Слодыч (прадпрыемства)
«Сло́дыч» — кандытарская фабрыка Менску, заснаваная ў студзені 1905 году.
«Слодыч» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 11 студзеня 1905 (119 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Георгі Рачкоўскі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Партызанскі раён, Радыяльная вул., д. 54/2 |
Ключавыя фігуры | Аляксандар Нячай, Раман Кулеш[1] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | вафля, кекс, крэкэр, печыва |
Абарачэньне | ▼322,987 млрд рублёў[2] (2015; $20,144 млн)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼29213 млн руб ($1,822 млн) |
Чысты прыбытак | ▼21105 млн руб ($1,316 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 554 (2016 г.) |
Матчына кампанія | «Белдзяржхарчпрам» |
На 2012 г. была найбольшым у Беларусі вытворцам печыва. Мела ўласны аднайменны таварны знак, пад якім за 2015 г. прадала звыш 30% печыва ў краіне (звыш 15 тыс. тонаў). Выпускала вафэльныя лісты, кексы, крэкэры і 6 асноўных відаў печыва (аўсянае, глазураванае, дыябэтычнае, зацяжное, здобнае і цукровае)[4].
Мінуўшчына
рэдагаваць11 студзеня 1905 г. Менская гарадзкая ўправа выдала гандлёвае пасьведчаньне № 34 кандытарскай пякарні-кавярні Георгія Вікенцьевіча Рачкоўскага, якая месьцілася на Захар’еўскай вуліцы (цяпер праспэкт Незалежнасьці). На 1910 г. кандытарская пякарня-кавярня Рачкоўскага займала 3 памяшканьні ў доме № 79 па Захар’еўскай вуліцы і наймала 3 работнікаў і 4 вучняў. У 1914 г. пякарня стала называцца кандытарскай фабрыкай «Жорж», на якой за машынамі працавалі 20 работнікаў[4]. Працягласьць працоўнага дня складала 12 гадзінаў з 1,5 гадзінным перапынкам. У лістападзе 1917 г., пасьля кастрычніцкага перавароту, бальшавікі нацыяналізавалі фабрыку і перайменавалі ў «Першую беларускую кандытарскую фабрыку». У 1926 г. прадпрыемства перайменавалі ў Менскую кандытарскую фабрыку «Прагрэс». 7 лістапада 1929 г. фабрыку перавялі ў падсобныя памяшканьні Менскага дражджавога завода па вул. МАДРа(ru) (цяпер вул. Камуністычная) і перайменавалі ў фабрыку «Камунарка».
У 1936 г. бісквітны цэх фабрыкі «Камунарка», які вырабляў пернікі і печыва, вылучылі ў самастойную Менскую бісквітную фабрыку трэста «Белкандытар», разьмешчаную па вул. МАДРа, д. 127. Пазьней фабрыка таксама стала выпускаць макароны. 8 ліпеня 1944 г., на 5 дзень адступленьня нямецкага войска зь Менску, пачалася адбудовай бісквітна-макароннай фабрыкі. У 1945 г. фабрыка аднавіла вытворчасьць. За 1947 г. выпусьціла каля 500 тонаў вырабаў, зь іх 70% пернікаў і 10% фасаваных вырабаў. Макаронны цэх перавялі ў Барысаў. На вызваленай плошчы паставілі 2 друкаркі для літаграфіі. У 1948—1950 гг. работнікам на фабрыцы працаваў пісьменьнік Валянцін Тарас (1930—2009), які пазьней напісаў тэксты песьняў для ансамбля «Песьняры» (з 1969 г.)[4]. За 1952 г. Менская бісквітная фабрыка впусьціла 1980 тонаў вырабаў, зь іх 117 тонаў фасаваных. Цягам 1956—1961 гг. на фабрыцы ўстанавілі канвэерныя печы, мэханізавалі замес цеста і фармоўку печыва, перайшлі на прыродны газ у вытворчасьці. У 1966 г. выраб мучных слодычаў склаў каля 6000 тонаў, зь іх каля 15% збылі за межамі Беларускай ССР. 11 студзеня 1971 г. Менскую бісквітную фабрыку паўторна падпарадкавалі Менскай кандытарскай фабрыцы «Камунарка» на правах вытворчага ўчастка.
1 кастрычніка 1979 г. Бісквітна-паліграфічную вытворчасьць фабрыкі «Камунарка» ператварылі ў Менскую бісквітна-паліграфічную фабрыку. 1 студзеня 1992 г. пачала працу Менская кандытарская фабрыка № 2 вытворчага аб’яднаньня «Камунарка», якая адчынілася па вул. Радыяльная, д. 54. Гадавая магутнасьць склала 26,8 тыс. тонаў печыва, цукерак і шакаляду. Тым часам, 1 ліпеня 1992 г. зачынілі Менскую бісквітна-паліграфічную фабрыку па вул. Камуністычная, д. 83. 1 ліпеня 1993 г. Менская кандытарская фабрыка № 2 стала асобным прадпрыемствам. 1 лістапада 1994 г. прадпрыемства перайменавалі ў кандытарскую фабрыку «Слодыч»[4]. 2 студзеня 2001 г. прадпрыемства стала адкрытым акцыянэрным таварыствам. Пачаўся выраб крэкэраў. З 2006 г. сталі вырабляць глазураванае печыва. На 2012 г. асноўным замежным рынкам збыту была Расея[4].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Тужыкаў (8 ліпеня 1944—1950-я)
- Міхаіл Шлыкаў (1976)
- Станіслаў Куроўскі (1992—2003)
- Натальля Кот (2003 — 1 красавіка 2009)
- Тацяна Селіх (3 красавіка 2009 — 19 сьнежня 2013)
- Аляксандар Нячай (з 19 сьнежня 2013 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», 2021 г. Праверана 15 чэрвеня 2021 г.
- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 17 кастрычніка 2016 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 17 кастрычніка 2016 г.
- ^ а б в г д Салодкае жыцьцё з кандытарскай фабрыкай «Слодыч» // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сьпіс цэнаў // ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», 2021 г. Праверана 15 чэрвеня 2021 г.