Ўільям Шэксьпір
Ўільям Шэксьпір (па-ангельску: William Shakespeare, 26 красавіка 1564 году — 23 красавіка[6] 1616 году) — анґельскі паэт і драматург, які лічыцца найвыбітнейшым сусьветным анґельскамоўным пісьменьнікам і драматургам[7]. Яго таксама называюць нацыянальным паэтам Анґельшчыны альбо «Бардам Эйвана». Аўтар 17 камэдыяў, 10 хронікаў, 11 трагедыяў, 5 паэмаў і цыклю з 154 санэтаў. Ягоныя творы былі перакладзеныя на шматлікія нацыянальныя мовы й ставіліся часьцей за любога іншага драматурга сьвету.
Ўільям Шэксьпір | |
William Shakespeare | |
Чанданскі партрэт. Невядомы аўтар. ~1610 год. Нацыянальная партрэтная галерэя, Лёндан | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | хрышчоны 26 красавіка 1564 Стрэтфард-на-Эйване, Ўорўікшыр, Ангельшчына |
Памёр | 23 красавіка 1616 (каля 52 гадоў) Стрэтфард-на-Эйване, Ўорўікшыр, Ангельшчына |
Пахаваны | |
Бацькі | Джон Шэксьпір[d][1][2] Мэры Шэксьпір[d][1][2] |
Сужэнец | Эн Гэтэўэй[d][2] |
Дзеці | Сюзана Гол[d][3][2], Гемнэт Шэксьпір[d][4][2] і Джудыт Кўіні[d][5][2] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | драматург, паэт, актор |
Кірунак | Ангельскі рэнэсансавы тэатар |
Жанр | п’еса і паэзія |
Мова | раньнесучасная ангельская мова[d] |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Шэксьпір нарадзіўся й гадаваўся ў Стрэтфард-на-Эйване. У васямнаццацігадовым веку ён узяў шлюб з Эн Гэтэўэй, якая нарадзіла яму трох дзяцей: Сьюзан і двайнятаў Гамнэта й Юдыт. Паміж 1585 і 1592 гадамі ён пачаў пасьпяховую акторскую й пісьменьніцкую кар’еру ў Лёндане. Быў суўладальнікам акторскае кампаніі «Людзі лорда Чэмбэрлена». У 1613 годзе ён выйшаў на пэнсію й праз тры гады сканаў. Засталіся некаторыя дакумэнты прыватнага жыцьця Шэксьпіра, на іхняе выснове дагэтуль вядуцца спрэчкі на конт ягонага зьнешняга выгляду, сэксуальнае накіраванасьці й веравызнаньня. Вялікае месца займае гэтак званае шэксьпіраўскае пытаньне, дзе разглядаецца праблематыка аўтарства твораў Шэксьпіра.
Большасьць са сваіх твораў Шэксьпір прадставіў паміж 1589 і 1613 гадамі. Ягоныя ранейшыя творы былі ў асноўным камэдыямі й гісторыямі, жанрамі, якія ён узьнімаў да піку вытанчанасьці й артыстызму напрыканцы XVI стагодзьдзя. Да 1608 году Шэксьпір у пераважнай колькасьці пісаў трагедыі, накшталт «Гамлета», «Караля Ліра» й «Макбэта», адных з самых файных твораў на анґельскай мове. У сваім апошнім пэрыядзе творчасьці ён пісаў трагікамэдыі, таксама вядомыя як рамансы й рабіў плягіят зь іншымі драматургамі.
На працягу жыцьця, ягоныя шматлікія п’есы публікаваліся ў выданьнях рознае якасьці й дакладнасьці. У 1623 годзе два ягоныя тэатральныя калегі апублікавалі Першае Фоліё, збор ягоных драматычных твораў, які зьмяшчаў усе, акрамя дзьвюх п’есаў, якія цяпер ідэнтыфікуюцца як шэксьпіраўскія.
Шэксьпір ужо пры жыцьці быў паважаным паэтам і драматургам, але да XIX стагодзьдзя ягоная слава яшчэ не дасягнула да сучасных вышыняў. Прыхільнікі рамантызму абвяшчалі Шэксьпіра геніям. У XX стагодзьдзі ягоныя творы неаднаразова запазычваліся й перавынаходжваліся новымі рухамі ў гуманітарных навуках і тэатральным мастацтве. Ягоныя творы застаюцца дагэтуль аднімі з самых папулярных і бесьперапынна вывучаюцца, ставяцца й пераўсьведамляюцца ў мнагастатнасьці культурных і палітычных кантэкстаў ва ўсім сьвеце.
Біяграфія
рэдагавацьРаньняе жыцьцё
рэдагавацьЎільям Шэксьпір быў сынам Джона Шэксьпіра, пасьпяховага пяльчатачніка й ольдэрмэна зь Сьнітэрфілду, і Мэры Ардэн, дачкі ўплывовага землеўладальніка[8]. Нарадзіўся ў Стрэтфард-на-Эйване. Хрышчоны 26 красавіка 1564 году. Дакладная дата ягоных народзінаў ёсьць невядомай, але традыцыйна разглядаецца 23 красавіка, то бок дзень сьвятога Георгія[9]. Ён быў трэцім дзіцём з васьмі й старэйшым выжылым сынам[10].
Нягледзячы на тое, што ніякіх дакумэнтаў на конт наведваньня якое-кольвек школы не захавалася, пераважная большасьць дасьледчыкаў лічыць, што Шэксьпір атрымоўваў адукацыю ў стрэтфардзкай граматычнай школе[11], ліцэнзаванае ў 1553 годзе, каля чвэрці мілі ад ягонага дому. У часы Элізавэты I па ўсёй Ангельшчыне граматычныя школы мелі розныя ступені якасьці адукацыі, але паўсюль курс навучаньня быў рэглямэнтаваны законам, і школа павінна была забясьпечваць якасныя веды лацінскай мовы й клясычных літаратураў.
У васямнаццацігадовым узросьце, Шэксьпір ажаніўся з 26-гадовай Эн Гэтэўэй. Біскупскі суд ўустэрскае дыяцэзіі выдаў дазвол на шлюб 27 лістапада 1582 году. На наступны дзень суседзі Гэтэўэй зацьвердзілі, што аніякія законныя патрабаваньні не перашкаджаюць шлюбу[12]. Цырымонія, магчыма, была зладжаная спасьпеху, бо канцлер Ўустэру дазволіў прачытаць шлюбныя забароны толькі адзін раз замест звычайных трох разоў[13]. Праз шэсьць месяцаў пасьля шлюбу, у іх нарадзілася першая дачка Сьюзан, якая была ахрышчаная 26 траўня 1583 году[14]. Блізьняты, сын Гамнэт і дачка Юдыт, рушылі ўсьлед амаль праз два гады й былі ахрышчаныя 2 лютага 1585 году[15]. Гамнэт памёр ад невядомых прычынаў у адзінаццацігадовым узросьце й быў пахаваны 11 жніўня 1596 году[16].
Вядомыя толькі нешматлікія факты зь ягонае біяграфіі ў пэрыяд паміж нараджэньнем блізьнятак і згадкі Шэксьпіра ў якасьці чальца тэатральнае групы ў Лёндане. Для гэтага пэрыяду (1585—1592) дасьледчыкі выкарыстоўваць назву «згубленыя гады»[17]. Біёграфы, якія спрабуюць выкрыць акалічнасьці гэтага пэрыяду, паведамляюць шмат розных гісторыяў. Гэтак Нікалас Роў, першы біёграф Шэксьпіра, распавёў стратфардзкую легенду, паводле якой Шэксьпір зьбег з гораду ў Лёндан, каб пазьбегнуць судовага перасьледу за незаконнае паляваньне на аленяў у маёнтку мясцовага сквайра Томаса Люсі. Мяркуецца, што Шэксьпір таксама адпомсьціў Люсі, напісаўшы пра яго паскудную баляду[18][19]. Яшчэ адна гісторыя XVIII стагодзьдзя расказвае, што Шэксьпір пачынаў сваю тэатральную кар’еру, даглядаючы за коньмі тэатральных мэцэнатаў у Лёндане[20]. Джон Обры паведамляў, што Шэксьпір працаваў вясковым настаўнікам[21].
Тэатральная кар’ера ў Лёндане
рэдагавацьУ 1592 годзе Шэксьпір, як вядома, працаваў драматургам у Лёндане. Дакладна невядома, калі пісьменьнік пачаў пісаць, але згадкі сучасьнікаў і пісьмовыя дакумэнты з пастановаў сьведчаць, што некалькі ягоных п’есаў ставіліся на лёнданскай сцэне ўжо ў 1592 годзе. Драматург Робэрт Грын кпіў зь яго ў сваім памфлеце «На грош розуму, мільён каяньняў» (па-ангельску: Groatsworth of Wit, bought with a million of repentance, 1592), называючы пісьменьніка «Зварушыцелем сцэны» (па-ангельску: the only Shake-scene in a country).
…Увесь сьвет — тэатар, |
«Як вам гэта спадабаецца», акт II, дзея 7. |
Кпін Грына — адна зь першых задакумэнтаваных згадкаў тэатральнае кар’еры Шэксьпіра. Навукоўцы разыходзяцца ў дакладным значэньні словаў Грына[23][24], але большасьць пагаджаецца з тым, што Грын абвінавачваў Шэксьпіра ў тым, што той сягаў вышэй за свой ранг, спрабуючы цягацца з такімі пісьменьнікамі з унівэрсвтэцкай адукацыяй, як то Крыстафэр Марла, Томас Нэш і сам Грын[25]. Шэксьпіразнаўцы выказваюць здагадку, што ягоная кар’ера мусіла пачацца ў любы час ад сярэдзіны 1580-х гадоў да самой рэмаркі Грына. Ад 1594 году п’есы Шэксьпіра прадстаўляліся толькі «Людзьмі лорда Чэмбэрлена», кампаніяй, якой валодала згуртаваньне актораў, у шэрагу якіх быў і Шэксьпір[26]. Гэтае аб’яднаньне хутка стала вядучае тэатральнае кампаніяй Лёндану. Па сьмерці каралевы Элізавэты, у 1603 годзе кампанія атрымала каралеўскую грамату ад новага караля Джэймза I, і зьмяніла сваю назву[27].
Кампанія зрабіла Шэксьпіра заможным чалавекам, аб чым сьведчаць запісы аб інвэставаньні й набыцьці пісьменьнікам рознага кшталту ўласнасьці. У 1597 годзе ён набыў другі паводле велічыні дом ў Стрэтфардзе, Нью-Плэйс, свой апошні прыстанак. За год да таго драматург Шэксьпір яшчэ жыў у парафіі Сьвятой Алены ў Бішапсгейце, што месьціцца на поўнач ад Тэмзы. У 1599 годзе таварыства сябраў кампаніі пабудавала свой уласны тэатар «Глёбус» на паўднёвым беразе Тэмзы. У тым жа годзе Шэксьпір пераехаў у Садэк, каб быць паблізу тэатру.
З 1597 году некаторыя з п’есаў Шэксьпіра публікаваліся ў выданьнях кварта. З 1598 году Шэксьпір набыў шырокую папулярнасьць. Пасьля посьпеху ў рамястве драматурга, ён працягваў выконваць ролі ў сваіх і іншых п’есах. У выданьні твораў Бэна Джонсана 1616 году Шэксьпір зьяўляецца ў сьпісе актораў у п’есах «Кожны чалавек у сваім гуморы» (па-ангельску: Every Man in His Humour, 1598) і «Падзеньне Сэяна» (па-ангельску: Sejanus, His Fall, 1603). Адсутнасьць Шэксьпіра ў сьпісе выканаўчых актораў у п’есе «Вальпонэ» (па-ангельску: Volpone, 1605) разглядаецца дасьледчыкамі, як знак таго, што акторская кар’ера пісьменьніка была амаль скончаная. Першае Фоліё 1623 году, тым ня менш, пазначае Шэксьпіра, як «вядучага актора ўсіх гэткіх п'есаў», некаторыя зь якіх ставіліся пасьля «Вальпонэ», хоць і ня можна дакладна даведацца, якія ролі ён выконваў. Таксама выказваюцца здагадкі, што Шэксьпір выконваў ролю здані бацькі Гамлета[18]. Згодна з пазьнейшымі меркаваньнямі сьцьвярджаецца, што ён таксама выконваў ролю Адама ў «Як вам гэта спадабаецца» і прамоўцы ў «Гэнрыху V»[28], аднак навукоўцы маюць сумневы наконт слушнасьці гэтай інфармацыі[29].
Пытаньне аб аўтарстве
рэдагавацьПрыблізна праз паўтара стагодзьдзя па сьмерці Шэксьпіра пачаліся спрэчкі адносна аўтарства традыцыйна прыпісваемых яму твораў, якія не сьціхаюць і па сёньнешні дзень. Сярод альтэрнатыўных кандыдатураў на аўтарства прапануюцца постаці Фрэнсіса Бэкана й Крыстафэра Марла.
Спадчына
рэдагавацьТворчасьць Шэксьпіра моцна паўплывала на пазьнейшую літаратуру і тэатар. У прыватнасьці, ён пашырыў драматургічны патэнцыял пэрсанажаў, сюжэту, мовы і жанру[30]. Прыкладам, да «Рамэо і Джульеты» раман не разглядаўся як годная тэма для трагедыі[31]. Маналёгіі выкарыстоўваліся ў асноўным дзеля перадачы інфармацыі аб героях альбо падзеях, але Шэксьпір выкарыстоўваў іх, каб дасьледаваць сьвядомасьць герояў[32]. Ягоная творчасьць таксама адбілася на паэзіі. Гэтак, паэты-рамантыкі спрабавалі адрадзіць шэксьпіраўскую вершаваную драму, але гэтаму бракаваў посьпех. Крытык Джордж Стайнэр ахарактарызаваў усе ангельскія вершаваныя драмы ад Колрыджа да Тэнісана як «слабыя варыяцыі на шэксьпіраўскія тэмы»[33].
Шэксьпір паўплываў на такіх раманістаў, як то Томас Гардзі, Ўільям Фолкнэр і Чарлз Дыкенз. Моналёгіі амэрыканскага празаіка Гэрмана Мэлвіла шмат у чым абавязаны творчасьці Шэксьпіра, бо ягоны капітан Агаб з «Мобі Дыку» ёсьць клясычным трагічным героем, натхнёным «Каралём Лір». Навукоўцы выявілі 20 тысячаў музычных твораў, зьвязаных з творамі Шэксьпіра. Сюды ўваходзяць тры опэры Джузэпэ Вэрдзі, як то «Макбэт», «Атэльлё» і «Фальстаф». Шэксьпір таксама натхняў шматлікіх мастакоў, у тым ліку рамантыкаў і дарафаэлітаў. Швайцарскі мастак-рамантык Гэнры Фузэлі, сябар Ўільяма Блэйка, нават пераклаў «Макбэт» на нямецкую мову. Псыхааналітык Зыгмунд Фройд абапіраўся на псыхалёгію Шэксьпіра, у прыватнасьці, на псыхалёгію Гамлета, з мэтай будаваньня сваіх тэорыяў чалавечае прыроды[34].
За часам жыцьця Шэксьпіра ангельская граматыка, правапіс і вымаўленьне былі менш стандартызаванымі, чым цяпер[35], таму ягонае выкарыстаньне мовы спрыяла фармаваньню сучаснай англельскай мовы[36][37]. Сэм’юэл Джонсан цытаваў яго часьцей за любога іншага аўтара ў сваім «Слоўніку ангельскае мовы», першай сур’ёзнай працы такога кшталту[38]. Такія выразы, як то «прытаіць дух» (анг. with bated breath) з «Вэнэцыянскага купца» ці «прадбачаная выснова» (анг. foregone conclusion) з «Атэльлё» патрапілі ў штодзённую ангельскую мову[39].
Уплыў Шэксьпіра выходзіць далёка за межы ягонай роднай Ангельшчыны і ангельскае мовы. Асаблівую значнасьць ягоная спадчына набыла ў Нямеччыне, то бок яшчэ ў XVIII стагодзьдзі, калі Шэксьпір шырока перакладаўся і папулярызаваўся ў Нямеччыне і паступова стаў часткай Ваймарскага клясыцызму. Крыстаф Мартын Вілянд стаўся першым, хто зрабіў поўныя пераклады Шэксьпіравых п’есаў на якую-небудзь мову[40][41]. Актор і тэатральны рэжысэр Сайман Кэлаў зазначаў, што гэты майстар і тытан літаратуры настолькі ёсьць глыбока брытанскім і тым жа часам нязмушана ўнівэрсальны, што ўсякая культура, як то нямецкая, італьянская, расейкая ці іншая, глыбока ўспрымае шэксьпіраўскую творчасьць. Некаторыя з самых глыбока кранальных сцэнараў вытібнага драматурга былі неангельскімі і нават неэўрапейскімі. На думку Кэлава, Шэксьпір быў тым непаўторным пісьменьнік, які здольны выявіць і ўвасобіць штосьці сваё для кожнага чалавека[42].
Паводле кнігі рэкордаў Гінэса, Шэксьпір застаецца самым прадаваным драматургам у сьвеце, а ягоныя п’есы і паэзія разышліся ў больш чым за 4 мільярдаў асобнікаў за амаль 400 гадоў па ягонай сьмерці. Ён таксама зьяўляецца трэцім найбольш перакладаным аўтарам у гісторыі[43].
Творы
рэдагавацьП’есы
рэдагавацьТрагедыі
рэдагаваць- Ціт Андронік (Titus Andronicus; 1593)
- Рамэо і Джульета (Romeo and Juliet; 1595)
- Юліюс Цэзар (The Tragedy of Julius Caesar; 1600)
- Гамлет (Hamlet, Prince of Denmark; 1600)
- Траіл і Крэсыда (Troilus and Cressida; 1601)
- Атэльлё (Othello; 1605)
- Кароль Лір (King Lear; 1605)
- Макбэт (Macbeth; 1606)
- Антоні ды Клеапатра (Antony and Cleopatra; 1606—1607)
- Карыялян (Coriolanus; 1607)
- Тымон Атэнскі (Timon of Athens; 1608)
- Цымбелін (Cymbeline; 1609)
Камэдыі
рэдагаваць- Камэдыя памылак (The Comedy of Errors; каля 1591)
- Марныя высілкі каханьня (Loves' Labour's Lost; 1594)
- Гамаваньне звадлівіцы (The Taming of The Shrew; 1594)
- Два вэронскія джэнтэльмэны (The Two Gentlemen of Verona; 1590—1595)
- Сон у Іванаву ноч (A Midsummer Night's Dream; 1595)
- Вэнэцыянскі купец (The Merchant of Venice; 1596)
- Шмат шуму зь нічога (Much Ado about Nothing; каля 1598—1599)
- Як вам гэта спадабаецца (As You Like It; 1599—1600)
- Дванаццатая ноч, альбо Што вам заўгодна (Twelfth Night or What You Will; 1600)
- Ўіндзарскія весялухі (The Merry Wives of Windsor; 1602)
- Пэрыкль, князь Тырскі (Pericles, Prince of Tyre; 1608)
- Усё добра, што добра скончыцца (All's Well That Ends Well; 1602—1603)
- Мера за меру (Measure for Measure; 1604)
- Зімовая казка (The Winter's Tale; 1610—1611)
- Бура (The Tempest; 1611)
- Два шляхетныя сваякі (Two Noble Kinsmen, 1614)
Гістарычныя драмы
рэдагаваць- Кароль Ян (King John; каля 1595—1596)
- Гэнрых VI (частка першая) (King Henry VI, Part 1; каля 1591)
- Гэнрых VI (частка другая) (King Henry VI, Part 2; каля 1591)
- Гэнрых VI (частка трэцяя) (King Henry VI, Part 3; каля 1591)
- Рычард III (King Richard III; 1590—1593)
- Гэнрых V (King Henry V; 1599)
- Гэнрых IV (частка першая) (King Henry IV, Part 1; 1596)
- Гэнрых IV (частка другая) (King Henry IV, Part 2; 1597)
- Рычард II (King Richard II; 1595)
- Гэнрых VIII (King Henry VIII or All Is True; 1596—1598)
Вершы і паэмы
рэдагаваць- Санэты (Shakespeare's sonnets; 1609)
- Вэнэра ды Адоніс (Venus and Adonis; 1593)
- Згвалтаваньне Люкрэцыі (The Rape of Lucrece; 1594)
- Скарга каханкі (A Lover's Complaint; 1610)
Беларускія пераклады
рэдагавацьТрагедыі ды хронікі Шэксьпіра на беларускую мову пераклалі Юрка Гаўрук, Кандрат Крапіва, Віталь Вольскі, Артур Вольскі, Уладзімер Шахавец, Язэп Семяжон, Уладзімер Някляеў, Аляксей Дудараў, Лявон Баршчэўскі, камэдыі — Язэп Семяжон, Алесь Разанаў, санэты — Уладзімер Дубоўка, Юрка Гаўрук, Рыгор Барадулін, Ганна Янкута, Антон Францішак Брыль, Ігар Крэбс, Міхась Дуброўскі, Марына Казлоўская й інш.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Oxford Dictionary of National Biography (анг.) / C. Matthew — Oxford: OUP, 2004.
- ^ а б в г д е Kindred Britain
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780198117353.001.0001/acref-9780198117353-e-2595
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780191740763.001.0001/acref-9780191740763-e-619?rskey=rOTUsb&result=1
- ^ http://www.oxfordreference.com/view/10.1093/acref/9780191740763.001.0001/acref-9780191740763-e-622?rskey=iv2h53&result=2
- ^ Адпаведна юліянскаму календару. Па грыгарыянскім календары, які быў уведзены ў 1582 годзе, драматург памёр 3 траўня.
- ^ Greenblatt 2005. С. 11.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 14—22.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 24—26.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 23—24.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 62—63.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 77—78.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 78—79.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 93.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 94.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 224.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 95.
- ^ а б Rowe, Nicholas (1997) [першая публікацыя мела месца ў 1709 годзе]. Gray, Terry A. (ed.). «Some Account of the Life &c of Mr. William Shakespear»..
- ^ Schoenbaum 1987. С. 97—108.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 144—145.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 110—111.
- ^ Пераклад: Алены Таболіч.
- ^ Greenblatt 2005. С. 213.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 153.
- ^ Ackroyd 2006. С. 176.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 184.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 208—209.
- ^ Ackroyd 2006. С. 357.
- ^ Schoenbaum 1987. С. 202—203.
- ^ Chambers, E.K. (1944). «Shakespearean Gleanings». Oxford: Oxford University Press. — С. 35. — ISBN 978-0-8492-0506-4.
- ^ Levenson, Jill L., ed. (2000). «Romeo and Juliet». Oxford: Oxford University Press. — С. 49—50. — ISBN 978-0-19-281496-8.
- ^ Clemen, Wolfgang (1987). «Shakespeare's Soliloquies». London: Routledge. — С. 179. — ISBN 978-0-415-35277-2.
- ^ Steiner, George (1996). «The Death of Tragedy». New Haven: Yale University Press. — С. 145. — ISBN 978-0-300-06916-7.
- ^ Bloom, Harold (1995). «The Western Canon: The Books and School of the Ages». New York: Riverhead Books. — С. 346. — ISBN 978-1-57322-514-4.
- ^ Cercignani, Fausto (1981). «Shakespeare’s Works and Elizabethan Pronunciation». Oxford: Clarendon Press. — ISBN 978-0-19-811937-1.
- ^ Crystal 2001. С. 55—65.
- ^ Crystal 2001. С. 74.
- ^ Wain, John (1975). «Samuel Johnson». New York: Viking. — С. 194. — ISBN 978-0-670-61671-8.
- ^ Crystal 2001. С. 63.
- ^ «How Shakespeare was turned into a German». DW.
- ^ «Unser Shakespeare: Germans’ mad obsession with the Bard». The Local
- ^ «Simon Callow: What the Dickens? Well, William Shakespeare was the greatest after all...». The Independent.
- ^ «William Shakespeare:Ten startling Great Bard-themed world records». Guinness World Records.
Літаратура
рэдагаваць- Ackroyd, Peter Shakespeare: The Biography. — London: Vintage, 2006. — ISBN 978-0-7493-8655-9
- Crystal, David The Cambridge Encyclopedia of the English Language.. — Cambridge: Cambridge University Press, 2001. — ISBN 978-0-521-40179-1
- Greenblatt, Stephen Will in the World: How Shakespeare Became Shakespeare. — London: Pimlico, 2005. — ISBN 978-0-7126-0098-9
- Schoenbaum, S. William Shakespeare: A Compact Documentary Life. — Oxford: Oxford University Press, 1987. — ISBN 978-0-19-505161-2
- William Shakespeare 1564—1964 (Journal of Belarusian Studies 1965)