Уйгурская мова
Уйгу́рская мова (уйг.: ئۇيغۇرچە, ئۇيغۇر تىلى; Уйғурчә, Уйғур тили; Uyghurche, Uyghur tili; вымаўл. [ʊjʁʊrˈtʃɛ], [ʊjˈʁʊr tili]) — адна зь цюрскіх моваў; разам з узбэцкай утварае карлуцкую групу. Завецца таксама новаўйгурскай або сучаснай уйгурскай мовай з мэтай адрозьніваньня гістарычных старажытна- і стараўйгурскай моваў
Уйгурская мова | |
ئۇيغۇرچە, ئۇيغۇر تىلى | |
Ужываецца ў | Кітаі (у прыватнасьці, Сіньцьзян), Казахстане |
---|---|
Рэгіён | Сярэдняя Азія |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Алтайская сям’я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (Кітай) |
Рэгулюецца | Працоўным камітэтам па нацыянальнай мове і пісьмовасьці Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну |
Статус: | 2 Правінцыйны[d][1] |
Пісьмо | арабскае пісьмо[d], кірыліца і лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | ug |
ISO 639-2(Б) | uig |
ISO 639-2(Т) | uig |
ISO 639-3 | uig |
SIL | — |
Распаўсюджаная ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР (функцыянуе як афіцыйная мова; пры гэтым, у некаторых рэгіёнах аўтаномнага раёну могуць пражываць іншыя этнічныя групы, што скарачае арэал уйгурскае мовы ў аўтаномным раёне), часткова ў Казахстане, Узбэкістане, Кыргыстане й Туркмэністане; невялікія групы ўйгураў ёсьць таксама ў Аўганістане, Саудаўскай Арабіі й Турэччыне. Колькасьць носьбітаў — ад прыкладна 8[2][3] да 11 млн чал.[4].
Назва «ўйгурская мова» была ўведзеная для гэтае мовы ў 1921 годзе з ініцыятывы С. Е. Малава, аднак генэтычна не даведзена, што ўйгурская мова зьяўляецца нашчадкам старажытнаўйгурскае мовы.
Ва ўйгурскай мове вылучаюцца тры асноўныя дыялектныя групы: паўночна-заходняя, або цэнтральная (аб’ядноўвае 10 дыялектаў, зь іх ілійскі палёг ў аснову сучаснай уйгурскай літаратурнай мовы); паўднёвая, або хатанская; усходняя, або лабнорская.
Большасьць дыялектаў маюць супольныя фанэтычныя ўласьцівасьці, за выняткам лабнорскага, які ёсьць прамежкавай ступеньню ад сіньцьзянскіх гаворак да больш архаічнага па сваёй будове мове ганьсуйскіх жоўтых уйгураў. Характарызуючы асаблівасьці ўйгурскіх гаворак, С. Е. Малаў падсумоўвае іх наступным чынам:
- Аслабленьне шырокіх галосных, звужэньне і паляталізацыя іх у залежнасьці:
- ад пераносу націску ў слове (напр. at — «імя», et — «яго імя»);
- ад рэгрэсіўнага ўплыву галосных i, y, u, o (праз адзін зычны, напр. azuq — «харч» — пераходзіць у ozuq; jaruq — «сьвятло» — у joruq);
- ад абодвух умоваў разам (напр. oina — «гуляй», oinudoq — «гулялі»);
- Вузкія гукі і, о пад уплывам асаблівай экспрэсіі чаргуюцца альбо замяняюцца шырокімі а (напр. otun > otan — «дровы»);
- Гукі ü, ö замяняюцца ä (напр. özüm > özäm — «сам я»);
- Гук ы адсутнічае, выяўляючы схільнасьць быць гукам больш пярэдняга шэрагу нават пасьля q, ol;
- У шэрагу выпадкаў зьнікае гук r за кошт падаўжэньня папярэдняга гуку (напр. bi замест bir — «адзін»)[5].
У фанэтыцы для ўйгурскай мовы характэрныя шматлікія адхіленьні ад сынгарманізму (закону гармоніі галосных у слове, характэрнай для цюрскіх моваў, які асаблівым чынам дазваляе розным галосным гукам узьнікаць у словах). Пры агульнай несумнеўнай аглютынацыйнасьці шырока прадстаўленыя элемэнты фузіі — фанэтычныя чаргаваньні на зьбегу марфэмаў, а таксама неўласьцівыя цюрскім мовам рэгрэсіўная асыміляцыя галосных і зычных (баш «галава» — бешы «ягоная галава»; таг «гара» — такка «да гары») ды рэдукцыя галосных (мəктəп «школа» — мəктивим «мая школа»). У лексыцы, побач са звычайнымі для большасьці цюрскіх моваў шматлікімі пэрсыдзкімі й арабскімі запазычаньнямі, прадстаўленыя запазычаньні з кітайскай мовы (у літаратурнай мове ўйгураў Сіньцьзяну); у літаратурнай мове сярэднеазіяцкіх уйгураў шматлікія расейскія запазычаньні.
Калі лічыць старажытна-, стара- і новаўйгурскую мовы пераемніцамі адна адной (што не бясспрэчна і шэрагам дасьледчыкаў адмаўляецца), ва ўйгурскай адсочваецца самая доўгая сярод усіх цюрскіх моваў пісьмовая традыцыя, цесна зьвязаная з гісторыяй іншых цюрскіх літаратурных моваў. Найранейшыя помнікі, трактаваныя як старажытнаўйгурскія, прылічваюць да V-VIII стагодзьдзяў; яны запісаныя з дапамогай розных сыстэмаў пісьмовасьці — маніхейскай (V ст.); рунічнай (V—VIII стст.); сагдыйскай, створанай на аснове стараарамэйскай пісьмовасьці, якая паслужыла гэтаксама асновай для ўйгурскай пісьмовасьці (з VIII ст.); старажытнаіндыйскай пісьмовасьці брагмі. З XI стагодзьдзя уйгуры пачалі карыстацца арабскай пісьмовасьцю, а ўйгурская паступова выйшла з карыстаньня, захаваўшыся, аднак, да XVII стагодзьдзя ў будыйскіх манастырах і да XV ст. у канцылярыях Тымурыдаў, а таксама паслужыўшы асновай для старамангольскай пісьмовасьці (для мангольскай мовы, якая, аднак, не належыць да цюрскіх). З XI ст. прынята весьці адлік уйгурскай літаратуры, якая ў значнай ступені зьяўляецца агульным здабыткам шматлікіх цюркамоўных народаў Сярэдняй Азіі й Сіньцьзяну.
Як у Сіньцьзяне, гэтак і ў Сярэдняй Азіі на ўйгурскай мове выдаецца літаратура, пэрыёдыка, вядуцца радыё- і тэлеперадачы.
Пісьмовасьць
рэдагавацьСучасная ўйгурская мова склалася ў XVII стагодзьдзі; у цяперашні час літаратурная ўйгурская мова існуе ў дзьвюх разнавіднасьцях: усходне-туркестанскай (пісьмовасьць на арабскай графічнай аснове; у пэрыяд з 1965 па 1982 гады выкарыстоўвалася таксама лацінскі альфабэт) і цэнтральна-азіяцкай: пісьмовасьць на арабскай аснове да 1930 году на лацінскай у 1930—1946 гады, з 1947 году — на аснове кірылічнай графікі. Іх агульнай дыялектнай базай зьяўляецца цэнтральны дыялект.
Характэрнай рысай сучаснага ўйгурскага альфабэту на арабскай аснове зьяўляецца рэгулярная перадача галосных (у адрозненьне ад разнавіднасьцяў арабскага пісьма для іншых моваў — як то пэрсыдзкай ці курдзкай — у якіх галосныя пры пісьме альбо апускаюцца, альбо перадаюцца мэтадам матрэс лекцыёніс).
Існуе прынамсі два варыянты ўйгурскае лацінскае пісьмовасьці: адзін зьяўляецца старэйшым і паводле складу літараў цягнецца да іншых лацінскіх альфабэтаў цюрскіх моваў, другі зьяўляецца больш новым і, у адрозьненьне ад першага, зьмяшчае заўважна меншую колькасьць літараў з дыякрытычнымі знакамі.
Уйгурамі Кітаю выкарыстоўваецца пісьмовасьць на арабскай аснове, у значна меншай ступені — лацінскія альфабэты. Уйгуры краінаў былога СССР выкарыстоўваюць кірыліцу, на аснове якой для ўйгураў пры СССР створаны альфабэт.
Уйгурскі арабскі альфабэт 1925—1930
ﯪ ﯭ ب پ ت ج چ خ د ر ز ژ س ش غ ف ق ك گ ڭ ل م ن و ﯮ ﯰ ه ﰃ ى
Уйгурскі лацінскі альфабэт 1930—1946
A a | B в | C c | Ç ç | D d | E e | Ə ə | G g |
Ƣ ƣ | H h | I i | J j | K k | L l | M m | N n |
Ŋ ŋ | O o | Ө ө | P p | Q q | R r | S s | Ş ş |
T t | U u | V v | X x | Y y | Z z | Ƶ ƶ | ’ |
Уйгурскі кірылічны альфабэт з 1947
А а | Б б | В в | Г г | Ғ ғ | Д д | Е е | Ё ё |
Ә ә | Ж ж | Җ җ | З з | И и | Й й | К к | Қ қ |
Л л | М м | Н н | Ң ң | О о | Ө ө | П п | Р р |
С с | Т т | У у | Ү ү | Ф ф | Х х | Ц ц | Ч ч |
Ш ш | Щ щ | Ъ ъ | Ы ы | Ь ь | Э э | Ю ю | Я я |
Арабскі (КНР) | Лацінскі (КНР) | Кірыліца | Лацінскі (СССР) | IPA | Арабскі (КНР) | Лацінскі (КНР) | Кірыліца | Лацінскі (СССР) | IPA | |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
ئا | A a | A a | A a | /a/ | ق | Ķ ķ | Қ қ | Q q | /q/ | |
ئە | Ə ə | Ə ə | Ə ə | /æ/ | ك | K k | К к | K k | /k/ | |
ب | B b | Б б | B в | /b/ | ڭ | -ng | Ң ң | Ŋ ŋ | /ŋ/ | |
پ | P p | П п | P p | /p/ | گ | G g | Г г | G g | /ɡ/ | |
ت | T t | Т т | T t | /t/ | ل | L l | Л л | L l | /l/ | |
ج | J j | Җ җ | С с | /ʤ/ | م | M m | М м | M m | /m/ | |
چ | Q q | Ч ч | Ç ç | /ʧ/ | ن | N n | Н н | N n | /n/ | |
خ | H h | X x | X x | /x/ | ھ | H̡ h̡ | Һ һ | H h | /h/ | |
د | D d | Д д | D d | /d/ | ئو | O o | О о | О о | /o/ | |
ر | R r | Р р | R r | /r/ | ئۇ | U u | У у | U u | /u/ | |
ز | Z z | З з | Z z | /z/ | ئۆ | Ɵ ɵ | Ө ө | Ɵ ɵ | /ø/ | |
ژ | Ⱬ ⱬ | Ж ж | Ƶ ƶ | /ʒ/ | ئۈ | Ü ü | Ү ү | Y y | /y/ | |
س | S s | С с | S s | /s/ | ۋ | V v | В в | V v | /v/ | |
ش | X x | Ш ш | Ş ş | /ʃ/ | ئې | E e | E e | E e | /e/ | |
غ | Ƣ ƣ | Ғ ғ | Ƣ ƣ | /ʁ/ | ئى | I i | И и | I i | /i/ або /ɨ/ | |
ف | F f | Ф ф | F f | /f/ | ي | Y y | Й й | J j | /j/ |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Nationalencyklopedin, Världens 100 största språk 2007
- ^ Uyghur | Ethnologue
- ^ Dwyer, Arienne. Policy Studies // The Xinjiang Conflict: Uyghur Identity, Language Policy, and Political Discourse. — Washington: East-West Center. — Т. 15. — С. 12-13. — ISBN ISBN 1-932728-29-5
- ^ С. Е. Малаў, Вывучэньне жывых цюрскіх гаворак Заходняга Кітаю, Усходнія запіскі, т. I, Ленінград, 1927; Яго ж, Матэрыялы па ўйгурскіх гаворках Сінь-Цьзяну. Зборнік, прысьвечаны С. Ф. Ольдэнбургу, Ленінград, 1927. (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- В. Н. Ярцева и др. Лингвистический энциклопедический словарь, Москва, «Советская энциклопедия», 1990.
- Малов С. Е., Изучение живых турецких наречий Западного Китая, Восточные записки, т. I, Л., 1927;
- Его же, Материалы по уйгурским наречиям Синь-Цзяна. Сборник, посвященный С. Ф. Ольденбургу, Л., 1927;
- Каидаров А. Т., Уйгурский (новоуйгурский) язык, у кн.: Языки народов СССР, т. 2, М., 1966;
- Уйгурско-русский словарь, А.-А., 1961.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць Вікіпэдыя мае вэрсію уйгурскай мовай |
Уйгурская мова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў