Афікс
А́фікс — любая значымая частка слова за выключэньнем кораня (прыстаўка/прэфікс, суфікс, канчатак, постфікс). Тое, што й фармант (па-лацінску: formans, formantis — які ўтварае, фарміруе.)
Клясыфікацыя афіксаў рэдагаваць
Па месцы разьмяшчэньня адносна кораня афіксы падзяляюцца на:
- прэпазыцыйныя (перад коранем; прыстаўка);
- постпазыцыйныя (пасьля кораня; суфікс, канчатак, постфікс);
- афіксы, якія стаяць паміж марфэмаў (інтэрфіксы).
Па частотнасьці ўжываньня афіксы падзяляюцца на:
- рэгулярныя (сустракаюцца ў вялікай колькасьці словаў, характарызуюцца паўтаральнасьцю, утвараюць цэлыя словаўтваральныя або формаўтваральныя рады);
- нерэгулярныя (сустракаюцца ў невялікай колькасьці словаў і не ўтвараюць вытворных).
Па здольнасьці ўтвараць новыя словы афіксы падзяляюцца на:
- прадуктыўныя (актыўна выкарыстоўваюцца пры ўтварэньні новых словаў);
- непрадуктыўныя (не ўтвараюць новыя словы).
Нерэгулярныя афіксы заўсёды непрадуктыўныя. Рэгулярныя — прадуктыўныя й непрадуктыўныя.
Па сэмантычных адносінах паміж сабой афіксы падзяляюцца на:
- сынанімічныя (маюць блізкае або аднолькавае значэньне, але па-рознаму гучаць);
- антанімічныя (маюць супрацьлеглае значэньне);
- полісэмічныя/мнагазначныя (могуць мець некалькі розных значэньняў);
- аманімічныя (супадаюць па форме, але адрозьніваюцца па значэньні).
Паводле паходжаньня афіксы падзяляюцца на:
- спрадвечнабеларускія (пры-, -н-, -ск-, -осьць і інш.);
- запазычаныя (анты-, -ірава-, -ізм і інш.).