Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск)

(Перанакіравана з «Дамініканскі кляштар (Менск)»)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′12.8″ пн. ш. 27°33′32.6″ у. д. / 53.903556° пн. ш. 27.559056° у. д. / 53.903556; 27.559056Каардынаты: 53°54′12.8″ пн. ш. 27°33′32.6″ у. д. / 53.903556° пн. ш. 27.559056° у. д. / 53.903556; 27.559056
Канфэсія каталіцтва
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Дата скасаваньня 1950
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў
Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Менску. Знаходзіўся на паўднёва-ўсходнім баку Высокага Рынку, на Дамініканскай вуліцы. Твор архітэктуры барока.

Комплекс Менскага дамініканскага кляштару займаў пляц плошчай каля 2 га, абмежаваны вуліцамі Дамініканскай, Валоцкай і Юраўскай[a][1]. Утвараў архітэктурны ансамбль, які меў выразную прасторава-разгорнутую кампазыцыю: першы плян стварала высокая ўваходная брама, на другім — ішоў беспасярэдне галоўны фасад касьцёла, а ў якасьці своеасаблівага фону выступалі муры кляштарнага корпусу. У 1950 року савецкія ўлады ўшчэнт зруйнавалі кляштарныя будынкі. Да нашага часу захаваліся падмуркі і скляпеньні, што патрабуюць дэталёвага археалягічнага дасьледаваньня[2].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Плян кляштару, да 1832 р.

У 1605 року ўдава ваяводы вэндэнскага Крыштапа Слушкі Соф’я (з Завішаў) фундавала ў Менску драўляны касьцёл, які ў 1605 року перайшоў да манахаў-дамініканаў[3][4]. Паводле сьведчаньня Ўладзіслава Сыракомлі, першы менскі каталіцкі кляштар падтрымала шляхта, якая вярталася празь места з выправы на Маскву. Яна зладзіла збор у фонд кляштару, што атрымаў назву «капытковага»[5]. Гэта была плата за правядзеньне кожнага каня празь мескую заставу. Пазьней у інтэр’еры дамініканскага касьцёла зьмясьцілі восем гербаў ініцыятараў гэтага збору. Неўзабаве аднак здарыўся пажар, па якім у 1615 року ваявода менскі Пётар Тышкевіч падараваў манахам пляц да пабудовы мураваных будынкаў касьцёла і кляштару. На 1623 рок касьцёл упамінаецца як «нядаўна закладзены»[b]. Мяркуецца, што яго збудавалі ў 1620—1640[6] роках і асьвяцілі ў гонар Сьвятога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка дамініканскага ордэна, філёзафа і прапаведніка.

 
У панараме места. Літаграфія Б. Лявэрня, 1840 р.

Дамініканскі касьцёл і кляштар знаходзіліся непадалёку ад паўднёвай лініі мескіх умацаваньняў — землянога вала з ровам і бастыёнамі. У другой палове XVII ст. кляштарны комплекс быў адным з абарончых фарпостаў места. У маскоўскіх дакумэнтах часоў вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) паведамляецца, што з касьцёла можна было весьці «полковой и подошвенный и мушкетный бой»[c]. Падарожнікі, якія праязджалі празь Менск, адзначалі пышнасьць і багацьце дамініканскага касьцёла, а стольнік Пятра I П. Талстой, які спыняўся тут у 1697 року, захапляўся ягоным арганам. Вядома, што ў 1692—1696 роках арганістам у касьцёле служыў К. Мурашкевіч, а з 1698 — К. Ластоўскі[3][7]. Сёньня дакладна не вядома, колькі законьнікаў-дамініканаў было ў Менску ў першай палове XVII ст. Захаваліся толькі дакладныя зьвесткі пра канец XVIII ст. — на 1796 рок у кляштары знаходзіліся чатыры законьнікі[8].

 
Высокі Рынак, малюнак XVIII ст.

У 1703 року завяршылася будаваньне новага кляштарнага комплексу, а ў 1709 року распачалася «рэстаўрацыя касьцёла, асабліва другой паловы нэфу, якую належала выраўняць разам з капліцамі астатняй часткі касьцёла». У XVIII ст. адбылася яшчэ адна рэканструкцыя касьцёла, дзеля чаго ігумен праваслаўнага манастыра Сьвятых Пятра і Паўла М. Данілеўскі аддаў дамініканам у арэнду цагельню ва ўрочышчы Мядзьведжыне. У 1781 року менскі бургамістар і старшыня цэху муляроў М. Макарэвіч склаў кантракт з пробашчам Б. Рыбчынскім на будаўнічыя працы[3]. У выніку рэканструкцыяў XVIII ст. кляштарны комплекс атрымаў незвычайную «ансамблевую» кампазыцыю — стварэньне двух плянаў-кулісаў, разгорнутых у прасторы[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. З утварэненем Менскай дыяцэзіі ў 1798 року частку корпусу дамініканскага кляштару перадалі пад рэзыдэнцыю біскупа.

 
Валоцкая вуліца, удалечыні на рагу з Дамініканскай — касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага, 1865 р.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 рокаў 19 ліпеня 1832 року расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, касьцёл пачаў дзеяць як парафіяльны пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы[3]. У 1840-я рокі кляштарныя будынкі перабудавалі пад каталіцкую сэмінарыю[10], але па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў з 1869 року расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і перабудавалі комплекс пад вайсковыя кашары. Дзесьці на працягу XIX ст. касьцёл страціў свае бакавыя вежы[11]. У 1880-я рокі зьявіўся праект прыстасаваньня былой дамініканскай сьвятыні пад мескі тэатар, аднак яго не ажыцьцявілі[2]. У пачатку XX ст. касьцёл выкарыстоўваўся менскім пажарным дэпо[12]. Каля 1907 року верх франтона касьцёла разабралі, а на ягоным месцы зьявілася драўляная назіральная пажарная вышка.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Дамініканская вуліца, направа касьцёл. Здымак 2-й пал. XIX ст.

5 ліпеня 1926 року ўлады Беларускай ССР узялі комплекс касьцёла і кляштару дамініканаў пад ахову дзяржавы[13]. У часе заняцьця Менску савецкімі войскамі ў 1944 року кляштарны комплекс атрымаў пашкоджаньні. У 1945 року Нямеччына выплаціла СССР кантрыбуцыю на аднаўленьне помніка архітэктуры[14], а ў канцы 1940-х рокаў праводзіліся працы першаснай кансэрвацыі касьцёла[2]. Аднак у 1950 року савецкае кіраўніцтва канчаткова зацьвердзіла новы генэральны плян Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумэнт Сталіну, а на месцы колішняга кляштару разьбіваўся сквэр[14].

Пад покрывам ночы, у 1950 року савецкія ўлады ўзарвалі выдатны помнік архітэктуры. Ягоныя камені выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Менску[14]. У 1985 року на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі паводле праекту аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам Міхаіла Пірагова, ураджэнца Краснаярскага краю Расеі, які пераехаў у Беларусь у 1975 року[15]. У 1986 року археолягі адкапалі падмуркі дамініканскага касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага. Ягоныя сьцены месцамі дасягалі 3-мэтровай таўшчыні, на фасадах выявілі байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў. Зянон Пазьняк, які браў удзел у раскопках, у адным з артыкулаў прыгадваў, што калі археолягі дабраліся да пласта XVII ст., то выявілі некалькі дзясяткаў шкілетаў з праламанымі альбо прастрэленымі чарапамі[14].

  Вонкавыя выявы
  Раскопкі падмуркаў касьцёла ў 2-й пал. 1980-х рокаў.

У 2000-я рокі зьявіўся праект аднаўленьня касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага на захаваных да нашага часу падмурках. Спэцыялісты архітэктурнай сэкцыі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Андрэй Ларры і Антон Вантух на падставе навукова-дасьледчых матэрыялаў распрацавалі эскізную прапанову аднаўленьня помніка. У 2011 року Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала зварот да ўладаў Менску з навуковым абгрунтаваньнем гэтай прапановы[16].

Архітэктура

рэдагаваць
 
Рэканструкцыя кляштарнага комплексу. Малюнак В. Сташчанюка

Элемэнтам-дамінантай кляштарнага комплексу зьяўляўся касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага, які займаў кутняе становішча ў ягонай плянавальнай структуры.

  Вонкавыя выявы
  Эскізная прапанова аднаўленьня касьцёла Сьвятога Тамаша Аквінскага.

Касьцёл — помнік архітэктуры стылю барока, збудаваны паводле канону 3-нэфавай 6-слуповай бязьвежавай базылікі з 2 капліцамі ў паўднёва-заходніх частках бакавых нэфаў[10]. Высокі карабель будынка на галоўным фасадзе завяршаў шмат’ярусны фігурны шчыт, моцна падзелены карнізнымі пасамі, руставанымі пілястрамі, плястычнымі ліштвамі лучковых і аркавых аконных праёмаў, бакавымі валютамі, дэкаратыўнымі вазамі і інш. Маляўнічасьць фасаду значна ўзбагачвалі купальныя 8-гранныя ратонды-капліцы над бакавымі нізкімі нэфамі. З паўночна-заходняга фасаду да апсыды далучалася прастакутная ў пляне закрысьція[12].

Цэнтральны нэф перакрыўся цыліндрычнымі скляпеньнямі, бакавыя — крыжовымі[10]. Інтэр’ер упрыгожвалі фрэскавая размалёўка і барокава-ракайльныя стукавыя алтары — галоўны і 12 кулісных каля 6 міжнэфавых слупоў[17]. Вялікі алтар з абразом Сьвятога Тамаша быў на «сьцяне ў оптыцы маляваны», налева ад яго знаходзіліся алтары Панны Марыі Ружанцовай, Сьвятога Тадэвуша, Сьвятой Барбары, Сьвятога Вінцэнта, Сьвятой Кацярыны і Сьвятога Міхала; направа — алтары Ўкрыжаваньня, Сьвятога Дамініка, Беззаганнага Зачацьця Панны Марыі, Сьвятога Яцка і Сьвятога Яна Непамука. Яшчэ 2 алтары былі ў капліцах; у левай, фундацыі Глябовічаў, — пад тытулам Сьвятой Марыі Магдалены, у правай, расьпісанай фрэскамі Мукі Пана, фундацыі Завішаў, — пад тытулам Маці Божай Балеснай. Таксама на гзымсах мелася 8 ляпных гербаў фундатараў і апекуноў кляштару[12].

 
Кляштарная брама

На хорах над нартэксам стаяў найбольшы і напрыгажэйшы ў Менску арган — на 24 галасы. У 1830-х роках паслухаць арган у дамініканскі касьцёл прыходзіў будучы кампазытар Станіслаў Манюшка, які жыў у будынку насупраць[14].

На адлегласьці перад галоўным фасадам касьцёла стаяла незвычайная ўваходная брама, якая складалася зь дзьвюх сымэтрычных 3-ярусных вежаў-званіцаў з арыгінальным завяршэньнем у выглядзе чатырох дыяганальна разьмешчаных магутных валютаў, увенчаных барокавымі сыгнатуркамі. Вежы злучаў уваходны портык, вырашаны накшталт трыюмфальнай аркі[18].

Кляштарны корпус — прастакутны ў пляне выцягнуты 2-павярховы будынак калідорнага пляну з высокім вальмавым дахам — далучаўся пад простым кутом да прэзьбітэрыюма і канца бакавога нэфа касьцёла і зьліваўся зь ім у адзіны манумэнтальны і строгі масіў. Цэнтральная частка фасаду вылучалася рызалітам[2]. Памяшканьні кляштару перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі[10].

Апроч мураванага кляштарнага корпусу, існавалі драўляныя гаспадарчыя пабудовы: 1-павярховы дом з калідорам, падзелены на кухню зь пякарняй і жытло для прыслугі (1825); пуня са стайняй на 4 кані і хлеў (1833 рок); амбар, зьвязаны зь лядоўняй (1823 рок); студня з павецьцю на чатырох слупах (1833 рок)[19]. У паўночна-заходняй частцы пляцу знаходзіўся сад.

Кляштарныя пабудовы разам з садам займалі пляц 9949,5 м², апроч таго існавалі ўладаньні ў іншых частках Менску, якія агулам складалі 5445 м² і здаваліся ў арэнду месьцічам[20].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ частка кварталу сучаснага Палаца Рэспублікі
  2. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 123.
  3. ^ Беларускі архіў. Т. 3. С. 204.
  1. ^ Дзянісаў У. Кляштар дамініканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 322—323.
  2. ^ а б в г Дзянісаў У. Кляштар дамініканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 323.
  3. ^ а б в г Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 438.
  4. ^ Дзянісаў У. Касьцёл сьв. Сымона і сьв. Алены. — Менск, 1996. С. 6.
  5. ^ Сыракомля У. Мінск. — Менск: «Голас Радзімы», 1992. С. 77.
  6. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 141.
  7. ^ Ліхач Т. Ордэн дамініканцаў і развіццё музычнай культуры Беларусі // Наша Вера. № 2 (12), 2000 г.
  8. ^ Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI — пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ)
  9. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 141—142.
  10. ^ а б в г Дзянісаў У. Менскі кляштар дамініканцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 294.
  11. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 66.
  12. ^ а б в Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 439.
  13. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 301.
  14. ^ а б в г д Касьцёл Сьвятога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў (Менск). Radzima.orgПраверана 3 сакавіка 2011 г.
  15. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 601.
  16. ^ Астапович предложил Мингорисполкому восстановить костел Святого Томаша Аквинского (рас.). Naviny.byПраверана 3 сакавіка 2011 г.
  17. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
  18. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 142.
  19. ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 292—293.
  20. ^ Слюнькова И. Монастыри восточной и западной традиций. — М., 2002. С. 293.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: «Ураджай», 2001. — 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  • Габрусь Т. Святыні ордэна прапаведнікаў // Наша Вера. № 3 (25), 2003 г.
  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. — Мн.: Полымя, 1985. — 80 с.
  • Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. ISBN 5-89826-093-5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць