«Пітсбург Пінгвінз» (па-ангельску: Pittsburgh Penguins) — прафэсійны хакейны клюб, які гуляе ў Нацыянальнай хакейнай лізе. Клюб месьціцца ў горадзе Пітсбург, штат Пэнсыльванія, ЗША. Свае хатнія матчы клюб ладзіць на PPG Paints-арэне, але раней каманда гуляла на Сывік-Арэне, таксама вядомай як «Іглу». Клюб далучыўся да лігі пры пашырэньні 1967 году, калі колькасьць камандаў павялічвала ўдвая. Пяць разоў выйграваў Кубак Стэнлі — у 1991, 1992, 2009, 2016 і 2017 гадах. Сярод найбольш вядомых гульцоў клюбу былі і ёсьць Марыё Лемьё, Ярамір Ягр, Сыдні Кросьбі і Яўген Малкін.

Пітсбург Пінгвінз
Дывізіён Сталічны
Канфэрэнцыя Усходняя
Краіна ЗША
Горад Пітсбург, Пэнсыльванія
Заснаваны 1967
Стадыён PPG Paints Arena
Колеры Чорны, залаты, белы
              
Гісторыя Пітсбург Пінгвінз
1967 — цяпер
Афіцыйны сайт penguins.nhl.com (анг.)

Гісторыя рэдагаваць

Да «Пінгвінаў» у НХЛ ужо гуляла каманда зь Пітсбургу — «Пітсбург Пайрэтс», з 1925 па 1930 гады. Хатнія гульні каманда праводзіла на арэне «Дукейн-Гардэнз». У выніку Вялікай дэпрэсіі ўладальнікі клюбу сутыкнуліся зь фінансавымі цяжкасьцямі. Рэзка ўпала наведвальнасьць матчаў, клюб спрабаваў прадаць сваіх зорных гульцоў, каб зьвесьці канцы з канцамі. Перад пачаткам сэзону 1930—1931 гадоў запазычанасьць «піратаў» складала 400 тысячаў даляраў і не было аніякіх сродкаў для рэканструкцыі старой лядовай коўзанкі. У выніку было прынята рашэньне аб пераезьдзе клюбу ў іншы горад штату — Філадэлфію, дзе яны згулялі адзіны сэзон пад назовам «Філадэлфія Квакерз». Пасьля гэтага горад ня быў прадстаўлены клюбам у НХЛ да 1967 году.

 
Колішняя арэна «Пінгвінз» Сывік-Арэна, дзе каманда ладзіла хатнія матчы ад свайго ўтварэньня да 2010 году.

Ідэя пашырэньня НХЛ прапаноўвалася яшчэ ў 1963 годзе прэзыдэнтам «Нью-Ёрк Рэйнджарз» Ўільямам Джэнінгсам. Аднак толькі ў 1965 годзе ягоная прапанова было прынятая, і прэзыдэнт НХЛ Кларэнс Кэмпбэл абвесьціў аб пашырэньні лігі. Гэтае рашэньне азначала заканчэньне 25-гадовай эры «Вялікай шасьцёркі». Увесну 1965 году сэнатар ад штату Пэнсыльванія Джэк Эдўін Макгрэгар падчас доўгай паездкі па аўтамагістралі ў напрамку Гарысбэргу абмовіўся ў гутарцы са сваім аднаклясьнікам па юрыдычнай школе Пітэрам Блокам пра тое, што Пітсбург не дасягнуў свайго патэнцыялу ў спартовым пляне. Пітэр Блок быў вялікім прыхільнікам паўночнаамэрыканскага хакею. Да канца паездкі сябры цьвёрда вырашылі шукаць шляхі па вяртаньні гораду ў НХЛ.

Намаганьні былі пасьпяховымі. 8 лютага 1966 году кіраўніцтва Нацыянальнай хакейнай лігі дало дазвол на пашырэньне прадстаўніцтва, і Пітсбург, такім чынам, здолеў сфармаваць каманду да сэзону 1967—1968 гадоў. «Пінгвіны» заплацілі 2,5 мільёну даляраў дзеля ўступу ў лігу і выдаткавалі яшчэ 750 тысячаў даляраў на апэратыўныя патрэбы. Клюб павялічыў умяшчальнасьць хатняй арэны «Сывік-Арэна» з 10 732 да 12 500 гледачоў, каб адпавядаць патрабаваньням лігі. Таксама кіраўніцтва зрабіла кампэнсацыйную выплату клюбу «Дэтройт Рэд Ўінгс», які валодаў франшызай «Пітсбург Горнэтс». Група інвэстараў абрала Джэка Эдўіна Макгрэгара галоўным выканаўчым дырэктарам, і ён стаў прадстаўляць «Пітсбург Пінгвінз» у радзе кіраўнікоў НХЛ[1].

 
Швэдар «Пітсбург Пінгвінз».

11 кастрычніка 1967 году прэзідэнт лігі Кэмпбэл і Макгрэгар сумесна кінулі цырыманіяльную першую шайбу на першай хатняй гульні «Пінгвінз» супраць «Манрэаль Канадыенз»[2]. 21 кастрычніка 1967 году пітсбургцы сталі першай камандай з клюбыў пашырэньня, якая перамагла клюб з арыгінальнай шасьцёркі, калі яны перамаглі «Чыкага Блэк Гокс» зь лікам 4:2. Аднак, «пінгвіны» занялі пятае месца ў Заходняй дывізіёне, ня трапіўшы ў плэй-оф і скончыўшы з трэцім найгоршым паказьнікам у лізе. Найлепшым гульцом каманды апынуўся даўні брамнік «Кліўлэнд Бэранз» Лес Бінклі, які шэсьць матчаў правёў на нуль. Нападнік клюбу Кен Шынкел быў выкліканы на матч усіх зорак НХЛ. Больш за ўсіх пунктаў у сэзоне зарабіў Эндзі Батгейт, які паводле вынікаў сэзонаў меў 59 пунктаў, аднак па сэзоне гулец скончыў кар’еру.

У наступным сэзоне 1968—1969 гадоў вынікі клюбу былі горшымі, у першую чаргу праз няпэўную гульню Бінклі. Каб выправіць становішча кіраўніцтва правяло шэраг абменаў, у выніку чаго да пітсбурскіх шыхтаў прыяднаўся Жан Пранаво. На драфце 1969 году «пінгвіны» выбралі Мішэля Брыера, які, не хоць і быў абраны пад 26-м нумарам, неўзабаве вымусіў адмыслоўца параўноўваць яго зь Філам Эспазыта і Бобі Кларкам. Далучыўшыся да каманды ў лістападзе, нападнік заняў другі радок у сьпісе бамбардзіраў-пачаткоўца ў НХЛ ды быў трэцім бамбардзірам у камандзе. Пры галасаваньні на трафэй Колдэра, якім ушаноўваюць найлепшага навака году, канадзец заняў другое месца, а ўзнагароду атрымаў гулец «Чыкага Блэк Гокс» Тоні Эспазыта. У тым ліку дзякуючы Брыеру «Пітсбург Пінгвінз» упершыню трапіў у плэй-оф Кубак Стэнлі, які горад апошнім разам бачыў у 1928 годзе яшчэ з «Пітсбург Пайрэтс». «Пінгвіны» разграмілі «Оклэнд Сылз» у чатырох гульнях у чвэрцьфінале, а Брыер улучыў пераможны гол сэрыі ў авэртайме. У паўфінальным раўндзе каманда саступіла чэмпіёну канфэрэнцыі «Сэнт-Луіс Блюз». Брыер за плэй-оф закінуў пяць галоў і здабыў восем пунктаў. Аднак, ужо празь некалькі дзён пасьля гераічнага плэй-офу 15 траўня 1970 году Брыер трапіў у аўтамабільную катастрофу ў родным Квэбэку, атрымаўшы траўму мозгу і каматозны стан, зь якой ён ніколі не паправіцца. Гулец памёр праз год, а ягоны нумар 21 быў назаўсёды выведзены з абаранэньня[3].

Склад рэдагаваць

Паводле стану на 4 лютага 2024 году

Брамнікі
35   Трыстан Джары 29.04.1995 39   Алекс Нэдэлікавіч 07.01.1996
Абаронцы
2   Чэд Руўідэл 07.05.1990 7   Джон Людвіг 02.08.2000
27   Раян Грэйвэз 21.05.1995 28   Маркус Пэтэрсан 08.05.1996
58   Крыс Летанг 24.04.1987 65   Эрык Карлсан 31.05.1990
73   П’ер-Аліўе Жазэф 01.07.1999
Нападнікі
10   Дру О’Конар 09.06.1998 17   Браян Раст 11.05.1992
19   Райлі Сьміт 01.04.1991 20   Лярс Элер 08.05.1989
36   Колін Ўайт 30.01.1997 43   Джэнсэн Гаркінз 23.05.1997
55   Ноэл Ачары 01.12.1991 59   Джэйк Генцэл 06.10.1994
67   Рыкард Ракель 05.05.1993 71   Яўген Малкін 31.07.1986
77   Джэф Картэр 01.01.1985 83   Мэт’ю Ньета 05.11.1992
87   Сыдні Кросьбі 07.08.1987

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць