«Сяля́нка» (па-польску: Sielanka) — твор Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паводле аўтарскага вызначэньня, «опэра ў двух актах». Спэктакль меў вялікае значэньне ў далучэньні гледачоў да сцэнічнага мастацтва й абуджэньні ў іх нацыянальнай самасьвядомасьці, зрабіў уплыў на станаўленьне беларускага прафэсыйнага тэатру.

Сялянка (опэра)
па-польску: Sielanka
Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Мова арыгіналу: беларуская мова і польская мова
Публікацыя: 1846

Гісторыя

рэдагаваць

Напісана ў 1842—1844 гадах, цэнзарскі дазвол пазначаны 5 мая 1844 году. Упершыню апублікавана асобным выданьнем у 1846 годзе ў Вільні. Прэм’ера спэктакля адбылася 9 лютага 1852 году ў гарадзкім тэатры Менску. Рэжысэр і выканаўца цэнтральнай ролі Навума Прыгаворкі — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Музыка Станіслава Манюшкі, Канстантына Кжыжаноўскага і інш. Ролі выконвалі: Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі, дочкі Дуніна-Марцінкевіча Каміла і Мальвіна, яго сын Міраслаў. Выступаў хор, аркестр. Пасьля першага паказу спэктакль быў забаронены, але яго працягвалі іграць фактычна ў нелегальных умовах на прыватных кватэрах, у інш. прыстасаваных памяшканьнях у Менску, Бабруйску, Слуцку, Глуску й інш. (вядомы паказы да 1856).

Апісаньне

рэдагаваць

Паліфанічны, сінтэтычнага пляна твор, у якім спалучаны драматычнае, музычна-вакальнае й танцавальнае мастацтвы. Вызначаецца й жанравай разнастайнасьцю: арганічна суіснуюць пранікнёная лірыка, падкрэсьленая камэдыйнасьць, вострая сатыра.

«Сялянка» напісана на зьмешанай беларускай (размовы сялян, часткова паненкі Юліі й камісара Банавантуры Выкрутача) і польскай (словы паноў) мовах. Пазьней польскамоўны тэкст на сучасную беларускую мову пераклалі Янка Купала (вершы) і Язэп Лёсік (проза).

Інсцэнізацыі ў сучаснай Беларусі

рэдагаваць

29 сьнежня 1993 году адбылася прэм’ера «Сялянкі» (пад назвай «Ідылія») у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Рэжысэр Мікалай Пінігін, мастак Зінові Марголін, кампазытар Уладзімер Кур’ян (з выкарыстаньнем музыкі Манюшкі й Міхаіла Клеафаса Агінскага), мастак па касьцюмах Людміла Ганчарова, балетмайстар Галіна Шылянкова; кансультанты Віктар Скорабагатаў, Язэп Янушкевіч, Уладзімер Дзянісаў. У ролях: Караль Лятальскі — Віталь Рэдзька; Ян Дабровіч — Георгі Маляўскі; Юлія — Зоя Белахвосьцік; Банавантура Выкрутач — Юры Авяр’янаў; Уршуля — Лілія Давідовіч, Вольга Няфёдава; Шырэцкі — Анатоль Луцэвіч, Ян Губач — Віктар Манаеў; Навум Прыгаворка — Генадзь Аўсяньнікаў, Арнольд Памазан; Сялянка — Алена Іваньнікава, Яўгенія Кульбачная, Тамара Пузіноўская, Алена Сідарава, Вольга Няфёдава; сяляне — Аляксандар Гарцуеў, Ігар Дзянісаў, Аляксандар Лабуш, Вячаслаў Паўлюць; гайдукі — Генадзь Давыдзька, Мікалай Кірычэнка, Сяргей Краўчанка; астролягі — Фама Варанецкі, Уладзімер Рагаўцоў. Спэктакль вырашаны як маштабнае палатно, ідылічна-камэдыйным сцэнам нададзена высокае патрыятычнае гучаньне. «Сялянка» ўвасоблена й Пяршайскім народным тэатрам.

У 2005 г. «Ідылія» была пастаўлена на сцэне Тэатру драмы й камэдыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 2013 г. пастаноўка была адноўлена (рэжысёр Сяргей Палешчанкоў)[1].

Літаратура

рэдагаваць
  • Сабалеўскі А. Драматургія і тэатр В. Дуніна-Марцінкевіча 40—50-х гадоў XIX ст. // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;
  • Сабалеўскі А. Зноў у Гомелі фестываль // Тэатр. Беларусь. 1994. № 6.
  • А. В. Сабалеўскі. «Сялянка» // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.