Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх (Вільня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°41′38.40″ пн. ш. 25°18′21.60″ у. д. / 54.694° пн. ш. 25.306° у. д. / 54.694; 25.306Каардынаты: 54°41′38.40″ пн. ш. 25°18′21.60″ у. д. / 54.694° пн. ш. 25.306° у. д. / 54.694; 25.306
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Вільнюса[d] 
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Аўтар праекту Jan Zaor[d]
Заснавальнік Міхал Казімер Пац
Дата заснаваньня 1701
Сайт petropovilobaznycia.lt
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх на мапе Летувы
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх
Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Вільні. Знаходзіцца ў Антокалі, на Антокальскай вуліцы[a]. Касьцёл дзейнічае, кляштар існаваў да 1864 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Комплекс Віленскага лятэранскага кляштару складаецца з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам і вежамі-капліцамі і брамай. Касьцёл лічыцца адной з найбольш значных пабудоваў у стылі барока ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тут захоўваецца абраз Маці Божай Ласкавай, падараваны біскупам Юрыем Тышкевічам у 1647 годзе. Пры касьцёле месьціцца цьвінтар — частка Антокальскіх могілак.

Гісторыя рэдагаваць

 
Міхал Казімер Пац
 
Плян кляштару, 1908 г.

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

У 1609—1616 гадох на Антокалі збудавалі драўляны касьцёл пад тытулам Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1625 годзе біскуп Яўстах Валовіч зьмясьціў пры ім двух манахаў з Кракава і пакінуў запавет завяршыць фундацыю свайму пераемніку Абрагаму Войне. У 1628 годзе капітула ордэну канонікаў лятэранскіх ў Кракаве пастанавіла, каб манахаў у Вільні ўтрымлівалі сваім коштам Быхаўскі і Крамяніцкі кляштары. Толькі ў 1638 годзе манахі сталі ўладальнікамі касьцёла[1].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў касьцёл разабралі. У 1666 годзе гетман вялікі Міхал Казімер Пац фундаваў новы касьцёл у выкананьне зароку, які ён даў за сваё збавеньне пры бунце ў войску і ў адзначэньне вызваленьня Вільні ад захопнікаў. Ён запісаў маёнтак Відзы на ўтрыманьне 12 манахаў, набыў ім камяніцу на Рынку. У 1668 годзе будаваньне касьцёла распачаў архітэктар з Кракава Ян Заар, з 1671 году работамі кіраваў італьянец Джамбатыста Фрэдыяні. Касьцёл збудавалі да 1676 году (сьцены скончылі ўжо ў 1674 годзе, а ў 1675 годзе — купал). У 1677—1684 гадох вялося будаваньне кляштару і аздабленьне інтэр’еру касьцёла пад кіраўніцтвам італьянскіх майстроў Джавані П’етра Пэрці (Пэрэці) зь Міляну і Джавані Марыа Галі з Рыму. У 1682 годзе фундатар спачыў перад уваходам у касьцёл. У 1701 годзе касьцёл асьвяціў біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У 1808 годзе манахі паставілі ў касьцёле помнік Міхалу Казімеру Пацу з эпітафіяй на лацінскай мове.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, будынак якога перарабілі пад кашары[2].

Найноўшы час рэдагаваць

У міжваенны час будынак кляштару займала войска Польскай Рэспублікі.

Па Другой сусьветнай вайне з 1953 году ў кляштары разьмяшчалася Віленская вышэйшая камандная вучэльня радыёэлектронікі ППА. У 1954 годзе дах касьцёла пакрылі новай бляхай. У 1968 годзе ў будынку зрабілі цэнтральнае ацяпленьне. У 1969—1974 гадох перафарбавалі вонкавыя сьцены[3]. У 1953—1989 гадох у галоўным алтары стаяў саркафаг з рэліквіямі Сьвятога Казімера[4].

Архітэктура рэдагаваць

Касьцёл — помнік архітэктуры барока. Гэта 3-нэфавая крыжова-купальная базыліка. Вышыня купала — 39 мэтраў. Абапал галоўнага фасаду ўзвышаюцца дзьве 3-ярусныя вежы, круглыя ў першым ярусе і 8-гранныя ў верхніх ярусах. Паміж вежамі — трыкутны франтон з рэльефам, які сымбалізуе мір, у нішы. Галоўны фасад падзяляецца карнізам на два ярусы, аздабляецца строгімі калёнамі і адкрытым бальконам з драўлянай балюстрадай. Абапал вялікага акна і балькона ў нішах фігуры Сьвятога Аўгустына і Сьвятога Станіслава. Уваход вылучаецца пышным парталам. Надпіс уверсе другога ярусу над уваходам на лацінскай мове «REGINA PACIS FUNDA NOS IN PACE» абыгрывае родавое імя фундатара Міхала Казімера Паца. Над уваходам таксама зьмяшчаецца картуш з гербам Пацаў — Газдавай.

Галоўная адметнасьць унутранай прасторы — гарманічны разьвязак з мноствам высокамастацкай скульптурнай аздобы на скляпеньнях прэзьбітэрыюму, у купале, цэнтральным нэфе, капліцах Сьвятога Аўгустына, Сьвятой Уршулі, Жанчынаў, Рыцараў. Сваёй мастацкай дасканаласьцю і багацьцем формаў ня мае сабе роўных у Рэчы Паспалітай[5]. Налічвае больш за дзьве тысячы Фігурных кампазыцыяў, гарэльефаў і скульптураў, якія адлюстроўваюць біблійных, гістарычных, міталягічных і алегарычных пэрсанажаў, фантастычных дэманічных істотаў, расьліны і жывёлаў. Купал аздабляецца выявай Бога, які глядзіць зьверху. Чалавечыя фігуры адлюстроўваюць сцэны з Новага Запавету і найважнейшыя падзеі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Направа ад уваходу стаіць скульптурная алегорыя сьмерці — чалавечы шкілет з касой, налева — фігура заступніка Вільні Сьвятога Крыштапа. Арка капліцы Сьвятога Аўгустына аздабляецца двума барэльефамі, якія адлюстроўваюць галовы сланоў і маюць нагадваць пра Афрыку, дзе працаваў Айцец Царквы.

У інтэр’еры дзевяць алтароў: галоўны — у імя сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, астатнія — Езуса Антокальскага, Сьвятога Францішка Азіскага, Панны Марыі, пяці ранаў Езуса і алтары ў чатырох капліцах. У прэзьбітэрыюме знаходзіцца карціна Францішка Смуглевіча «Разьвітаньне Сьвятых Пятра і Паўла» (1804) і чатыры скульптуры Казімера Ельскага. Пры алтары Панны Марыі знаходзіцца вялікая (172 на 237 см) карціна, якая адлюстроўвае жахі эпідэміі чумы, якая лютавала ў Вільні ў 1710 годзе, і Маці Божую Ласкавую. Дзеля асьвятленьня служыць незвычайная люстра ў форме карабля, створаная майстрамі Латвіі ў 1905 годзе. У XIX—XX стагодзьдзях каля ўваходу стаялі дзьве літаўры, паводле паданьня, здабытыя Міхалам Казімерам Пацам у бітве пад Хоцінам[6] (цяпер месьцяцца ў капліцы Сьвятога Аўгустына).

Галерэя рэдагаваць

Гістарычная графіка рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Сучасныя здымкі рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Афіцыйны адрас — Antakalnio g. 1/1

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Ярашэвіч А. Віленскі кляштар канонікаў латэранскіх // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 428.
  2. ^ Ярашэвіч А. Віленскі кляштар канонікаў латэранскіх // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 429.
  3. ^ Samalavičius S. Baroko šedevras (Vilniaus Petro ir Povilo bažnyčia). Antrasis pataisytas leidimas. — Vilnius: Mintis, 1979. P. 14—15.
  4. ^ Wałejko K. Praktyczny przewodnik po Wilnie / red. ks. M. Borysiak, A. Franko, I. Jutkiewicz, K. Jutkiewicz. — Suwałki, 2003. S. 149—150.
  5. ^ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione po zgonie autora. — Wilno, 1937. S. 73.
  6. ^ Виноградов А. А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. — Вильна, 1908. С. 151.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць