Сусьветная гімназіяда

міжнароднае шматспартовае спаборніцтва школьнікаў 14—17 гадоў

Сусьве́тная гімназія́да — міжнароднае шматспартовае спаборніцтва з удзелам школьнікаў у веку ад 14 да 17 гадоў, якое з 1974 году ладзіць Міжнародная фэдэрацыя школьнага спорту (МФШС; Брусэль, Бэльгія).

Сусьветная гімназіяда
Апошні сэзон:
2018
Дата зьяўленьня7 чэрвеня 1974 (50 гадоў таму)
АрганізатарМіжнародная фэдэрацыя школьнага спорту
Дзейны чэмпіёнУкраіна (2018 год)
Кваліфікацыянацыянальная спартакіяда
Узровень у пірамідахміжнародны

Праводзіцца кожныя 2 гады цягам тыдню. Ахоплівае ад 12 да 18 такіх відаў спорту, як: аэробіка, бадмінтон, барацьба, баскетбол, дзюдо, лёгкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, настольны тэніс, плаваньне, скакалка, скачкі ў ваду, спартовая гімнастыка, стральба з лука, таэквандо, ушу, футбол, фэхтаваньне і шахматы[1].

У 2018 годзе адбылася 1-я Сусьветная зімовая гімназіяда ў францускім Грэноблі, для якой у далейшым вызначылі ад 10 да 13 відаў спорту: бег на каньках, біятлён, вольны сноўборд, гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, кэрлінг, скачкі на лыжах з трампліну, сноўбордынг, фігурнае катаньне, хакей з шайбай і фрыстайл[2].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1971 годзе на нарадзе ў Вене (Аўстрыя) міністры асьветы краінаў Эўропы заснавалі Міжнародную фэдэрацыю школьнага спорту (МФШС). У 1972 годзе сталі далучацца ведамствы пазаэўрапейскіх краінаў. У якасьці асноўнага віду спорту Гімназіяды вызначылі лёгкую атлетыку. Да ўдзелу дапусьцілі па 2 школьнікі да 18 гадоў на кожны від спорту. 7—8 чэрвеня 1974 году адбылася 1-я Гімназіяда ў італьянскай Флярэнцыі[3].

У сьнежні 2009 году Сусьветная гімназіяда ў Досе (Катар) сабрала прадстаўнікоў з 38 краінаў, у тым ліку з Латвіі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. У дружынным заліку перамаглі школьнікі з Расеі. Ад 25 лістапада па 5 сьнежня 2013 году 15-я Сусьветная гімназіяда прайшла ў Бразыліі. У праграму ўлучылі такія летнія віды спорту, як аэробіка, мастацкая і спартовая гімнастыка ў асабістым і дружынным заліку, лёгкая атлетыка і плаваньне. У якасьці паказальных гульняў прадставілі дзюдо, каратэ і шахматы. Агулам разыгралі 78 набораў мэдалёў. У 15-й Гімназіядзе ўпершыню ўдзельнічала беларуская дружына ў складзе 6 пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў у лёгкай атлетыцы і плаваньні: 3 лёгкаатлеткі і 1 лёгкаатлет — Сьвятлана Губенка (Ворша, школа № 20), Марыя Жодзік (Баранавічы, школа № 19), Павал Сілівестраў (Менск, школа № 48) і Ганна Тарасюк (Менск, гімназія № 16), а таксама 2 плыўцы — Алена Леаненка (Віцебск, школа № 11) і Мікіта Цмыг (Магілёўскі дзяржаўны ліцэй)[4].

5—10 лютага 2018 году ў францускім Грэноблі правялі 1-ю Сусьветную зімовую гімназіяду з удзелам 600 спартоўцаў ад 20 краінаў, у тым ліку ад Беларусі. Спаборніцтва ўлучала біятлён, гарналыжны спорт, кэрлінг, лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліну, сноўбордынг, фрыстайл і хакей[5]. 3—9 траўня 2018 году ў Марока адбылася 17-я Сусьветная летняя гімназіяда з удзелам спартоўцаў з 59 краінаў. Ад Беларусі накіравалі 42 школьніцаў і школьнікаў для спабору ў 7 відах спорту: боксе, вольнай барацьбе, лёгкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы, плаваньні, тэнісе і фэхтаваньні[6]. Агулам у спаборніцтве ўдзельнічала звыш 3000 падлеткаў[7]. Праграма Гімназіяды ўлучала 18 відаў спорту: аэробіку, барацьбу, дзюдо, каратэ, лёгкую атлетыку, стральбу з лука, мастацкую і спартовую гімнастыку, плаваньне, тэніс, фэхтаваньне і шахматы, а таксама новыя віды — бокс, гольф, пэтанк, роварны спорт, сэрфінг і таэквандо[8].

Дата Горад (краіна) Відаў спорту Краінаў-удзельніц Краіна-пераможца
17 2018 г., 3—9 траўня Маракеш (Марока) 18 59 Украіна
16 2016 г., 11—18 ліпеня Трабзон (Турэччына) 12 39 Бразылія
15 2013 г., 25 лістапада — 5 сьнежня Бразыліа (Бразылія) 8 38 Расея
14 2009 г., 7—12 сьнежня Доха (Катар) 4 38 Расея
13 2006 г. Тэсалёнікі (Грэцыя) 4 38
12 2002 г., 29 траўня — 1 чэрвеня Кан (Францыя) 4 36 Брытанія
11 1998 г., 12—19 кастрычніка Шанхай (Кітай) 3
10 1994 г., 14—21 траўня Нікасія (Кіпр) 3
9 1990 г., 20—27 траўня Бруге (Бэльгія) 3
8 1988 г., 3—9 чэрвеня Барсэлёна (Гішпанія) 3
7 1986 г., 2—7 чэрвеня Ніцца (Францыя) 3
6 1984 г., 5—9 чэрвеня Флярэнцыя (Італія) 3
5 1982 г., 1—6 чэрвеня Ліль (Францыя) 3
4 1980 г., 1—7 чэрвеня Турын (Італія) 3
3 1978 г., 18—24 ліпеня Ізьмір (Турэччына) 3
2 1976 г., 21—27 чэрвеня Арлеан (Францыя) 3
1 1974 г., 7—8 чэрвеня Флярэнцыя (Італія) 2

Беларускі ўдзел

рэдагаваць

У 2012 годзе Рэспубліканскі цэнтар фізычнага выхаваньня і спорту навучэнцаў і студэнтаў (РЦФВСНС) стаў прадстаўніком Міністэрства адукацыі Беларусі ў якасьці паўнамоцнага сябра Міжнароднай фэдэрацыі школьнага спорту, якая налічвала 67 краінаў[4]. У 2013 годзе беларускія школьніцы і школьнікі ўпершыню ўзялі ўдзел у 15-й Сусьветнай гімназіядзе, якая прайшла ў Бразыліі. Ганна Тарасюк зь Дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву № 2 выйграла залаты мэдаль у кіданьні дзіды, усталяваўшы рэкорд Гімназіяды — 57,95 мэтру. Срэбраныя мэдалі атрымалі: Павал Сілівестраў у скоках у вышыню, які быў выхаванцам Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства ў лёгкай атлетыцы; Мікіта Цмыг у плаваньні на 50 мэтраў на сьпіне, які быў выхаванцам Магілёўскай дзіцяча-юнацкай спартовай школы. Сьвятлана Губенка здабыла бронзавы мэдаль у бегу на мэтраў з бар’ерамі як прадстаўніца Віцебскай абласной школы вышэйшага спартовага майстэрства[9]. Пагатоў, Ганна Тарасюк палепшыла рэкорд амаль на 12 мэтраў[10].

11—18 ліпеня 2016 году ў турэцкім Трабзоне адбылася 16-я Сусьветная гімназіяда з удзелам 22 беларускіх пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. У спаборніцтве з прадстаўнікамі 38 краінаў беларускія падлеткі здабылі 7 залатых, 5 срэбраных і 2 бронзавыя мэдалі ў 5 з 12 відаў спорту. Найбольш узнагародаў прынесла мастацкая гімнастыка — 4 залатыя і па 2 срэбраныя і бронзавыя. У дзюдо выйгралі 2 залатыя мэдалі і яшчэ адзін у плаваньні. Вольная барацьба прынесла 2 срэбраныя мэдалі і яшчэ адзін лёгкая атлетыка[11]. У лютым 2018 году зборная Беларусі выступіла на 1-й Сусьветнай зімовай гімназіядзе ў Грэноблі, дзе выйграла 3 срэбраныя і 1 бронзавы мэдаль. Падлеткі зь Беларусі спаборнічалі ў 3-х з 8 відаў спорту. Срэбраныя мэдалі ў біятлёне атрымалі Дар’я Кудаева ў гонцы на 6 км, якая навучалася ў Наваполацкай вучэльні алімпійскага рэзэрву, і Павал Бялько ў гонцы на 7,5 км, які быў навучэнцам Магілёўскай вучэльні алімпійскага рэзэрву. У эстафэтнай гонцы беларуская каманда з 4-х чалавек таксама заняла 2-е месца. Адпаведныя ўзнагароды атрымалі Карына Ануфрыенка з Наваполацкай вучэльні алімпійскага рэзэрву, Дар’я Кудаева, Павал Бялько і Антон Шыдлоўскі з Гарадзенскай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Бронзавыя мэдалі ў кэрлінгу атрымалі Сьвятлана Плешак (Менск, гімназія № 32) і Макар Баркан (Ліцэй БДУ). Кіраваў беларускай зборнай Віталь Стрыгельскі, які ўзначальваў РЦФВСНС[12]. У траўні 2018 году беларуская зборная выступіла на 17-й Сусьветнай летняй гімназіядзе ў Маракешы (Марока), дзе спаборнічала сярод 3000 спартоўцаў з 59 краінаў. У выніку 42 беларускія школьнікі прадставілі краіну ў 7 з 18 відаў спорту. Яны выйгралі 24 мэдалі, зь іх 5 залатых, 7 срэбраных і 12 бронзавых. Залатыя ўзнагароды атрымалі ў мастацкай гімнастыцы ў групавым шматбор'і, у лёгкай атлетыцы Кацярына Гражэўская (кіданьне молату), у плаваньні Іван Шамшурын — на 50 мэтраў батэрфляем і Настасься Васкевіч — на 200 мэтраў комплексным плаваньнем, у жаночай барацьбе Алеся Гетманава. Пагатоў, падчас Гімназіяды ўсталявалі 3 рэкорды Беларусі: 2 ў плаваньні і 1 у лёгкай атлетыцы[13].

  1. ^ Летняя Гімназіяда (анг.) // Міжнародная фэдэрацыя школьнага спорту, 2020 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  2. ^ Зімовая Гімназіяда (анг.) // Міжнародная фэдэрацыя школьнага спорту, 2020 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  3. ^ Мінуўшчына Гімназіяды (анг.) // Сусьветны зьвяз лёгкай атлетыкі, 9 ліпеня 1999 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  4. ^ а б Надзея Нікалаева. «Алімпіяда» для юных спартсмэнаў // Зьвязда : газэта. — 14 лістапада 2013. — № 214 (27579). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Беларусы заваявалі два сярэбраныя мэдалі ў спрынце на Сусьветнай гімназіядзе ў Грэноблі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 8 лютага 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  6. ^ Ігар Грэчка. Чакаем узнагародаў // «Настаўніцкая газэта», 5 траўня 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  7. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусы ў другі дзень Сусьветнай летняй гімназіяды ў Марока ўзялі 7 мэдалёў // Белтэлерадыёкампанія, 6 траўня 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  8. ^ Сьвятлана Пекар. Беларускія спартсмэнкі заваявалі золата і бронзу ў вольнай барацьбе на гімназіядзе ў Марока // БелТА, 7 траўня 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  9. ^ Надзея Нікалаева. Першая Сусьветная гімназіяда і адразу рэкорд // Зьвязда. — 6 сьнежня 2013. — № 230 (27595). — С. 2.
  10. ^ Юлія Барадун. Пасьпяховыя старты // «Настаўніцкая газэта», 30 студзеня 2014 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  11. ^ Ігар Грэчка. Поўная скарбонка мэдалёў // «Настаўніцкая газэта», 21 ліпеня 2016 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  12. ^ Дар’я Рэва. Першая прыступка да алімпійскіх мэдалёў // «Настаўніцкая газэта», 13 лютага 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.
  13. ^ Надзея Нікалаева. Беларусы заваявалі 24 медалі на Сусветнай летняй гімназіядзе ў Марока // Газэта «Зьвязда», 10 траўня 2018 г. Праверана 24 верасьня 2020 г.