Мэльхіёр Гедройц

дзяржаўны і рэлігійны дзяяч ВКЛ

Мэльхіёр Гедройц (Мальхер; 1536[1] — 6 красавіка 1609, Варні) — дзяржаўны і рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Жамойцкі біскуп (з 1575), апякун летувіскага пісьменства.

Мэльхіёр Гедройц
Мэльхіёр Гедройц. Невядомы мастак, XVIII ст.
Мэльхіёр Гедройц. Невядомы мастак, XVIII ст.

Герб «Кітаўрас»
Біскуп жамойцкі
1576 — 1609
ПапярэднікЮры Пяткевіч
НаступнікМікалай Пац
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1536(1536)
Памёр 6 красавіка 1609
Пахаваны
Род Гедройцы
Бацькі Матэвуш Гедройц
Ганна Крошынская
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне й адукацыя

рэдагаваць

Паходзіў зь літоўскага княскага роду Гедройцаў, які ў 16 ст. ужо ня меў значнае палітычнае ролі ў дзяржаве. Бацька Мэльхіёра, Матэвуш Гедройц, служыў пры двары каралевы Боны, зь яе пратэкцыі быў намесьнікам у Кернаве і Майшаголе, пазьней маршалкам гаспадарскім. Маці — княгіня Ганна з Крошынскіх.

Навучаўся ад 1550 у Каралявецкім, Вітэнбэрскім, Цюбінгенскім, Ляйпцыскім унівэрсытэтах, навуковай ступені не атрымаў.

Дзейнасьць

рэдагаваць

У 1569 годзе як пасол ад Віленскага павету на Люблінскі сойм падпісаў акт Люблінскае уніі. Невядома, ці быў Мэльхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я напэўна быў каталіком, а ў 1571 годзе стаў сьвятаром. Апекаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам, у 1572 годзе атрымаў ад яго прызначэньне кусташам капітула. Пасьля сьмерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліпень 1574) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца Мэльхіёра Гедройца. У 1575 годзе езьдзіў у Францыю, каб прысягнуць Генрыку Валезы. 16 студзеня 1576 году зацьверджаны рымскім папам Грыгорыюсам XIII, рукапакладзены ў сан жамойцкага біскупа 22 красавіка 1576 году ў Вільні, пры прызначэньні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалёгіі.

Партрэты М. Гедройца
 
Невядомы мастак, 1585
 
Невядомы мастак

Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці Вялікага Княства Літоўскага. 25 траўня 1580 году ў Віленскай катэдры ўручыў Стафану Баторыю капялюш і меч, пасьвянцоныя папам на паход на Масковію. Як сэнатар вызначыўся на соймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленьні дзяржаўных межаў і міру з Масковіяй. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасьць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сэпаратыст» (Станіслаў Гэрбст), «літоўскі патрыёт» (Зянонас Івінскіс), адной з найважнейшых мэтаў лічыў захаваньне дзяржаўнасьці ВКЛ пасьля Люблінскай уніі.

Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў Контрарэфармацыі. За сваё змаганьне з адраджэньнем паганства атрымаў мянушку «другога хрысьціцеля Жамойці», асабіста ўдзельнічаў у вырубцы сьвятых дубоў і згашэньні паганскага агню на Гары Біруты. Згодна з пастанаўленьнямі Трыдэнцкага сабору шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касьцёле, спрыяў падрыхтоўцы летувіскамоўных сьвятароў, выданьню летувіскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 у Жамойці быў заснаваны першы бэрнардынскі кляштар. У 1607 заснаваў адмысловую місію для латышоў. Падараваў уласную бібліятэку (каля 100 кніг) езуіцкаму калегіюму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-летувіску, сам слухаў споведзі вернікаў. Пахаваны ў катэдральным саборы ў Варнях.

Культурная дзейнасьць

рэдагаваць

Для культурнай дзейнасьці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, летувіская накіраванасьць. Сваім коштам выдаў «Пастылу каталіцкую» Якуба Вуека (1599) у перакладзе Мікалая Даўкшы — першую летувіскую кнігу друкаваную ў ВКЛ, а таксама пераклад Катэхізіса езуіта Лядэсмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысьціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму, якому даў пасаду каноніка жамойцкага.

Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на сьмерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), празь зьмест твору бачна добрае веданьне аўтарам антычный і хрысьціянскай літаратуры.

  1. ^ Валерый Пазднякоў. Гедройцы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 521.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Ivinskis Z. Merkelis Giedraitis arba Lietuva dviejų amžių sąvartoje // Rinktiniai raštai, T. 4. — Roma, 1987.
  • Jonas Boruta. Didysis Žemaičių ganytojas Merkelis Giedraitis // Mikalojaus Daukšos «Katekizmui» — 400. — Klaipėda, 1995. P. 15—23.
  • Rabikauskas P. Krikščioniškoji Lietuva. — Vilnius, 2002. P. 157—159.
  • Ulčinaitė E. Merkelis Giedraitis — vyskupas, mecenatas, poetas // «Naujasis židinys» Nr. 9/10, 1999. P. 444—453.