Войцех Табар
Во́йцех Та́бар (таксама Альбэрт Табаравіч; к. 1453, Табарышкі — 27 сакавіка 1507, Кракаў) — рэлігійны і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, біскуп віленскі (з 1492).
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | к. 1453 Табарышкі, Віленскі павет, Віленскае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | 27 сакавіка 1507 Кракаў, Каралеўства Польскае |
Пахаваны | |
Род | Табары |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп |
Імя
рэдагавацьВарыянты імя ў гістарычных крыніцах: Albertus Tabor (1 лютага 1492 году)[1], Albertus Thaborowycz (7 траўня 1495 году)[2].
Біяграфія
рэдагавацьЗь літоўскага баярскага роду гербу «Вянява» зьмененая (паводле дакумэнту 1600 году, «родам літоўскі шляхціч з-пад Эйшышак»[3]). Магчыма, яго бацькам быў Алехна Табар, староста эйшыскі[4]. Меў брата Барташа Табаравіча, маршалка гаспадарскага.
У 1469—1474 навучаўся ў Кракаве, дзе атрымаў ступень магістра. У 1476 годзе ўпамінаецца як пробашч троцкі, у 1484 годзе — як пробашч ашмянскі. Пазьней быў канонікам віленскім і прэлатам Віленскай дыяцэзіі. 11 красавіка 1492 году высьвечаны на біскупа віленскага. Выступаў прыхільнікам пэрсанальнай уніі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.
Памёр у Кракаве ў часе каранацыйных урачыстасьцяў Жыгімонта Старога.
Мова і культура
рэдагавацьУ сваім лацінамоўным наданьні Віленскай катэдры, зробленым у 1495 годзе, упамінаў «народную» назву «салёныя бочкі» (vulgo solony beczky)[5], а ў наданьні ў свайму дзяржаўцы ў Салоках упамінаў зямлю, якая «па-народнаму» называецца Сіманаўскай (Simonowska wlgariter dictam)[6]. Гэта адпавядае многім іншым тагачасным лацінскім граматам літоўскіх князёў і баяраў, дзе з азначэньнем «народны» («гутарковы») падаваліся менавіта беларускія словы[7].
У верасьні 1501 году атрымаў ад вялікага князя Аляксандра грамату, паводле якой змог на свой погляд прызначаць ксяндзоў, пажадана такіх, якія б валодалі «літоўскай гаворкай»[a]. У грамаце пералічвалася 28 парафіяльных касьцёлаў Віленскага біскупства, у тым ліку ў Лідзе, Беліцы, Быстрыцы, Слоніме, Валожыне, Красным Сяле, Маладэчне, Радашкавічах, Койданаве, а таксама тры касьцёлы на Падляшшы (у Гонядзі і ваколіцах). Апроч відавочна нелетувіскага геаграфічнага ахопу, гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што гэтая пажаданая ў тым часе «моўная рэформа» не пакінула ніякіх сьлядоў, якія б маглі пацьвердзіць факт ужываньня жамойцкай (летувіскай) мовы ў набажэнствах ня толькі пералічаных, але ўвогуле, хоць якой парафіі[8].
Паводле граматы, атрыманай ім у 1503 годзе ад вялікага князя Аляксандра, пан Іван Сапега, які працаваў у славянскім сакратарыяце Вялікага Княства Літоўскага і фактычна азначаўся ў дзьвюх папскіх булах ад 1501 году як «сакратар рускай мовы» («secretarius Ruthenicus», «in cancellaria Ruthenica secretarium et capitaneum»), характарызаваўся як «secretario nostro Litvano» («secretarius noster Litvanus»), што варта разумець як «сакратар літоўскай мовы»[9].
Тым часам яго брат Барташ Табаравіч дзеля змаганьня з пагрозай адраджэньня паганства на Жамойці аформіў у 1507 годзе фундацыю на касьцёл у Таўрогах з прызначэньнем туды сьвятароў, якія б ведалі «гутарковую жамойцкую мову» і маглі б навучаць парафіянаў слову Божаму ў «мове жамойтаў»[10].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ У той час набажэнствы і казаньні спраўляліся на лацінскай мове
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 437.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 490.
- ^ Szulc D. Bartosz Taborowicz — marszałek hospodarski Aleksandra Jagiellończyka. Krąg rodzinny i kariera polityczna domniemanego komisarza granicznego // Lietuvos istorijos studijos. Vol. 41 (2018). P. 62.
- ^ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.. — 2-е выд. — Смаленск, 2014. С. 309.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 504.
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 2: 1468—1501. — Kraków, 1939. S. 521.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 32—33.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 114.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 111.
Літаратура
рэдагаваць- Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / пераклад А. Мікус. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-015-4
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4