Фрыдрых Шылер

нямецкі паэт, філёзаф, гісторык і драматург
(Перанакіравана з «Шылер»)

Ё́ган Кры́стаф Фры́дрых фон Шы́лер (па-нямецку: Johann Christoph Friedrich von Schiller; 10 лістапада 1759, Марбах-на-Нэкары, Нямеччына — 9 траўня 1805, Ваймар, Нямеччына) — нямецкі паэт, філёзаф, гісторык і драматург, прадстаўнік рамантычнага кірунку ў літаратуры. Увайшоў у гісторыю сусьветнае літаратуры як палымяны абаронца чалавечае асобы. Цягам апошніх сямнаццаці гадоў свайго жыцьця (1788—1805) Шылер сябраваў з ужо вядомым і ўплывовым Ёганам Вольфґанґам Ґётэ, зь якім абмяркоўваў пытаньні па эстэтыцы і натхняў Ґётэ на заканчэньне ягоных твораў, пакінутых у чарнавым варыянце. Гэты пэрыяд сяброўства двух паэтаў і іхнае літаратуразнаўчае палемікі ўвайшоў у нямецкую літаратуру пад назвай ваймарскі клясыцызм.

Фрыдрых Шылер
ням. Friedrich von Schiller
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ёган Крыстаф Фрыдрых фон Шылер
Нарадзіўся 10 лістапада 1759
Марбах-на-Нэкары
Памёр 9 траўня 1805
Ваймар, Саксэн-Ваймар
Пахаваны
Бацькі Ёган Каспар Шылер[d]
Элізабэт Даратэя Шылер[d]
Сужэнец Шарлёта фон Легенфэльд[d]
Дзеці Эмілія фон Гляйхен-Русвурм[d], Эрнст фон Шылер[d], Karl von Schiller[d] і Caroline Junot[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург
Гады творчасьці 1781—1805
Кірунак бура і націск, ваймарскі клясыцызм
Жанр вершы, баляды, п’есы
Мова француская мова і нямецкая[1][2]
Подпіс Выява аўтографу
[[::de:s:Friedrich_Schiller|Творы]] ў Вікікрыніцах

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне, адукацыя і ранейшая творчасьць

рэдагаваць

Ёган Крыстаф Фрыдрых Шылер нарадзіўся 10 лістапада 1759 году ў невялікім мястэчку Марбах-на-Нэкары ў сям’і вайсковага фэльчара Ёгана Каспара Шылера (1723—1796) і дачкі карчмара Элізабэт Даратэі Кодвайс (1732—1802). Бацькі паэта былі простыя працоўныя людзі, патрыярхальна-рэлігійныя лютэране ў духу строгага паўднёванямецкага, швабскага піетызма. Першыя восем год у іх не было дзяцей.

Пачатковая адукацыя ў Лёрху. Людвігсбург

рэдагаваць

У 1764 годзе бацька Шылера быў прызначаны вярбоўшчыкам рэкрутаў і перасяліўся са сваёй сям’ёй у мястэчка Лёрх. У Лёрху хлопчык атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовага пастара Мозэра. Навучаньне доўжылася тры гады і ў асноўным абумоўлівалася чытаньнем і пісьмом на роднай мове, а таксама знаёмствам з лацінаю[3]. Шчыры і лагодны пастар потым быў увекавечаны ў першай драме пісьменьніка «Разбойнікі».

Калі ў 1766 годзе сям’я Шылераў вярнулася ў Людвігсбург, Фрыдрых быў аддадзены ў мясцовую лацінскую школу. Вучэбная праграма ў лацінскай школе была няцяжкая: пяць дзён у тыдзень вывучалася лацінская мова, па пятніцах — родная мова, па нядзелях — катэхізыс. Цікавасьць Шылера да заняткаў узрасла ў старэйшых клясах, дзе вывучаліся лацінскія клясыкі — Авідыюс, Вэргіліюс і Гарацыюс. Пасьля заканчэньня лацінскае школы, здаўшы ўсе чатыры іспыты на выдатна, у красавіку 1772 году Шылер быў прадстаўлены да канфірмацыі[4].

Ваенная акадэмія ў Штутгарце

рэдагаваць
 
Вышэйшая школа Карла Яўгена, Штутгарт.

Яшчэ ў 1770 годзе Шылеры пераяжджаюць зь Людвігсбурга ў замак Соліцюд, дзе герцагам Вюртэмбэрга Карлам Яўгенам быў заснаваны сіроцкі інстытут для выхаваньня жаўнерскіх дзяцей. У 1771 гэты інстытут быў рэфармаваны ў ваенную акадэмію. У 1772 праглядаючы сьпіс выпускнікоў лацінскае школы Карл Яўген зьвяртае ўвагу на юнага Шылера, і, неўзабаве, у студзені 1773 яго сям’я атрымлівае позву, згодна зь якою яны мусілі аддаць сына ў вайсковую школу-акадэмію «Карлсшуле», якая пасьля будзе перамешчаная ў Штутгарт[5].

Пры паступленьні ў Акадэмію Шылер быў залічаны ў першае бюргерскае аддзяленьне на юрыдычным факультэце. З-за непрыязнага стаўленьня да такога прадмета, як юрыспрудэнцыя, напрыканцы 1774 году будучы пісьменьнік апынуўся адным з апошніх, а ў канцы 1775 навучальнага году — самым апошнім з васемнаццаці вучняў бюргерскага аддзяленьня юрыдычнага факультэту[6].

 
Эскіз Віктара фон Гейдэлёфа «Шылер чытае Разбойнікаў у Бопсэрскім лесе»

У 1776 годзе Шылер пераходзіць на мэдыцынскі факультэт. Тут ён наведвае лекцыі таленавітых выкладчыкаў, у прыватнасьці курс лекцыяў па філязофіі прафэсара Абэля — улюбёнага выкладчыка акадэмічнае моладзі. У гэты пэрыяд Шылер канчаткова вырашае прысьвяціць сябе паэтычнаму мастацтву. Ужо зь першых гадоў навучаньня ў Акадэміі Фрыдрых ад самага пачатку жыў паэтычнымі творамі Фрыдрыха Клёпштака і ідэямі пісьменьнікаў «буры і націску», пісаў невялікія паэтычныя творы. Некалькі разоў яму нават прапаноўвалі пісаць віншавальныя оды ў гонар герцага і яго палюбоўніцы — графіні Францішкі фон Гоэнгайм[7].

У 1776 і 1777 у «Швабскім вучоным часопісе» (ням. Das schwebige Magazin) друкуюцца два ягоныя творы: ідылія «Вечар» і ода «Заваёўнік», у якіх яшчэ вельмі выразна праглядаецца ўплыў Клёпштакавай «Месіяды»[8].

Нягледзячы на пасьпяховую здачу выпускных іспытаў Шылер ня здолеў скончыць Акадэмію ў 1779 годзе. Прапанаваная ім дысэртацыя «Філязофія фізіялёгіі» не была прызнаная ні прафэсарамі, ні герцагам. Камісія палічыла, што праца нагадвала болей паэтычны твор чымся навуковае дасьледаваньне. Шылер быў пакінуты ў Акадэміі на дадатковы год[9].

Разбойнікі. Анталёгія на 1782 год.

рэдагаваць
 
Тэатральная праграма пастановы «Разбойнікаў»

14 сьнежня 1780 году Шылер атрымлівае дыплём лекара і пакідае Акадэмію. Сёлета пісьменьнік уладкоўваецца палкавым лекарам у Штутгарце, але хутка халадзее да прыніжаючых лекарскіх заняткаў і скіроўвае сваю ўвагу на канчатковым рэдагаваньні рукапісу «Разбойнікаў» (ням. Die Räuber). У 1781 г. п’еса была напісана. Пазычыўшы дзьвесьце гульдэнаў, увосень Шылер выпускае першае выданьне і пад час яго друкаваньня адсылае карэктурныя аркушы ў Мангайм[10], якія трапілі да дырэктара Мангаймскага тэатра барона фон Дальбэрга. Дальбэрг прыйшоў у захапленьне ад «Разбойнікаў». Неўзабаве ён зьліставаўся з Шылерам, настойваючы на тым, каб паэт зьмякчыў дужа яскравы рэвалюцыйны дух драмы. Неахвотна Шылер пачынае рэдагаваць твор. Зьмены крануліся некаторых рэзкіх сцэнаў і выказваньняў, час дзеяньня п’есы быў перанесены з пэрыяду Сямігадовае вайны на сто год таму[11].

 
«Шылер, як палкавы лекар» (1781—1782)

Пасьля прэм’еры ў Мангайме 13 студзеня 1782 году стала зразумела, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты драматург. Цэнтральны канфлікт «Разбойнікаў» — гэта канфлікт паміж двума братамі: старэйшы, Карл Моор, на чале банды разбойнікаў сыходзіць у Багемскія лясы, каб караць тыранаў, пакуль Франц Моор імкнецца завалодаць маёнткам свайго таты. Пакуль Карл Моор увасабляе лепшы, адважны, вольналюбівы пачатак, Франц Моор зьяўляецца прыкладам подласьці, хітрасьці і вераломства. У «Разбойніках», як ні ў адным творы нямецкага Асьветніцтва, знайшоў свой адкрыты выраз русаісцкі ідэал рэспубліканізму і народаўлядзьдзя. Невыпадкова менавіта за гэтую драму Шылер будзе ў гады Францускае рэвалюцыі ўдастоены ганаровага званьня грамадзяніна Рэспублікі[12].

Адначасова з «Разбойнікамі» Шылер падрыхтаваў да друку збор вершаў, які быў выдадзены ў лютым 1782 году пад назвай «Анталёгія на 1782 год» (ням. Anthologie auf das Jahr 1782). Гісторыя стварэньня анталёгіі тычыцца маладога штутгарцкага паэта Готгальда Штэйдліна, які, прэтэндуючы на ролю главы швабскае школы, выдаў «Швабскі альманах музаў на 1782 год». Шылер паслаў Штэйдліну для гэтага выданьня некалькі вершаў, аднак, той згадзіўся надрукаваць толькі адзін, і тое, у скарачэньні. Тады Шылер сабраў забракаваныя Готгальдам вершы, напісаў яшчэ шэраг новых і, такім чынам, стварыў «Анталёгію на 1782 год», супрацьпаставіўшы «Альманаху музаў» свайго літаратурнага апанэнта. Дзеля большае містыфікацыі месцам выданьня анталёгіі быў пазначаны горад Табольск у Сыбіры[13].

Уцёкі са Штутгарта. Огэрсгайм

рэдагаваць

Усяго толькі за адну вандроўку ў Мангайм Шылер быў пасаджаны на гаўптвахту на 14 дзён, і яму было забаронена публікавацца. Пасьля таго, як Карл Яўген даведаўся аб аўтарстве «Разбойнікаў» літаратурная дзейнасьць у межах Вюртэмбэрга для Шылера была ўжо немагчыма. Тады ён вырашаецца на ўцёкі. Пасьля свайго вызваленьня, увечары 22 верасьня 1782 году паэт прыйшоў на кватэру да свайго сябра Штрайхэра, зь якім ён неўзабаве і пакінуў Штутгарт[14].

Пераехаўшы мяжу Вюртэмбэрга Шылер накіраваўся ў Мангаймскі тэатар з падрыхтаваным рукапісам «Змовы Фіеска ў Генуі» (ням. Die Verschwörung des Fiesco zu Genua). Адміністрацыя тэатра, пужаючыся вюртэмбэрскага герцага не сьпяшалася пачынаць перамовы на конт пастановы п’есы. Шылеру раяць не заставацца ў Мангайме, а паехаць у бліжэйшую вёску Огэрсгайм. Там, са сваім сябрам Штрайхэрам, драматург жыве ў паўгалечы пад выдуманым прозьвішчам Шмідт у вясковым шынку «Паляўнічы двор». Менавіта тут, увосень 1782 году Фрыдрых Шылер робіць першы накід варыянту трагедыі «Падступства і каханьне» (ням. Kabale und Liebe), якая пакуль яшчэ завецца «Люіза Мілер». Зрэшты, Шылер друкуе «Змову Фіеска ў Генуі» за мізэрны ганарар, які траціцца імгненна. У безвыходным становішчы драматург піша ліст да сваёй старой знаёмай Генрыеты фон Вальцогэн, якая неўзабаве прапаноўвае пісьменьніку свой пустуючы маёнтак Баўэрбах[15].

1783—1788 гг. Пераасэнсаваньне шцюрмэрскіх поглядаў

рэдагаваць

Баўэрбах і вяртаньне ў Мангайм

рэдагаваць
 
«Нямецкі дом камэдыяў» у Мангайме, медная гравюра братоў Кляўбэраў, 1782. У ім былі пастаўленыя некаторыя п’есы Шылера

З 8 сьнежня 1782 году пад прозьвішчам «доктар Рытэр» Шылер пасяліўся ў Баўэрбаху. Пісьменьнік адразу прыняўся за заканчэньне драмы «Падступства і каханьне», працу над якой скончыў у лютым 1783 г. Дагэтуль Шылерам быў зроблены накід яго новае, гістарычнае драмы «Дон Карлас» (ням. Don Karlos). Фрыдрых вывучаў гісторыю гішпанскага інфанта па кнігах зь бібліятэкі мангаймзкага герцаскага двара, якія яму пастаўляў знаёмы бібліятэкар. Акрамя гісторыі «Дона Карласа», Шылер пачынае вывучаць гісторыю шатляндзкае каралеўны Марыі Ст’юарт. Пэўны час ён вагаецца, на якой зь іх яму спыніцца, але выбар быў зроблены на «Дон Карласе»[16].

Студзень 1783 году стаўся значнай датай у прыватным жыцьці Фрыдрыха Шылера. У Баўэрбах, каб наведаць пустэльніка, прыехала гаспадыня маёнтка са сваёй шаснаццацігадовай дачкой Шарлётай. Нямецкі драматург зь першага погляду закахаўся ў дзяўчыну і папрасіў у яе маці дазволу на шлюб, але тая не дала згоды, і вядома, Шылер ня меў ані гроша ў кішэні[17].

У гэты час яго сябра Андрэй Штрайхэр рабіў усё магчымае, каб выклікаць прыхільнасьць адміністрацыі Мангаймскага тэатра на карысьць Шылера. Дырэктар тэатра барон фон Дальбэрг, ведаючы, што герцаг Карл Яўген ужо адмовіўся ад пошукаў свайго зьніклага палкавога мэдыка піша Шылеру ліст, у якім цікавіцца літаратурнай дзейнасьцю драматурга. Шылер адказаў даволі холадна і толькі сьцісла пераказаў зьмест драмы «Люіза Мілер». Дальбэрг адказаў згодай на пастанову абедзьвюх драм — «Змова Фіеска ў Генуі» і «Люіза Мілер», — пасьля чаго Фрыдрых у ліпені 1783 году вяртаецца ў Мангайм для ўдзелу ў падрыхтоўцы п’есаў да пастановы[18].

Жыцьцё ў Мангайме

рэдагаваць

Нягледзячы на выдатную ігру актораў, «Змова Фіеска ў Генуі» ў цэлым ня мела вялікага посьпеху. Мангаймская тэатральная публіка знайшла гэтую п’есу надта вучонай. Пасьля пастановы папярэдняе драмы Шылер узяўся за пераробку сваёй трэцяй драмы — «Люіза Мілер». Пад час адной рэпэтыцыі актор тэатра прапанаваў назваць драму «Падступства і каханьне». Пад гэтай назвай п’еса была пастаўленая 15 красавіка 1784 году і мела велізарнейшы посьпех[19]. «Падступства і каханьне» ў няменшае меры, чымся «Разбойнікі», праславіла імя аўтара як першага драматурга Нямеччыны.

У лютым 1784 году Шылер быў абраны чальцом нядаўна арганізаванага Курцфальзкага нямецкага таварыства, кіраўніком якога зьяўляўся дырэктар Мангаймскага тэатра Вольфганг фон Дальбэрг. Пад час афіцыйнага прыняцьця паэта ў таварыства 20 ліпеня 1784 году ён прачытаў даклад пад загалоўкам «Які ўплыў можа мець добра ўладкаваны тэатар»[20]. Маральнае значэньне тэатру, выкліканага выкрываць заганы і ўхваляць дабрадзейнасьць Шылер старанна прапагандуе ў заснаваным ім часопісе «Райнская Талія» (ням. Rheinische Thalia), першы нумар якое выйшаў у 1785 г.

 
Хрысьціян Ґотфрыд Кёрнэр. Пажыцьцёвы сябра Шылера.

У Мангайме Фрыдрых Шылер пазнаёміўся з Шарлётай фон Кальб, маладой замужкай з выдатнымі разумовымі здольнасьцямі, захапленьне якой прынесла пісьменьніку шмат пакутаў. Яна пазнаёміла Шылера з ваймарскім герцагам Карлам Аўгустам, калі той гасьціў у Дармштадце. Драматург прачытаў у абраным коле, у прысутнасьці герцага, першы акт сваёй новай драмы «Дон Карлас». Драма аказала вялікае ўражаньне на прысутных. Карл Аўгуст дараваў аўтару пасаду ваймарскага саветніка, але нічым не палегчыў бядотнага стану, у якім апынуўся Шылер. Пісьменьнік мусіў вярнуць пазыку ў дзьвесьце гульдэнаў, якія ён пазычыў у сябра на выданьне «Разбойнікаў», але грошай у яго не было. У дадатак, пагоршыліся стасункі з дырэктарам Мангаймскага тэатра, у выніку якіх, Шылер разарваў зь ім кантракт[21].

Увосень 1784 г. паэт згадаў аб лісьце, які ён атрымаў паўгады таму ад ляйпцыскай суполкі прыхільнікаў яго творчасьці на чале з Ґотфрыдам Кёрнэрам. 22 лютага 1785 году Шылер адправіў ім ліст, у якім шчыра апісаў сваё цяжкае становішча і прасіў прыняць яго ў Ляйпцыгу. Ужо 30 сакавіка ад Кёрнэра прыйшоў ухваляючы адказ. Адначасова ён даслаў паэту вэксаль на значную суму грошай, каб драматург здолеў разьлічыцца са сваімі пазыкамі. Так пачалося шчыльнае сяброўства паміж Ґотфрыдам Кёрнэрам і Фрыдрых Шылерам, якое доўжылася да самога скону паэта[22].

Ляйпцыг і Дрэздэн

рэдагаваць

Калі 17 красавіка 1785 году Шылер прыбыў у Ляйпцыг, яго сустрэлі Фэрдынанд Губэр і сёстры Шток. Кёрнэр у гэты час знаходзіўся па службовых справах у Дрэздэне. Зь першых дзён гасьцяваньня ў Ляйпцыгу Шылер сумаваў па Маргарыце Шван, якая засталася ў Мангайме. Ён зьвярнуўся да яе бацькі зь лістом, у якім патрабаваў рукі яго дачкі. Выдавец Шван даў магчымасьць Маргарыце самой вырашыць гэтае пытаньне, але тая адмовіла Шылеру, які цяжка перажываў гэтую новую страту. Хутка з Дрэздэна прыехаў Ґотфрыд Кёрнэр, які вырашыў адсьвяткаваць свой шлюб зь Мінай Шток. Сагрэты сяброўствам Кёрнэра, Губэра і яго сябровак, Шылер акрыяў. Менавіта ў гэты час ён стварае свой гімн «Ода да радасьці» (ням. Ode An die Freude)[23].

 
Дом у вёсцы Дрэздэн-Лошвіц. Тут з 13 верасьня 1785 да лета 1787 жыў Фрыдрых Шылер

11 верасьня 1785 году па запрашэньні Ґотфрыда Кёрнэра Шылер пераяжджае ў вёску Лошвіц непадалёк ад Дрэздэна. Тут быў цалкам перароблены і скончаны «Дон Карлас», пачатая новая драма «Мізантроп», складзены плян і напісаныя першыя главы раману «Духабачнец». Тут жа былі скончаныя яго «Філязофскія лісты» (ням. Philosophische Briefe) — самае значнае філязофскае сачыненьне маладога Шылера, напісанае ў эпісталярнай форме[24].

У 1786—1787 гг. праз Ґотфрыда Кёрнэра Фрыдрых Шылер быў уведзены ў дрэздэнскае грамадзкае асяродзьдзе. У гэты час ён атрымаў запрашэньне прыехаць ад вядомага нямецкага актора і тэатральнага дырэктара Фрыдрыха Шрэдэра з прапановай паставіць «Дона Карласа» ў Гамбурскім нацыянальным тэатры. Прапанова Шрэдэра была даволі прывабная, але Шылер, памятаючы мінулы досьвед супрацоўніцтва з Мангаймскім тэатрам адмаўляецца ад запрашэньня і едзе ў Ваймар — цэнтар нямецкае літаратуры, куды яго старанна запрашае Хрыстоф Марцін Віланд для супрацоўніцтва ў яго літаратурным часопісе «Нямецкі Меркурый» (ням. Der Teutsche Merkur)[25].

У Ваймар Шылер прыехаў 21 жніўня 1787 году. Кіраўніком драматурга ў лябірынце афіцыёзных візытаў стала Шарлёта фон Кальб, пры садзейнічаньні якой, Шылер хутка пазнаёміўся з буйнейшымі тагачаснымі пісьменьнікамі — Марцінам Віландам і Ёганам Готфрыдам Гердэрам. Віланд высока цаніў талент Шылера і асабліва захапляўся яго апошняй драмай — «Дон Карлас». Паміж двума паэтамі зь першага знаёмства ўсталяваліся шчыльныя сяброўскія стасункі, якія захаваліся на доўгія гады[26]. На некалькі дзён Фрыдрых Шылер езьдзіў ва ўнівэрсытэцкае мястэчка Ену, дзе быў цёпла сустрэты ў тамтэйшых літаратурных колах[27].

У 1787—1788 гг. Шылер выдаваў часопіс «Талія» (ням. Thalia) і адначасова супрацоўнічаў у «Нямецкім Меркурыі» Віланда. Некаторыя творы гэтых год былі пачатыя яшчэ ў Ляйпцыгу і Дрэздэне. У чацьвёртым нумары «Таліі» друкаваўся па главах раман «Духабачнец»[27].

Зь пераездам у Ваймар і пасьля знаёмства з буйнымі паэтамі і навукоўцамі Шылер стаў яшчэ больш крытычна ставіцца да сваіх здольнасьцяў. Усьвядоміўшы нястачу сваіх ведаў, драматург амаль на цэлае дзесяцігодзьдзе адыходзіць ад мастацкае творчасьці, каб грунтоўна вывучаць гісторыю, філязофію і эстэтыку.

1788—1805 гг. Пэрыяд ваймарскага клясыцызму

рэдагаваць

Пераезд у Ену. Енскі ўнівэрсытэт

рэдагаваць
 
Шарлёта фон Ленгэфэльд, жонка Фрыдрыха Шылера

Выхад у сьвет першага тома «Гісторыі адпадзеньня Нідэрляндаў» летам 1788 году прынёс Шылеру славу выбітнага дасьледчыка гісторыі. Сябры паэта ў Ене і Ваймары выкарыстоўвалі ўсе свае сувязі, каб дапамагчы яму атрымаць катэдру гісторыі ў Енскім унівэрсытэце[28], які пад час знаходжаньня паэта ў гэтым горадзе перажываў пэрыяд буйнога росквіту. Фрыдрых Шылер пераехаў у Ену 11 траўня 1789 году. Калі ён прыступіў да чытаньня лекцыяў унівэрсытэт налічваў каля 800 студэнтаў. Уступная лекцыя пад назвай «Для якой мэты патрэбна вывучаць сусьветную гісторыю?» (ням. Was heißt und zu welchem Ende studiert man Universalgeschichte?) прайшла зь вялікім посьпехам. Слухачы Шылера ўстроілі яму авацыі. Нягледзячы на тое, што праца ўнівэрсытэцкага выкладчыка не забясьпечвала яго дастатковымі матэрыяльнымі сродкамі, Шылер вырашыў прыпыніць сваё халастое жыцьцё. Даведаўшыся пра гэта, Карл Аўгуст прызначыў яму ў сьнежні 1789 сьціплае жалаваньне ў суме двухсот талераў у год, пасьля чаго, Шылер зрабіў афіцыйную прапанову Шарлёце фон Ленгэфэльд, і ў лютым 1790 году ў вясковай кірхе каля Рудольштадта быў зладжаны шлюб.

Пасьля заручынаў Шылер пачаў старанна рыхтаваць сваю новую кнігу — «Гісторыю Трыццацігадовае вайны», прыступіў да працы над шэрагам артыкулаў па сусьветнай гісторыі і зноў пачаў выдаваць часопіс «Рэйнская Талія», у якім апублікаваў свае пераклады трэцяй і чацьвёртай кнігі «Энэіды» Вэргілія. Пазьней у гэтым часопісе былі апублікаваныя яго артыкулы па гісторыі і эстэтыцы. У траўні 1790 году Шылер працягнуў свае лекцыі ва ўнівэрсытэце: у гэтым вучэбным годзе ён публічна чытаў курс лекцыяў па трагічнай паэзіі, а прыватна — па сусьветнай гісторыі[29].

У пачатку 1791 г. Шылер захварэў на сухоты лёгкіх. У яго цяпер толькі зрэдчас наступалі прамежкі ў некалькі месяцаў альбо тыдняў, калі паэт быў бы здольны спакойна працаваць. Асабліва моцнымі былі першыя прыступы хваробы ўзімку 1782 году, з-за якіх ён быў вымушаны прыпыніць выкладаньне ўнівэрсытэцкіх лекцыяў. Гэты змушоны адпачынак быў выкарыстаны Шылерам для больш глыбокага азнаямленьня зь філязофскімі працамі Імануіла Канта. Ня будучы здольным працаваць, драматург знаходзіўся ў крайне благім матэрыяльным становішчы — не было грошай нават на танны абед і патрэбныя лекі. У гэты цяжкі момант па ініцыятыве дацкага пісьменьніка Іекса Багесэна Шылеру прызначалі штогадовую субсыдыю сумай у тысячу талераў, каб паэт здолеў аднавіць сваё здароўе. Дацкае субсыдзіраваньне цягнулася 1792, 1793 і 1794 гады[30].

1793—1794 гг. Вандроўка на радзіму. Часопіс «Оры»

рэдагаваць

Улетку 1793 г. Шылер атрымаў ліст з бацькоўскага дома ў Людзьвігсбургу, у якім паведамлялася аб хваробе бацькі паэта. Шылер вырашыў паехаць разам са сваёй жонкай на радзіму, каб пабачыцца з бацькам перад яго сьмерцю, наведаць маці і трох сёстраў, зь якімі ён разлучыўся адзінаццаць год таму. Пад негалосным дазволам вюртэмбэрскага герцага Карла Яўгена, праз Гейльборн Шылер пераехаў у Людзьвігсбург, дзе непадалёк ад герцагавай рэзыдэнцыі жылі яго бацькі. Тут, 14 верасьня 1793 году нарадзіцца першы сын паэта. У Людзьвігсбургу і Штутгарце Шылер сустракаўся са старымі настаўнікамі і мінулымі сябрамі па Акадэміі. Пасьля сьмерці герцага Карла Яўгена Шылер наведваў ваенную акадэмію нябожчыка, дзе быў з захапленьнем сустрэты маладым пакаленьнем студэнтаў[31].

Падчас знаходжаньня на радзіме ў 1793—1794 гадох Шылер скончыў свой самы значны філязофска-эстэтычны твор «Лісты пра эстэтычнае выхаваньне чалавека» (ням. Über die ästhetische Erziehung des Menschen)[32].

Хутка пасьля вяртаньня ў Ену паэт энэргічна ўзяўся за работу і запрасіў усіх найболей выбітных пісьменьнікаў і мысьляроў тагачаснае Нямеччыны супрацоўнічаць у новым часопісе «Оры» (ням. Die Horen). Фрыдрых Шылер плянаваў аб’яднаць найлепшых нацыянальных пісьменьнікаў Нямеччыны ў літаратурнае таварыства[32].

У 1795 годзе Шылерам быў напісаны цыкл вершаў на філязофскія тэмы, блізкі па сэнсу яго артыкулам па эстэтыцы: «Паэзія жыцьця», «Улада песьнясьпеву», «Танец», «Падзел зямлі», «Геній», «Надзея» і інш. У асноўным яны прысьвечаныя ўхваленьню прыгажосьці і яе ўсеаднаўляючай сіле, супрацьпастаўленай убоству рэчаіснасьці. Лейтматывам праз усе вершы праходзіць думка аб гібелі ўсяго прыгожага і праўдзівага ў брудным, празаічным сьвеце. Па меркаваньню паэта, зьдзяйсьненьне дабрадзейных памкненьняў магчымае толькі ў ідэальным сьвеце. Цыкл філязофскіх вершаў стаў першым паэтычным досьведам Шылера пасьля амаль дзесяцігадовага творчага перапынку[33].

Творчае супрацоўніцтва Шылера і Ґётэ. «Ксеніі»

рэдагаваць
 
Помнік Ґётэ і Шылеру ў Ваймары

Збліжэньню двух паэтаў пасадзейнічала еднасьць Шылера і Ґётэ ў поглядах на Францускую рэвалюцыю і сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Нямеччыне. Калі Шылер пасьля паездкі на радзіму і вяртаньня ў Ену ў 1794 годзе ў праспэкце часопіса «Оры» выклаў сваю палітычную праграму і запрасіў Ґётэ ўдзельнічаць у літаратурным таварыстве, той адказаў ласкавай згодай[34].

Больш шчыльнае знаёмства паміж літаратарамі адбылося ў ліпені 1794 г. у Ене. Пасьля заканчэньня паседжаньня прыродазнаўцаў, выйдучы на вуліцу, паэты сталі абмяркоўваць зьмест выслуханага дакладу, і гэтак гутарачы, яны дайшлі да кватэры Шылера. Ґётэ быў запрошаны ў дом. Там ён пачаў зь вялікім імпэтам выкладаць сваю тэорыю мэтамарфозы расьлінаў. Пасьля гэтае размовы паміж Шылерам і Ґётэ ўсталявалася сяброўскае ліставаньне, якое не перапынялася да сьмерці Шылера і складае адзін з выдатнейшых эпісталярных помнікаў у сусьветнай літаратуры[34].

Сумесная творчая дзейнасьць Ґётэ й Шылера перш за ўсё мела сваёй мэтай тэарэтычнае асэнсаваньне і практычнае вырашэньне тых задачаў, якія ўзьніклі перад літаратурай у новы, пасьлярэвалюцыйны пэрыяд. У пошуках ідэальнае формы паэты зьвярнуліся да антычнага мастацтва. У ім яны бачылі вышэйшы ўзор чалавечае прыгажосьці[35].

Калі ў «Орах» пачалі зьяўляцца новыя творы Ґётэ й Шылера, у якіх адлюстраваўся культ антычнасьці, высокі грамадзянскі і маральны патас, рэлігійны індыфэрэнтызм, супраць іх пачаўся паход з боку шэрага газэтаў і часопісаў, у якіх крытыкі асуджалі трактоўку некаторых рэлігійных, палітычных, філязофскіх і эстэтычных пытаньняў. Два нямецкіх паэта вырашылі адказаць сваім супернікам, падвергнуўшы бязьлітаснаму выкрываньню ўсё пахабства і няздатнасьць сучаснае ім нямецкае рэчаіснасьці ў форме, якая была падказаны Шылеру Ґётэ, двухрадкоўяў, па ўзору «Ксеній» Марцыяла[36].

Пачынаючы са сьнежня 1795 году, цягам часу васьмі месяцаў, абодва паэта спаборнічалі ў стварэньні эпіграмаў; да кожнага ліста зь Ены ў Ваймар і наадварот прыкладаліся «Ксеніі» на прагляд, водгук і дапаўненьне. Такім чынам, сумеснымі высілкамі ў пэрыяд са сьнежня 1795 да жніўня 1796 году было створана каля васьмісот эпіграмаў, зь якіх чатырыста чатырнаццаць былі адабраныя як найбольш удалыя і апублікаваныя ў «Альманахе муз» за 1797 год. Тэматыка «Ксеній» была вельмі рознабаковая. Яна ўключала пытаньні палітыкі, філязофіі, гісторыі, рэлігіі, літаратуры і мастацтва. У іх закранаецца звыш двухсот пісьменьнікаў і літаратурных твораў[37]. «Ксеніі» — самае ваяўнічае са створаных абодвума клясыкамі сачыненьняў.

У другой палове 1790-х Шылер напісаў цыкл вершаў на культурна-гістарычныя тэмы. 1797 год вызначаюць як «год балядаў» Шылера, бо сёлета ён піша вершы «Пальчатка» (ням. Der Handschuh, 1797), «Палікратаў пярсьцёнак» (ням. Der Ring des Polykrates, 1797), «Ібікавы журавы» (ням. Die Kraniche des Ibykus, 1797), «Нырэц» (ням. Der Taucher, 1797),

Пераезд у Ваймар

рэдагаваць
 
Дом Шылера ў Ваймары

Жывучы ў Ене, Шылер быў пазбаўлены магчымасьці непасрэднага кантактаваньня з тэатрам, таму драматург імкнуўся пераехаць у Ваймар, дзе ён быў бы здольны вырашаць розныя мастацкія пытаньні, якія ўзьнікалі падчас работы над новымі драмамі, шляхам сумеснага абмеркаваньня з буйнымі тамтэйшымі акторамі. Пераезд Шылера ў Ваймар быў ухвалены і Ґётэ, які ўжо шмат год працаваў над стварэньнем Нацыянальнага нямецкага тэатра ў Ваймары. Паэт, аднак, зноўку сутыкнуўся з матэрыяльнымі цяжкасьцямі. У сувязі зь пераездам ён быў вымушаны зьвярнуцца да Карла Аўгуста з хадайніцтвам аб павялічэньні субсыдыі яшчэ на дзьвесьце талераў. Той даў згоду і ўвосені 1799 году Шылер разам зь сям’ёй пераехаў у Ваймар.

Адразу ж пасьля таго як Шылер перасяліўся, ён пачаў дапамагаць Ґётэ ў кіраваньні тэатрам. Складаючы тэатральны рэпэртуар, Шылер у пачатку 1800 году пераклаў і апрацаваў шэксьпіраўскага «Макбэта», «Натана Мудрага» Лесінга, «Фэдру» Расіна, дзьве камэдыі «Паразыт» і «Пляменьнік за дзядзьку» францускага драматурга Люі Бэнуа Пікара і інш[38].

 
Партрэт Фрыдрыха Шылера (1804)

У гэты пэрыяд Шылер імкнецца стварыць сапраўды народную (і па зьместу і па форме) драму, супрацьпастаўляючы яе драме заснаванай на традыцыях францускага клясыцызма (г. зв. «клясыцызма Людовікаў»). Зь неўласьцівай для Шылера непастаяннасьцю ён перапрацоўвае розныя гістарычныя сюжэты, якія так і не атрымалі свайго канчатковага завяршэньня. Першая з задуманых гістарычных трагедыяў — «Мальтыйцы» — павінна была адлюстроўваць той момант у гісторыі мальтыйскага ордэна, калі амаль уся выспа Мальта была захопленая султанам Солі-Сан Эльма. Сюжэт гэтае драмы вельмі хутка перастаў цікавіць Шылера, і, акрамя некалькіх варыянтаў пляна і накідаў першае сцэны, ім нічога не было напісана. Наступным сюжэтам, які перапрацоўваў Шылер была гісторыя аб самазванцы Варбэке, дзеяньне якое адбывалася ў Ангельшчыне канца XV стагодзьдзя. Але, пакінуўшы і гэты сюжэт, Шылер вяртаецца да даўняе задумы напісаць трагедыю ў самай строгай грэцкай форме. Плян новае драмы пад назвай «Мэсінская нявеста» (ням. Die Braut von Messina) быў гатовы 13 траўня 1801 году. Шылер прыступіў да напісаньня трагедыі толькі праз год, улетку 1802 году і скончыў 1 лютага 1803 году[39]. У гэтае драме Шылер ўжывае нетыповую для сваіх трагедыяў форму — клясычную, у духу старажытнагрэцкіх трагедыяў. Сюжэт твора складае гісторыя пра разлады ў княжацкім сыцылійскім родзе, якія прыводзяць да яго фізычнага зьнікненьня[40].

Работа над «Мэсінскай нявестай» не адцягвала Шылера ад асноўнае лініі яго творчых і ідэйных шуканьняў, ад пошукаў сюжэта, які мог бы быць пакладзены ў аснову сапраўднае народнае драмы, якая бы ўвасабляла вялікі ідэйна-гістарычны канфлікт. Таму, з восені 1802 году Шылер канчаткова засяроджваецца на сюжэце з гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы Швайцарыі XIV стагодзьдзя, пра які ён упершыню даведаўся ад Ґётэ. Пасьля працяглае пачатковае работы ў жніўні 1803 году Шылер пачаў пісаць першыя акты, а 18 лютага 1804 году скончыў драму аб Вільгельме Тэле.

У сваім апошнім завершаным творы Шылер апрацоўвае матэрыял старое швайцарскае хронікі пра стралка Вільгельма Тэля, героя народнага паданьня. У цэнтры падзеяў — паўстаньне швайцарцаў супраць аўстрыйскага прыгнёту. Змаганьне за волю тут паказваецца як агульнанародная справа. Найважнейшая месца ў п’есе займае сцэна на Рутлі, у якой прадстаўнікі трох швайцарскіх кантонаў прысягаюць, што мусяць разам змагацца супраць прыгнятальнікаў. Галоўны герой твора Вільгельм Тэль на працягу дзеяньня п’есы ператвараецца са спакойнага, стрыманага і нават крыху пасіўнага чалавека ў сапраўднага змагара за інтарэсы сваёй краіны. Разам з тым у яго ўчынках выяўляецца пэўная замкнёнасьць, імкненьне разьлічваць толькі на свае сілы. Шылер адзін зь першых у літаратуры новага часу праўдзіва паказаў гэтую асаблівасьць сялянскае псыхалёгіі, бо Вільгельм Тэль быў выхадцам менавіта зь сялянства[40].

Апошнія гады жыцьця Шылера

рэдагаваць

Апошнія два-тры гады жыцьця Шылера праходзяць у пастаяннай барацьбе з хваробай. Да канца жыцьця драматург прымаў удзел у дзейнасьці Ваймарскага тэатру. Увосені 1803 году Ґётэ й Шылер часта бывалі ў Ене, клапоцячыся аб паляпшэньні работы Енскага ўнівэрсытэту.

 
Крэйдавы малюнак «Шылер на сьмяротнай ложы» Фэрдынанда Карла Крысьціяна Ягемана (1805)

У сакавіку 1804 году Шылеру прыйшло запрашэньне ад старога сябра-актора, які быў дырэктарам Прускага нацыянальнага тэатра, прыехаць на некаторы час у Бэрлін. Драматург згадзіўся і прабыў тамака разам зь сям’ёй два тыдні — з 1 па 21 траўня 1804 году. Уплывовыя асобы гораду жадалі таго, каб драматург канчаткова перасяліўся ў Бэрлін, і, каб дамагчыся згода Шылера, яму былі прапанаваныя тры тысячы талераў штогадовае субсыдыі і пасада прафэсара ў гарадзкім унівэрсытэце. Паэт сур’ёзна ўзважваў гэткую прапанову, але з-за рэзкага пагаршэньня свайго здароўя быў вымушаны адмовіцца[41].

Увесну 1804 Шылер распачаў працу над новай драмай. Ён спыніўся на гісторыі пра Ілжэдзьмітрыя, якую ён ня здолеў скончыць. У 1815 годзе Хрысьціян Ґотфрыд Кёрнэр на выснове накідаў і запісаў, якія засталіся пасьля сьмерці Шылера, склаў поўны плян драмы пра Ілжэдзьмітрыя і апублікаваў яго ў дадатках да фрагмэнтаў, якія паэт пасьпеў напісаць. Для беларускага чытача няскончаная драма Шылера ўяўляе сабой асобую цікавасьць у сувязі з тым, што адной з асобаў, якая дзейнічае ў п’есе зьяўляецца дзеяч беларускай гісторыі канцлер Леў Сапега[42].

Увосені 1804 году здароўе паэта значна пагоршылася. Улетку ён суправаджаў цяжарную жонку ў Ену на лекарскую кансультацыю, тамака ён моцна прастудзіўся і вярнуўся ў Ваймар вельмі хворым. У кароткіх прамежках паміж прыступамі Шылер працаваў над «Дзімітрыем», і нават абдумваў сюжэт для новае драмы «Сьмерць Фэлістокла». Аднак агульнае нядужаньне пачало ўзмацняцца і 9 траўня 1805 году а шостай гадзіне вечара Шылер сканаў[43].

Пахаваньні былі назначаныя на нядзелю 12 траўня. Цела Шылер паклалі ў дубовую труну, з 11 на 12 траўня вынесьлі на стары цьвінтар царквы сьв. Якаба і апусьцілі ў прыцаркоўны склеп. Тутака рэшткі нямецкага паэта захоўваліся да 1826 году, пакуль склеп пры царкве не ліквідавалі. Зь цяжкасьцю атрымалася адшукаць сярод іншых дваццаці трох пахаваных чэрап Шылера. Ґётэ апазнаў чэрап свайго сябра-нябожчыка і перанёс яго ў ваймарскую бібліятэку. Пазьней, парэшткі Фрыдрыха Шылера былі перанесеныя ў фамільны склеп ваймарскіх герцагаў, у якім яны дагэтуль захоўваюцца ў простым саркафагу побач з саркафагам Ґётэ[43].

Паштовыя маркі і манэты

рэдагаваць

Шылер у Беларусі

рэдагаваць
 
Вокладка буйнейшага збору твораў Шылера ў сэрыі ССЛ

Да паэзіі Шылера ў сваёй творчасьці зьвярталіся такія дзеячы беларускай культуры, як Янка Лучына, Максім Багдановіч і Янка Купала. Сярод перакладчыкаў яго вершаў і балядаў на беларускую мову, акрамя Багдановіча — Юрка Гаўрук, Максім Лужанін, Уладзімер Клішэвіч, Ніна Мацяш і Васіль Сёмуха. Першы пераклад «Падступства і каханьня» (пад назвай «Каварства і каханьне») зрабіў Кузьма Чорны, «Вільгельма Тэля» пераклаў Алесь Дудар. «Разбойнікі» былі перакладзеныя на беларускую Піменам Панчанкам. Шылеравы п’есы на Беларусі ставіліся на расейскай і польскай мовах пачынаючы з 1840—1850-х гадоў, пасьля пастановы адбываліся на беларускай і польскай мовах.

У 1993 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры» быў выдадзены буйнейшы збор твораў Шылера ў беларускіх перакладах. З прадмовай ад Лявона Баршчэўскага выданьне зьмяшчала пераклады некалькіх шылераўскіх вершаў і балядаў («Амалія», «Мастакі», «Падзел зямлі», «Дзяўчына з далёкага краю», «Пальчатка», «Рыцар Тогенбург» і «Надзея») у перакладах Юркі Гаўрука, Васіля Сёмухі і Яўгена Бяласіна. З драматычных твораў Шылера ў выданьні былі надрукаваныя трагедыя «Падступства і каханьне» ў перакладзе Міколы Ермалаева, драматычная паэма «Дон Карлас, інфант гішпанскі» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, псыхалягічная трагедыя «Марыя Ст’юарт» у перакладзе Васіля Сёмухі і драма «Вільгельм Тэль» у перакладзе Ўладзімера Папковіча.

Драматычныя творы

рэдагаваць

Філязофскія працы

рэдагаваць

Гістарычныя працы

рэдагаваць
  • «Гісторыя адпадзеньня Нідэрляндаў» (ням. Geschichte des Abfalls der vereinigten Niederlande von der spanischen Regierung, 1788)
  • «Гісторыя Трыццацігадовае вайны» (ням. Geschichte des dreissigjährigen Kriegs, 1790)
  • «Для якой мэты патрэбна вывучаць сусьветную гісторыю?» (ням. Was heißt und zu welchem Ende studiert man Universalgeschichte?)
  • Да радасьці (ням. An die Freude, 1785)
  • Мастакі (ням. The Artists, 1785)
  • Падзел зямлі (ням. Die Teilung der Erde, 1785)
  • Багі Грэцыі (ням. Die Götter Griechenlands, 1788)
  • Нырэц (ням. Der Taucher, 1797)
  • Пальчатка (ням. Der Handschuh, 1797)
  • Ібікавы журавы (ням. Die Kraniche des Ibykus, 1797)
  • Рыцар Тагенбург (ням. Ritter Toggenburg, 1797)
  • Пярсьцёнак Палікрата (ням. Der Ring des Polykrates, 1798)
  • Песьня аб звоне (ням. Das Lied von der Glocke, 1799)
  • Сьвята пераможцаў (ням. Das Siegesfest, 1803)

Пераклады

рэдагаваць
  • Дэні Дыдро: Жак Фаталіст (частковы пераклад, 1785)
  • Эўрыпід: Эфігенія ў Аўлідзе
  • Эўрыпід: Фінікіянкі (асобныя сцэны)
  • Ўільям Шэксьпір: Макбэт (1800)
  • Карлё Ґоцы: Турандот (1801)
  • Люі Бэнуа Пікара: Паразыт (1803)
  • Люі Бэнуа Пікара: Пляменьнік за дзядзьку (1803)
  • Жан Расін: Фэдра (1805)

Бібліяграфія

рэдагаваць

Крыніцы тэкстаў

рэдагаваць
  • Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928. С. 95.
  • Вільгельм Тэль. П'еса ў 5-ці дзеях / Пераклад зь нямецкай мовы Алеся Дудара; пад рэдакцыяй Віталя Вольскага. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1934. — 187 с. — (Школьная серыя). — 5000 ас.
  • Балады : Для стар. шк. узросту / Пер. з ням. Ю. Гаўрука; Маст. Г. Паплаўскі. — Мн. : Юнацтва, 1981.
  • Вершы і балады; Драмы: З ням. / Уклад.,прадм.і камент. Л.Баршчэўскага. — Мн.: Маст.літ., 1993. — 653 с — (Скарбы сусвет.літ.).
  • Рамэо і Джульета; Гамлет, прынц Дацкі: Трагедыі / Вільям Шэкспір. Тарцюф, альбо Ашуканец : Камедыя / Жан Батыст Мальер. Разбойнікі : Драма : [Да зб. у цэлым: Пер. П. Панчанкі. — Мн., 1996.
  • Шылер, Фрыдрых. Улада песняспеву / Фрыдрых Шылер; Пер. з ням. мовы А. Лойкі; Даследчая частка — у сааўтарстве з Г.Аўэрсвальдам. — Мн. : БДУ, Каф. бел. літ. XX ст. : Енскі ўн-т, 1997. — 168 с — 800.
  • Маланкай жагнаныя / Енскі ўн-т імя Ф.Шылера, Ін-т славістыкі, Беларус. дзярж. ун-т, Каф. беларус. літ. XX ст.: Антал. ням. клас. рамант. паэзіі XIX ст. — Слонім: Слоним. тип., 2004. — 319 с.
  • Выбраная паэзія / Фрыдрых Шылер. — Мінск : Зміцер Колас, 2018. — 90 с. — («Паэты планеты»).

Дасьледваньні

рэдагаваць
  • Баршчэўскі, Л. Леў Сапега — Шылераўскі герой / Л. Баршчэўскі // Спадчына. — 1995. — № 3. — С. 57-59.
  • Абуш А. Шиллер. Величие и трагедия немецкого гения. М., 1964.
  • Веселовский Ю. Шиллер и его герои // Веселовский Ю. Литературные очерки. — М.: Типо-литография А. * В. Васильева, 1900. — С. 181—213.
  • Горнфельд А. Как работали Гете, Шиллер и Гейне. Мир 1933 г. 152 с.
  • Ланштейн П. Жизнь Шиллера. М., 1984.
  • Либинзон З. «Коварство и любовь» Шиллера. М., 1969.
  • Либинзон З. Е. Фридрих Шиллер. М., 1990.
  • Лозинская Л. Ф. Шиллер. М., 1960.
  • Пронин В. А. Шиллер // Зарубежные писатели: Биобиблиографический словарь: В 2 ч. М., 2003. Ч. 2. С. 568—573.
  • Фридрих Шиллер. Статьи и материалы. М., 1966.
  • Чечельницкая Г. Ф. Шиллер. М., 1959.
  • Шиллер Ф. П. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество. М., 1955.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Schiller, Friedrich, 1759-1805 // CONOR.SI
  3. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 16
  4. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 18—19
  5. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 20
  6. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 21
  7. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 23—27
  8. ^ Шылер Ф. Вершы і балады. Драмы: З ням. / Уклад., прадм. і камент. Л. Баршчэўскага.— Мн.: Маст. літ., 1993.— С. 8
  9. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 29—30
  10. ^ Тагачасны Мангайм уваходзіў у склад Баварскага каралеўства, якое не падпарадкоўвалася герцагу Вюртэмбэрскаму.
  11. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 35—37
  12. ^ Разумовская М., Синило Г., Солодовникова С. Литература XVII—XVIII веков. Мн.: Университетское, 1989.— С. 205
  13. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 38—39
  14. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 42—45
  15. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 66—69
  16. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 69—70
  17. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 71
  18. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 71—72
  19. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 73
  20. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 113
  21. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 116—118
  22. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 118—119
  23. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 120
  24. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 122—123
  25. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 123—124
  26. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 148—149
  27. ^ а б Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 150
  28. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 157
  29. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 159—160
  30. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 194—195
  31. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 197
  32. ^ а б Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 198
  33. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 254—255
  34. ^ а б Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 229—230
  35. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 240
  36. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 259
  37. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 260
  38. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 353
  39. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 356—357.
  40. ^ а б Шылер Ф. Вершы і балады. Драмы: З ням. / Уклад., прадм. і камент. Л. Баршчэўскага. — Мн.: Маст. літ., 1993. — С. 13
  41. ^ Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 383—384
  42. ^ Шылер Фрыдрых Хрэстаматыя па літаратуры народаў сьвету. Менск, 1995.
  43. ^ а б Ф. П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 388—397

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць