ī | ī | |||
*ū | ū | ū | ū | ū | ū | |||
*ay. | ayi, ay | БА[e], ЮА[f] ay(i), ē, ЗС ay/ī & ay/ē |
ay | ay, ē | ī | |||
*aw. | ō, таксама ˈāwɛ |
ō, ЗС aw/ū |
aw | ō | ū |
- У націскным адкрытым складзе;
- У націскным закрытым складзе перад падвоеным зычным;
- У націскным закрытым складзе перад сьцячэньнем зычных;
- У пазыцыі, калі прасэміцкі націскны галосны застаецца націскным;
- Прасэміцк. *a, *ā > ак. e, ē пры бліжэйшых *ʕ,*ħ і перад r;
- Прасэміцк. *g,*k,*ḳ,*χ > геэз gʷ,kʷ,ḳʷ,χʷ / _u.
Граматыка
рэдагавацьУ граматыцы сэміцкіх моваў вылучаецца шэраг агульных асаблівасьцяў, аднак нягледзячы на гэта сустракаюцца таксама ўласныя інавацыі, якія ўзьніклі ня толькі ў асобных мовах сям'і, а нават у межах некаторых з моваў.
- Парадак словаў:
Для прасэміцкае мовы рэканструюецца парадак словаў сказу паводле схемы VSO: выказьнік-дзейнік-дапаўненьне. Унутры сказу азначальнае слова ставілася перад словам, якое азначае азначальнае слова; назоўнік ішоў перад прыметнікам (напр., клясыч. араб. ra'ā muħammadun farīdan — «Мугамэд убачыў Фарыда», літаральна ўбачыў Мугамэд Фарыда). Тым ня менш, у сучасных арабскіх дыялектах (часам — і ў літаратурнай мове) і ў сучасным іўрыце гэты парадак словаў замяніўся схемай SVO. Падобная сытуацыя адсочваецца і ў этыёсэміцкіх мовах: сучасныя этыёсэміцкія мовы будуюць сказ паводле схемы SOV, аднак старажытныя мовы (у прыватнасьці геэз) мелі парадак словаў VSO[21]. Вызначанае выключэньне складае акадзкая, якая мела парадак словаў пераважна SOV.
- Склон:
Для прасэміцкай мовы аднаўляецца наяўнасьць трох склонаў (назоўны, родны, вінавальны), якія мелі канчаткі -u, -a, -i адпаведна. Гэтыя склоны захаваліся ў клясычнай арабскай, акадзкай і ўгарыцкай, аднак у сучасных размоўных мовах яны страчаныя. Літаратурная арабская, аднак, захоўвае склонавае адрозьненьне, але яно часта губляецца ў гутарковай мове. Вінавальны канчатак -n захоўваецца ў этыёсэміцкіх[22]. Архаічны самалійскі дыялект старажытнаарамэйскай мовы[g] у множным ліку меў адрозьненьне паміж назоўным (канчатак -ū) і ўскосным (-ī) склонамі[15][23]. Акрамя таго, сэміцкія мовы акрэсьліваліся наяўнасьцю катэгорыі г.зв. ідафы (асаблівы спосаб афармленьня няўзгодненага азначэньня ў арабскай ды іншых сэміцкіх мовах; таксама вядомая як status constructus), нявызначаная форма якой вызначалася зьяваю нунацыі (напісаньнем дыякрытычнага знаку над апошнім зычным назоўніку або прыметніку).
- Лік:
Першапачаткова сэміцкія мовы адрозьнівалі тры лікі: адзіночны, множны й парны. Так, клясычная арабская яшчэ адзначае парны лік, які выкарыстоўваецца для любых назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў і займеньнікаў у выпадку, калі яны згадваюцца ў парнай колькасьці. Шматлікія сучасныя арабскія дыялекты дагэтуль адрозьніваюць парны лік, але толькі ў назоўніках; падобнае адрозьненьне існуе і ў іўрыце (šana — «год», šanim — «гады», але šnatayim — «два гады»).
- Від, час дзеясловаў:
Усе сэміцкія мовы маюць два адрозныя спосабы ў марфалёгіі, якія выкарыстоўваюцца для спражэньня дзеясловаў. Г.зв. суфіксальнае спражэньне бярэ на сябе суфіксы, якія маркіруюць асобу, лік і род дзейніку. Г.зв. прэфіксальнае спражэньне аб'ядноўвае прыстаўкі (але часам і суфіксы), якія ўказваюць на асобу (часам — лік і/або род), і суфіксы (цалкам адрозныя ад згаданых раней суфіксаў), якія пазначаюць лік і род у выпадках, калі яны не паказаныя прыстаўкай. Сыстэма прэфіксальнага спражэньня надзвычай старая, яна мае аналягі ня толькі ў сэміцкіх, а нават у афразіяцкіх мовах (то бок, яна існуе па меншай меры прыкладна 10 000 гадоў).
У прасэміцкай мове, рэфлексы якой у значнай ступені захаваліся ва ўсходнесэміцкіх, прэфіксальнае спражэньне выкарыстоўвалася як для мінулага, так і для любога не-мінулага часу, пры гэтым яго вакалізацыя (наяўнасьць тых ці іншых галосных) адрозьнівалася (напр., акадзк. niprus — «мы вырашылі» (прэтэрыт), niptaras — «мы вырашылі» (закончанае), niparras — «мы вырашылі» (незакончанае)). Некаторыя з гэтых асаблівасьцяў (напрыклад, падваеньне маркіраваньня ў не-мінулым/незакончаным часе) як правіла зьвязваюцца з афразіяцкімі мовамі. Паводле Гецрана прасэміцкая мова адрозьнівала дадатковую форму, юсіў, якая адрозьнівалася да прэтэрыту толькі пазыцыяй націску: юсіў, у адрозьненьне ад прэтэрыту, меў фінальны[h] націск.
Гэтая сыстэма значна зьмянілася ў заходнесэміцкіх мовах, найбольш істотныя зьмены адбыліся ў цэнтральнай падгрупе (зь якой паходзяць іўрыт, арабская ды арамэйская). У цэлым, стары прэфіксальна-спрагальны юсіў і/або прэтэрыт стаў новым не-мінулым, статыў набыў ролю мінулага; стары прэфіксальна-спрагальны не-мінулы з падваеньнем зычных быў страчаны. Для маркіраваньня розных ладаў сталі выкарыстоўвацца новыя суфіксы. Тым ня менш, у іўрыце нараўне з элемэнтамі новае сыстэмы захаваліся элемэнты старой (прыстаўка w-). Паўднёвасэміцкая група (этыёсэміцкія й паўднёваарабскія мовы) адлюстроўваюць у гэтым дачыненьні сыстэму, прыблізна сярэднюю між усходне- ды заходнесэміцкімі мовамі.
Пазьнейшыя мовы адлюстравалі на сабе далейшае разьвіцьцё падобных рысаў. Так, у сучасных разнавіднасьцях і дыялектах арабскай мовы былі страчаныя суфіксы для адлюстраваньня ладаў, якім на зьмену прыйшлі прыстаўкі (напрыклад, прыстаўка bi- для абвеснага ладу і адсутнасьць прыстаўкі для ўмоўнага ў шматлікіх дыялектах). Крайне інавацыйна ў гэтым пляне адлюстроўваецца разьвіцьцё новаарамэйскай, у якой гэтыя характарыстыкі перабудаваліся пад уплывам іранскіх моваў, якія належаць да індаэўрапейскае сям'і моваў.
- Словаўтварэньне:
Усе сэміцкія мовы дэманструюць асаблівую сыстэму словаўтварэньня, паводле якой назоўнікі, прыметнікі ды дзеясловы ўтвараюцца ўстаўкай галосных, падваеньнем зычных, падаўжэньнем галосных унутры кораню (часьцей за ўсё складаецца з трох зычных) і/або даданьнем да яго прыставак, інфіксаў і суфіксаў. Напрыклад (на ўзоры арабскай і іўрыту, дзе для нагляднасьці бярэцца корань, агульны ў абедзьвюх мовах):
- Арабская:
- корань k-t-b (корань са значэньнем пісьмовасьці) > kataba («ён пісаў», устаўка галосных і даданьне суфіксу), aktub(u) («я пісаў(ла)», даданьне прыстаўкі і ўстаўка галосных);
- Арабская:
- Іўрыт:
- корань k-t-ḇ (тое ж значэньне) > kataḇ («ён пісаў», устаўка галосных), kataḇti («я пісаў(ла)», устаўка галосных і даданьне суфіксу).
- Іўрыт:
Між тым, падобныя мадэлі словаўтварэньня дзейнічаюць ня толькі ў сэміцкіх, але і ў іншых афразіяцкіх мовах (аднак корань часьцей за ўсё зьяўляецца двухзычным). Напрыклад, кабільск. afeg — «ляці», affug — «палёт», yufeg — «ён лятаў».
Лексыка
рэдагавацьЯк і іншыя мовы ў складзе моўных сем'яў, сэміцкія мовы характарызуюцца наяўнасьцю плястоў лексыкі й каранёў агульнага паходжаньня. Ніжэй прыведзенае параўнаньне некаторых назоўнікаў, займеньнікаў і лічэбнікаў у шэрагу сэміцкіх моваў. Запіс выкананы паводле сэміцкага фанэтычнага альфабэту, які выкарыстоўваецца ў адпаведных дасьледаваньнях (сэміталёгія). Для параўнаньня прыведзены пераклад на беларускую мову.
Беларуская | Прасэміцкая | Акадзкая | Арабская | Арамэйская | Іўрыт | Геэз | Мэгры[i] |
---|---|---|---|---|---|---|---|
бацька | *ʼab- | ab- | ʼab- | ʼaḇ-āʼ | ʼāḇ | ʼab | ḥa-yb |
сэрца | *lib(a)b- | libb- | lubb- | lebb-āʼ | lēḇ(āḇ) | libb | ḥa-wbēb |
дом | *bayt- | bītu, bētu | bayt- | bayt-āʼ | báyiṯ, bêṯ | bet | beyt, bêt |
мір | šalām- | šalām- | salām- | šlām-āʼ | šālôm | salām | səlōm |
мова | *lišān-/*lašān- | lišān- | lisān- | leššān-āʼ | lāšôn | lissān | əwšēn |
вада | *may-/*māy- | mû[j] | māʼ-/māy | mayy-āʼ | máyim | māy | ḥə-mō |
Часам некаторыя сэміцкія карані маюць падобны выгляд, але розны характар значэньняў. Так, арабскі корань b-y-ḍ мае значэньні «белы» ды «яйка», але ў іўрыце ён мае толькі значэньне «яйка». Значэньне «белы» ў іўрыце мае корань l-b-n, але ў арабскай ён мае значэньне «малако». Корань l-ḥ-m мае значэньне «мяса», «хлеб» і «карова» ў арабскай, іўрыце ды этыёсэміцкіх адпаведна; першапачаткова корань, хутчэй за ўсё, меў значэньне «ежа». Слова medina (ад кораню m-d-n) мае значэньне «сталіца» ў амгарскай і «места» і іўрыце й арабскай, але ў сучасным іўрыце гэтае слова азначае «дзяржава».
Могуць існаваць карані для аднолькавых паняцьцяў, якія, аднак, не супадаюць у ніводнай з сэміцкіх моваў (напрыклад, «веданьне»: іўрыт y-d-ʿ, арабская ʿ-r-f ды ʿ-l-m, этыёсэміцкія ʿ-w-q ды f-l-ṭ).
Унутраная клясыфікацыя
рэдагавацьУ сучаснай лінгвістыцы прыняты падзел сэміцкае сям'і моваў прынамсі на 6 галінаў: усходнесэміцкую, паўночназаходнесэміцкую, арабскую, старажытнапаўднёваарабскую (альбо сайгадзкая), сучаснапаўднёваарабскую ды этыёсэміцкую. Як правіла, галіны падзяляюцца ў сваю чаргу на групы й падгрупы, але пытаньне далейшае клясыфікацыі зьяўляецца дыскусійным. Ніжэй прыведзеная клясыфікацыя, заснаваная на крытэры наяўнасьці агульных інавацыяў у тых ці іншых мовах, яе аўтар — Робэрт Гецран (створаная ў 1976 годзе, зазнавала рэдакцыі Гегенгарда й Роджэрса, падсумаваная Гецранам у 1997 годзе). Некаторыя лінгвісты, між тым, аспрэчваюць уваходжаньне арабскай у склад паўднёвасэміцкіх і прапаноўваюць падвышэньне статусу паўднёваарабскіх да статусу асобнай галіны нароўні з заходнесэміцкай і ўсходнесэміцкай; Роджэр Блэнч зьвяртае ўвагу на досыць вялікую ступень разыходжаньня моваў гураге з астатнімі сэміцкімі. Унутраную генэтычную клясыфікацыю таксама ўскладняе праблема правядзеньня мяжы між мовай і дыялектам, што асабліва актуальна адносна арабскай, арамэйскай і гураге.
Да сэміцкіх моваў могуць адносіць і гім'ярыцкую мову — мову, распаўсюджаную на тэрыторыі сучаснага Емэну, але вымерлую ў Х ст. н.э. Тым ня менш, яе клясыфікацыя паддаецца цяжкасьцям з прычыны наяўнасьці пра яе маленькай колькасьці зьвестак.
Вышэйзгаданая клясыфікацыя сэміцкіх моваў:
- Усходнесэміцкая галіна:
- Акадзкая †, эблаіцкая † мовы;
- Цэнтральнасэміцкая галіна:
- Паўночназаходнесэміцкая група;
- Арабійская група;
- Паўднёвасэміцкая галіна:
- Заходняя група:
- Этыёсэміцкая падгрупа;
- Старажытнапаўднёваарабская падгрупа; †
- Усходняя група:
- Сучаснапаўднёваарабская падгрупа.
- Заходняя група:
Заўвагі
рэдагаваць- ^ На выяве згаданая этэакіпрская мова (зьлева ўверсе, на востраве Кіпр), але яе прыналежнасьць да сэміцкіх (як і яе клясыфікацыя наогул) зьяўляецца прадметам дыскусіяў.
- ^ Часоў Габрэйскае Бібліі.
- ^ Пачатак слова.
- ^ Заходнесырыйская мова.
- ^ Біблейская арамэйская мова.
- ^ Юдэа-арамэйская мова.
- ^ Ня блытаць з самалійскай мовай, распаўсюджанай у Самалі і якая ня мае дачыненьня да арамэйскай.
- ^ Апошні склад.
- ^ Адна з паўднёваарабскіх моваў.
- ^ Корань — *mā-/*māy-.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Arabic, Standard | Ethnologue (анг.)
- ^ Amharic alphabet, pronunciation and language (анг.) Omniglot Праверана 9 лютага 2014 г.
- ^ Zeev Klein. A million and a half Israelis struggle with Hebrew // Israel Hayom.
- ^ Nachman Gur, Behadrey Haredim. "Kometz Aleph – Au"• How many Hebrew speakers are there in the world? // Behadrey Haredim. — 2013.
- ^ Study Hebrew at USC (анг.) Унівэрсытэт Паўднёвае Каліфорніі Праверана 9 лютага 2014 г.
- ^ Tigrigna | Ethnologue (анг.)
- ^ а б в г Kiraz, George Anton. Computational Nonlinear Morphology: With Emphasis on Semitic Languages. — Cambridge University Press, 2001. — С. 25. — 171 с. — ISBN 9780521631969
- ^ а б в Kitto, John. A Cyclopædia of Biblical Literature. — W. Clowes and Sons, 1845. — С. 192.
- ^ McCall, Daniel F. 39 // The Afroasiatic Language Phylum: African in Origin, or Asian?. — Current Anthropology, 1998. — Т. 1. — С. 139-144.
- ^ Kitchen, A; Ehret, C; Assefa, S; Mulligan, C.J. 276 // Bayesian phylogenetic analysis of Semitic languages identifies an Early Bronze Age origin of Semitic in the Near East. — Proc Biol Sci, 2009. — С. 2703-2710.
- ^ Andrew George. Babylonian and Assyrian: A History of Akkadian / Postgate, J. N. — Languages of Iraq, Ancient and Modern. — London: British School of Archaeology in Iraq. — С. 31-71.
- ^ Fattovich, Rodolfo. Akkälä Guzay / von Uhlig, Siegbert. — Encyclopaedia Aethiopica: A-C. — Weissbaden: Otto Harrassowitz KG, 2003. — С. 169.
- ^ Nebes, Norbert. Epigraphic South Arabian / von Uhlig, Siegbert. — Encyclopaedia Aethiopica. — Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2005. — С. 335.
- ^ Müller, Hans-Peter. 54 // Ergative Constructions In Early Semitic Languages. — Journal of Near Eastern Studies. — 1995. — С. 261-271.
- ^ а б Old Aramaic (c. 850 to c. 612 BCE) (анг.) Balshanut Праверана 10 лютага 2014 г.
- ^ Introduction to Semitic Languages. Common Consonant Changes (анг.) Унівэрсытэт Заходняй Аўстраліі. Праверана 10 лютага 2014 г. Архіўная копія
- ^ Kaufman, Stephen. Aramaic / Hetzron, Robert. — The Semitic Languages. — Routledge, 1997. — С. 117-119.
- ^ Dolgopolsky 1999, ст. 35.
- ^ Dolgopolsky 1999, ст. 72.
- ^ Dolgopolsky 1999, стст. 85–86.
- ^ Masayoshi Shibatani, Theodora Bynon. "word+order"+verb&source=gbs_navlinks_s Approaches to Language Typology. — Oxford University Press, 1999. — 381 с.
- ^ Moscati, Sabatino 17 // On Semitic Case-Endings. — Journal of Near Eastern Studies. — 1958 Т. 2. — С. 142-143.
- ^ Robert Hetzron. The Semitic Languages. — Foreign Language Study. — Routledge, 1997. — С. 123. — 572 с.
Літаратура
рэдагаваць- Bennett, Patrick R. Comparative Semitic Linguistics: A Manual. — Eisenbrauns, 1998. — ISBN 1-57506-021-3
- Bergsträsser, Gotthelf. Introduction to the Semitic Languages: Text Specimens and Grammatical Sketches (пер. зь ням. Пітэра Т. Дэніелса). — Winona Lake, Ind. : Eisenbrauns, 1995. — ISBN 0-931464-10-2
- Garbini, Giovanni. Le lingue semitiche: studi di storia linguistica. — Naples: Istituto Orientale, 1984.
- Garbini, Giovanni; Durand, Olivier. Introduzione alle lingue semitiche. — Brescia: Paideia, 1995.
- Goldenberg, Gideon. Semitic Languages: Features, Structures, Relations, Processes. — Oxford University Press, 2013. — ISBN 978-0-19-964491-9
- Hetzron, Robert. The Semitic Languages. — London: Routledge, 1997. — ISBN 0-415-05767-1
- Lipinski, Edward. Semitic Languages: Outlines of a Comparative Grammar. — 2-е выд.. — Leuven: Orientalia Lovanensia Analecta, 2001. — ISBN 90-429-0815-7
- Mustafa, Arafa Hussein. Untersuchungen zu Satztypen in den epischen Texten von Ugarit. Dissertation. — Halle-Wittenberg: Martin-Luther-University, 1974.
- Moscati, Sabatino. An introduction to the comparative grammar of the Semitic languages: phonology and morphology. — Wiesbaden: Harrassowitz, 1969.
- Ullendorff, Edward. The Semitic languages of Ethiopia: a comparative phonology. — London: Taylor's (Foreign) Press, 1955.
- Wright, William; Smith, William Robertson. Lectures on the comparative grammar of the Semitic languages. — выд. 2002 г.. — Cambridge University Press, 1890. — ISBN 1-931956-12-X
- Дьяконов И. М. Лингвистический энциклопедический словарь // Семитские языки. — М.: Сов. энциклопедия, 1990. — С. 442-443. — ISBN 5-85270-031-2
- Старинин В. П. Структура семитского слова: Прерывистые морфемы. — М.: Изд-во восточной литературы, 1963. — 116 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьСэміцкія мовы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Некаторыя карані прасэміцкай мовы (анг.), ангельскі Вікіслоўнік
- Ancient snake spell in Egyptian pyramid may be oldest Semitic inscription (анг.), USAToday