Трансгенны арганізм
Трансгенны арганізм — жывы арганізм, геном якога зьменены шляхам генна-інжынэрнай апэрацыі і зьмяшчае прынамсі адзін дзейны ген іншага арганізма[1]. Іншыя найменьні: генна-інжынэрны арганізм, генэтычна зьменены арганізм (ГЗА) і генэтычна мадыфікаваны арганізм (ГМА)[2].
Стварэньне
рэдагавацьЗ 1982 году трансгенных жывёлаў атрымліваюць праз увядзеньне складніка ДНК, які зьмяшчае некалькі копіяў патрэбнага гена, у ядро народка, што апладніў заплодкавую вузу. Пасьля зьліцьця ядраў зьмененыя зыготы пераносяць у маціцу самкі-рэцыпіента, якая затым нараджае трансгеннае патомства. З 2000-х гадоў сталі таксама выкарыстоўваць стваловыя вузы зародкаў, якія культывуюць па-за арганізмам для ўвядзеньня пэўных генаў з дапамогай вэктараў. Пасьля гэтага вузы зь перасаджанымі чужымі генамі ўкараняюць у іншыя зародкі для атрыманьня трансгеннай жывёлы[1].
Перасьцярогі
рэдагавацьТрансгены маюць уласьцівасьць убудоўвацца ў генны апарат мікраарганізмаў кішачніка праз прыём трансгеннай ежы. У выніку мікрафлёра кішачніка набывае ўстойлівасьць да антыбіётыкаў праз адпаведныя трансгены[3].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1980 годзе стварылі трансгенны штам бактэрыі кішачнай палачкі, які вырабляе гармон росту самататрапін. Адзін літар такіх бактэрыяў вырабляе за некалькі гадзінаў столькі самататрапіну, колькі зьмяшчаецца ў дзясятках мазгавых прывескаў людзей. Саматрапін выкарыстоўваюць у якасьці лека ад карлікавасьці ў дзяцей. Дагэтуль яго вылучалі з мазгавых прывескаў памерлых людзей. У 1982 годзе ў бактэрыяльныя вузы ўвялі ген чалавечага інсуліну. У выніку бактэрыі пачалі сынтэзаваць гэты гармон, якім сталі забясьпечваць большасьць хворых на цукровы дыябэт. Дагэтуль толькі 4 млн з больш як 60 млн дыябэтыкаў у сьвеце атрымлівалі інсулін, які вылучалі з падстаўнікавых залозаў кароваў і сьвіней[1]. У 1983 годзе стварылі першую трансгенную расьліну, якой стаў тытунь. Распрацоўку ажыцьцявілі новазэляндзкі генэтык Майкл Ўэбстэр Біван і ангельскі біёляг Рычард Бэйлі Флэвэл падчас працы ў Інстытуце расьлінаводзтва ў Кембрыджы (Ангельшчына). Дасьледаваньне зьдзейсьнілі ў супрацы з амэрыканскім хімікам Мэры-Дэл Чылтан, якая выкладала ў Вашынгтонскім унівэрсытэце ў Сэнт-Люісе (штат Мізуры). Да 1995 году стварылі каля 60 відаў трансгенных расьлінаў. За 1996—2004 гады плошчы, засеяныя трансгеннымі бавоўнікам, кукурузай і сояй, вырасьлі 25-кратна. У 2000 годзе пасевы трансгеннай кукурузы ў сьвеце занялі 44,2 млн гектараў (442 тыс. км²). У 2004 годзе ў ЗША, якія былі найбольшым сельгасвытворцам у сьвеце, звыш паловы пасеваў збожжа і 83% соевых бабоў утрымлівалі штучна зьменены ланцужок ДНК[4].
На 2007 год стварылі трансгенныя гатункі: кукурузы з павышаным сынтэзам лізіну; соі, устойлівай да гэрбіцыду; бульбы, устойлівай да калярадзкага жука; люцэрны з павышанай зімастойкасьцю; кукурузы, рапсу і соі, здольныя сынтэзаваць бялкі крыві чалавека, жаночага малака і антыцелы (малекулярнае земляробства). У ЗША пераход на трансгенныя расьліны дазволіў ашчаджаць звыш $4 млрд на гэрбіцыды і ўгнаеньні за год. У Аргентыне пераход на сою, устойлівую да гэрбіцыду, заашчаджаў звыш $2 млрд за год. Таксама выкарыстаньне трансгенных расьлінаў дазволіла зьменшыць дозы пэстыцыдаў, што зьнізіла забруджваньне вадаёмаў і глебы, захавала карысных вусякоў і палепшыла якасьць харчаваньня. Пэўныя гатункі зьмененых расьлінаў выкарыстоўваюць для ачысткі земляў, забруджаных цяжкімі мэталамі і нафтапрадуктамі. У 2007 годзе плошча пад трансгенныя расьліны вырасла на 10 млн га (100 тыс. км²) да 5% сусьветных пасеваў. Найбольшыя пасадкі ў памеры каля 50 млн га (500 тыс. км²) знаходзіліся ў ЗША. За імі ішлі Аргентына, Бразылія, Канада і Кітай. У Эўропе трансгенныя пасевы зьявіліся ў Гішпаніі, Францыі, Чэхіі і Румыніі. Таксама на 2007 год стварылі каля 20 трансгенных пародаў жывёлы — авечак, кароваў, козаў, сьвіней і трусоў — якія прадукуюць лекавыя рэчывы (малекулярная жывёлагадоўля) шматкроць таньней за першасны біятэхналягічны спосаб[5].
На пачатак 2007 году трансгенныя расьліны вырошчваліся на 102 млн га (1,02 млн км²) плошчаў. На 2008 год доля трансгеннай кукурузы ў агульным сусьветным абсягу пасадак складала 40%. Доля трансгеннага бавоўніка — 60%. Доля трансгеннай соі — 80%[6]. У 2008 годзе трансгенныя расьліны займалі 125 млн га (1,25 млн км²) плошчаў. У асноўным вырошчвалі трансгенную сою. Агулам у сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалі звыш 20 трансгенных расьлінаў, у тым ліку бульбу, кукурузу, кабачкі і папаю. На 2010 год найбольшым у сьвеце вытворцам трансгеннага насеньня было амэрыканскае прадпрыемства «Мансанта» (Крыў-Куэр, штат Мізуры). Яно ў асноўным вырабляла трансгеннае насеньне бавоўніка, кукурузы і соі, а таксама найбольш распаўсюджаны ў сьвеце гэрбіцыд «Раўндап»[7]. У 2013 годзе вывелі трансгенныя цукровы трысьнёг і баклажан[8]. На 2014 год у сьвеце атрымалі звыш 260 трансгенных гатункаў таматаў, звыш 200 гатункаў соі, больш за 150 гатункаў бавоўніка, звыш 80 трансгенных гатункаў гарбузовых расьлінаў, а таксама трансгенныя гатункі пшаніцы, сланечніка, яблыні і суніцаў[9].
Па зьвестках Міжнароднай службы набыцьця аграбіятэхнічных дастасаваньняў(en) (Маніла, Філіпіны), за 1996—2014 гады плошчы пад трансгенныя расьлінамі павялічыліся больш як 100-кратна з 1,7 млн га да 181,5 млн гектараў, што складала 12% ворных земляў у сьвеце. Прырост за 2014 год склаў 6,3 млн гектараў. Да вырошчваньня дапусьцілі 372 трансгенныя лініі 27 відаў расьлінаў, у тым ліку: таматы, бульба, рыс, цукровыя буракі, лён, кабачок, дыня, фасоля, салодкі перац, тытунь, цыкорый, папая, пшаніца, люцэрна, сьліва, пэтунія і таполя. Найбольшыя пасевы трансгенных расьлінаў былі ў: 1) ЗША, 2) Бразыліі (найбольшы прырост), 3) Аргентыне, 4) Канадзе, 5) Індыі. Сярод 5 краінаў Эўропы з пасевамі трансгенных расьлінаў 1-е месца займала Гішпанія[8].
Беларусь
рэдагавацьЗ 1996 году ў Беларусі пачаліся выпрабаваньні трансгенных гатункаў бульбы. У 1999—2001 гадах выпрабоўвалі трансгенны цукровы бурак гатунку «Эда»[7]. 9 сакавіка 2000 году ўрад Беларусі далучыўся да Оргускай канвэнцыі «Аб доступе да зьвестак, грамадзкім удзеле ў прыняцьці рашэньня і доступе да правасудзьдзя ў справе навакольнага асяродзьдзя» ад 25 чэрвеня 1998 году. Паводле 4-га артыкула Оргускай канвэнцыі, зьвесткі пра навакольнае асяродзьдзе, у тым ліку «генэтычна зьмененыя арганізмы», «маюць быць даступнымі як мага хутчэй і не пазьней як празь месяц пасьля запыту»[10]. 9 студзеня 2002 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Паводле 7-га артыкула Закону, «Інфармацыя аб тавары ў абавязковым парадку мае зьмяшчаць... пазначэньне таго, што харчовы прадукт ёсьць генэтычна мадыфікаваным, калі ў ім зьмяшчаюцца генэтычна мадыфікаваныя складнікі»[6]. 26 жніўня 2002 году ўрад Беларусі далучыўся да Картахенскага пратаколу па біябясьпецы ад 15 траўня 2000 году да Рыё-дэ-Жанэйраўскага пагадненьня аб біяразнастайнасьці ад 5 чэрвеня 1992 году. Картахенскі пратакол вызначае парадак увозу і вывазу трансгенных арганізмаў[5]. 29 чэрвеня 2003 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб якасьці і бясьпецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцьця і здароўя чалавека», які ў Палаце прадстаўнікоў прадставіў дэпутат Валер Лектараў. Згодна з 10-м артыкулам Закону, «пазначэньне таго, што харчовая сыравіна і харчовыя прадукты ёсьць генэтычна мадыфікаванымі,... мае зьмяшчацца ў суправаджальных дакумэнтах, на пакунку, этыкетках». 28 красавіка 2005 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 434 «Аб некаторых пытаньнях інфармаваньня спажыўцоў аб харчовай сыравіне і харчовых прадуктах». Паводле 1-га пункту Пастановы, вытворцы і гандляры «пазначаюць на кожнай адзінцы спажывецкай тары (этыкетцы, контарэтыкетцы, бірцы)..., што харчовая сыравіна і харчовыя прадукты ёсьць генэтычна мадыфікаванымі». Згодна з падпунктам 1.3 Пастановы «вытворчасьць і гандлёвы абарот дзіцячага харчаваньня, вырабленага з выкарыстаньнем генэтычна мадыфікаваных складнікаў, забараняецца»[6]. 9 студзеня 2006 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб бясьпецы генна-інжынэрнай дзейнасьці». У рамках Закону стварылі пазначэньне трансгенных вырабаў і лябараторыі для праверкі харчаваньня на трансгенныя складнікі[5].
Увосень 2006 году Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі выявіў у крамах сталіцы, што каля 10% з блізу 5000 найменьняў харчаваньня без пазнакі «Утрымлівае ГМА» насамрэч зьмяшчалі трансгенныя складнікі. Гэта сталася магчымым, бо абавязковаму выпрабаваньню на трансгенныя складнікі падлягалі толькі кукуруза, соя і вырабы зь іх. Тым часам, у Расеі, зь якой Беларусь знаходзілася ў мытным зьвязе і мела адчыненую мяжу, на ўліку таксама стаялі і выкарыстоўваліся трансгенныя бульба, буракі і рыс[6]. У сьнежні 2006 году 12 навуковых установаў Беларусі скончылі дзяржаўную праграму «Генная інжынэрыя». У рамках праграмы распрацавалі 6 гатункаў трансгенных расьлінаў: 2 гатункі бульбы, устойлівыя да віруса Y і грыбка; ячмень, устойлівы да гэрбіцыдаў; буйнаплодныя журавіны; разуху (сямейства капусных), устойлівую да нафтапрадуктаў; тытунь з павышанай біямасай[5]. 8 кастрычніка 2007 году на фэрме Біятэхналягічнага цэнтру НПЦ жывёлагадоўлі ў вёсцы Будагова (Смалявіцкі раён, Менская вобласьць) нарадзілася першае трансгеннае казьляня. 21 кастрычніка нарадзілася 2-е казьляня. За 3 гады правялі звыш 100 перасадак зародкаў, у выніку чаго атрымалі 30 жывёлаў-трансплянтантаў. Трасгенных казьлянятаў атрымалі ад розных генных кантрукцыяў па ляктафэрыне чалавека праз ужыўленьне гена чалавека ў ДНК козаў[11]. У пачатку лютага 2010 году на фэрме ў в. Будагова ў 3-х трансгенных козаў зьявілася патомства і пачалася ляктацыя. 17 лютага ў малацэ гэтых козаў выявілі амаль 6 грамаў ляктафэрыну на літар, што было найвышэйшым паказьнікам у сьвеце. Таксама ў Біятэхналягічным цэнтры знаходзілася яшчэ 9 трансгенных козаў[12].
На студзень 2008 году ў Беларусі працавала 7 сталічных і 6 абласных лябараторыяў, якія дасьледавалі кукурузу і сою на наяўнасьць трансгенных складнікаў[6]. За 2009 год яны прызналі трансгеннай 2,5% соі, якую выкарыстоўвалі ў якасьці корму для жывёлы[13]. Агулам за 2009 год лябараторыі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь выявілі трансгенныя складнікі ў блізу 1,5% з больш як 2500 дасьледаваньняў харчаваньня[7]. У 2012 годзе трансгенная ежа займала 1% харчовага рынку Беларусі[14].
У 2013 годзе ў 1,55% дасьледаваных узораў выявілі трансгенныя складнікі. У 2014 годзе — у 1,05% узораў. Яны пераважна зьмяшчаліся ў соевым соўсе і кукурузных шматках. У 2015 годзе Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (БДУ) атрымаў дазвол на вызваленьне ў навакольнае асяродзьдзе трансгеннага рапсу. У сувязі з ўваходжаньнем Беларусі ў Мытны зьвяз ЭАЭЗ з 2015 году ў харчаваньні перасталі пазначаць утрыманьне трансгенных складнікаў менш за 0,9%. На 2016 год трансгенныя расьліны распрацоўвалі Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, Навукова-практычны цэнтар бульбаводзтва і плодаагародніцтва, Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча, Інстытут біяфізыкі і вузавай інжынэрыі і Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, таксама БДУ і Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Мікалай Лісаў, Уладзімер Шавярдоў. § 52. Асноўныя напрамкі біятэхналёгіі // Біялёгія : падручнік для 10 клясы / пер. з рас.мовы Валянціна Раманцэвіч. — 3-е выд., перапрац. — Менск: Народная асьвета, 2014. — С. 222-227. — 270 с. — 16 000 ас. — ISBN 978-985-03-2169-5
- ^ Генна-інжынэрны арганізм // «Слоўнік юрыдычных тэрмінаў на беларускай, расейскай і ангельскай мовах» (Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь), 2011 г. Праверана 6 ліпеня 2018 г.
- ^ Тацяна Лычагіна. Ежа для роздуму // Зьвязда : газэта. — 16 ліпеня 2013. — № 129 (27494). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Е.А. Бялова, Віктар Валько. Генэтычна мадыфікаваныя прадукты — шкода і карысьць // Для нас (лац. Pro nobis) : газэта. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Лістапад 2004. — № 2 (3). — С. 4.
- ^ а б в г Інга Міндалёва. Пра сярэбраныя лыжкі і генную інжынэрыю // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2007. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д Інга Міндалёва. «Не ўтрымлівае ГМА!» - ці патрэбна нам такая маркіроўка // Чырвоная зьмена. — 5 студзеня 2008. — № 1 (27494). — С. 2.
- ^ а б в Алена Спасюк. Беларусам ГМ-бульба пакуль не пагражае // БелаПАН, 5 сакавіка 2010 г. Праверана 6 ліпеня 2018 г.
- ^ а б в Надзея Нікалаева. За трансгеннымі прадуктамі — будучыня // Зьвязда : газэта. — 19 студзеня 2016. — № 9 (28119). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мікалай Лісаў, Уладзімер Шавярдоў. § 53. Посьпехі і дасягненьні генэтычнай інжынэрыі // Біялёгія : падручнік для 10 клясы / пер. з рас.мовы Валянціна Раманцэвіч. — 3-е выд., перапрац. — Менск: Народная асьвета, 2014. — С. 230. — 270 с. — 16 000 ас. — ISBN 978-985-03-2169-5
- ^ Канвэнцыя «Аб доступе да зьвестак, грамадзкім удзеле ў прыняцьці рашэньня і доступе да правасудзьдзя ў справе навакольнага асяродзьдзя» (Оргус, 25 чэрвеня 1998 г.) (анг.) // Гаспадарчая камісія ААН па Эўропе (Жэнэва, Швайцарыя), 2017 г. Праверана 6 ліпеня 2018 г.
- ^ БелТА. Мэгапрарыў у навуцы // Газэта «Наша ніва», 6 лістапада 2007 г. Архіўная копія ад 6 лістапада 2007 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
- ^ БелТА. Вучоныя атрымалі малако коз з генам чалавека // Газэта «Ляхавіцкі весьнік», 17 лютага 2010 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
- ^ Алена Пытэль. «Стоп для ГМА ў Польшчы» // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 4 сакавіка 2010 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
- ^ Хрысьціна Рашчанок. Людміла Мельнікава: У Беларусі разьвіваецца рынак здаровага харчаваньня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 жніўня 2013 г. Архіўная копія ад 20 жніўня 2013 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- ГМА // Газэта «Зьвязда», 19 студзеня 2016 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
- Марцін Сьмялоўскі. Дак.фільм «ГМА: прагрэс або катастрофа» (2009 г.) // Тэлеканал «Белсат», 28 ліпеня 2014 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2015 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
- Генна-інжынэрныя арганізмы ў Беларусі (рас.) // Нацыянальны каардынацыйны цэнтар біябясьпекі Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 5 ліпеня 2018 г.
Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |