Паўстаньне 1794 году

(Перанакіравана з «Паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі»)

Паўста́ньне 1794 году, або паўстаньне ў Беларусі, Польшчы і Летуве — узброены выступ супраць расейскай акупацыі й прускай інтэрвэнцыі, за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году й за ажыцьцяўленьне пастановаў Чатырохгадовага сойму[1]. Лёзунг паўстаньня — «Свабода, Адзінства, Незалежнасьць!»

Мапа паўстаньня

Перадумовы

рэдагаваць

Рэакцыйныя дзеяньні таргавічанаў і захопніцкая палітыка замежных дзяржаваў выклікалі вострае незадавальненьне значнай часткі гарадзкіх жыхароў і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Францускай рэвалюцыі ўказваў на адзіна магчымы шлях вызваленьня краіны ад замежнага дыктату й здраднікаў-таргавічанаў.

Паўстаньне

рэдагаваць
 
Тадэвуш Касьцюшка прымае клятву

Пачалося паўстаньне 24 сакавіка 1794 году. У гэты дзень на Рынкавай плошчы Кракава быў агалошаны Акт паўстаньня, якім Вышэйшым і Адзіным начальнікам узброеных сілаў і кіраўніком усяго паўстаньня абвяшчаўся нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка. Яму даручалася сфармаваць вышэйшы заканадаўчы й адміністрацыйна-выканаўчы орган паўстаньня для ўсёй Рэчы Паспалітай — Вышэйшую народную раду (утвораная 21 траўня).

З 22 красавіка на 23 красавіка паўстанцы вызвалілі Вільню й 24 красавіка ўтварылі Найвышэйшую Раду Вялікага Княства Літоўскага на чале зь ліцьвінам Якубам Ясінскім. Хутка ўсё Вялікае Княства было ахопленае полымем паўстаньня. Паўстанцы ўзялі ўладу ў Горадні, Берасьці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыні, Ашмяне, Лідзе, Браславе. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ахопленай паўстаньнем, былі створаныя 23 павятовыя парадкавыя камісіі (органы самакіраваньня касьцюшкаўскіх паўстанцаў), зь іх 19 дзейнічалі ўласна на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Паўстаньне зрабіла спробу аб’яднаць разам інтарэсы перадавой часткі шляхецтва, сялянства й гарадзкога насельніцтва. Мэтай паўстанцаў была таксама дапамога ў вызваленьні ад «ярма дэспатызму» народаў суседніх краінаў. Касьцюшка заклікаў да ўдзелу ў паўстаньні прадстаўнікоў усіх веравызнаньняў. Асаблівая ўвага была выказаная ім да праваслаўнага сьвятарства й насельніцтва. 14 чэрвеня Народная рада выдала пастанову аб аднаўленьні герархіі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, якая згодна з пастановай Пінскай праваслаўнай кангрэгацыі 1791 году абвяшчалася незалежнай ад замежнай царквы.

Палянэцкім унівэрсалам 7 траўня Касьцюшка адмяніў асабістую залежнасьць сялянаў. Сяляне, якія пайшлі ў паўстаньне (касінеры), вызваляліся ад прыгону. На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў паўстанцкіх атрадах сяляне складалі да адной трэці зь іх колькасьці. За кароткі тэрмін (з красавіка па верасень) на Беларусі ў паўстаньні прыняло ўдзел да 25 тысячаў чалавек. Найбольш буйныя бітвы беларускіх касьцюшкаўцаў адбыліся пад вёскамі Паляны (7 траўня), Солы (25 чэрвеня), Слонімам (4 жніўня), Любаньню (4 верасьня), вёскай Крупчыцы (17 верасьня). Пад Крупчыцамі адбылася самая вялікая бітва часоў паўстаньня: з абодвух бакоў у ёй прыняло ўдзел да 20 тысячаў чалавек.

 
Бітва пад Рацлавіцамі

Аднак пасьля некалькіх важкіх перамогаў лёс адвярнуўся ад паўстанцаў. Паўстанцам супрацьстаялі аб’яднаныя сілы Аўстрыі, Прусіі й Расеі, а многія так і не падтрымалі паўстаньне. Заклікі Касьцюшкі да простага народу выклікалі недавер сялянаў (бо Палянэцкі ўнівэрсал адно што рабіў сялянаў вольнымі, але не надзяляў іх зямлёй) і сабатаж памешчыкаў. Нямцэвіч, паплечнік Касьцюшкі, у сваіх успамінах пісаў наконт гэтага:

«Шляхта, якая прывыкла без перашкодаў карыстацца маёмасьцю сваіх сялянаў, супраціўлялася выкананьню загаду Начальніка — Касьцюшкі высылаць пятага селяніна з касой у армію. Нават сельскі народ, які так доўга быў у няволі, па большай частцы не прадбачыў лепшай долі ня ведаючы яе, быў абыякавым. Дарэмна Касьцюшка сваім Ўнівэрсалам з-пад Палянца ад 7 траўня 1794 г. аб’явіў сельскі народ свабодным, аб’яўляў яму свабоду. Унівэрсалы гэтыя або не дайшлі, або ім ня верылі»[2].

Гэтая характарыстыка, дадзеная Нямцэвічам адносінам памешчыкаў і прыгонных сялянаў да паўстаньня, адлюстроўвала сапраўднае становішча й у значнай ступені тлумачыла пазьнейшыя няўдачы паўстаньня. У сялянаў Рэчы Паспалітай на працягу стагодзьдзяў выхоўвалася рабская псыхалёгія, яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеяньняў у якасьці сьвядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касьцюшка й у кожным звароце да народу стараўся абудзіць яго сьвядомую актыўнасьць, умацаваць веру ў перамогу.

Кацярына II накіравала на барацьбу з паўстанцамі сваіх лепшых военачальнікаў разам з А.Суворавым. Пасьля ваеннага выступленьня Прусіі стратэгічнае становішча паўстаньня стала безнадзейным. У кастрычніку — лістападзе 1794 войскі паўстанцаў пацярпелі шэраг паражэньняў. У бітве пад Мацаёвічамі, што ля Варшавы, узброеныя сілы пад кіраўніцтвам Касьцюшкі панесьлі паразу ад расейцаў, а сам правадыр трапіў у палон. Лёс Рэчы Паспалітай быў фактычна вырашаны.

 
Разьня Прагі (1794)

12 кастрычніка 1794 Вышэйшы Савет прызначыў начальнікам узброеных сілаў замест Касьцюшкі яго земляка Томаша Ваўжэцкага, аднак ні па аўтарытэце, ні па ваенных здольнасьцях ён ня мог нават блізка параўнацца з Касьцюшкам. 4 лістапада войскі пад камандаваньнем А. Суворава авалодалі ўмацаваным прыгарадам Варшавы Прагай, пасьля чаго кароль Рэчы Паспалітай і яго прыхільнікі настаялі на капітуляцыі Варшавы. За пасьпяховае падаўленьне паўстаньня А. Сувораў атрымаў ва ўзнагароду званьне фэльдмаршала й 13.279 прыгонных сялянаў (мужчынаў і жанчынаў) зь Берасьцейскай эканоміі ва ўласнасьць, а ўсяго на тэрыторыі сучасных Беларусі й у Летувы было раздадзена расейскім памешчыкам з 1772 па 1796 г. каля мільёну прыгонных сялянаў.

Паражэньне паўстаньня дало магчымасьць Аўстрыі, Прусіі й Расеі захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і ў 1795 падзяліць яе паміж сабой. Паводле гэтага падзелу да Расеі адышлі Заходняя Беларусь, Летува, Курляндыя й частка Заходняй Украіны, Прусія захапіла польскія землі з Варшавай, Аўстрыя — з Кракавам. Станіслаў Аўгуст 25 лістапада 1795 падпісаў акт адмовы ад трону. Гэта якраз была гадавіна яго каранацыі й дзень імянінаў імпэратрыцы Кацярыны II, якая ў свой час «зрабіла» яго каралём, а цяпер прымусіла адмовіцца ад тытула.

Пасьля далучэньня да Расеі тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была падзеленая на тры адміністрацыйныя часткі з цэнтрамі ў гарадох Вільні, Горадні й Коўна. У склад віленскай часткі ўваходзілі паветы Віленскі, Завілейскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Лідзкі і Троцкі, гарадзенскай — Наваградзкі, Слонімскі, Ваўкавыскі, Берасьцейскі (а таксама некалькі воласьцяў), ковенскай — Вілкамірскі, Упіцкі й Самагіція. У Горадні засноўвалася вярхоўнае праўленьне генэрал-губэрнатара для ўсіх трох частак. Вярхоўнае праўленьне складалася з чатырох аддзяленьняў: казённага, крымінальнага, грамадзянскага й эканамічнага.

У тым жа 1795 былі ўнесеныя зьмяненьні ў адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне й замест трох частак былі ўтвораныя Віленская й Слонімская губэрні, якія пасьля ўступленьня на прастол Паўла I былі аб’яднаныя ў адну губэрню. Аляксандар I у 1801 распарадзіўся аб утварэньні на тэрыторыі Заходняй Беларусі й Летувы дзьвюх губэрняў: Гарадзенскай і Віленскай. У 1807 Расея заключыла з Францыяй Тыльзыцкую мірную дамову, паводле якой Расеі перадавалася Беластоцкая акруга.

Паражэньне паўстаньня 1794 г. было непазьбежным, бо яго не падтрымалі шырокія масы сялянства, слабай аказалася буржуазія, а шляхецка-буржуазны блёк, які кіраваў паўстаньнем, імкнуўся да таго, каб не дапусьціць рэвалюцыйнага выступленьня гарадзкіх нізоў і сялянства. Акрамя таго, сабатаж і невыкананьне распараджэньняў Касьцюшкі, а часта й адкрытая здрада, падрывалі сілы паўстаньня.

Пачынаючы паўстаньне, Касьцюшка й іншыя кіраўнікі спадзяваліся, што Аўстрыя, Прусія й Расея ня змогуць накіраваць значныя сілы супраць паўстаньня з-за ўцягненьня іх у барацьбу з Турцыяй і Францыяй. Аднак кіраўнікі Прусіі й Аўстрыі аслабілі націск на рэвалюцыйную Францыю й сканцэнтравалі значныя сілы супраць Рэчы Паспалітай, ня даўшы магчымасьці тут нацыянальна-вызваленчаму руху перарасьці ў аграрную рэвалюцыю, здольную зьмесьці фэадальны лад. Хоць паўстаньне й пацярпела паражэньне, аднак яго значэньне ў гісторыі Эўропы велізарнае. Ідэі вызваленчага антыфэадальнага дэмакратычнага руху пачалі распаўсюджвацца ў Аўстрыі, Прусіі й Расеі.

Захоп Рэчы Паспалітай зьявіўся гвалтоўным актам у дачыненьні да дзяржавы, якая ўваходзіла ў пэрыяд свайго гаспадарчага й грамадзкага рэфармаваньня.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 302.
  2. ^ Niemcewicz J. U. Pamiętniki czasów moich. — Paryż, 1848. S. 207.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць