Марфэ́ма — найменшая мінімальная значымая частка слова й словаформы, якая выражае пэўнае лексычнае ці граматычнае, ці тое й другое значэньні разам. Тэрмін марфэма ўпершыню быў уведзены ў 70-х гг. XIX ст. І. А. Бадуэнам дэ Куртэнэ як родавае абагульненьне структурных частак слова.

Канкрэтным прадстаўніком (рэпрэзэнтантам) марфэмы ў слове зьяўляецца морф. Марфэма вычляняецца парадыгматычна, г. зн. шляхам падбору аднакаранёвых словаў.

Прыметы марфэмы

рэдагаваць

Дыфэрэнцыяльныя прыметы марфэмы:

  • мінімальнасьць (далей недзялімая частка);
  • сэнсавая й структурная непадзельнасьць;
  • паўтаральнасьць і рэгулярнасьць (здольныя паўтарацца ў структуры аднакаранёвых і аднатыпных словаў);
  • значымасьць (кожная марфэма мае лексычнае значэньне й граматычнае значэньне),
  • абстрактнасьць (марфэмам уласьціва даволі шырокае, адцягненае лексычнае й граматычнае значэньні);
  • узуальнасьць (марфэмы існуюць у мове як гатовыя моўныя адзінкі).

Адрозьненьні марфэмы ад іншых адзінак мовы

рэдагаваць

Марфэма выражае пэўнае значэньне (лексычнае або граматычнае), а фанэма значэньня ня мае.

Склад, як і фанэма, ня мае значэньня. Склад — вымаўленчая адзінка. Калі назіраецца супадзеньне складу з марфэмай, то яно толькі фармальнае, зьнешняе. Прынцыпы складападзелу не прадугледжваюць захаваньне цэласнасьці марфэмы.

Марфэма ня мае намінатыўнага значэньня і не выконвае намінатыўную функцыю. Яна пазбаўленая самастойнасьці й функцыянуе толькі ў складзе слова. Марфэма — непадзельная адзінка мовы, а слова дзеліцца на марфэмы. Марфэма не надзеленая марфоналягічнай аформленасьцю й сэнсавай завершанасьцю, у той час як слова мае граматычныя адзнакі (род, лік, склон і г. д.). Марфэмы вычляняюцца толькі ў складзе слова, а словы вычляняюцца са сказаў.

Марфэма адрозьніваецца ад сказа тым, што сказ мае інтанацыйную аформленасьць, а марфэма ня мае.

Клясыфікацыя марфэмаў

рэдагаваць

Пры клясыфікацыі марфэмаў улічваюцца наступныя іх характарыстыкі:

  1. значэньне й функцыя марфэмаў у складзе слова;
  2. роля марфэмы ў складзе слова;
  3. месца знаходжаньня марфэмы ў слове адносна кораня;
  4. частотнасьць ужываньня марфэмаў;
  5. здольнасьць марфэмаў да ўтварэньня новых словаў;
  6. характарыстыка марфэмаў па сэмантычных адносінах паміж сабой;
  7. генэтычная характарыстыка марфэмаў (паводле паходжаньня).

З пункту гледжаньня значэньня марфэмы могуць выражаць наступныя тыпы значэньняў:

  1. рэчыўнае;
  2. дэрывацыйнае (словаўтваральнае);
  3. рэляцыйнае (словазьменнае).

Носьбітам рэчыўнага значэньня ў слове зьяўляецца каранёвая марфема. Носьбітам дэрывацыйнага значэньня зьяўляюцца прыстаўкі, суфіксы й постфіксы.

Рэляцыйныя марфэмы падзяляюцца на:

  1. словазьменныя (канчаткі ўсіх зьменных часьцінаў мовы);
  2. несловазьменныя (формаўтваральныя афіксы).

Прамежкавае становішча паміж марфэмамі займаюць сынкрэтычныя (словаформаўтваральныя) марфэмы.

По ролі ў слове марфэмы падзяляюцца на:

  1. абавязковыя (каранёвыя марфэмы);
  2. неабавязковыя.

Сыстэмна-сэмантычныя адносіны марфэмаў

рэдагаваць

Па сэмантычных адносінах паміж сабой марфэмы бываюць:

  • Сынанімічныя – маюць блізкае або аднолькавае значэньне, але гучаць па-рознаму, маюць розны гукавы склад.
  • Мнагазначныя (полісэмічныя) – мнагазначнасьць разьвіваецца на базе пэўнага агульнага значэньня марфэмаў, якое рэалізуецца ў словах блізкіх сэмантычна.
  • Аманімічныя – супадаюць па форме, ня маюць агульнага значэньня. Аманімія назіраецца ня толькі ў межах марфэмаў аднаго віду, але і розных.
  • Антанімічныя – маюць супрацьлеглае значэньне.

Экспрэсіўна-стылістычныя функцыі марфэмаў

рэдагаваць

Як у мове існуюць стылістычна-нэўтральныя і стылістычна-афарбаваныя словы, так і ў мове існуюць словаўтваральныя марфэмы стылістычна-нэўтральныя і стылістычна-афарбаваныя. Стылістычна-нэўтральныя выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях. Стылістычна-афарбаваныя выкарыстоўваюцца толькі ў гутарковым, мастацкім, публіцыстычным стылях і не ўжываюцца ў навуковым і афіцыйна-справавым. Стылістычна-афарбаваныя часьцей выкарыстоўваюцца пры словаўтварэньні назоўнікаў і прыметнікаў. Часьцей за ўсё стылістычна-афарбаванымі бываюць суфіксы.

Стылістычна-афарбаваныя марфэмы падзяляюцца на памяншальна-ласкальныя, павелічальныя, зьневажальныя, абражальныя.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мн: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
  • Граматыка беларускай мовы. У 2 т. Т. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1962.