Інстытут генэтыкі і цыталёгіі
Каардынаты: 53°54′57″ пн. ш. 27°36′10″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.60278° у. д.
Інстытут генэтыкі і цыталёгіі (наркам. Інстытут генетыкі і цыталогіі, анг. Institute of Genetics and Cytology) — навукова-дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў кастрычніку 1965 году.
Інстытут генэтыкі і цыталёгіі | |
рас. Институт генетики и цитологии | |
2019 год | |
Абрэвіятура | ІГЦ |
---|---|
Папярэднік | Аддзел генэтыкі і цыталёгіі АН БССР |
Дата ўтварэньня | 13 кастрычніка 1965 (59 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | стварэньне геномных біятэхналёгіяў |
Месцазнаходжаньне | Менск, Першамайскі раён, вул. Акадэмічная, д. 27 |
Сяброўства | Міжнароднае таварыства генэтыкі жывёлаў (МТГЖ; Венэндаль, Нідэрлянды)[1], Сетка асяродкаў аквакультуры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе (СААЦУЭ)[2], Рэспубліканскі цэнтар трансфэру тэхналёгіяў[3] |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўніца | Валянціна Лемеш |
Намесьніца па навуковай працы | Алена Сычова |
Намесьніца па інавацыйнай працы | Алена Гузенка |
Навуковая сакратарка | Надзея Рабаконь[3] |
Асноўныя асобы | Аляксандар Кільчэўскі, Алег Давыдзенка і Галіна Мозгава |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Зьвязаныя кампаніі | Нацыянальны каардынацыйны цэнтар біябясьпекі (НКЦБ) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 130 (2018 г.) |
Сайт | igc.by |
На 2018 год напрамкамі дзейнасьці Інстытуту былі: вывучэньне структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў расьлінаў, жывёлаў, мікраарганізмаў і чалавека; генэтычная і вузавая інжынэрыя; распрацоўка генэтычных асноваў адбору расьлінаў, жывёлаў і мікраарганізмаў; стварэньне выніковых геномных біятэхналёгіяў для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, спорту і аховы навакольнага асяродзьдзя; вывучэньне пытаньняў біябясьпекі, захаваньня генэтычных рэсурсаў і нагляд за іх выкарыстаньнем. Ажыцьцяўляўся прыём у асьпірантуру па 3-х спэцыяльнасьцях: генэтыка, малекулярная генэтыка і біятэхналёгія. У дактарантуру прымалі па спэцыяльнасьці генэтыка[3]. На 2018 год у ІГЦ працавала звыш 130 дасьледнікаў, зь іх 2 акадэмікі, 2 чальцы-карэспандэнты, 7 дактароў навук і 40 кандыдатаў навук[4]. З 2005 году Інстытут штогод выдаваў па-расейску зборнік навуковых працаў «Малекулярная і дастасоўная генэтыка» (ISSN 1999-9127)[5]. Міжнародныя дасьледаваньні ажыцьцяўляліся сумесна з 33 установамі з 11 краінаў:
- 10 установаў з 4 краінаў Азіі — Грузія (Цэнтар экпэрымэнтальнай мэдыцыны імя Івана Бэрыташвілі), Казахстан (3: Эўразійскі нацыянальны ўнівэрсытэт), Таджыкістан (3: Таджыцкі нацыянальны ўнівэрсытэт) і Турэччына (3: Унівэрсытэт Атацюрка);
- 23 установы з 7 краінаў Эўропы — Баўгарыя (Інстытут расьлінных генэтычных рэсурсаў), Гішпанія (Інстытут мэдычнай геномікі), Польшча (3: Інстытут генэтыкі і сэлекцыі жывёлаў Польскай акадэміі навук), Расея (13: Інстытут малекулярнай біялёгіі Расейскай акадэміі навук), Славенія (Нацыянальны інстытут біялёгіі Славеніі), Украіна (3: Інстытут вузавай біялёгіі і генэтычнай інжынэрыі НАН Украіны) і Эстонія (Эстонскі біяцэнтар)[6].
Будова
рэдагавацьНа 2018 год Інстытут генэтыкі і цыталёгіі ўлучаў:
- 10 лябараторыяў — 1) генэтычнай і вузавай інжынэрыі, 2) экалягічнай генэтыкі і біятэхналёгіі, 3) малекулярнай генэтыкі, 4) генэтыкі чалавека, 5) нехрамасомнай спадчыннасьці, 6) генэтыкі жывёлаў, 7) мадэляваньня генэтычных працэсаў, 8) цытагеномікі расьлінаў, 9) генэтыкі бульбы, 10) малекулярных асноваў стабільнасьці геному;
- 2 Нацыянальныя каардынацыйныя цэнтры — біябясьпекі і генэтычных рэсурсаў;
- Цэнтар калектыўнага карыстаньня «Геном»;
- Аддзел навукова-інавацыйнай працы;
- Рэспубліканскі цэнтар геномных біятэхналёгіяў;
- Рэспубліканскі банк ДНК чалавека, жывёлаў, расьлінаў і мікраарганізмаў.
Структурныя падразьдзяленьні: лябараторыі генэтычнай і клетачнай інжынэрыі; экалягічнай генэтыкі і біятэхналёгіі; малекулярнай генэтыкі; генэтыкі чалавека; нехрамасомнай спадчыннасьці; генэтыкі жывёл; мадэляваньня генэтычных працэсаў; цытагеномікі расьлінаў; генэтыкі бульбы; малекулярных асноў стабільнасьці геному; крыякансэрвацыі генэтычных рэсурсаў[3].
Паслугі
рэдагавацьНа 2018 год Інстытут генэтыкі і цыталёгіі аказваў наступныя паслугі:
- аналіз харчовай сыравіны і прадуктаў харчаваньня на ўтрыманьне генэтычна мадыфікаваных інгрыдыентаў (ГМІ);
- аналізь відавой прыналежнасьці мясных складнікаў;
- ДНК-пашпартызацыя і ДНК-пазначэньне сельскагаспадарчых расьлінаў, жывёлаў і мікраарганізмаў па гаспадарча-карысных прыкметах;
- генэтычнае ўсталяваньне відавой прыналежнасьці асятровых;
- ДНК-выпрабаваньне схільнасьці чалавека да спадчынных захворваньняў;
- аналіз генаў, адказных за індывідуальныя асаблівасьці чалавека (спартовая пасьпяховасьць і адчувальнасьць да лекаў);
- аналіз фрагмэнтацыі ДНК народкаў;
- распрацоўка і ацэнка нарматыўна-прававой базы ў галіне біябясьпекі;
- правядзеньне сэмінараў і кансультацыяў па пытаньнях бясьпекі генна-інжынэрнай дзейнасьці;
- садзейнічаньне доступу да генэтычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстаньня выгодаў[3].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ кастрычніку 1965 году стварылі Інстытут генэтыкі і цыталёгіі (ІГЦ) на аснове Аддзелу генэтыкі і цыталёгіі Акадэміі навук БССР, заснаванага ў 1963 годзе разам з адпаведнай асьпірантурай. У Інстытуце працавалі акадэмікі Антон Жэбрак, Пётар Ракіцкі і Мікалай Турбін, чальцы-карэспандэнты Аляксандар Іпацьеў і Ўладзімер Саўчанка. У 1989 годзе ў Інстытуце зьявілася дактарантура. За савецкім часам дасьледаваньні і распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР (1974, 1984) і прэміяй Камсамолу БССР (1990). На 1998 год у ІГЦ працавалі акадэмікі Мікалай Карцель і Любоў Хатылёва, чалец-карэспандэнт Усавалад Борматаў і 13 дактароў навук. Дзейнічалі: аддзел навуковай інфармацыі і інфарматыкі; сэлекцыйна-генэтычны комплекс, які да 1989 году быў біялягічнай досьледнай станцыяй; 10 лабяраторыяў — 1) малекулярнай генэтыкі, 2) гетэрозісу і генэтыкі колькасных прыкметаў, 3) генэтыкі збожжавых культураў, 4) мутагенэзу, 5) цытагенэтыкі расьлінаў, 6) антымутагенэзу, 7) агульнай цытагенэтыкі, 8) радыяцыйнай генэтыкі, 9) нехрамасомнай спадчыннасьці, 10) генэтыкі фітаімунітэту[7].
Да 1998 году асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў Інстытуту былі: генэтычныя асновы сэлекцыі (гетэрозіс, поліпляідыя, нехрамасомная спадчыннасьць і генэтыка імунітэту), індукаваны і спанданны мутагенэз, антымутагенэз, радыяцыйная генэтыка, генэтычная і вузавая інжынэрыя, матэматычная генэтыка. У выніку дасьледаваньня палепшылі разуменьне гетэрозісу, склалі гіпотэзу ўзаемадзеяньня ядзерных генаў і плязмагенаў пры цытаплязматычнай мужчынскай стэрыльнасьці. Удалося даказаць важкасьць цытаплязматычных спадчынных структураў для ўстойлівасьці расьлінаў да хваробаў, вывучыць генэтычныя заканамернасьці арганізацыі і выяўленьня геномаў расьлінаў. Стварылі арыгінальныя генэтычныя зборы збожжавых, зерне-бабовых культураў і бульбы. Атрымалі гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукровых буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянавалі новыя гатункі цукровых буракоў, соі і цяплічных таматаў. Вынікі дасьледаваньняў пра эколяга-генэтычныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы перадалі ў Дзяржкамчарнобыль[7]. За распрацоўкі супрацоўнікаў ІГЦ узнагарроджвалі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993, 1999, 2001, 2003 і 2011) і прэміяй Капцюга (2007)[8].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Мікалай Турбін (1965—1971)
- Любоў Хатылёва (1971—1994)
- Мікалай Карцель (1994—2004)[9]
- Аляксандар Кільчэўскі (2004—2014)
- Валянціна Лемеш (з 2014 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сяброўства ў МТГЖ (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 11 верасьня 2017 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ Сяброўства ў СААЦУЭ (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 5 верасьня 2017 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ а б в г д Арганізацыі Аддзяленьня біялягічных навук (Інстытут генэтыкі і цыталёгіі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2 жніўня 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ Аб інстытуце (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ Зборнік навуковых працаў (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ Нашыя партнэры (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ а б Мікалай Карцель. Інстытут генэтыкі і цыталёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 267. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ Галоўная старонка (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
- ^ Карцель Мікалай Аляксандравіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 9 лютага 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьвязацца з намі (рас.) // Інстытут генэтыкі і цыталёгіі, 2018 г. Праверана 22 жніўня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |