Мангольская мова

мова Манголіі
(Перанакіравана з «Халха-мангольская мова»)

Манго́льская мова (саманазва: монгол хэл[a], вымаўл. /mɔŋɢɔ̆ɮ xiɮ/) — адна з моваў мангольскае сям’і моваў і дзяржаўная мова Манголіі. Колькасьць носьбітаў з улікам усіх дыялектаў дасягае прыкладна 5,2 млн чал., складаючы большасьць серад насельніцтва Манголіі ды этнічна мангольскай часткі насельніцтва кітайскага аўтаномнага раёну Ўнутраная Манголія[3]. У Манголіі дамінуючым зьяўляецца халхаскі дыялект і кірылічная пісьмовасьць, на якіх заснаваная літаратурная мова Манголіі, у той час ва Ўнутранай Манголіі мангольская мова мае большую дыялектную разнастайнасьць і запісваецца традыцыйным старамангольскім пісьмом.

Мангольская мова
монгол хэл,
ᠮᠤᠨᠭᠭᠤᠯ ᠬᠡᠯᠡ
Мангольскія мовы й дыялекты на мапе Азіі
Ужываецца ў Манголіі, Кітаі
Рэгіён большая частка Манголіі,
паўсюдна — Унутраная Манголія,
часткі правінцыяў Ляанін, Гірын, Хэйлунцьзян Кітаю
Колькасьць карыстальнікаў
  • 5 200 000 чал. (2005)
Клясыфікацыя Алтайская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Манголіі,
Кітаі (Унутраная Манголія)
Рэгулюецца Манголія: Дзяржаўнай Радай па мове,
Унутраная Манголія: Радай па мове й літаратурнай працы[1]
Пісьмо старамангольскае пісьмо[2] і кірыліца[2]
Коды мовы
ISO 639-1 mn
ISO 639-2(Б) mon
ISO 639-2(Т) mon
ISO 639-3 mon
Гэты артыкул зьмяшчае тэкст з выкарыстаньнем старамангольскай пісьмовасьці.
Без падтрымкі дадзенага віду пісьмовасьці замест ейных знакаў на вашай прыладзе адлюстроўвацьмуцца пытальнікі, квадраты або іншыя сымбалі.

Мова вылучаецца наяўнасьцю гармоніі галосных і складанай структурай складоў, што дазваляе мове мець у канцы словаў сьцячэньні да трох зычных гукаў. Граматычна — тыповая аглютынацыйная мова, у словазьмяненьні вялікую ролю адыгрываюць пасьлядоўныя ланцугі суфіксаў. Парадак словаў у сказе — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, упарадкаваньне іменнае групы адносна вольнае, граматычныя ролі выражаюцца шляхам каля васьмі склонаў, існуе пяць станаў. Дзеяслоў зьмяняецца паводле стану, віду, часу, мадальнасьці ды эвідэнцыяльнасьці. У сувязях унутры сказу асаблівую ролю маюць словы, значэньне якіх блізкае да прыслоўяў.

Сучасная мангольская мова зьяўляецца вынікам разьвіцьця сярэднемангольскае мовы — мовы Мангольскай імпэрыі пэрыяду ХІІІ-XIV стст. Пры разьвіцьці гэтае мовы адбыліся заўважныя зрухі ў парадыгме гармоніі галосных, склонавай і дзеяслоўнай сыстэмах, узьніклі доўгія галосныя.

Лінгвагеаграфія

рэдагаваць

Мангольская мова — дзяржаўная мова Манголіі, дзе на ёй размаўляе каля прыблізна 2,7 млн чал., і адна з афіцыйных моваў аўтаномнага раёну Кітаю Ўнутраная Манголія, у якой прыкладная колькасьць носьбітаў мангольскае мовы складае 2,7 або больш мільёнаў чалавек[3]. Існуюць іншыя ацэнкі, паводле якіх колькасьць жыхароў Унутранае Манголіі са здольнасьцямі кантактаваньня на мангольскай мове налічвае прыкладна 4 млн чал.[1] Нягледзячы на гэта, не існуе дакладнай колькасьці носьбітаў мангольскай мовы ва Ўнутранай Манголіі, паколькі не існуе зьвестак пра моўную карціну грамадзянаў Кітаю.

У Кітаі пражывае каля 5 млн этнічных манголаў, але выкарыстаньне мангольскай мовы серад іх (асабліва серад гарадзкіх манголаў маладога ўзросту) знаходзіцца ў заняпадзе ў сувязі з дамінаваньнем кітайскае мовы[4]. Большасьць кітайскіх носьбітаў мангольскае мовы пражываюць ва Ўнутранай Манголіі, дадаткова ў памежных зь ёю рэгіёнах правінцыяў Ляанін, Гірын, Хэйлунцьзян ёсьць носьбіты харчынскага й хорчынскага дыялектаў[1].

Клясыфікацыя, дыялекты

рэдагаваць
 
Айрацкія дыялекты захаду Кітаю й Манголіі.

Мангольская мова належыць да мангольскае сям’і моваў. Тым ня менш, яе дакладнае месца пасярод моваў гэтае сям’і зьяўляецца адносна дыскусійным пытаньнем з прычыны таго, што існыя нацяпер зьвесткі пра дыялекты мовы не заўсёды карэлююць з агульным наборам моўных крытэраў. Такія зьвесткі, у прыватнасьці, могуць растлумачыць гістарычнае разьвіцьцё мангольскага дыялектнага кантынуўму ды іхнія сацыялінгвістычныя ўласьцівасьці. У нашыя часы існуюць параўнальна шырока разьвітыя фаналягічныя й лексычныя дасьледаваньні дыялектаў мангольскае мовы[5][6][7], але не закладзеныя асновы параўнальных марфасынтаксічных дасьледаваньняў, асабліва такіх адрозных адзін ад аднаго дыялектаў як халхаскі або хорчынскі[4].

Статус некаторых мангольскіх ідыёмаў як асобных моваў або дыялектаў уласна мангольскае мовы зьяўляецца дыскусійным. Існуе прынамсі тры падобныя спрэчныя ідыёмы: айрацкі (у тым ліку калмыцкая мова) ды бурацкі (абодва распаўсюджаныя ў Расеі), а таксама ардоскі (распаўсюджаны ў мескай акрузе Ардос Унутранай Манголіі, што на поўдні гэтага аўтаномнага раёну)[1][4].

Незважаючы на спрэчны статус некаторых моваў або дыялектаў мангольскае сям’і, статус халхаскага дыялекту, літаратурнай мовы Манголіі, як часткі мангольскае мовы не зьяўляецца дыскусійным. Клясыфікацыя па-за халхаскім дыялектам, аднак, зьяўляецца дыскусійным. Напрыклад, на думку Г. Санжэева, мангольская мова падзяляецца на тры дыялекты — халхаскі, чахарскі й ардоскі, тады як бурацкая ды айрацкая разглядаюцца як асобныя мовы[8]. Зь іншага боку, існуюць іншыя меркаваньні, якія пашыраюць паняцьце мангольская мова: прыкладам, паводле Луўсанвандана мангольская мова падзяляецца на цэнтральны (уключна з халхаскім, чахарскім, ардоскім), усходні (харчынскі й хорчынскі), заходні (айрацкая, калмыцкая мовы) і паўночны (дзьве бурацкія гаворкі) дыялекты[1]. Некаторыя заходнія дасьледчыкі лічаць, што адносна добра дасьледжаны ардоскі ідыём зьяўляецца асобнай мовай, маючы кансэрватыўную структуру складоў ды інвэнтар фанэмаў[9]. Серад дыялектаў, чыя клясыфікацыя паддаецца цяжкасьцям, адзначаецца, у прыватнасьці, алашаньскі дыялект, які гістарычна зьвязаны з заходнімі айрацкімі гаворкамі, але знаходзіўся пад культурным уплывам Унутранай Манголіі[1][b]; іншым дыскусійным пытаньнем застаецца клясыфікацыя чахарскага, халхаскага й хорчынскага дыялектаў у дачыненьні як адзін да аднаго, так і ў дачыненьні да бурацкай і айрацкай[1][4]. У якасьці аднаго з асноўных адрозьненьняў дыялектаў Манголіі ад дыялектаў Унутранай Манголіі прыводзіцца падзел афрыкаты [tʃ] на [tʃ] у пазыцыі перад *i ды на [ts] перад астатнімі рэканструяванымі галоснымі гукамі — гэтая рыса прысутнічае ў дыялектах Манголіі, але не існуе ў дыялектах Унутранай Манголіі (напр., праманг. *tʃil > халх. /tʃiɮ/, чах. /tʃil/; але праманг. *tʃøhelen > халх. /tsooɮəŋ/, чах. /tʃooləŋ/)[10][11]. Зь іншага боку, дыфэрэнцыяцыя цэнтральных дыялектаў зь дзеяслоўным суфіксам мінулага часу -sŋ і ўсходніх дыялектаў з суфіксам такой жа функцыі -dʒɛ лічыцца стахастычным (то бок, выпадковым) супрацьпастаўленьнем[12].

Ва Ўнутранай Манголіі ў афіцыйным рэчышчы мангольская мова разглядаецца з падзелам на тры дыялекты: паўднёвамангольскі, айрацкі ды баргу-бурацкі, паўднёвамангольскі дыялект пры гэтым падзяляецца на чахарскую, ардоскую, баарынскую, хорчынскую, харчынскую й алашаньскую гаворкі. Літаратурная мангольская мова ў Кітаі засноўваецца на мясцовых дыялектах: граматыка заснаваная на паўднёвамангольскім дыялекце, вымаўленьне — на чахарскай гаворцы. Дыялекталягічна некаторыя паўднёвамангольскія гаворкі бліжэйшыя да халхаскага дыялекту, чым да іншых дыялектаў і гаворак Унутранай Манголіі: напрыклад, чахарская гаворка бліжэйшая да халхаскага дыялекту, чым хорчынская[4].

У пытаньні зьнешняй клясыфікацыі мангольская мова ўваходзіць у мангольскую моўную сям’ю. Мангольская сям’я, у сваю чаргу, уваходзіць у алтайскую сям’ю моваў, у якую ўваходзяць таксама тунгуса-маньчжурская, цюрская, япона-рукюская сем’і ды карэйская мова, аднак існаваньне алтайскае сям’і прызнаецца ня ўсімі лінгвістамі[c].

Лінгвістычная характарыстыка

рэдагаваць

У наступным разьдзеле прыведзенае апісаньне фанэтыкі, фаналёгіі, марфалёгіі й сынтаксісу мангольскае мовы. Разьдзел «фаналёгія» апісвае ўлан-батарскія гаворкі халхаскага дыялекту, фаналягічныя лады іншых дыялектаў, такіх як ардоскі, хорчынскі й чахарскі, істотна адрозьніваюцца ад халхаскага[1]. У адрозьненьне ад гэтага, большасьць халхаскіх марфалягічных рысаў падзяляюць чахарскі[13] і, зь невялікімі нюансамі, хорчынскі[14] дыялекты.

Фаналёгія

рэдагаваць

У наступным разьдзеле апісваюцца галосныя, зычныя мангольскае мовы на ўзоры халхаскага дыялекту, а таксама халхаскія мангольскія фанатактыка й націск.

  • Галосныя:

У дадзеным артыкуле галосныя апісваюцца паводле схемы ATR, якая апісвае пазыцыю языка пры вымаўленьні таго ці іншага галоснага, у выніку чаго галосныя падзяляюцца на тры тыпы: −ATR, +ATR і нэўтральныя галосныя. Тым ня менш, шэраг заходніх дасьледчыкаў працягваюць апісваць мангольскі гукавы лад паводле супрацьпастаўленьня галосных пярэдняга й задняга шэрагу.

Літаратурная мангольская мова мае сем галосных гукаў-манафтонгаў. Мангольскія галосныя характарызуюцца паводле супрацьпастаўленьня агубленых і неагубленых, маецца фанэматычная даўжыня для кожнага зь сямі галосных. Фанэтычна кароткае /o/ моцна адрозьніваецца ад доўгага /o/, зьяўляючыся галосным сярэдняга ўздыму [ɵ]. У табліцах ніжэй мангольскія галосныя разьмеркаваныя паводле дзьвюх схемаў: паводле шэрагу і паводле схемы ATR.

Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Кароткія Доўгія Кароткія Доўгія Кароткія Доўгія
Верхняга
ўздыму
i u
Ненапружаныя
верхняга
ўздыму
ʊ ʊː
Сярэдне-верхняга
ўздыму
e o [ɵ]
Сярэдне-ніжняга
ўздыму
ɔ ɔː
Ніжняга
ўздыму
a

Апрача сямі манафтонгаў, халхаскі дыялект мае чатыры дыфтонгі: /ui, ʊi, ɔi, ai/[3].

ATR: У схеме ATR мангольскія галосныя падзяляюцца на тры групы па прыкмеце гармоніі галосных, якая існуе ў мангольскай мове.

+ATR («пярэдн.») −ATR («задн.») Нэўтр.
e, u, o a, ʊ, ɔ i

З гістарычных прычынаў мангольскія галосныя ў схеме ATR могуць удакладняцца, пазначаючыся тэрмінамі «галосны пярэдняга шэрагу» ды «галосны задняга шэрагу». У сыстэмах раманізацыі (транскрыпцыі мовы лацінскім альфабэтам) мангольскай мовы літарамі o, u пазначаюцца ня гукі /o/, /u/, а /ɔ/ ды /ʊ/; гукі /o/, /u/ пазначаюцца сымбалямі ö, ü. Існуе таксама галосны /i/, які не належыць да ніводнае з групаў.

Як і ў іншых мовах, дзе выяўляецца правіла гармоніі галосных, у любым нескладаным слове (уключна з суфіксамі) могуць паўставаць галосныя гукі толькі аднаго тыпу. У выпадку, калі першы галосны слова належыць да тыпу −ATR, усе іншыя галосныя ў слове могуць быць толькі тыпу −ATR або нэўтральны /i/. Аналягічна з гэтым, калі першы галосны ў слове належыць да тыпу +ATR, далей у слове паўстаюць толькі галосныя гэтага тыпу або нэўтральны галосны /i/. У выпадку з суфіксамі, якія зьмяняюць свае галосныя ў адпаведнасьці з гармоніяй галосных, пераважаюць два тыпы галосных. Тым ня менш, некаторыя суфіксы ўтрымліваюць архіфанэму /A/, якая можа рэалізоўвацца як /a, ɔ, e, o/. Напрыклад:

orx («хатняя гаспадарка») + -Ar (Т.с.) → orxor («хатняй гаспадаркай»);
xarʊɮ («вартавы») + -Ar (Т.с.) → xarʊɮar («вартавым»).

Іншыя суфіксы ў словах з галоснымі −ATR рэалізуюцца з галосным /ʊ/, з галоснымі +ATR — з галосным /u/. Напрыклад:

aw («узяць») + -Uɮ (каўзатыў[d]) → awʊɮ

У выпадках, калі ў слове паўстае толькі галосны /i/, суфікс перабудоўваецца паводле схемы +ATR[3].

Мангольская мова адзначаецца супрацьпастаўленьнем паводле агубленасьці або неагубленасьці галоснага. У выпадку, калі корань утрымлівае галосныя /o/ або /ɔ/, суфікс мусіць зьмяшчаць галосныя [o] або [ɔ] адпаведна. Аднак гэты працэс скасоўваецца пры наяўнасьці ў слове /u/ (або /ʊ/) ды /ei/ (напр., ɔr-ɮɔ, але ɔr-ʊɮ-ɮa)[3].

Даўжыня галоснага гуку адрозьніваецца паводле пазыцыі складу ў слове. Доўгі галосны, як правіла, мае каля 208% ад даўжыні кароткага. У сярэдзіне слова даўжыня доўгага галоснага складае ўжо толькі 127% ад даўжыні кароткага галоснага ў пачатку слова, але іх адрозьненьне ад кароткага галоснага ў пачатку слова дагэтуль застаецца. Кароткія галосныя ў неініцыяльным складзе[e] карацей за кароткія ініцыяльныя галосныя на 71% і маюць крыху іншае месца артыкуляцыі. Але гэтае адрозьненьне не зьяўляецца фанэматычным, з-за чаго іх становішча вызначаецца законамі фанатактыкі[3].

  • Зычныя:

Ніжэй прыведзены пералік зычных у мангольскай мове. Зычныя, што пазначаныя ў дужках, існуюць толькі ў запазычаньнях[3].

Лябіяльныя Зубныя Палятальныя Вэлярныя Увулярныя
Звычайныя Паляталізаваныя Звычайныя Паляталізаваныя Паляталізаваныя Звычайныя
Насавыя m n ŋ
Выбухныя Глухія з прыдыханьнем () (pʲʰ) tʲʰ (kʲʰ) ()
Глухія p t
Звонкія ɡʲ ɡ ɢ
Афрыкаты Глухія з прыдыханьнем tsʰ tʃʰ
Глухія ts
Фрыкатывы Сярэднія (f) s ʃ x
Лятэральныя ɮ ɮʲ
Дрыжачыя r
Апраксыманты w̜ʲ j

У гукавым ладзе мангольскае мовы адсутнічае глухі лятэральны апраксымант [l], але маецца звонкі альвэалярны лятэральны фрыкатыў /ɮ/, які часта рэалізоўваецца як глухі — [ɬ][15]. У канцы словаў /n/ (у выпадку, калі пасьля яго не ідзе галосны ў гістарычнай форме) рэалізоўваецца як [ŋ]. Паляталізаваныя зычныя ўзьнікаюць, як правіла, толькі ў словах з наяўнасьцю галосных тыпу −ATR[3].

  • Структура складу, фанатактыка:

Найбольш працяглыя склады маюць структуру CVVCCC, дзе C — зычны, V — галосны, апошні C — суфікс. У канцы складоў, як правіла, рэдка зьяўляецца адзін кароткі галосны. У выпадках, калі слова гістарычна мела аднаскладовую структуру, склад *CV перайшоў у CVV, таксама з гістарычных прычынаў абмежаванае знаходжаньне ў складзе фанэмы [ŋ], гукаў /p/ ды /pʲ/. У сьцячэньнях двух зычных існуюць наступныя абмежаваньні:

  • Перад паляталізаваным зычным можа стаяць толькі іншы паляталізаваны зычны або, часам, /ɢ/ ды /ʃ/;
  • Перад /ŋ/ могуць узьнікаць толькі гукі /ʃ, x, ɡ, ɡʲ, ɢ/;
  • /j/ не паўстае ў другой пазыцыі;
  • /p/ ды /pʲ/ ня могуць выступаць як першы або другі зычны (апрача выпадкаў, калі перад імі стаіць /m/ або /ɮ/ ці іхнія паляталізаваныя пары);

Сьцячэньні зычных, якія не адпавядаюць гэтым правілам, разьбіваюцца нефанэматычным галосным: напр., словы hojor, ažil, saarmag фанэматычна выглядаюць як /xɔjr/, /atʃɮ/, /saːrmɡ/ адпаведна. Галосны, які разьбівае падобнае сьцячэньне зычных, вызначаецца правілам гармоніі галосных. Звычайна гэта варыянт гэтага гуку ў сярэднім уздыме, аднак існуюць вызначаныя выключэньні. Так, пасьля /u/ ранейшага складу ў наступным складзе ідзе [e]; у выпадку, калі ў ранейшым складзе ідзе ненэўтральны галосны, у наступным складзе /i/ ігнаруецца; эпэнтэтычнае[f] [i] суправаджаецца постальвэалярным або паляталізаваным зычным (гл. [atʃĭɮ])[3].

  • Націск:

Націск у мангольскай мове не зьяўляецца фанэматычным і залежыць ад структуры складу. Тым ня менш, меркаваньні лінгвістаў наконт пазыцыі націску ў словах рэзка адрозьніваюцца[3]. Большасьць мангольскіх лінгвістаў мяркуе, што мангольскі націск, незалежна ад дыялектаў, зьяўляецца ініцыяльным (падае на першы склад), аднак прыкладна ў сярэдзіне ХХ ст. некаторыя заходнія лінгвісты выказвалі думку, што націск мае тэндэнцыю падаць на самы левы цяжкі склад. Іншыя меркаваньні згадваліся ў працах зь першай паловы ХІХ да пачатку ХХ стст. Серад нядаўніх меркаваньняў адзначаецца гіпотэза, што мангольскі націск падае на самы правы цяжкі зь неканчатковых склад[16].

Цяжкім склад вызначаецца ў выпадку, калі ён утрымлівае доўгі галосны, кароткія склады ў пачатку словаў з гэтага вызначэньня выключаюцца. Слова атрымлівае націск у тым ліку і ў выпадку, калі слова зьяўляецца двускладовым і адзіны цяжкі склад знаходзіцца ў канцы слова, і нават у словах, што ў пачатку маюць кароткі склад.

Марфалёгія

рэдагаваць

У марфалягічным дачыненьні мангольская мова адносіцца да аглютынацыйных моваў, словаўтварэньне — амаль заўсёды суфіксальнае, аднак таксама маецца рэдуплікацыя[g][3]. Большая частка суфіксаў складаецца з адной марфэмы, існуе вялікая колькасьць словаўтваральных марфэмаў[17]. Вылучаецца адсутнасьць рэзкага адрозьненьня між словазьмяненьнем і словаўтварэньнем: так, напрыклад, розныя склонавыя формы аднаго й таго ж слова часта лексычна функцыянуюць як новыя словы й дапускаюць другаснае скланеньне, асновай якога зьяўляецца склонавая форма.

Досыць частымі зьяўляюцца складаныя словы, некаторыя словаўтваральныя суфіксы могуць утвараць уласныя словы (напр., jar'- — «казаць», jarilts- — «гаварыць адзін з адным»). Фармальна ўсе асобныя словы, створаныя пры дапамозе суфіксаў, можна падзяліць на тры групы: фінальныя дзеясловы (што могуць выкарыстоўваюцца толькі ў канцы сказу)[18], дзеепрыметнікі[19], а таксама асаблівыя дзеясловы, функцыянальна блізкія прыслоўям[18].

У спрошчаным дачыненьні мангольская мова мае восем склонаў: назоўны (без канчатку), родны, давальны, вінавальны, творны склоны, аблятыў, камітатыў ды алятыў[20]. У сказах, дзе дапаўненьне зьяўляецца пэўным, да яго выкарыстоўваецца вінавальны склон, да няпэўнага — назоўны[21]. Дадаткова існуюць пасьлялогі, якія дапасоўваюць родны, аблятыў, камітатыў і, у некаторых выпадках, назоўны склоны[13]. Назоўнікі могуць атрымоўваць зваротна-прыналежныя клітыкі, якія ўказваюць на залежнасьць назоўніку ў сказе ад дзейніку. Тым ня менш, існуюць назоўнікавідныя прыметнікі, да якіх падобныя суфіксы не далучаюцца непасрэдна ў выпадку наяўнасьці ў сказе эліпсісу (пропуск слова або словаў у сказе, які ня шкодзіць сэнсу сказу, бо словы маюцца на ўвазе).

Множны лік характарызуецца наяўнасьцю канчаткаў, ужываньне якіх абмежаванае датычна людзей, таксама множны лік можа не пазначацца наогул. Назоўнік, дапасаваны лічэбнікам, звычайна не нясе афіксаў множнага ліку[13][20].

Існуюць асабістыя займеньнікі першай і другой асобы, а таксама гістарычныя ўказальныя займеньнікі, зь якіх утварыліся займеньнікі трэцяй асобы (з блізкім і далёкім значэньнямі). Ролю прыналежных займеньнікаў маюць асабовыя ды безасабовыя суфіксы.

Адмаўленьне выражаецца канчаткам -güj пасьля дзеепрыметнікаў і часьціцай biš пасьля назоўнікаў або прыметнікаў. Існуюць адмоўныя часьціцы, што стаяць перад дзеясловамі, але яны звычайна замяняюцца аналітычнымі канструкцыямі.

Сынтаксіс

рэдагаваць
  • Структура фразы:

Іменная група ў мангольскай мове будуецца паводле схемы «займеньнік/лічэбнік, прыметнік, назоўнік»[21], перад іменнай групай звычайна паўстае атрыбутыўны сказ. Тытулы або заняткі людзей, колькасныя лічэбнікі й некаторыя клітыкі ставяцца перад галоўным назоўнікам[22]. Прыналежныя займеньнікі, аднак, могуць стаяць як перад іменнай групай, так і пасьля яе[23]. Нефінітная граматычная аснова ўмоўна падзяляецца на тры часткі: цэнтар, у якім стаіць выказьнік, а таксама два бакі навокал яго — камплемэнты ды прыслоўі (перад выказьнікам) і мадальныя часьціцы (канец)[24]. Найбольш шырокая трактоўка мангольскай (халхаскі дыялект) граматычнай асновы ажыцьцяўляеная Ш. Луўсанванданам, аднак у гэтым артыкуле прадстаўленае пазьнейшае апісаньне (паводле Мацуокі).

Выказьнік у мангольскай мове часьцей за ўсё выражаецца дзеясловам (як, напрыклад, у беларускай мове), што, аднак, не выключае існаваньня ў граматычнай структуры граматычнай асновы існаваньня некалькіх тыпаў намінальных прэдыкатыўных канструкцыяў з наяўнасьцю зьвязкі або нават безь яе[25].

Звычайны пардак словаў у сказе — SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік)[21]. У той час як прэдыкаты мусяць заставацца ў канцы граматычнай асновы, іншыя часьціны могуць поўнасьцю зьмяняць сваю пазыцыю або наогул зьнікаць[22]. Тэма, як правіла, мае тэндэнцыю месьціцца ў пачатку граматычнай асновы, іншая інфармацыя часьцей за ўсё знаходзіцца ў яе канцы[26]. Тэма можа дапаўняцца значэньнямі факусоўкі («нават», «таксама»), ролю якіх выконваюць клітыкі č ды l адпаведна[22][27].

Інвэнтар станаў у мангольскай мове ўключае ў сябе пасіўны, прычынны, узаемны (рэцыпрок), плюратыўны ды сумесны. У пасіўным стане дзеяслоў атрымлівае суфікс -gd-, а агенс дапасуецца ў творным альбо, што часьцей, давальным склонах. У прычынным стане дзеяслоў атрымлівае суфікс -uul-, а агенс дапасуецца ў творным ці давальным (у выпадку пераходнага дзеяньня) або вінавальным (непераходнае) склонах. Астатнія лады маркіруюцца суфіксамі -ld-, -tsgaa-, -lts- адпаведна[13].

Вялікую значнасьць мае катэгорыя адушаўлёнасьці — у некаторых выпадках у мангольскай мове назоўнікі мусяць выкарыстоўвацца толькі ў неадушаўлёным выглядзе.

Мангольская мова характарызуецца наяўнасьцю ў лексыцы некаторых плястоў запазычваньняў, якія маюць не-мангольскае паходжаньне. Ужо ў Сярэднявеччы мангольская мова пачала засвойваць запазычваньні з старажытнацюрскай мовы, санскрыту (праз пасярэдніцтва ўйгурскай), пэрсыдзкай, арабскай, тыбэцкай, тунгуса-маньчжурскіх і кітайскае моваў[23][28]. Запазычаньні новага часу маюць пераважна ангельскае, расейскае ды кітайскае паходжаньне, пры гэтым апошнія ўласьцівыя для маўленьня Ўнутранай Манголіі[29].

У сучаснай мангольскай мове Манголіі існуе практыка афіцыйнага моўнага пурызму, які ў асноўным можна ўбачыць у даслоўным перакладзе некаторых міжнародных тэрмінаў у супрацьвагу засваеньню гэтых тэрмінаў, напрыклад: jerönhijlögč[h] («прэзыдэнт», літаральна — чалавек, які абагульняе, загадвае), šar ajrag («піва», літаральна — «жоўты кумыс»). Сярод новай тэрміналёгіі існуюць калькі іншамоўнага паходжаньня (прыкладам galt tereg — «цягнік», літаральна — вогнены воз; ад кітайскага 火车 з тым жа літаральным значэньнем)[29]. Іншыя падобныя калькаваньні з кітайскай мовы закранаюць грамадзка-палітычную сфэру («рэспубліка», «насельніцтва») і гаспадарчую («кукуруза»).

Асаблівым чынам вылучаецца пляст запазычваньняў індаарыйскага (санскрыт) паходжаньня, якія выкарыстоўваюцца ў халхаскім дыялекце ў галінах, зьвязаных, напрыклад, з рэлігіяй і грамадзтвам (у прыватнасьці, вернікі-манголы гістарычна належаць да будызму, у распаўсюджаньні якога ўдзельнічаў санскрыт). Сярод запазычваньняў з санскрыту адзначаюцца таксама назвы некаторых плянэтаў (bud — बुध, «Мэркурый»; sugar — शुक्र, «Вэнэра»; barhasvadi — वृहस्पति, «Юпітэр»; sanchir — शनि — «Сатурн»). Кітайскія запазычаньні адзначаюцца сярод назваў некаторых страваў, галінаў гандлю й грамадзтва, а таксама некаторых прадметаў (luuvan — 萝卜, «морква»; khuluu — 葫芦, «гарбуз»; chinjuu — 青椒, «перац»; tsai — 茶, «гарбата»; naimaa/maimaa — 买卖, «гандаль»; van — 王, «манарх»; gunj — 公主, «прынцэса»; gun — 公, «князь», shaazan — 烧瓷, «фарфор»).

У ХХ ст. мангольская мова засвоіла вызначаную колькасьць словаў з расейскае мовы, якія сталі пазначаць назвы страваў і прадметаў штодзённага выкарыстаньня. Да гэтых назваў адносяцца як першапачаткова расейскія словы, так і міжнародныя тэрміны, што трапілі ў мангольскую пры пасярэдніцтве расейскай (doktor — «доктар», ostol — «стол», shokolad — «шакаляд», kalendar — «каляндар», yavlaga — «яблык», galavsaa — «каўбаса», podvoolk — «саколка»). У апошнім часе мангольская мова пачала ўспрымаць ангельскую лексыку, зьвязаную з культурнымі ды сацыяльнымі пераўтварэньнямі, некаторыя з гэтых словаў патрапілі ў афіцыйны ўжытак (menejment, computer, fail, marketing, kredit, onlain, mesej). Большасьць падобных словаў паўстала ў часы сучаснай Манголіі.

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Пісьмовая мангольская мова гістарычна зазнала некалькі зьменаў сыстэмаў запісу. Так, у ХІІІ ст. узьнікла г.зв. старамангольскае пісьмо, якое, у сваю чаргу, зьяўляецца адаптацыяй уйгурскага пісьма.

У ХХ ст. вызначыліся тэндэнцыі адмовы ад старамангольскага пісьма. Паміж 1930 і 1932 гадамі ўрад тагачаснай Мангольскай Народнай Рэспублікі ажыцьцявіў спробу ўвядзеньня лацінскага альфабэту, які ў 1941 годзе быў заменены кірыліцай. Мангольскі кірылічны альфабэт меў менш разыходжаньняў зь пісьмовай і вуснай формай, што паспрыяла росту пісьменнасьці з 17,3% да 73,5% з 1941 па 1950 гады[30]. У параўнаньне з гэтым, кампаніі па ліквідацыі пісьменнасьці, якія ладзіліся ў 1921-1940 гадох з выкарыстаньнем старамангольскага пісьма, дабіліся падвышэньня ўзроўню пісьменнасьці з 3,0% да 17,3%[30]. У 1991-1994 годзе ставіліся спробы вяртаньня ва ўжытак старамангольскага пісьма, аднак, на думку некаторых дасьледчыкаў, яны не атрымалі падтрымкі ў насельніцтва Манголіі[3]. На цяперашні час параўнальна распаўсюджаным зьяўляецца нефармальнае выкарыстаньне лацінскага альфабэту ў электронных СМІ[31].

У Кітаі мангольская мова мае афіцыйны статус побач з кітайскай у некаторых аўтаномных рэгіёнах, у прыватнасьці ў аўтаномным раёне Ўнутраная Манголія. Манголы Кітаю дагэтуль выкарыстоўваюць старамангольскае пісьмо, у тым ліку й у афіцыйных галінах дзейнасьці. Да кітайска-савецкага расколу ў другой палове ХХ ст. разглядаліся праекты па ўвядзеньні кірылічнай пісьмовасьці для патрэбаў мясцовых манголаў[3]. Старамангольскае пісьмо ў Кітаі падзяляецца на два тыпы: уласна старамангольскае пісьмо, выкарыстоўванае як афіцыйнае для манголаў Кітаю, і г.зв. тода бічыг (літаральна «чыстае пісьмо»). Апошні прымяняецца ў пісьмовасьці айратаў (этнас, блізкі манголам) Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну[1].

Сучасны альфабэт

рэдагаваць

Сучасны мангольскі альфабэт засноўваецца на кірылічнай пісьмовасьці. Ён складаецца з 35 літараў.

Ніжэй прыведзены сучасны склад літараў мангольскага альфабэту. Для кожнай літары ўказаная назва, гук (што пазначаецца гэтай літарай, паводле міжнароднага фанэтычнага альфабэту), а таксама некалькі варыянтаў найвядомейшых стандартаў трансьлітарацыі гэтых літараў.

Нумар Літара Назва IPA[3] ISO 9 Стандартная THL Бібліятэка Кангрэсу ЗША
1 Аа а a a a a a
2 Бб бэ p, pʲ, b b b b b
3 Вв вэ w, wʲ v v w v
4 Гг гэ ɡ, ɡʲ, k, ɢ g g g g
5 Дд дэ t, tʲ, d d d d d
6 Ее е jɛ~jɜ, e e ye, yë ye, yö e
7 Ёё ё ë yo, yö yo ë
8 Жж жэ tʃ, dʒ ž j j zh
9 Зз зэ ts, dz z z z z
10 Ии и i i i i i
11 Йй хагас и i j ĭ i ĭ
12 Кк ка (k, ) k k k k
13 Лл эл ɮ, ɮʲ l l l l
14 Мм эм m, m m m m
15 Нн эн n, , ŋ n n n n
16 Оо о ɔ o o o o
17 Өө ө o ô ö ö ö
18 Пп пэ (, pʰʲ) p p p p
19 Рр эр r, r r r r
20 Сс эс s s s s s
21 Тт тэ , tʰʲ t t t t
22 Уу у ʊ u u u u
23 Үү ү u ù ü ü ü
24 Фф фэ, фа, эф (f) f f f f
25 Хх хэ, ха x, h x kh kh
26 Цц цэ tsʰ c c ts ts
27 Чч чэ tʃʰ č č ch ch
28 Шш ша, эш ʃ š š sh sh
29 Щщ ща, эшчэ (stʃ) ŝ šč shch shch
30 Ъъ хатуугийн тэмдэг ʺ ı ʺ ı
31 Ыы эр үгийн ы i y y î y
32 Ьь зөөлний тэмдэг ʲ ʹ ʹ ĭ i
33 Ээ э e è e e ê
34 Юю ю , ju û yu, yü yu, yü iu
35 Яя я ja, j â ya ya ia

Гісторыя

рэдагаваць

Тэрмін мангольская мова можа ўжывацца шырэй, выкарыстоўваючыся ня толькі для пазначэньня мангольскае мовы Манголіі ды Ўнутранай Манголіі, а дадаткова датычна гістарычнага кантэксту, пазначаючы старажытныя пісьмовыя мангольскія мовы. У гэтых трактоўках разглядаюцца агульнамангольская мова, якая праіснавала прыкладна да ХІІ ст., а таксама старапісьмовая мангольская мова — агульная літаратурная мова ўсіх мангольскіх плямёнаў з ХІІІ па XVII стст. Апошняя зьяўлялася наддыялектнай формай выключна пісьмовай камунікацыі, чаму спрыяла пісьмовасьць, ня вельмі дакладная ў фанэтычным пляне, што нівэлявала дыялектныя адрозьненьні. Прынята лічыць, што старапісьмовая мангольская мова адлюстроўвае больш старажытны этап разьвіцьця мангольскіх моваў, чым любы зь вядомых мангольскіх дыялектаў, што тлумачыць ягоную ролю ў параўнальна-гістарычных дасьледаваньнях мангольскае мовы і мангольскіх моваў увогуле.

У гісторыі пісьмовае мовы вылучаюць старажытны (XIIIXV стст.), даклясычны (XVXVII стст.) і клясычны (XVII ст. — пач. XX ст.) пэрыяды. Часта ўжываныя тэрміны старажытнамангольская мова ды сярэднемангольская мова прымяняюцца для азначэньня агульнай, аднак дыялектна раздробленай мовы мангольскіх плямёнаў да ХІІІ ст. і ў XIIIXV стст. адпаведна.

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Найранейшым з захаваных мангольскіх пісьмовых помнікаў лічыцца аформленая старамангольскім пісьмом стэла Ісунгэ, якая датуецца 1224 або 1225 гадамі[32]. Прыкладна ў гэты ж пэрыяд, у ХІІІ ст., зьяўляецца мангола-армянскі слоўнік з 55 словаў, складзены армянскім гісторыкам Кіракосам Гандзакецы. Гэты дакумэнт лічыцца першым пісьмовым згадваньнем мангольскай лексыкі[33]. У наступным, з ХІІІ па XV ст., мангольская мова, за выняткам заходніх дакумэнтаў, фіксавалася прынамсі чатырма сыстэмамі запісу: старамангольскім пісьмом (адаптацыя ўйгурскага), квадратным пісьмом (створанае тыбэтцамі пры дапамозе тыбэцкага пісьма й індыйскага пісьма дэванагары), кітайскімі герогліфамі (пісьмовасьць г.зв. Патаемнага Сказаньня манголаў) і арабскім пісьмом — апошняе выкарыстоўвалася галоўным чынам у слоўніках[34]. Пісьмовыя помнікі гэтых пэрыядаў у навуковым абарачэньні сталі ўмоўна вядомыя як сярэднемангольская мова. Дакумэнты тагачасным адаптаваным уйгурскім пісьмом маюць набор уласных моўных асаблівасьцяў, што часам дае падставу некаторым дасьледчыкам вылучаць мову помнікаў уйгурскім пісьмом як даклясычную мангольскую[34].

Пазьнейшы пэрыяд разьвіцьця мангольскае мовы вызначаецца як клясычная мангольская мова, які доўжыўся ў часе XVIII-ХІХ стст. Пісьмовая мова гэтага пэрыяду мела высокую ступень стандартызацыі ў артаграфіі й сынтаксісе, маючы адрозьненьні ад сучаснай мангольскай. У гэты пэрыяд былі перакладзеныя будысцкія рэлігійныя тэксты Канджур ды Данджур, а таксама напісана некалькі хронік[35][36]. Старая пісьмовая мангольская мова дагэтуль выкарыстоўваецца ва Ўнутранай Манголіі[37][38] (гл. вышэй).

У 1686 годзе было вынайдзенае пісьмо саёмбо, якое выкарыстоўвалася ў будысцкіх тэкстах. Гэтае пісьмо дае ўяўленьне пра фаналягічныя асаблівасьці клясычнай мангольскай мовы[39]. Узор гэтае пісьмовасьці можна ўбачыць на сучасным сьцягу Манголіі ў выглядзе графічнай кампазыцыі жоўтага колеру ў правай частцы сьцягу.

Зьмены ў фаналёгіі

рэдагаваць
  • Зычныя:

Дасьледаваньні датычна пытаньня рэканструкцыі зычных у сярэднемангольскай мове спрычынілася да ўзьнікненьня шэрагу спрэчак.

Сярэднемангольская мова мела дзьве сэрыі выбухных зычных, але невядомы крытэр іх супрацьпастаўленьня: паводле звонкасьці/глухасьці[40] або паводле асьпірацыі[3]. Раньнія варыянты мангольскіх пісьмовасьцяў мелі па два сымбалі для вэлярных і ўвулярных выбухных зычных, але правіла гармоніі галосных дазваляе рэканструяваць толькі дзьве падобныя фанэмы, */k/, */kʰ/ (~ *[k], *[qʰ])[3]. Сярод іншых праблемаў — неадпавяданьне мэдыяльных[i] зычных у чатырох розных пісьмовасьцях: так, напрыклад, уйгурска-мангольскае мэдыяльнае /k/ мае два адпаведнікі ў іншых пісьмовасьцях, /k/ або нуль сымбаляў. Традыцыйныя дасьледаваньні рэканструюць */k/ для абодвух выпадкаў, сьцьвярджаючы, што гэтая фанэма магла страціцца ў некаторых выпадках[41]. За апошнім часам высоўваліся гіпотэзы, што ўйгурска-мангольскае /k/ і адсутнасьць сымбаляў у гэтых пазыцыях іншых пісьмовасьцяў маглі ўказваць на асобную фанэму, /h/, якая адпавядала ініцыяльнаму[j] /h/ іншых пісьмовасьцяў[3]. Часам /h/ тлумачыцца паходжаньнем з */pʰ/, якое ва ўйгурска-мангольскай пісьмовасьці пазначалася як /p/, а ў іншых пісьмовасьцях — як нуль гуку (напр., debel > deel, від традыцыйнага адзеньня)[42]. Варта адзначыць, што ў блізкароднаснай бурацкай мове гэтае слова запісваецца з ужываньнем сымбалю для падобнага гуку: дэгэл.

У паўночных дыялектах сучаснае мангольскае мовы (напр., халхаскім) *č, *čʰ выйшлі на ініцыяльныя пазыцыі слова. Ва ўланбатарскіх гаворках халхаскага дыялекту і гаворках на поўдзень ад яе *kʰ набыў сьпірантнае вымаўленьне, ператварыўшыся ў /x/ (напр., даклясычнае мангольскае *kʰynty > сучасн. манг. /xunt/[3]). Пры гэтым, у навакольлях Баянхангору й Баруўн-Урту дагэтуль часта захоўваецца вымаўленьне са старым зычным: [kʰunt][43]. Першапачатковае *n перайшло ў /ŋ/, аднак у пазыцыі перад галосным яно захавалася (*kʰen > /xiŋ/, але *kʰoina > /xɔin/). У некаторых пазыцыях *[ʃ] фанэматычным. Зычныя прамангольскай мовы ў словах з галоснымі задняга шэрагу паляталізаваліся ў пазыцыі перад *i ў сучаснай мангольскай. У некаторых словах склонавыя паказчыкі страцілі зычны *n, але ён захаваўся ў давальным, родным склоне й аблятыве[3].

  • Галосныя:

У сучаснай лінгвістыцы прынята, што інвэнтар галосных гукаў прамангольскай мовы складаўся з гукаў *i, *e, *y, , *u, *o, *a. Згодна з гэтым пунктам гледжаньня, *o ды *u ператварыліся ў фарынгальныя /ɔ/, /ʊ/, тады як *y, *ø зазналі зьмену ў вэлярныя /u/, /o/ адпаведна, што, адпаведна, стала сьведчаньнем зруху гармоніі галосных з вэлярнай у фарынгальную парадыгму.

Галосны *i ў першых складох словаў з галоснымі задняга шэрагу зьведаў асыміляцыю ў наступны галосны, у пачатку словаў ператварыўся ў /ja/. *e у пазыцыі перад *y перайшоў у агублены *ø. У спалучэньнях VhV або VjV[k] манафтангізавалася *i (у выпадку, калі знаходзілася ў гэтых спалучэньнях). У неініцыяльных складох кароткія галосныя зьніклі, што спрычынілася да спрашчэньня доўгіх галосных да кароткіх[3]. Напрыклад:

*imahan > *jamaːn (ператварэньне *i, зьнікненьне *h) > /jama(n) (зьнікненьне n, рэдукцыя галоснага);
*emys- > *ømys- (рэгрэсіўнае асыміляцыйнае агубленьне) > *omus- (вэлярызацыя галоснага) > /oms-/ (рэдукцыя галоснага).

Між тым, гэты варыянт рэканструкцыі аспрэчваўся некаторымі лінгвістамі, на думку якіх зьмены галосных у мангольскай мове ды іншых мангольскіх мовах могуць быць апісаныя карацей, прапаноўваюцца іншыя варыянты рэканструкцыі галосных: халх. *[ə] замест *[e]. Акрамя таго, падобныя гукавыя зьмены маглі быць выкліканыя іншымі месцамі артыкуляцыі і запазычаньняў пэрыяду сярэднемангольскай мовы[44].

Зьмены ў марфалёгіі

рэдагаваць

У наступным разьдзеле тэрмін сярэднемангольская мова мае на ўвазе мову пісьмовых помнікаў уйгурска-мангольскай, кітайскай ды арабскай пісьмовасьцяў.

У марфалягічным дачыненьні з часоў сярэднемангольскай мовы ў асноўным слаба зьмянілася склонавая сыстэма, аднак адбыліся прыкметныя зьмены ў давальным склоне і камітатыве, большасьць іншых склонавых суфіксаў скарацілася[23][34]. Прыкладам, сярэднемангольскі суфікс -luγ-a, які на той час ня меў атрыбутыўных функцыяў, быў заменены суфіксам -taj, які першапачаткова пазначаў пасэсара (mori-tai — «[асоба], якая мае каня» > mor’toj). Прыметнікі таксама адзначаліся наўянасьцю суфіксу ügej (са значэньнем «ня маючы»), што дало падставу для меркаваньняў пра наяўнасьць у мове абэсіву (склону, які пазначае адсутнасьць чаго-кольвек)[42]. Існавалі тры розныя суфіксы для выражэньня давальна-лякатыўна-дырэктыўных зносінаў, якія разьмяркоўваліся паводле некалькіх тыпаў: -a (лякатыўн.), -dur, -da (давальн.) або -da, -a (давальн.) і -dur (лякатыўн.)[32][34], пры гэтым у абодвух выпадках існавала некаторае своеасаблівае перакрыжаванае ўжываньне гэтых суфіксаў. Суфікс -dur паўстаў як граматыкалізаваная форма прыназоўніку dotur-a («падчас»)[45]. Пазьней гэты суфікс зазнаў пасьлядоўную рэдукцыю ў -du і потым у -d, -a захаваўся толькі ў некаторых гаворках, тады як -da быў страчаны наогул[45][46]. Падобную суфіксу -dur граматыкалізацыю зазнала прыслоўе uruγu («уніз»), якое пераўтварылася ў суфікс -ruu[1].

Апрача зьменаў у склонавых суфіксах, адзначаецца страта адрозьненьня людзей паводле сацыяльнага статусу[23][34].

Сярэднемангольская мова адрозьнівалася ад сучаснай мангольскай некалькі большым інвэнтаром формаў дэкляратыўных суфіксаў фінітных дзеясловаў і меншай колькасьцю дзеепрыметнікаў, якія маглі мець функцыю канчатковых прэдыкатаў[18][23][47]. Некаторыя фінітныя дзеяслоўныя суфіксы, якія пазначалі множны лік, а таксама мужчынскі ды жаночы род дзейніку, былі страчаныя.

У сынтаксісе звычайны парадак словаў у сказе зь дзейнікам, выражаным займеньнікам, зьмяніўся з OVS (дапаўненьне-выказьнік-дзейнік) у SVO (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, гл. вышэй). Будова адмаўленьня таксама сьцярпела зьмены: адмоўныя часьціцы перад фінальнымі дзеясловамі зьмянілілся на адмоўныя часьціцы перад дзеепрыметнікамі — такім чынам, адмаўленьне перасунулася зь фінальных дзеясловаў, а яе функцыі ўспрынялі часьціцы[48] (напр., даклясыч. манг. ese irebe > халх.-манг. ireegüj або irsengüj — «не прыйшоў»).

  1. ^ Старамангольскім пісьмом — ᠮᠤᠨᠭᠭᠤᠯ ᠬᠡᠯᠡ
  2. ^ Паводле Шэчэнбагатура алашаньскі дыялект клясыфікуецца як частка паўднёвамангольскіх дыялектаў, але паводле Свантэсана алашаньскі дыялект належыць да айрацкіх, што абгрунтоўваецца фаналягічнымі крытэрамі.
  3. ^ Пра гісторыю алтайскае тэорыі гл. Georg, Stefan, Peter A. Michalove, Alexis Manaster Ramer, Paul J. Sidwell. 35 // Telling general linguists about Altaic. — Journal of Linguistics. — 1999. — С. 65-98. З тых часоў найбольш прадстаўнічай публікацыяй у падтрымку алтайскай тэорыі стала праца Starostin, Sergei A., Anna V. Dybo, Oleg A. Mudrak. 3 // Etymological Dictionary of the Altaic Languages,. — Leiden: Brill, 2003. — ISBN 90-04-13153-1 Найбольш падрабязная крытыка — у працы Vovin, Alexander. 49 // The end of the Altaic controversy (review of Starostin et al. 2003). — Central Asiatic Journal. — 2005 Т. 1. — С. 71-132.
  4. ^ З прычыны адсутнасьці дадзенага склону ў беларускай мове дакладны пераклад немажлівы.
  5. ^ То бок у любым непачатковым.
  6. ^ То бок устаўное.
  7. ^ Падваеньне пачатковага складу, асновы ці слова.
  8. ^ Тут і далей, як у папярэдніх разьдзелах, словы, глёсы ды марфэмы пазначаюцца лацінскай транскрыпцыяй.
  9. ^ Сярэдзіна слова.
  10. ^ Пачатак слова.
  11. ^ Дзе V — любы галосны гук.
  1. ^ а б в г д е ё ж з і Sečenbaγatur, Qasgerel, Tuyaγ-a [Туяa], Bu. Jirannige, Wu Yingzhe, Činggeltei. Mongγul kelen-ü nutuγ-un ayalγun-u sinǰilel-ün uduridqal. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2005. — ISBN 7-204-07621-4
  2. ^ а б ScriptSource - Mongolian
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Svantesson, Jan-Olof, Anna Tsendina, Anastasia Karlsson, Vivan Franzén. The Phonology of Mongolian. — New York: Oxford University Press, 2005. — ISBN 0-19-926017-6
  4. ^ а б в г д Janhunen, Juha. Mongol dialects / Janhunen. — 2003. — С. 177-191.
  5. ^ Rinčjen 1979
  6. ^ Amaržargal, B. BNMAU dah' Mongol helnij nutgijn ajalguuny tol' bichig: halh ajalguu. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1988.
  7. ^ Coloo, Ž. BNMAU dah' mongol helnij nutgijn ajalguuny tol' bichig: ojrd ajalguu. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1988.
  8. ^ Санжеев Г. Д. Сравнительная грамматика монгольских языков. — М.: Академия Наук СССР, 1953.
  9. ^ Гл.напрыклад Janhunen, Juha. The Mongolic languages. — London: Routledge, 2003. — ISBN 0700711333
  10. ^ Svantesson et al. 2006
  11. ^ Dobu 1983
  12. ^ Činggeltei 1959
  13. ^ а б в г Sechenbaatar [Sečenbaγatur], Borjigin. The Chakhar dialect of Mongol: a morphological description. — Helsinki: Finno-Ugrian society, 2003. — ISBN 952-5150-68-2
  14. ^ Bayančoγtu. Qorčin aman ayalγun-u sudulul. — Kökeqota: ÖMYSKQ, 2002. — ISBN 7-81074-391-0
  15. ^ Karlsson, Anastasia Mukhanova. 46 // Rhythm and intonation in Halh Mongolian. — Travaux de l'Institut de Linguistique de Lund. — Lund University: Thesis. Lund, 2005. — ISBN 91-974116-9-8
  16. ^ Walker, Rachel. Mongolian stress, licensing, and factorial typology. — Rutgers Optimality Archive, ROA-172, 1997.
  17. ^ Sečen. Odu üy-e-yin mongγul bičig-ün kelen-ü üge bütügekü daγaburi-yin sudulul. — Kökeqota: ÖMASKKQ, 2004. — ISBN 7-5311-4963-X
  18. ^ а б в P. Bjambasan, C. Önörbajan, B. Pürev-Očir, Ž. Sanžaa, C. Žančivdorž. Orčin cagijn mongol helnij ügzüjn bajguulalt / Luvsanvandan, Š. — Ulaanbaatar: Ardyn bolovsrolyn jaamny surah bičig, setgüülijn negdsen rjedakcijn gazar, 1987.
  19. ^ Hashimoto, Kunihiko. 43 // <-san> no imiron. — MKDKH. — Sapporo: Dō daigaku, 1993. — С. 49-94.
  20. ^ а б Tsedendamba, Ts., Sürengijn Möömöö. Orčin cagijn mongol hel. — Ulaanbaatar: 1997.
  21. ^ а б в Guntsetseg, D. 1 // Differential Object Marking in Mongolian. — Working Papers of the SFB 732 Incremental Specification in Context. — 2008. — С. 53-69.
  22. ^ а б в Tserenpil, D.; R. Kullmann. Mongolian grammar. — Ulaanbaatar: Admon, 2005. — ISBN 99929-0-445-3
  23. ^ а б в г д Svantesson, Jan-Olof. Khalkha / Janhunen. — 2003. — С. 154-176.
  24. ^ Mönh-Amgalan, J. Orčin tsagijn mongol helnij bajmžijn aj. — Ulaanbaatar: Moncame, 1998. — ISBN 99929-951-2-2
  25. ^ Hashimoto, Kunihiko. 54 // Mongorugo no kopyura kōbun no imi no ruikei. — Muroran kōdai kiyō, 2004. — С. 91-100.
  26. ^ Apatóczky, Ákos Bertalan. On the problem of the subject markers of the Mongolian language / Wú Xīnyīng, Chén Gānglóng. — Miànxiàng xīn shìjìde ménggǔxué. — Пэкін: Mínzú Chūbǎnshè, 2005. — С. 334-343. — ISBN 7-105-07208-3
  27. ^ Kang, Sin Hyen. 10 // Tay.mong.kol.e chem.sa č-uy uy.mi.wa ki.nung. — Monggolhak. — Сэул: Hanʼguk Monggol Hakhoe, 2000. — С. 1-23.
  28. ^ Temürcereng, J̌. Mongγul kelen-ü üge-yin sang-un sudulul. — Kökeqota: ÖMASKKQ, 2004. — ISBN 7-5311-5893-0
  29. ^ а б Öbür mongγul-un yeke surγaγuli. Odu üy-e-yin mongγul kele. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2005 [1964]. — ISBN 7-204-07631-1
  30. ^ а б Batchuluun Yembuu, Khulan Munkh-Erdene. Literacy country study: Mongolia. — All Global Monitoring Report 2006. — Literacy for Life, 2005. — С. 7-8.
  31. ^ Б. Сүхбаатар. Монгол хэлний кирилл үсгийг латин үсгээр галиглах тухай // Бидний тухай.
  32. ^ а б Garudi. Dumdadu üy-e-yin mongγul kelen-ü bütüče-yin kelberi-yin sudulul. — Kökeqota: ÖMAKQ, 2002.
  33. ^ Djahukyan, Gevork. Armenian Lexicography / Franz Josef Hausmann. — International Encyclopedia of Lexicography. — Berlin: Walter de Gruyter, 1991. — С. 2367-2371.
  34. ^ а б в г д Rybatzki, Volker. Middle Mongol / Juha Janhunen. — 2003. — С. 47-82.
  35. ^ Janhunen, Juha. Written Mongol / Juha Janhunen. — 2003. — С. 30-56.
  36. ^ Okada, Hidehiro. 27 // Mongol chronicles and Chinggisid genealogies. — Journal of Asian and African studies. — 1984. — С. 147-154.
  37. ^ Г. Д. Санжеев. Монгольские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990. — С. 306.
  38. ^ Н. С. Яхонтова. Монгольские языки // Языки мира. Монгольские языки. Тунгусо-маньчжурские языки. Японский язык. Корейский язык. — М.: 1997. — С. 10-18.
  39. ^ Nadmid, Ž. Mongol hel, tüünij bičgijn tüühen högžlijn tovč tojm. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1967.
  40. ^ Tömörtogoo, D. Mongol helnij tüühen helzüj. — Ulaanbaatar: 1992.
  41. ^ Poppe, Nicholas. Introduction to Mongolian comparative studies. — Helsinki: Finno-Ugrian Society, 1955.
  42. ^ а б Janhunen, Juha. Proto-Mongolic / Juha Janhunen. — 2003.
  43. ^ Rinchen, Byambyn. Mongol ard ulsyn ugsaatny sudlal helnij šinžlelijn atlas. — Ulaanbaatar: ŠUA, 1979.
  44. ^ Ko, Seongyeon. 47 // Vowel Contrast and Vowel Harmony Shift in the Mongolic Languages. — Language Research. — 2011 Т. 1. — С. 23-43.
  45. ^ а б Toγtambayar, L. Mongγul kelen-ü kele ǰüiǰigsen yabuča-yin tuqai sudulul. — Liyuuning-un ündüsüten-ü keblel-ün qoriy-a, 2006. — ISBN 7-80722-206-9
  46. ^ Norčin. Mongγol kelen-ü toli. — Kökeqota: ÖMAKQ, 1999. — ISBN 7-204-03423-6
  47. ^ Weiers, Michael. 28 // Untersuchungen zu einer historischen Grammatik des präklassischen Schriftmongolisch. — Asiatische Forschungen. — Wiesbaden: Otto Harrassowitz, 1969.
  48. ^ Yu, Wonsoo. A study of Mongolian negation. — Ph. D. Thesis. — Bloomington: Indiana University, 1991.

Літаратура

рэдагаваць
  • Janhunen, Juha A. Mongolian. — London Oriental and African Language Library, 19. — Amsterdam: John Benjamins Publishing Company, 2012. — ISBN 978-90-272-3820-7, ISSN 1382-3485
  • Большой академический монгольско-русский словарь, в 4 томах. Под ред.: А. Лувсандэндэв, Ц. Цэдэндамб, Г. Пюрбеев. Издательство: Academia, 2001-2004. ISBN 5-87444-047-X, 5-87444-141-7, 5-87444-143-3

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Інфармацыя па вывучэньні:
  • Агульная інфармацыя: