Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат

малакаперапрацоўчае прадпрымства Беларусі

Каардынаты: 55°8′9″ пн. ш. 27°39′24″ у. д. / 55.13583° пн. ш. 27.65667° у. д. / 55.13583; 27.65667

«Глыбо́цкі мало́чнакансэ́рвавы камбіна́т» («ГМКК») — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1972 году ў Глыбокім (Віцебская вобласьць).

«Глыбоцкі МКК»
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 20 студзеня 1972 (52 гады таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Віцебская вобласьць
Адрас Глыбокае, вул. Леніна, д. 131[1]
Ключавыя фігуры Васіль Чараднік, Ігар Шымко
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя вяршкі, згушчанае малако, кефір, масла, сухая сыроватка, сухое малако, сыр, тварог
Абарачэньне 1089,643 млрд рублёў[2] (2015 г.; $67,04 млн)[3]
Апэрацыйны прыбытак -95,545 млрд руб (2015 г.; $-5,878 млн)
Чысты прыбытак -95,776 млрд руб (2015 г.; $-5,893 млн)
Лік супрацоўнікаў 930 (2016 год)
Матчына кампанія ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод»
Даччыныя кампаніі «Браслаўрыба», Браслаўскі малаказавод

Працуе на аснове малочнай сыравіны з Глыбоцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласьці. Выпускае вяршкі, згушчанае малако, масла, сухія малочныя сумесі, сыры, кісламалочныя і цэльнамалочныя вырабы. Значную частку вырабаў экспартуе ў Расею[4]. Прадстаўніцтвы прадпрыемства працавалі ў Віцебску і Менску, а таксама за мяжой у Казахстане (Актабе) і Расеі (Масква)[5].

На 2020 год вытворчымі падразьдзяленьнямі УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат» былі 5 цэхоў: бляшанкавы, кансэрвавы, масла, сухога малака і цэльнамалочны. Таксама ў Браславе працаваў сырны цэх і «Браслаўрыба». Дапаможнымі падразьдзяленьнямі былі: кацельня, аміячная кампрэсарня, электрацэх, мэханічныя майстэрні, аўтатранспартны цэх і рамонтна-будаўнічы ўчастак[6]. Гадавая магутнасьць кансэрвавага цэху складала 48 млн слоікаў згушчанага малака з цукрам і 30 млн слоікаў згушчонкі бяз цукру. Адпаведна за зьмену выпускалі 96 000 слоікаў згугчонкі з цукрам і 60 000 слоікаў бяз цукру. Згушчонку фасавалі ў бляшанкі, палімэрныя цюбікі і вёдры на 10 літраў, лямінаваныя мяхі на 20 літраў, кардонныя барабаны і палімэрныя бочкі на 50 літраў. Цэх сухога малака выпускаў сухое абястлушчанае малако, сухое цэльнае малако тлустасьцю 25% і 26%, малочную сухую сыроватку і замяняльнікі цэльнага малака. Магутнасьць цэха складала 12 тонаў малака за зьмену, бо 2 сушылі мелі прадукцыйнасьць 1000 і 15000 кг/гадзіна сухога малака. Сухое малако расфасоўвалі ў папяровыя мяхі па 25 кг і лямінаваныя пакеты па 250 і 500 грамаў. У цэху перапрацоўвалі да 1000 тонаў сыроваткі. Маслацэх выпускаў 3600 тонаў масла за год, якое фасавалі 200-грамовымі брыкетамі ў кашаваную фольгу па 1,5 тоны за зьмену. Цэльнамалочны цэх перапрацоўваў 25 тонаў малака за содні і выпускаў ёгурт, кефір, пастэрызаванае малако, сьмятану і тварог. У бляшанкавым цэху працавалі 2 лініі бляшанак са зварным швом дыямэтрам 72,8 мілімэтру, што мелі прадукцыйнасьць 280 і 500 бляшанак за хвіліну. Бляшанкі выпускалі вышынёй ад 7 да 10,5 см. Таксама ў цэху ўсталявалі абсталяваньне для выпуску малака з тэтра-пакетах па 0,5 і 1 літры[7].

Мінуўшчына

рэдагаваць

20 студзеня 1972 году Міністэрства мясной і малочнай прамысловасьці СССР ухваліла Загад № 30 аб пуску «Глыбоцкага малочнакансэрвавага камбінату», які будавалі з 1966 году. 1 ліпеня 1972 году пусьцілі 2-ю чаргу вытворчасьці згушчанага малака бяз цукру. Для вытворчасьці стэрылізаваных малочных кансэрваў усталявалі швэдзкую лінію «Альфа-Ляваль». У 1972, 1974, 1978 і 1990 гадах усталёўвалі нямецкія вакуўмныя апараты «Віганд-8000» для вырабу згушчанага малака з цукрам. У 1977 году паставілі лінію вытворчасьці масла ОЛА-1, якую ў 1982 годзе замянілі на ўсходненямецкую «ФБФЦ/1» і дапоўнілі 2-й у 1989 годзе. У 1980 годзе пабудавалі цэх вытворчасьці замяняльніка цэльнага малака з чэскай сушылкай «ВРА-4», якую ў 1984 годзе дапоўнілі сушылкай «ОСВ-1». У 1984 годзе на лініі выпрацоўкі стэрылізаванага малака паставілі 2 амэрыканскія разьліва-закаткавыя машыны «Ангеліюс». У 1985 годзе ўбляшанкавым цэху 2 лініі «Сал-1» з Сымфэропалю (Украінская ССР) замянілі на ўсходненямецкую лінію «Блема», якую 1988 годзе дапоўнілі 2-й лініяй. У 1992 годзе з цэха цэльнамалочных вырабаў вылучылі аддзяленьнеі сьмятаны і пакетнай расфасоўкі. У 1996 годзе ў аддзяленьні расфасоўкі ўсталявалі летувіскі аўтамат М6-ОР2Д2 для расфасоўкі сьмятаны ў скрынкі з полістыролу ў дадатак да аўтаматаў М6-ОРЗ-Е для расфасоўкі малака ў поліэтыленавыя пакеты. Таксама ў 1996 годзе цэх замяняльніка цэльнага малака стаў выпускаць сухое абястлушчанае малако і сухія сумесі для марозіва. У 1997 годзе «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1998 годзе ў кансэрвавым цэху запусьцілі 3 італьянскія скрынесклейвальныя машыны «Сіат». У 1999 годзе ў бляшаначным цэху ўсталявалі нямецкую лінію «Блема-Керхайс» для вырабу слоікаў са зварным швом. У 2002 годзе пусьцілі расейскую фасовачную ўстаноўку «УФП-1М». У 2004 годзе цэх сухога малака стаў вырабляць яго цэльным. Адначасна ў 2004 годзе «Глыбоцкаму МКК» падпарадкавалі Браслаўскі малаказавод. У 2007 верасьні году паставілі італьянскую пастэрызацыйную лядоўню «Фраўтэх»[8].

У лістападзе 2013 годзе пасьля перабудовы адчынілі Браслаўскую філію магутнасьцю 12 тонаў сыру за дзень, якія выпускалі пад таварным знакам «Аляксандраўскія сыры». Адпаведна штодня філія мела закупаць 120 тонаў малака. У перабудову ў Браславе ўклалі 230 млрд беларускіх рублёў ($25,638 млн)[9]. У верасьні 2017 году ААТ «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат» падпарадкавалі ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод»[10]. 4 студзеня 2018 году «Глыбоцкі МКК» пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства.

  1. ^ Галаўное прадпрыемства (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  2. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  3. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5. — С. 308. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0.
  5. ^ Прадстаўніцтвы (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  6. ^ Будова прадпрыемства (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  7. ^ Экскурсія па вытворчасьці (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  8. ^ Наша гісторыя (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.
  9. ^ Аляксандар Пукшанскі. Сьвята са смакам сыру // Зьвязда : газэта. — 14 лістапада 2013. — № 214 (27579). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Віталь Бабін. Глыбоцкую згушчонку далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць // Тэлеканал «Белсат», 20 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 20 верасьня 2017 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Электронны зварот (рас.) // УП «Глыбоцкі малочнакансэрвавы камбінат», 2020 г. Праверана 4 сакавіка 2020 г.