Сяродкрыжжа
Сяродкрыжжа — у царкоўнай архітэктуры месца перасячэньня галоўнага нэфу і трансэпту, якія ўтвараюць у пляне крыж. Пры традыцыйнай арыентацыі царквы празь сяродкрыжжа можна трапіць у заходні неф, у паўднёвы і паўночны трансэпты, і ў разьмешчаны ва ўсходняй частцы храма хор. Сяродкрыжжа часта ўвеньчана вежай або купалам, прычым вежы характэрны для раманскіх і гатычных храмаў, а купалы — для сабораў эпохі Адраджэньня.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/5e/Vierung.svg/250px-Vierung.svg.png)
Паколькі сяродкрыжжа адкрыта на ўсе чатыры бакі, цяжар ад вежы або купалу прыпадае на куты, таму стварэньне ўстойлівай канструкцыі патрабуе ад архітэктару і будаўнікоў ладнага майстэрства. У мінулыя стагодзьдзі празьмерныя амбіцыі стваральнікаў часта прыводзілі да абвальваньня такога роду канструкцый.
У залежнасьці ад характару перасячэньня вылучаюць два тыпы сяродкрыжжа. У першым нэф і трансэпт маюць роўную вышыню і падкупальны квадрат мае чатыры аднолькавыя аркі. Другі тып — сяродкрыжжа з паніжаным трансэптам — можа быць вызначаны па больш нізкіх, вузкіх арках, якія выразна падзяляюць нэф, трансэпт і хор.
Купал або вежа могуць мець аконныя праёмы для асьвятленьня царквы, утвараючы ліхтар. У эпоху раньняга Сярэднявечча квадрат сяродкрыжжа часта выкарыстоўвалі пры пляніроўцы сабору ў якасьці адзінкі вымярэньня: даўжыні нэфу і трансэпту былі кратныя боку квадрату сяродкрыжжа.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/15/Petersdom_von_Engelsburg_gesehen.jpg/250px-Petersdom_von_Engelsburg_gesehen.jpg)
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Франческа Прина, Елена Демартини. 1000 лет мировой архитектуры. М. «Омега», 2008