Кіта́йскае пісьмо́ (па-кітайску: 漢字) ужо некалькі тысячагодзьдзяў зьяўляецца адзіным агульнапрынятым спосабам запісу кітайскай мовы. Знакі кітайскага пісьма таксама шырока выкарыстоўваюцца ў японскім і карэйскім пісьме (там яны называюцца кандзі й ханчча адпаведна). Да 1945 году кітайскае пісьмо выкарыстоўвалася таксама для запісу віетнамскай мовы (хан ты). У кантэксьце інтэрнацыяналізацыі, пісьменнасьці, заснаваныя на кітайскай, называюць CJK (анг. Chinese, Japanese, Korean) або CJKV (з даданьнем анг. Vietnamese).

Традыцыйныя й спрошчаныя герогліфы

Узрост кітайскай пісьменнасьці стала ўдакладняецца. У 1962 годзе пры раскопках неалітычнага паселішча Цьзяху на рацэ Хуанхэ былі выяўленыя надпісы на панцырах чарапахаў, якія нагадваюць па напісаньні найстаражытныя кітайскія герогліфы. Піктаграмы адносяць да VI тысячагодзьдзя да н. э., што больш старажытнае, чым шумэрская пісьменнасьць[1]. Ранейшы вядомы дасьледчык кітайскай пісьменнасьці Тан Лань выказваў здагадку, што кітайская герагліфіка паўстала 4—5 тысячагодзьдзяў таму[2].

Функцыянальная пісьменнасьць на пісьмовай кітайскай мове патрабуе ведаў ад трох да чатырох тысяч знакаў[3]. У Японіі ў сярэдняй школе выкладаюць веданьне 2136 герогліфаў, але яшчэ больш за сотні выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцьці. З-за спрашчэньня сымбаляў у Японіі пасьля Другой сусьветнай вайны, а таксама рэформы ў Кітаі, кітайскія герогліфы, якія выкарыстоўваюцца сёньня ў Японіі, адрозьніваюцца ад тых, якія выкарыстоўваюцца ў Кітаі ў некалькіх аспэктах. Існуюць розныя нацыянальныя стандартныя сьпісы знакаў, формаў і вымаўленьняў. Спрошчаныя формы пэўных герогліфаў выкарыстоўваюцца ў мацерыковым Кітаі, Сынгапуры й Малайзіі; адпаведныя традыцыйныя сымбалі выкарыстоўваюцца ў Тайвані, Ганконгу, Макао й у абмежаванай ступені ў Паўднёвай Карэі. У Японіі найбольш ужываныя герогліфы пішуцца ў спрошчаных для Японіі формах, упрызвычаеныя пасьля Другой сусьветнай вайны, а рэдкія герогліфы пішуцца ў японскіх традыцыйных формах, якія практычна супадаюць з традыцыйнымі кітайскімі формамі.

У сучаснай кітайскай мове большасьць кітайскіх словаў сёньня складаюцца з двух і больш знакаў[4]. Сымбаль амаль заўсёды адпавядае адзінаму складу, які таксама зьяўляецца марфэмай[5]. Аднак ёсьць некалькі выключэньняў з гэтага агульнага правіла. Гэтак маюцца двухскладовыя марфэмы (напісаныя двума сымбалямі), дзьвюхмарфэмныя склады (таксама напісаныя двума сымбалямі) і выпадкі, калі адзін сымбаль уяўляе сабой шматскладовае слова альбо фразу[6].

Кітайскую пісьменнасьць звычайна называюць герагліфічнай або ідэаграфічнай. Яна радыкальна адрозьніваецца ад альфабэтнай тым, што кожнаму знаку прыпісана нейкае значэньне, ня толькі фанэтычнае, і лік знакаў вельмі вялікі.

  1. ^ «Самые древние письмена давали прямую связь с небесами». Грани.Ру
  2. ^ Софронов М. В., «Китайское языкознание в 50-80-хх гг.» // Новое в зарубежной лингвистике, вып. XXII, Языкознание в Китае, М., 1989.
  3. ^ Norman, Jerry (1988). «Chinese». Cambridge: Cambridge University Press. — С. 73. — ISBN 978-0-521-29653-3.
  4. ^ Wood, Clare Patricia; Connelly, Vincent (2009). «Contemporary perspectives on reading and spelling». New York: Routledge. — С. 203. — ISBN 978-0-415-49716-9.
  5. ^ «East Asian Languages at». Pinyin.info
  6. ^ Victor Mair, «Polysyllabic characters in Chinese writing». Language Log.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кітайскае пісьмосховішча мультымэдыйных матэрыялаў