Фаўна
Фа́ўна (па-новалацінску: fauna, ад лац. Fauna — багіня лясоў і палёў, апякунка статкаў жывёлаў) — гістарычна складзеная сукупнасьць відаў жывёлаў, якія жывуць у дадзенай вобласьці і якія ўваходзяць ва ўсе яе біягеацэнозы. Хатнія жывёлы, жывёлы ў заапарках і г. д. не ўваходзяць у склад фаўны. У паняцьце фаўны ўкладваецца як сыстэматычны, так і геаграфічны зьмест, таму прынцып абмежаваньня павінен быць геаграфічным (фаўна выспы Куба, фаўна Зымбабвэ, фаўна Эўразіі і г. д.) і сыстэматычным (фаўна птушак (арнітафаўна), фаўна вусякоў (энтамафаўна), фаўна рыб (іхтыяфаўна) і г. д.). Апошняя акалічнасьць зьвязана з тым, што на практыцы немагчыма атрымаць поўны сьпіс відаў дадзенай тэрыторыі па прычыне як велізарнай іх разнастайнасьці, так і недахопу адмыслоўцаў-сыстэматыкаў.
Істотнай прыкметай любой фаўны зьяўляецца экалягічная прырода складнікаў яе відаў. Напрыклад, для фаўны трапічных тэрыторыяў характэрна вялікая колькасьць відаў, прыстасаваных да пражываньня на дрэвах і зьвязаных зь імі трафічным адносінамі; для фаўны стэпавых тэрыторыяў характэрна перавага бегаючых і рыючых жывёлаў, якія ўпадаюць у сьпячку, жывёл, якія сілкуюцца жорсткай травой і інш.
Адным з асноўных паказчыкаў фаўны зьяўляецца доля эндэмікаў. Яна паказвае ступень ізаляванасьці і ўзрост фаўны.
Віды, якія адрозьніваюцца падобным распаўсюджваньнем, групуюцца ў геаграфічныя элемэнты фаўны. Геаграфічны аналіз фаўны можа сказаць пра асаблівасьці паходжаньня фаўны і яе сувязях з суседнімі і аддаленымі фаўнамі. Па геаграфічных элемэнтах віды могуць адносіцца да фаўны міжземнаморскай, цыркумбарэальнай, эўрапейска-сыбірскай, цэнтральнаазіяцкай, цыркумпалярнай і інш. Адвэнтыўныя віды — віды, якія былі штучна занесены зь іншых рэгіёнаў і інтрадуцыраваныя.
Важным напрамкам фаўністычных дасьледаваньняў зьяўляецца высьвятленьне шляхоў пападаньня відаў у склад фаўны. Па гэтай прыкмеце віды падзяляюцца на аўтахтонныя (элемэнты фаўны, якія ўзьніклі ў межах вывучаемай тэрыторыі) і алахтонныя (віды, якія трапілі на дадзеную тэрыторыю ў выніку расьсяленьня зь іншых цэнтраў). Пытаньне аб паходжаньні фаўны мае асабліва важнае значэньне пры вывучэньні маладых фаўнаў (напрыклад, фаўны захаду Эўрапейскай Расіі, нядаўна вызваленай ад ледніка).