Азёры (Гарадзенская вобласьць)
Азёры[1] — вёска ў Беларусі, на берагох азёраў Белага і Рыбніцы. Цэнтар сельсавету Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2705 чалавек. Знаходзяцца за 28 км на ўсход ад Горадні, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Жытомля; на аўтамабільных дарогах Р41 і Р145.
Азёры лац. Aziory | |
Царква-мураўёўка і касьцёл | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Гарадзенскі |
Сельсавет: | Азёрскі |
Вышыня: | 118 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 2705 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 152 |
Паштовы індэкс: | 231753 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°44′0″ пн. ш. 24°8′0″ у. д. / 53.73333° пн. ш. 24.13333° у. д.Каардынаты: 53°44′0″ пн. ш. 24°8′0″ у. д. / 53.73333° пн. ш. 24.13333° у. д. |
± Азёры | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Азёры — даўняе мястэчка гістарычнай Гарадзеншчыны (частка Троччыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся драўляныя царква, касьцёл і сынагога.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Азёры як «двор князя Вітаўта» датуецца 1398 годам[2]. У XV—XVII стагодзьдзяў паселішча знаходзілася ў валоданьні вялікіх князёў і было цэнтрам воласьці Гарадзенска павету Троцкага ваяводзтва.
У 1518 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары аддаў Азёры ў заставу старосту гарадзенскаму Ю. Радзівілу. У 1555 годзе мясцовым вялікакняскім намесьнікам стаў Сэбастыян Дыбоўскі. Згодна з прывілеем 1568 году вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ў Азёрах праводзіліся штотыднёвыя таргі.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі спалілі мясцовы касьцёл. Новы касьцёл імя Маці Божай Ружанцовай збудавалі на Рынку ў 1679 годзе (у 1779 годзе на сродкі караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага праводзілася яго аднаўленьне).
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Азёры апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Гарадзенскім павеце. У канцы XVIII ст. мястэчка набыў вядомы навуковец, авантурыст і філянтроп Міхал Валіцкі, які заснаваў тут суконную (1807 год) і папяровую фабрыкі (1809 год).
У 1840-я гады ў Азёрах было 116 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі маёнтак у Валіцкіх. Мясцовыя прадпрыемствы прыйшлі ў заняпад. У канцы 1870-х гадоў у мястэчку дзеялі касьцёл, царква і сынагога, працавалі заводы вырабу сьвечак і скураў. У 1895 годзе ў Азёрах утварылася гарбарнае прадпрыемства, у 1899 годзе аднавіла сваю дзейнасьць папярова-кардонная фабрыка. У 1904 годзе на ткацкім прадпрыемстве раздавалі лісты з зваротам «Да работнікаў» пра сьвята 1 траўня.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Азёры занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Азёры абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з савецка-польскай Рыскай мірнай дамовай 1921 году Азёры апынуліся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У гэты час тут пачалі дзеяць гурткі БСРГ, якія неўзабаве праз жорсткі ўціск польскіх уладаў перайшлі да КПЗБ і КСМЗБ. У 1924 годзе ў мястэчку адбыўся антыўрадавы мітынг, а ў 1926 годзе 130 работнікаў лесапільні прыпынялі работу празь незадаволенасьць умовамі працы[4].
У 1939 годзе Азёры ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 годзе сталі цэнтрам сельсавету. За часамі нямецка-савецкай вайны ў 1941—1944 гадох у вакольных лясах дзеялі савецкія партызаны. У 1942 годзе яны зьнішчылі ў мястэчку вайсковы аддзел Трэцяга Райху.
На 1989 год у Азёрах быў 741 двор. У 2009 годзе вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Рынак, 1915—1918 гг.
-
Касьцёл, каля 1900 г.
-
Касьцёл, 1915—1918 гг.
-
Касьцёл, 1941 г.
-
Старая царква, 1928 г.
-
Вуліца Школьная, 1907 г.
-
Сынагога, 1930-я гг.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 426 муж., зь іх шляхты 7, духоўнага стану 2, мяшчанаў-юдэяў 235, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 181[5]; 1878 год — 1013 чал., зь іх 508 жыдоў[6]; 1897 год — 3283 чал.
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 1755 чал.[7]; 1989 год — 2447 чал.[8]; 1999 год — 2828 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 2705 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Азёрах працуюць сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя ўстановы, дом культуры.
У 1990-я гады ў вёсцы збудавалі касьцёл Хрыста Валадара.
Забудова
рэдагавацьВуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
Кастрычніцкая вуліца | Кароткая вуліца |
Кірава вуліца | Дворная вуліца |
Леніна плошча | Рынак пляц |
Могілкавая вуліца | Піянэрская вуліца |
Першамайская вуліца | Броварная вуліца |
Пушкіна вуліца | Старарыбацкая вуліца |
Савецкая вуліца | Гарадзенская вуліца |
Чырвонаармейская вуліца | Скідзельская вуліца |
Чырвонапартызанская вуліца | Астрынская вуліца Царкоўная вуліца |
З усёй урбананімічнай спадчыны Азёраў да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Школьная.
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы: норкавая фэрма, лесазавод.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Магіла паўстанцаў 1863—1864 гг.
- Могілкі старыя каталіцкія
- Царква Сьвятога Духа (1866; мураўёўка)
Каля Азёраў захаваліся помнікі археалёгіі: 2 стаянкі першабытнага чалавека (8—5-га і 3-га тыс. да н. э.) і курганныя могільнікі.
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Касьцёл Маці Божай Ружанцовай (XVIII ст.)
- Царква (1676)
- Сынагога (XVIII ст.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 167.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. С. 164.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Ткачоў М., Трусаў І., Шаблюк В. Азёры // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 70.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
- ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 580.
- ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom V: Województwo Białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1924.
- ^ Ткачоў М., Трусаў І., Шаблюк В. Азёры // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 69.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1: А — Аршын. — 552 с. — ISBN 985-11-0036-6
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1993. — 431 с.: іл. ISBN 5-85700-084-Х.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.