Но́вая Гвінэ́я, Но́вая Ґвінэ́я — другі па велічыні востраў Зямлі (пасьля Грэнляндыі), плошча выспы — 786 тыс. км².

Новая Гвінэя
Месца Мэланэзія
Плошча 786 000 км²
Найвышэйшы пункт 4509 м
Краіна Інданэзія
Вобласьць Правінцыя Папуа[d] і West Papua[d]
Насельніцтва (2005) 7 500 000
Каардынаты 5°20′ пд. ш. 141°36′ у. д. / 5.333° пд. ш. 141.6° у. д. / -5.333; 141.6Каардынаты: 5°20′ пд. ш. 141°36′ у. д. / 5.333° пд. ш. 141.6° у. д. / -5.333; 141.6
Новая Гвінэя на мапе Інданэзіі
Новая Гвінэя
Новая Гвінэя
Новая Гвінэя

Геаграфія

рэдагаваць

Разьмешчаная ў заходнім Ціхім акіяне выспа Новая Гвінэя знаходзіцца на поўнач ад Аўстраліі (паміж імі праліў Торэса). Захад выспы належыць Інданэзіі, у той час як усходняя частка выспы адносіцца да Акіяніі і на ёй разьмяшчаецца незалежная дзяржава Папуа-Новая Гвінэя. Выспа зьяўляецца найбуйнейшай выспай сярод падзеленых паміж краінамі.

У заходняй частцы знаходзіцца горны масіў Маокэ, самая высокая вяршыня якога Пунчак-Джая дасягае амаль 4884 мэтраў над узроўнем мора. На ўсходзе разьмяшчаюцца горы Бісмарка, найвышэйшы пункт — гара Вільгэльм — налічвае 4509 мэтраў. Самай доўгай ракой выспы зьяўляецца рака Флай.

Расьлінны і жывёльны сьвет

рэдагаваць

Новая Гвінэя — трапічная выспа і таму мае даволі вялікую разнастайнасьць відаў. Яе насяляюць 11 тысяч відаў расьлін, 600 унікальных відаў птушак, звыш 400 відаў земнаводных, 455 відаў матылёў і каля ста вядомых відаў сысуноў.

Эдэмскі сад

рэдагаваць

У 2005 годзе група амэрыканскіх дасьледчыкаў выявіла ў трапічных лясах горнага раёну Новай Гвінэі месца, якое яны назвалі «Эдэмскім садам».

Гэты раён плошчай каля 300 тысяч гектараў разьмешчаны на схілах гор Фоджа ў заходняй частцы Новай Гвінэі і апынуўся ізаляваны ад узьдзеяньня навакольнага сьвету.

Навукоўцы выявілі ў «Эдэмскім садзе» больш за 20 невядомых раней відаў рапух, чатыры новыя віды матылёў, пяць невядомых навуцы відаў пальмаў і мноства расьлін. Былі выяўлены некалькі відаў рэдкіх сумчатыхдраўняных кэнгуру, а таксама шасьціпёрая «райская птушка» Бэрлепша, якая раней лічылася вымерлай.

Усе жывёлы — насельнікі нагор’я — не баяцца чалавека, у прыватнасьці, рэдкая даўгадзюбая праэхідна дазволіла навукоўцам ўзяць сябе ў рукі.

Гісторыя

рэдагаваць

Раньняя гісторыя

рэдагаваць
 
Мужчына з племя караваяў

У глыбокай старажытнасьці Новая Гвінэя была злучана з Аўстраліяй. Падзел адбыўся ў выніку павышэньня ўзроўню сусьветнага акіяна параўнальна нядаўна. Гэтым тлумачыцца наяўнасьць на выспе вялікай колькасьці відаў сумчатых, якія насяляюць Аўстралію. Засяленьне чалавекам адбылося як мінімум 45 тысяч гадоў да н. э. з Азіі. У выніку ад перасяленцаў пайшла больш як тысяча папуаска — мэланэзійскіх плямён. Адсутнасьць буйных, здатных да прыручэньня жывёл на выспе перашкаджала разьвіцьцю земляробства і рабіла немагчымай жывёлагадоўлю. Гэта садзейнічала захаваньню першабытна-абшчыннага ладу на вялікіх тэрыторыях Новай Гвінэі да сёньняшніх дзён. Разнастайнасьць моваў і мноства плямён былі абумоўлены ізаляванасьцю людзей адзін ад аднаго, бо горны ляндшафт і адсутнасьць тэхнічных сродкаў перашкаджалі стасункам і культурнаму абмену.

На тэрыторыі Новай Гвінэі знаходзіцца старажытнае земляробчае пасяленьне Кука, якое паказвае ізаляванае разьвіцьцё на працягу 7—10 тысячагоддзяў і якое ўваходзіць ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Адкрыцьцё эўрапейцамі

рэдагаваць

Першымі адкрывальнікамі Новай Гвінэі былі гішпанскія і партугальскія мараплаўцы ў пачатку 16 стагодзьдзя. У 1526 годзе на паўночна-заходнім узьбярэжжы выспы высадзіўся партугалец дон Жоржы ды Мэнэзеш. Згодна з паданьнем, ён назваў адкрытыя ім землі Ilhas dos Papuas — «выспы Папуа», ад малайскага слова, якое абазначае «кучаравы»; відаць, ён меў на ўвазе жорсткія кучаравыя валасы мэланэзійскіх абарыгенаў.

Пазьней, у 1545 годзе паблізу выспы праплываў гішпанец Іньіга Ортыс дэ Рэтэс і назваў яё «Новая Гвінэя», паколькі ўзьбярэжжа нагадвала яму берагі афрыканскай Гвінэі, якія ён бачыў раней. Яшчэ пазьней з Новай Гвінэі гішпанскія купцы пачалі вывозіць золата, срэбра, какосы, каўчук і каштоўныя пароды драўніны.

Значны ўнёсак у дасьледваньне народаў Новай Гвінэі належыць расейскаму вучонаму і вандроўніку М. М. Міклуха-Маклаю, які працаваў на высьпе ў 70-х — 80-х гадах 19 стагодзьдзя.

Эпоха каляніялізму

рэдагаваць
 
Новая Гвінэя ў 1884—1919 гадах. Нідэрлянды кантралююць заходнюю палову выспы, Нямецкая імпэрыя — паўночна-ўсходнюю частку, а Вялікабрытанія — паўднёва-ўсходнюю частку.

У 1828 годзе ў якасьці першай эўрапейскай дзяржавы Нідэрлянды набылі заходнюю паўвыспу Вогелькоп. У 1884 годзе астатнюю частку выспы падзялілі паміж сабой Нідэрлянды, Вялікабрытанія і Нямецкая імпэрыя. За Нідэрляндамі засталася заходняя палова Новай Гвінэі, брытанцы набылі паўднёвы ўсход, немцы — паўночны ўсход, які яны назвалі Зямлёй кайзэра Вільгэльма І. Брытанская частка потым была аддадзена Аўстраліі ў 1906 годзе, а нямецкая пасьля Першай сусьветнай вайны стала аўстралійскім мандатам Лігі Нацыяў.

Другая сусьветная вайна

рэдагаваць
 
Аўстралійскія вайскоўцы зь японскімі сьцягамі, якія яны захапілі ў Новай Гвінэі ў 1943 годзе

Падчас Другой сусвьетнай вайны выспа была акупавана Японіяй. Адрынутыя зьверствамі японскай ваеншчыны папуасы дапамагалі сілам саюзьнікаў як маглі, транспартуючы рыштунак і параненых праз усю выспу. Пасьля вайны Інданезія, якая стала незалежнай у 1949 годзе, выказала прэтэнзіі на заходнюю частку Новай Гвінэі, якая, аднак, засталася пад адміністрацыяй Нідэрляндаў.

Незалежнасьць

рэдагаваць

З 1957 году Нідэрлянды і Аўстралія пачалі будаваць пляны па наданьні незалежнасці аб’яднанай Новай Гвінэі. У 1961 годзе ў заходняй частцы былі праведзеныя выбары і створаны парлямэнт. Не жадаючы такога палітычнага разьвіцьця, Інданэзія ў адказ на гэта ўвяла свае войскі і абвясьціла аб далучэньні заходняй паловы выспы да Інданэзіі. Пасьля гэтага пачаліся масавыя дэпартацыі папуаскага насельніцтва, на месца якога рушылі перасяленцы зь Явы. Мяркуецца, што ў выніку «этнічнай чысткі» заходняй Новай Гвінэі да сёньняшняга дня загінула каля 300 тысяч папуасаў. У 1975 годзе ва ўсходняй частцы Аўстралія дала незалежнасьць дзяржаве Папуа-Новая Гвінэя.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Новая Гвінэясховішча мультымэдыйных матэрыялаў