Сялява (заказьнік)

краявідны заказьнік Беларусі

«Сялява» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, заснаваны ў лютым 1993 году на поўначы Крупскага раёну Менскай вобласьці і поўдні Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці.

Сялява
Возера Сялява (2003 год)
Возера Сялява (2003 год)
Плошча 19 364,83 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 54° пн. ш. 29° у. д. / 54° пн. ш. 29° у. д. / 54; 29Каардынаты: 54° пн. ш. 29° у. д. / 54° пн. ш. 29° у. д. / 54; 29
Месцазнаходжаньне Крупскі раён
Утварэньне 25 лютага 1993 (31 год таму)
Сялява на мапе Беларусі
Сялява
Сялява
Сялява

Быў створаны для аховы азёраў і ваколічных краявідаў з рэдкімі відамі жывёлаў і расьлінаў. Улучаў азёры Сялява, Абіда, Худава, Болюцкае і Квеціна, а таксама прылеглыя лясы і сельскагаспадарчыя палеткі. Меў буйна- і дробнаўзгорысты рэльеф з хваліста-марэнна-азёрнымі краявідамі Беларускага Паазер'я. Расьлінны сьвет налічваў 578 відаў найвышэйшых судзінкавых расьлінаў і 27 відаў водарасьцяў, зь іх 11 рэдкіх відаў, занесеных у Чырвонаю кнігу Беларусі: звычайны барванец, цёмначырвоны гайнік, горны купальнік, эўрапейская пярэспа і чарапіцавы шпажнік. Сустракалася шмат дэкаратыўных, кармавых і лекавых відаў расьлінаў. Жывёльны сьвет улучаў 142 віды птушак і 40 відаў сысуноў, 10 відаў земнаводных і 5 відаў паўзуноў. Сярод іх 20 відаў былі ў Чырвонай кнізе: барсук, вялікі і малы бугай, дзербнік, вялікі зьмеяед, каршачок, буры мядзьведзь, малая паганка, малы падворлік, звычайная пустальга, скапа і арэшнікавая соня. У азёрах прамысловае значэньне мелі гусьцяра, лешч, плотка, сом, судак, шчупак і язь[1]. Даўжыня берагавой лініі возера Сялява складала 50,4 км. На возеры знаходзілася 3 выспы[2].

2 ліпеня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 648, якой павялічыў плошчу заказьніка на 103,83 га да 19 319,83 га. На землях заказьніка «Сялява» дадаткова забаранілі выведку і здабычу карысных выкапняў, а таксама спальваньне пасечаных рэшткаў нарыхтаванай драўніны. Дапускалася толькі санітарная высечка ў выпадку поўнай гібелі насаджэньняў[3]. Паводле Пастановы № 648, у заказьніку таксама забаранілі разьмяшчаць адкіды[4]. На паўночнай высьпе археолягі раскапалі паселішча 3-га тысячагодзьдзя да народзінаў Хрыста, дзе знайшлі печ для выплаўкі жалеза, скарб і скроневае жаночае ўпрыгажэньне[5]. У 2014—2017 гадох возера Сялява зарыблялі сяголеткамі шчупака каля вёсак Дубы і Калодніца (Заборскі сельсавет), Клішына (Халопеніцкі сельсавет) і Худава (Заборскі сельсавет). Плошча возера складала 15 кв.км. Яго добраўпарадвалі Крупская лясная гаспадарка (Крупскі пасёлак), ААТ «Кляновічы» (Бобрскі сельсавет), Крупскі раённы выканаўчы камітэт і заказьнік «Сялява» (Прошыка), кіраўніком якога быў Сяргей Мазьнёў. Для гэтага выкарыстоўвалі звыш 3000 шчупакоў агульнай масай звыш тоны зь Любані, Новалукомлю, Ігумену і рыбнай гаспадаркі «Волма» (Азёрны пасёлак у Ігуменскім раёне)[6]. Возера Сялява было праточным. На поўдні ў яго ўпадала Высокая рака, а на ўсходзе — рака Ракітаўка. Па паўднёвым захадзе возера Сялява злучалася пратокай з возерам Худавец, а на захадзе і поўначы ў яго ўпадалі 3 ручаі. З возера Сялява выцякала рака Югна, якая ўпадала ў возера Абіда на поўначы. Даўжыня возера Сялява перавышала 14 км, сярэдняя шырыня складала 1,2 км, а найбольшая глыбіня дасягала 17,6 м. Азёрная катлавіна падзялялася на сярэдзінную, што была вузкай і глыбакаводнай, а таксама на паўночную, што была шырокай. Берагавая лінія была моцная зрэзаная мысамі і паўвыспамі з глыбокімі затокамі. Дно возера было пясчаным да глыбіні 10 мэтраў, а ніжэй было высланае сапрапэлем. Плошча найбольшай на Сяляве выспы складала 105 га. У складзе расьліннасьці заказьніка лясы займалі 58 % земляў, балоты — 7 %, а лугі — каля 1 %. На берагах Сялявы існавала 7 пляцовак адпачынку — «Выспа» (Белыя Баркі), «Гузовіна», «Залаты рог» (Худава), «Камсамольскі бераг» (Калодніца), «Лебядзіны бераг» (Вялікія Хальнявічы), «Панская купальня» (Калодніца) і «Шып» (Дубы). Экалягічная сьцежка «Прошыцкія балоты» пралягала празь лес на правым баку Сялявы на 6 км, зь якіх 5 км праходзіла па вадзе[7].

На 2022 год каля паловы земляў заказьніка прыпадала на лясы, куды выдавалі пуцёўкі для паляваньня на глушцоў, гусей, казарак і цецерукоў. Таксама дзейнічалі хаткі паляўнічых і рыбаловаў (Янаўшчына ў Халопеніцкім сельсавеце). Возера Сялява ўзьнікла ў 1956 годзе ў выніку ўздыму ўзроўня вады на рацэ Югне, дзе пабудавалі плаціну для Сяляўскай гідраэлектрастанцыі. Паўночная частка возера мела глыбіню да 11 мэтраў, а паўднёвая — да 17,6 м. На поўдзень ад возера месьцілася вёска Прошыка Заборскага сельсавету, дзе знаходзілася кіраўніцтва заказьніка[8]. Возера Сялява месьцілася за 20 км на поўнач ад Крупак і адносілася да басэйну Дзьвіны. Сярэдзінная частка Сялявы падзялялася выспай на паўночны і паўднёвы плёсы. Прыбярэжнае плыткаводзьдзе зарастала трысьнягом і чаротам. Каля ўпадзеньня ручаёў і вадацёкаў цягнулася паласа аеру. На возеры налічвалася 16 відаў рыбы: акунь, гусьцяра, ёрш, карась, краснапёрка, лешч, лінь, мянтуз, плотка, пячкур, рапушка, сом, уклея, шчупак, шыпоўка і язь[9]. На поўдні заказьніка месьцілася балота Жалязьніца. З захаду на ўсход заказьнік перасякала асфальтаваная аўтадарога Н8641, якая ішла з Халопенічаў ў Лютыя (Заборскі сельсавет) праз 6 вёсак Заборскага сельсавету ў заказьніку — Дуброўка, Дакучына, Прошыка, Гузовіна, Дубы і пасёлак Язбы. Таксама з Крупак у Прошыку пралягала аўтадарога Н8642.

  1. ^ П.І. Лабанок. Сялява, заказьнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Сьледавікі — Трыё. — С. 338. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  2. ^ У пошуках залатой карэты // Газэта «Беларусь сёньня», 25 лістапада 2009 г. Праверана 1 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Плошча заказьніка «Сялява» будзе павялічана на 103,83 га // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 7 ліпеня 2014 г. Праверана 1 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Вераніка Коласава. Насьмецілі ў заказьніку // Карані і кроны. — 28 сакавіка 2018. — № 1 (29). — С. 1.
  5. ^ Тацьцяна Лазоўская. У Крупках малолі знатныя крупкі // Зьвязда : газэта. — 16 сьнежня 2015. — № 243 (28101). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Тацьцяна Таўкачова. 3 тысячы 592 шчупакі выпушчаныя ў возера Сялява // Газэта «Крупскі весьнік», 29 лістапада 2017 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
  7. ^ Сялява, заказьнік. Чашніцкі раён // Віцебская абласная бібліятэка, 25 лістапада 2019 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
  8. ^ Заказьнік «Сялява» і возера Сялява ў Крупскім раёне // Партал «Ветліва», 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.
  9. ^ Сялява возера // Партал «Адпачынак у Беларусі»,, 2022 г. Праверана 2 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць