Біятлён (па-лацінску: bis — двойчы й па-грэцку: ’άθλον —спаборніцтва, барацьба) — зімовы від спорту, які спалучае лыжную гонку са стральбой зь вінтоўкі. Адлегласьць і фармат гонкі, а таксама праграма стральбы бываюць рознымі.

Агнявы рубеж

Гісторыя

рэдагаваць

Сучасны біятлён паходзіць са Скандынавіі. Менавіта там прыгранічныя патрулі ў вольны час спаборнічалі між сабою ў хуткасьці ды трапнасьці. Першае падабенства чэмпіянату па біятлёне адбылося ў 1767 годзе з удзелам пагранічнікаў Швэцыі й Нарвэгіі. Правобраз сучаснага біятлёну пад назвай «Змаганьні вайсковых патрулёў» быў уключаны ў праграму Першых зімовых алімпійскіх гульняў у Шамані (Францыя) у 1924 годзе. У такім выглядзе гэты від спорту праіснаваў у алімпійскай праграме да 1948 году, але ў сувязі з антываеннымі настроямі пасьля Другой сусьветнай вайны быў выключаны як празьмерна мілітарызаваны.

Але ўжо ў 1958 годзе мода на біятлён аднавілася, і з таго часу чэмпіянаты па біятлёне праводзяцца рэгулярна. У 1960 годзе біятлён амаль у сучасным выглядзе быў уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў у Скво-Вэлі (ЗША), і быў разыграны першы камплект алімпійскіх мэдалёў у мужчын. Жаночыя алімпійскія спаборніцтвы ўпершыню праводзіліся ў 1992 годзе ў Альбэрвілі (Францыя).

Першыя алімпійскія мэдалі ў спрынце былі разыграныя ў 1980 годзе у Лэйк-Плэсідзе (ЗША), першым алімпійскім чэмпіёнам стаў Франк Ульрых (ФРГ). Гонка прасьледаваньня зьявілася ў алімпійскай праграме на Алімпіядзе 2002 году ў Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) (датуль падобныя спаборніцтвы праводзіліся толькі на чэмпіянатах сьвету). Першай алімпійскай чэмпіёнкай у гонцы прасьледаваньня стала Вольга Пылёва, сярод мужчын — Уле Эйнар Б’ёрндален. Мас-старт уключылі ў алімпійскую праграму ў 2006 годзе ў Турыне. Першай алімпійскай чэмпіёнкай у мас-старце стала Анна-Карын Олафсан (Швэцыя), сярод мужчын — Міхаэль Грайз (Нямеччына).

Амуніцыя

рэдагаваць

На працягу існаваньня дысцыпліны мяняліся як правілы, так і рыштунак біятляністаў. Раней замест дробнакалібэрных стрэльбаў спартоўцы карысталіся цяжкімі вінтоўкамі. Зараз біятляністы карыстаюцца адмыслова сканструктаванымі для іх дробнакалібэрнымі вінтоўкамі 22-га калібру (маса не меней за 3,5 кг), якія возяцца за сьпіной на спэцыяльнай перавязі. Вінтоўка аднастрэльная, з абоймай на 5 патронаў, перазараджаецца зараднай рукаваткай, і мае мэханізм блякіроўкі спускавога кручка. Хуткасьць кулі ў такіх вінтоўках не павінна перавышаць 380 м/с на адлегласьці 1 мэтру ад зрэзу ствала. Мінімальная даўжыня лыжаў для біятлёна павінна быць на 4 см меней за рост спартоўца, а іх насы не павінны быць моцна загнутымі ўверх.

Адмысловы касьцюм скроены дзеля лепшай абцякальнасьці і дзеля ўтрыманьня цеплыні. Чаравікі жорсткія, каб паменшыць ціск на шчыкалатку.

Віды спаборніцтваў

рэдагаваць
 
Зімовыя Алімпійскія гульні ў італьянскім Турыне, мас-старт

На сёньняшні дзень у біятлёне існуе 6 відаў спаборніцтваў: спрынт (для жанчын 7,5 км, для мужчын 10 км); гонка прасьледаваньня (для жанчын 10 км, для мужчын 12,5 км); масавы старт (для жанчын 12,5 км, для мужчын 15 км); клясычная індывідуальная гонка (для жанчын 15 км, для мужчын 20 км) і 2 віды камандных спаборніцтваў — эстафэта (для жанчын 4*6 км, для мужчын 4*7,5 км) і зьмяшаная эстафэта. Правіламі Міжнароднага зьвязу біятляністаў рэглямэнтуецца таксама правядзеньне супэрспрынтаў, аднак пакуль гэты выгляд спаборніцтваў праводзіцца толькі на нацыянальным узроўні[1].

За кожную незакрытую мішэнь біятляніст павінен прабегчы штрафны круг (150 м), а ў індывідуальнай гонцы за кожную незакрытую мішэнь да часу спартоўца дадаецца адна хвіліна. У эстафэтных гонках спартовец мае 3 дадатковыя патроны, а калі й з імі не ўдаецца закрыць мішэні, тады за кожную незакрытую мішэнь біятляніст павінен прабегчы штрафны круг.

Стральба ў біятлёне пачынаецца заўсёды з пазыцыі лежачы, наступная стральба — з пазыцыі стоячы. У спрынце й эстафэтах толькі два агнявыя рубяжы, ў гонцы з перасьледаваньнем, масавым старце і індывідуальнай гонцы — 4 агнявыя рубяжы.

За 15 хвілін да старту ўдзельнік спаборніцтваў па біятлёне абавязаны прайсьці маркіраваньне на адмысловай стартавай пляцоўцы. Тут маркіруюцца лыжы й правяраецца вінтоўка наконт мінімальнага неабходнага намаганьня на спускавым кручку (норма — не меней за 500 г). Кожная каманда мае дзьве запасныя вінтоўкі. Потым правяраецца правільнасьць стартавага нумару й выкананьне правілаў адносна рэклямы. Стартавыя нумары выдаюцца, каб спартовец сам замацаваў іх на бядры. На ногі біятляністам мацуюцца датчыкі, якія мераюць час пры праходжаньні кантрольных рубяжоў.

Звычайна, у спрынце і індывідуальнай гонцы, спартоўцы выходзяць на старт кожныя 30 сэкунд. Кожны біятляніст за 10 сэкунд да старту атрымлівае гукавы сыгнал, за 5 сэкунд да старту электронны гадзіньнік пачынае гучна цокаць. На працягу гэтых 5 сек лыжы мусяць знаходзіцца ў адмысловых мацаваньнях (упорах). Для эстафэты ці масавага старту каманду «старт» падаюць стартавым пісталетам.

Пасьля фінішу зброя (яна не павінна быць зараджанай) і лыжы (павінны быць маркіраваныя) яшчэ раз правяраюцца, а біятляністы кіруюцца на допінг-кантроль[2].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Біятлёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў