Гісторыя Чылі
Гісторыя Чылі пачалася з часоў засяленьня рэгіёну каля 13 000 гадоў таму назад. У XVI стагодзьдзі пачалося заваяваньне і падпарадкаваньне тэрыторыяў сучаснага Чылі гішпанскімі канкістадорамі, у XIX стагодзьдзі чылійскі народ атрымаў незалежнасьць ад каляніяльнай улады. Вельмі значны ўплыў на далейшае разьвіцьцё Чылі да пачатку Другой сусьветнай вайны аказала здабыча салетры, а некалькі пазьней — медзі. Багацьце прыроднымі рэсурсамі ў значнай ступені паспрыяла эканамічнаму пад’ёму ў Чылі, але выклікала таксама і залежнасьць ад суседніх краін і прывяло нават да войнаў зь імі. Пасьля амаль што дзесяцігадовага кіраўніцтва на зьмену хрысьціянска-дэмакратычнаму ураду ў 1970 годзе да ўлады прыйшоў сацыялістычны прэзыдэнт Сальвадор Альендэ. Путч Аўгуста Піначэта 11 верасьня 1973 году ўсталяваў 17-гадовую дыктатуру ў краіне і выклікаў шэраг радыкальных эканамічных рэформаў. З 1988 году ў Чылі вызначылася перакананая тэндэнцыя да дэмакратычнага разьвіцьця краіны.
Гісторыя Чылі да 1520 году
рэдагавацьПершыя людзі зьявіліся ў Амэрыцы прыблізна каля 30 000 году да нашай эры, пераадолеўшы Берынгаву пратоку. Адтуль засяленьне кантынэнту распаўсюджвалася на поўдзень, пакуль не была дасягнутая Вогненая Зямля на ніжняй акраіне Паўднёвай Амэрыкі. Першымі пасяленцамі на тэрыторыі сучаснага Чылі былі плямёны індзейцаў-вандроўнікаў мапучы, якія каля 13 000 гадоў да нашай эры засялілі пладародныя даліны Андаў і аазісы на пласкагор’і пустыні Атакама. Аднак кліматычныя ўмовы, а асабліва надзвычайная сухасьць прасторнай пустыні Атакама не спрыялі больш шчыльнаму засяленьню тэрыторыі. Паміж 8000 і 2000 гадамі да нашай эры ў Арыкскай даліне існавала культура чынкора, прадстаўнікі якой былі першымі ў сьвеце, хто муміфікаваў памерлых. Каля 2000 году да нашай эры на Вялікім Поўдні зьявіліся сельская гаспадарка і жывёлагадоўля. Прыблізна ў 600 годзе нашай эры палінэзійскія народы засялілі востраў Пасхі (Rapa Nui), праз 400 гадоў яны дасягнулі часу свайго найвышэйшага росквіту, і менавіта імі былі створаныя сусьветна вядомыя моаі.
На тэрыторыі сучаснага Чылі жылі таксама і шматлікія іншыя этнасы: чангас, атакаменьяс і аймарас — на поўначы Чылі паміж рэкамі Лаўка і Капіяпо, ніжэй на поўдні да ракі Аканкагуа — дыагуітас. Гэтыя чатыры этнасы былі рыбакамі, земляробамі, паляўнічымі, рамесьнікамі і вялі гандаль паміж сабою. Жылі яны племяннымі і сямейнымі зьвязамі. У паўднёва-заходнім напрамку ад фьёрдаў Рэланкаві ў Кардыльерах сяліліся чыкіланэс і пойяс, якія былі паляўнічымі і зьбіральнікамі. На крайнім поўдні краіны да самой Магеланавай пратокі жылі чонас і алакалуф, на Вогненай Зямлі сяліліся алакалуф, ямана, селкнам і хаўш.
З прыходам да ўлады 10-га інка Тупака Юпанкі ў 1471 годзе пачынаецца пранікненьне інкаў ў глыбіню Чылі. Пад час яго ўлады да 1493 году інкі захапілі тэрыторыі да ракі Маўле паўднёвей Курыко. Там яны сутыкнуліся з масіўным супрацьстаяньнем індзейцаў мапучы, таму далейшае пранікненьне інкаў на поўдзень стала немагчымым. Амаль што ўсё карэннае насельніцтва паўднёвага Чылі знаходзілася пад уладай інкаў, так, напрыклад, племя пякунча было цалкам падпарадкавана інкам. Інкі пабудавалі крэпасьць Пукара дэ Кітор непадалёку ад Сан-Пэдра дэ Атакама, якая ўзьнікла на аснове ранейшага ўзмацненьня атакаменасаў. Менавіта тут адбыліся пазьней баі з гішпанскімі канкістадорамі.
Гішпанскае засяленьне
рэдагавацьКанкістадоры
рэдагавацьПершым эўрапейцам, ступіўшым на чылійскую зямлю, быў Фэрнан Магелан, караблі якога дасягнулі ў 1520 годзе паласу сушы непадалёку ад сёньняшняга Пунта Арэнас. Імем мараплаўца была названа Магеланава пратока. Месца, дзе высадзіўся Магелан, мела назву «Tchili» на мове індзейцаў і значыла сьнег. Адсюль і ўзьнікла сёньняшняя назва краіны. Некаторыя даследчыкі лічаць таксама, што назва краіны ўзьнікла ад слова «chili» (там, дзе канчаецца сьвет), якое было распаўсюджана у плямёнаў кечуа.
У 1533 годзе ўзначальваемыя Францішкам Пісара гішпанскія канкістадоры без асаблівых цяжкасьцей захапілі царства інкаў, але войска Пісара не змагло пераадолець пустыню Атакама і Анды і парабаваць тэрыторыі ізаляванага Чылі. Першымі эўрапейцамі, якія змаглі дасягнуць Чылі па сушы, былі Дыега дэ Альмагра і яго каманда, якія пачалі сваё падарожжа з Куска ў Пэру ў 1535 годзе. Дыега дэ Альмагра рушыў у паход у пошуках золата, але так і ня змог яго знайсьці. Свайго спадарожніка Гомэса дэ Альварада ён адправіў у паўднёвым кірунку. Да ракі Маўле яны змаглі дабрацца, не сутыкнуўшыся з супраціўленьнем карэннага насельніцтва. Але каля ракі Ітата іх чакалі цяжкія баі з індзейцамі мапучы, і атраду Гомэса дэ Альварада не засталося нічога іншага, як адступіць.
У 1540 годзе Пэдра дэ Вальдывія, афіцэр з падчыненьня Пісара, вырушае зь невялікім атрадам салдат і шукальнікамі прыгод колькасьцю каля сотні чалавек з Пэру ў Чылі. Нягледзячы на тое, што яму прыйшлося сутыкнуцца з жорсткім супраціўленьнем карэннага насельніцтва мапучы, ён усё ж такі змог заснаваць там першыя эўрапейскія паселішчы. Як вынік захопу зямель узьніклі гарады Сант’яга, Ля Сэрэна і Вальпараіса, якія спачатку служылі гішпанцам у якасьці невялікіх умацаваных паселішчаў. Індзейцы мапучы хутка пачалі абараняцца і ўжо ў верасьні 1541 году напалі на Сант’яга. Войску гішпанцаў супрацьстаяла ні больш ні менш як 20 000 воінаў мапучы. Гішпанскіх канкістадораў выратаваў толькі цуд — нечаканае вынаходніцтва каханай Пэдра дэ Вальдывіі — Інэс дэ Суарэс: да сьмерці перапалоханыя мапучы панічна кінуліся разбягацца па лясах.
Вайна мапучы
рэдагавацьГішпанцы працягвалі пашыраць свае ўладаньні на поўдні краіны: у 1550 годзе быў заснаваны горад Кансэпсьён, а ў 1552 — Вальдывія. Індзейцы мапучы на чале з Лаўтарам аказвалі вельмі жорсткае супраціўленьне гішпанцам. Восеньню 1553 году індзейцы напалі на гішпанскія гарнізоны непадалёку ад форта Тукапэль і забілі Пэдра дэ Валдывія. Лічыцца, што ён быў захоплены ў палон індзейцамі, якія прымусілі яго піць вадкае золата. Мапучы зьнішчылі большую частку заснаваных і пабудаваных гішпанцамі гарадоў.
Новы губэрнатар Чылі Гарсія Гуртада дэ Мэндоса зь яшчэ большай жорсткасьцю прыціскаў мапучы. Па яго загадзе Франсіска дэ Вільлягра вырушыў у ваенны паход супраць туземцаў. 26 лютага 1554 году яго войска было нагалаву разьбітае індзейцамі мапучы ў бітве пры Марыгуэньню. Пасьля сваёй перамогі мапучы зноў пачалі зьнішчаць гішпанскія паселішчы. Пасьля таго, як у 1555 годзе паў Кансэпсьён, мапучы рушылі на Сант’яга дэ Чылі. Але зьнішчыўшы крэпасьць Пэтэроа, мапучы нечакана спынілі наступальныя дзеяньні, мяркуючы, што гішпанцы рыхтуюць моцную атаку. Пэдра дэ Вільлягран, які ўзначальваў форт Імпэрыял, здолеў 1 красавіка 1557 году забіць стаяўшага на чале індзейцаў мапучы Лаўтару пры нечаканым для туземцаў начным наступленьні.
Гішпанскаму пісьменьніку Алонса дэ Эрсільля і Суньніга быў дадзены загад стварыць апісаньне чылійскіх ваенных паходаў губэрнатара Гарсіі Гуртада дэ Мэндоса 1557—1559 гадоў. Але тое, што было зроблена пісьменьнікам, значна адрозьнівалася ад таго, што чакаў ад яго губэрнатар. Раман Альфонса дэ Эрсільлі і Суньніга «Ля Араўкана» паведамляў пра зьверствы і жорсткасьць падкіх на золата і ўладу канкістадораў і падкрэсьліваў у першую чаргу мужнасьць і гераізм араўканцаў, якія абаранялі сябе ад захопнікаў. Асноўным пэрсанажам рамана быў індзейскі главар мапучы Каўпалікан, зьверскі забіты гішпанцамі пад час паходу 1558 году.
16 сьнежня 1575 году горад Вальдывія быў зьнішчаны землетрасеньнем, моц якога набліжалася да мацнейшага з дагэтуль вядомых чалавецтву землетрасеньняў 22 траўня 1960 году. У выніку землятрусу з гор сышлі шматлікія земляныя селі і перакрылі вытоку возера Рыньнігуэ. Празь некалькі месяцаў створаныя селямі дамбы прарваліся пад напругай вады, і возера затапіла горад. Адміністратар гораду і храніст Чылі Пэдра Марыньнё дэ Лабэра аказаў вялікую дапамогу і падтрымку ахвярам, а таксама зрабіў значны ўнёсак у адраджэньне і ўзбудову зьнішчанай Вальдывіі.
У 1597 годзе Пэлантара быў абраны новым военачальнікам (Toqui) мапучы. Пэлантара разьвязаў масіўныя наступленьні на гарады Вальдывія і Асорна, а таксама і на шматлікія іншыя гарады у асяродзьдзі Араўканіі і ў самім рэгіёне. У 1599 пала захопленая мапучы Вальдывія, пасьля чаго гішпанцы страцілі кантроль над горадам на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Губэрнатар Альфонса дэ Рыбэра быў вымушаны адступіць з падначаленай яму арміяй гішпанцаў за раку Бія Бія. У 1641 годзе гішпанцы падпісалі ў Куільліне мірнае пагадненьне з мапучы, згодна якому мяжа пралягла па рацэ Бія Бія. Але мірнае пагадненнье пры Куільліне пратрымалася ўсяго некалькі гадоў. Гішпанцы час ад часу спрабавалі адваяваць згубленыя некалі тэрыторыі, але беспасьпяхова. У 1770 годзе пэхуенчы і мапучы нагалаву разьбілі армію гішпанцаў. Толькі празь некалькі стагодзьдзяў у 1881 годзе чылійскія і аргентынскія войскі змаглі зноў адваяваць захопленыя пэхуенчамі і мапучы тэрыторыі. Гэты канфлікт, які працягваўся 300 гадоў, атрымаў назву вайны Араўка. Канфлікт існуе і па сёньняшні дзень: у 2000 годзе ў пратэст супраць перадзелу чылійскіх зямель група мапучы захапіла бюро Эўрапейскага зьвязу ў Сант’яга-дэ-Чылі.
Эканамічнае і грамадзкае разьвіцьцё
рэдагавацьПаколькі залежы такіх каштоўных мэталаў, як золата і срэбра, у Чылі былі невялікія і амаль што цалкам выкарыстаныя, тэмпы разьвіцьця краіны былі адносна невысокія. Сельская гаспадарка была асноўнай галіной эканомікі. Пладародныя даліны цэнтральнага Чылі забясьпечвалі жыхароў паўночнай часткі неабходнымі прадуктамі харчаваньня. У Чылі прыжылася сыстэма гасьендаў, ці, як яна называлася пазьней — эканам'енда, пры якой аўтахтоннае насельніцтва пад сыстэмай патранажу і рэпрэсіяў фактычна ператваралася ў рабоў. Час ад часу гандаль рабамі афіцыйна забараняўся эўрапейскімі кіраўнікамі, але потым уводзіўся зноў, што на самай справе ніяк не ўплывала на прыгнёт. Па аднаму з загадаў гішпанцам забаранялася жыць сумесна з індзейцамі. Вынікам такой сэгрэгацыі стала паасобнае існаваньне гішпанскіх і індзейскіх пасяленьняў. Тых, хто не падпарадкоўваўся, чакала выдварэньне з краіны і канфіскацыя ўласнай маёмасьці. Расавае абасабленьне распаўсюджвалася на мэтысаў і афрыканскіх рабоў, якім таксама забаранялася жыць сумесна з туземцамі.
У 1578 годзе Фрэнсіс Дрэйк па загадзе ангельскай кароны разрабаваў порт Вальпараіса і беспасьпяхова спрабаваў захапіць горад Ля Сэрэна. У наступных дзесяцігодзьдзях на Чылі неаднаразова нападалі ангельскія піраты. Акрамя нашэсьцяў індзейскіх плямён, на разьвіцьцё краіны нэгатыўна ўплывалі шматлікія землетрасеньні, цунамі і вывяржэньні вульканаў. Многія гарады былі цалкам зьнішчаныя, як, напрыклад, Валдывія ў 1575 годзе і Канцэпцыён у 1570 і 1751 гадах. 13 траўня 1647 году мацнейшае землетрасеньне зьнішчыла Сант'яга-дэ-Чылі, пры якім загінула 12 000 чалавек, у 1730 і 1783 гадах стыхія зноў зьнішчала горад. Паміж 1598 і 1783 гадамі калянізаваны гішпанцамі Чылі неаднолькава рабавалі ангельскія піраты і галяндзкія гандляры.
Шатляндзкі мараплаўца Аляксандар Сэлкірк выжыў у 1704 годзе караблекрушэньне і трапіў на адзін з астравоў архіпэлягу Хуана Фэрнандэса, дзе ён адзін правёў чатыры гады. Яго гісторыя стала прататыпам раману «Рабінзон Круза», напісаным Даніелем Дэфо ў 1719 годзе.
Адміністрацыйнае падпарадкаваньне ў пэрыяд калянізацыі
рэдагавацьУ пэрыяд гішпанскай калянізацыі Чылі ўваходзіла ў склад гішпанскага Віцэ-каралеўства Пэру, заснаванага ў 1542 годзе. У 1609 годзе была ўведзена чылійская Рэальная Аўдыенцыя, якая надавала Чылі дастаткова шырокія паўнамоцтвы на ўтварэньне аўтаномнага права, напрыклад у справах, што закраналі права на водныя тэрыторыі. У 1778 годзе гішпанцы зьмянілі статус чылійскіх правінцыяў: Чылі быў нададзены статус самастойнага генэральнага капітанату ў складзе гішпанскага каралеўства. З 1749 году ў Чылі пачалі чэканіць залатыя і срэбныя манэты.
Глядзіце таксама: Сьпіс губэрнатараў Чылі
Незалежнасьць
рэдагавацьМоц каляніяльнай Гішпаніі значна парушылася ў часы Напалеона Банапарта, асабліва калі Напалеон узьвёў на гішпанскі трон свайго брата Жозэфа. 18 верасьня (нацыянальнае сьвята краіны) ў Чылі была створана адданая каралю хунта ўраду, якая брала на сябе функцыю сіл супраціўленьня і мела сваю асобную армію. Паміж каралеўскімі раялістамі і лібэральнымі патрыётамі на чале з Хасэ Мігелем Карэра адразу ж успыхнула грамадзянская вайна. У 1812 годзе групай чылійцаў пры дыктатарскім кіраўніцтве брата Карэра была распрацаваная канстытуцыя, якая прадугледжвала незалежнасьць краіны пры яе фармальным кіраўніцтве гішпанскім каралём. У 1813 годзе ўлада ў краіне перайшла да галоўнакамандуючага арміі патрыётаў Бэрнарда Ахігінса Карэра.
Гішпанскае войска на чале з генэралам Марыяна Асорыя ў Пэру рушыла ў адказ на Валдывію з мэтай зьнішчэньня патрыётаў. У барацьбе за незалежнасьць у Чылі, таксама як і ў астатніх паўднёваамэрыканскіх краінах, удзельнічалі пераважна крэолы. 1 кастрычніка 1814 году Чылійская армія вызваленьня, на чале якой стаялі Хасэ Мігель Карэра і Бэрнарда Ахігінс, была разьбітая войскам гішпанцаў, кіраўнікі чылійскай арміі зьбеглі ў Аргентыну. Пэрыяд з 1814 па 1817 год называюць пэрыядам рэканкістадораў. З дапамогай аргентынца Хасэ дэ сан Мартына была сабраная новая армія супраць гішпанцаў. Новая чылійская армія перайшла Анды і 12 лютага 1817 году разьбіла значна большую па колькасьці армію гішпанцаў у бітве пры Чакабука.
12 лютага 1818 году была абвешчаная незалежнасьць Чылі, а некалькі пазьней, 5 красавіка 1818 году патрыёты атрымалі яшчэ адну значную перамогу ў бітве пры Майпу. У 1820 годзе чылійская флятылія на чале з Томасам Кахранам захапіла Валдывію. Канчатковая перамога была здабытая толькі ў 1826 годзе, калі былі пераможаны апошнія беглыя гішпанцы, якія знайшлі сабе прытулак на востраве Чылоэ. Але канфлікт працягваецца бесьперапынна далей у форме грамадзянскай вайны: патрыёты і манархісты працягвалі змагацца паміж сабою да выбраньня прэзыдэнтам краіны Парталеса ў 1833 годзе.
Ахігінс быў абраны першым прэзыдэнтам Чылі, на самай справе Дырэктар Супрэма ажыцьцяўляе дыктатарскае кіраўніцтва краінай. Ахігінс спрабуе правесьці цэлы шэраг сацыяльных рэформаў, але, не атрымаўшы падтрымкі зямельных магнатаў, быў вымушаны пакінуць прэзыдэнцкі пост у 1823 годзе. Ахігінс памёр у Пэру, будучы ў эміграцыі. Барацьбу за ўладу працягнулі ў далейшым лібэралы і кансэрватары, перамогу ў якой атрымалі супраціўнікі рэформаў — кансэрватыўныя зямельныя магнаты. У 1833 годзе была прынятая прэзыдэнцкая канстытуцыя, якая вызначалася сваім моцным аўтарытарным характарам і была нібыта падтасавана пад палітычныя мэты і амбіцыі лідэра кансэрватараў Дыега Парталеса Палацуэласа.
Аўтарытарная і парлямэнцкая рэспублікі
рэдагавацьАўтарытарная рэспубліка
рэдагавацьЗ выбраньнем Парталеса віцэ-прэзыдэнтам у Чылі пачалася эра аўтарытарнай рэспублікі, якая працягнулася да грамадзянскай вайны 1891 году. Канстытуцыя 1833 году засталася да 1925 году нязьменнай. Пэрыяд 1890—1925 гадоў атрымаў у гісторыі назву «парлямэнцкай рэспублікі». У 1837 Парталес быў забіты, і ў 1851 на зьмену яму быў абраны новы прэзыдэнт краіны Мануэль Монт Торэс, які кіраваў Чылі да 1861 году. У тым жа годзе ў Чылі была створана радыкальная партыя Партыда Радыкаль.
Гэты пэрыяд вызначыўся росквітам культурнага жыцьця ў Чылі: была ўведзеная школьная сыстэма, у 1848 годзе быў заснаваны Чылійскі ўнівэрсытэт, у 1888 — Каталіцкі ўнівэрсытэт Пантыфіцыя. Вэнэцыянец Андрэс Бэла распрацаваў першы звод грамадзянскіх законаў — чылійскі грамадзянскі кодэкс, які ўступіў у сілу 1 студзеня 1857 году. У 1853 годзе чылійскай поштай сталі ўжывацца першыя паштовыя маркі.
Ва ўмовах эканамічнага пад’ёму пазыцыі і ўплыў лібэралаў у палітычным жыцьці краіны значна пашырыўся. У 1836 годзе адбылося зьяднаньне Балівіі і Пэру, што было ўспрынятае Чылі і Аргентынай як сур’ёзная зьнешняя пагроза. У выніку хуткай чылійска-аргентынскай рэакцыі на ўзьніклую пагрозу ўспыхнула канфэдэратыўная пэруанска-балівійская вайна, якая працягнулася да 1839 году.
У 1859 годзе ў Капіяпа і Чаньярчыльлё пачалася канстытуцыйная рэвалюцыя. Уладальнікам шахтаў Эмітэрыё Гоенэчэа была ўведзеная асобная срэбраная валюта. У адказ на гэта кіраўніцтвам Мануэля Монт Торэса ў рэгіён была накіравана армія дзеля падаўленьня рэвалюцыі. 29 красавіка 1859 году армейскі корпус пад кіраўніцтвам лейтэнанта Сальвадора Ўрутыі разьбіў рэвалюцыйную армію на чале з генэралам Пэдра Леон непадалёку ад Ля Сэрэны.
Грамадзянская вайна і парлямэнцкая рэспубліка
рэдагавацьПарлямэнцкая рэспубліка існавала ў Чылі пасьля сканчэньня грамадзянскай вайны 1891 году да канстытуцыйнай рэформы 1925 году. Пасьля кароткай, але кровапралітнай грамадзянскай вайны была прынятая новая канстытуцыя Чылі, праіснаваўшы да 1925 году.
У 1891 годзе адбыўся бунт чылійскіх маракоў супраць прэзыдэнта Хасэ Мануэля Бальмачэды, неўзабаве ўся краіна была ахоплена грамадзянскай вайной. За час канфлікту загінула 6000 чалавек. Армія Бальмачэды была двойчы разьбітая ў вялікіх бітвах. 18 верасьня 1891 Бальмачэда скончыў сваё жыцьцё самазабойствам.
16 жніўня 1906 моцны землятрус і ўвасьлед за ім цунамі амаль што цалкам зьнішчылі горад Вальпараіса, у выніку чаго загінулі 20 000 чалавек.
Салетравая вайна
рэдагавацьСалетравая вайна, якую Чылі вяла паміж 1879 і 1883 годам супраць Балівіі і Пэру, была вайной за ўплыў на землях Антафагаста, што сёньня адміністрацыйна адносяцца да чылійскай правінцыі Атакама. Справа была ў тым, што галоўным багацьцем рэгіёну былі незвычайна вялікія залежы нітратаў.
Чылійскія прадпрыемствы пачалі здабычу нітратаў, што ў 1873 годзе дало падставу Пэру і Балівіі да ўтварэньня патаемнага альянсу з мэтай авалоданьня чылійскімі прадпрыемствамі. Па пагадненьні 1874 году Чылі гарантавала Балівіі кантроль над спрэчнымі тэрыторыямі, але пры ўмове, што чылійскія кампаніі на 25 гадоў вызваляюцца ад падаткаў.
Нягледзячы на пагадненьні, у 1878 годзе прэзыдэнт Балівіі Хіларыён Даса запатрабаваў падаткі ад прадпрыемстваў, датуючы іх яшчэ 1874 годам. Гэта было правакацыяй на інтэрвэнцыю, якая ў сваю чаргу зьнішчала сілу дзеяньня пагадненьняў па рубяжах. Салетравая вайна скончылася для Чылі значнымі тэрытарыяльнымі пашырэньнямі на поўдні. Паміж Чылі і Пэру было падпісана Анконскае пагадненьне, па якім гарады Арыка і Такна заставаліся часова пад чылійскім кантролем. Толькі ў 1929 годзе Такна быў аддадзены Пэру, Арыка так і застаўся ў Чылі. Балівія страціла выхад да Ціхага акіяну і шматлікія тэрыторыі пустыні Атакама, што было прызнана Балівіяй у пагадненьні 1904 году. Але Балівія і па сёньняшні дзень патрабуе ад Чылі свабоднага выхаду да Ціхага акіяну.
Паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі
рэдагавацьУ Першай сусьветнай вайне Чылі займала нэўтральную пазыцыю, але ўнутрыпалітычнае становішча краіны ўсё роўна заставалася нестабільным. Прэзыдэнт Артура Алесандры Пальма, які ўвёў у Чылі сыстэму сацыяльнага страхаваньня, быў пазбаўлены свайго статусу ў выніку ваеннага путчу ў 1924 годзе. Але годам пазьней ваенная хунта зноў запрасіла яго на прэзыдэнцкі пост. Была распрацавана новая і адпаведная ўмовам часу канстытуцыя, якая праіснавала ў Чылі да 1980 году. У тым жа годзе ваенны міністар Карлас Ібаньнес дэль Кампа захапіў уладу ў краіне і правіў Чылі на працягу сямі гадоў дыктатарскімі сродкамі. У 1932 годзе зноў усталяваўся канстытуцыйны парадак, а кіраўніцтва краіны ў наступныя 20 гадоў перайшло да радыкальных сіл. Радыкалісты паспрыялі больш моцнаму ўплыву дзяржаўнай улады на эканамічнае жыцьцё краіны.
У 1934 годзе пачалося значнае па сваіх памерах сялянскае паўстаньне ў Ранкуіле. Мапучы спрабавалі адваяваць некаторыя раней належачыя ім тэрыторыі. Толькі з дапамогай рэгулярнай чылійскай арміі паўстаньне было падаўленае.
У пачатку 1930-х гадоў пачынае распаўсюджвацца фашысцкі рух. У процівагу руху ў 1936 годзе быў заснаваны антыфашысцкі народны фронт (Frente Popular), да якога далучылася таксама і радыкальная партыя прэзыдэнта Пэдра Агірэ Чэрда. У наступным годзе было створанае фашысцкае ўзьяднаньне Фалангэ Нацыяналь. У 1938 годзе да антыфашысцкага народнага фронту далучылася партыя сацыялістаў. Палітычнае супрацьстаяньне набірала моц і станавілася ўсё больш жорсткім: пад час плянаваньня замаху на Манэду паліцыяй было забіта шмат актывістаў нацыянал-сацыялістычнай моладзі ў будынку сацыяльнага страхаваньня (Masacre del Seguro Obrero). У 1938 годзе нацыянал-сацыялістычны рух спрабуе захапіць уладу ў Чылі шляхам путча, што прыводзіць да наступнай разьні зь вялікай колькасьцю ахвяраў. У 1941 годзе Фрэнтэ (антыфашысцкі нацыянальны фронт) скончыў сваё існаваньне пасьля нязгоды сацыялістаў з пактам Сталіна і Гітлера, а таксама і з амаль што адначасовай сьмерцю Агірэса.
У 1939 годзе ў ноч з 24 на 25 студзеня пры землятрусе ў Чыльляне загінула 25 000 з 41 000 жыхароў гораду. Сёньня горад Чыльлян складаюць фактычна толькі сучасныя пабудовы, таму што амаль усе гістарычныя будынкі былі зьнішчаныя землятрусам.
У Другой сусьветнай вайне Чылі доўгі час — часткова з-за вялікай колькасьці чылійцаў нямецкага паходжаньня — заставалася нэўтральным, але ў 1944 годзе прэзыдэнтам Хуанам Антоніё Рыясам Маралесам (прадстаўнік радыкальнай партыі) было прынятае рашэньне аб ўступленьні ў вайну ў якасьці саюзніка Злучаных Штатаў Амэрыкі. Але ўдзел Чылі ў Другой сусьветнай вайне ня меў значнага ўплыву на ход вайны. У 1945 годзе Чылі была адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Прэзыдэнцтва Альендэ
рэдагавацьСальвадор Альендэ нарадзіўся ў 1908 годзе ў Вальпараіса.
На выбарах 4 верасьня 1970 году Альендэ атрымаў 36,6 % галасоў выбаршчыкаў. За кансэрватыўнага кандыдата Жоржа Алесандры прагаласавала 35,3 % насельніцтва, кандыдат ад хрысьціянска-дэмакратычнага альянсу Радаміра Томіч набраў 28,1 % галасоў. Абсалютная перавага Альендэ складала толькі 36 000 галасоў выбаршчыкаў. Парлямэнт і хрысьціянска-дэмакратычныя сілы, якім Альендэ паабяцаў захаваньне канстытуцыйнага парадку, абвясьцілі яго прэзыдэнтам Чылі. Палітычная партыя Альендэ Unidad Popular (УП) ніколі ня мела большасьці ў кангрэсе, і такім чынам Альендэ стаў першым марксісцкім кіраўніком краіны, які атрымаў дэмакратычную легітымізаванасьць.
Эра Піначэта
рэдагавацьЭпоху дыктатуры Піначэта можна ўмоўна падзяліць на 5 пэрыядаў. Пасьля выкліканай путчам (1973—1976) кансалідацыі ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, ў Чылі адбыўся эканамічны пад’ём і дасягнута найвышэйшая ступень улады (1977—1981), на зьмену якім неўзабаве прыйшоў цяжкі эканамічны спад краіны з хваляй масавых пратэстаў (1982—1983). Але рэжым пачаў рабіць першыя крокі ў напрамку лібэралізацыі дзяржавы (1984—1987), пасьля чаго ўсталяваўся рэжым кантраляванай дэмакратызацыі (1988—1990).
Усе дзяржаўныя інстанцыі Чылі ў лічаныя часы былі захоплены ваеннымі. Канстытуцыя была абвешчана несапраўднай, кангрэс распушчаны, на ўсё была накладзена жорсткая цэнзура, а палітычныя партыі былі забаронены. Перамены не краналі толькі юрыдычную ўладу. У краіне шлі жорсткія расправы з кожным патэнцыяльным ворагам: прадстаўнікамі левых сіл, людзьмі мастацтва, інтэлектуаламі. Наступіў час масіўнага парушэньня правоў чалавека. У краіне адбываліся сымбалічныя спаленьні кніг, пры гэтым палілі напрыклад і кнігі пра кубізм (памылкова лічачы іх творамі пра Кубу). Праз два тыдні пасьля пачатку дзяржаўнага перавароту ваенную хунта афіцыйна прызналі Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Канфлікты з Аргентынай
рэдагавацьБігл-канфлікт. У сьнежні 1978 году пачаліся ваенныя пагрозы паміж Аргентынай і Чылі. Аб’ектам спрэчкі сталі астравы Ленакс, Піктан і Нуэба на канале Бігл, у першую чаргу таму, што ў гэтым рэгіёне меркаваліся значныя залежы нафты. Спрэчка паміж краінамі была вырашана мірным шляхам з дапамогай Ватыкана, у выніку чаго 2 траўня 1985 году было падпісана пагадненьне па межах, згодна якому ўсе тры выспы ўвайшлі ў склад тэрыторыі Чылі.
Фальклендзкая вайна. У пэрыяд Фальклендзкай вайны 1982 году Чылі ажыцьцяўляла пасіўную падтрымку Вялікабрытаніі супраць Аргентыны, падставай таму былі пагрозы ўжываньня ваеннай сілы ў адносінах да Чылі ў 1978 годзе з боку Аргентыны. Чылійскія ўлады далі дазвол на пасадку дэфэктнаму брытанскаму самалёту і забясьпечылі яго паладку. Чылі таксама дапамагала Вялікабрытаніі інфармацыяй, здабытай з дапамогай радарных усталяваньняў і шпіянажу. Патаемная каапэрацыя краін была пацьверджана крыху пазьней былым чылійскім камандуючым паветранымі сіламі Фэрнанда Матэем.
Дэмаркацыя мяжы. Пачынаючы з 1980-х гадоў паміж дзьвюма краінамі пачынае разьвівацца канфлікт па дэмаркацыі мяжы ў Патагоніі каля масіва Фітц Рой. У 1985 годзе аргентынскі ўрад загадаў заснаваць вёску Эль Чальтэн, каб узмацніць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Пагадненьне па дзяржаўнай мяжы паміж краінамі было дасягнута толькі празь дзесяць гадоў у выніку дзейнасьці сумеснай камісіі 16 сьнежня 1998 году. Але і па сёньняшні дзень застаецца невялікая спрэчная тэрыторыя ў асяродзьдзі Кампас дэ Хіэла Сур (паўднёвыя лядовыя палі), дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх водных рэзэрвуараў Паўднёвай Амэрыкі.
Пераход да дэмакратыі
рэдагавацьЗ надыходам эканамічнага ўздыму ў Чылі у 1980-х гадах зноў усталявалася адносна спакойная палітычная сытуацыя. Пачынаючы з 1987 году палітычныя партыі атрымалі магчымасьць працягваць сваю дзейнасьць.
Дэмакратычная Чылі
рэдагавацьПрэзыдэнцтва Айлвінса (1990—1994)
рэдагавацьПатрыцыё Айлвінс нарадзіўся ў 1918 годзе ў Віньня дэль Мар. Яшчэ ў 1960-я гады ён быў старшынём сацыял-лібэральных хрысьціянскіх дэмакратаў і працаваў у сэнаце, які ён узначальваў у гады праўленьня прэзыдэнта Альендэ. Спачатку Айлвінс падтрымліваў уладу Піначэта 1973 году, але з-за шматлікіх парушэньняў правоў чалавека прымкнуў да апазыцыі і ў 1980 годзе прапанаваў канстытуцыйную рэформу. Дзякуючы менавіта яму забароненая тады ў краіне партыя хрысьціянскіх дэмакратаў (Partido Democrático Cristiano) стала мацнейшай апазыцыйнай партыяй Чылі. У 1990 годзе яго падтрымаў блёк сярэдне-левых Канчэртацыён, і Айлвінс перамог на выбарах зь вялікай перавагай галасоў супраць кандыдатаў Хернана Бюхі і Франчэска Хаўера Эрацурыса.
Прэзыдэнцтва Фрэя (1994—2000)
рэдагавацьПасьля скарачэньня легітымнага пэрыяду перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах атрымала партыя Канчэртацыён і яе кандыдат хрысьціянскі дэмакрат Эдуарда Фрэй Руіс-Тагле. Фрэй нарадзіўся ў 1942 годзе ў Сант’яга і меў адукацыю інжынэра. Яго бацька Эдуарда Фрэй Манталва займаў пост прэзыдэнта Чылі з 1964 па 1970 гады. На прэзыдэнцкіх выбарах 11 сьнежня 1993 году Фрэй атрымаў 57,9 % галасоў выбаршчыкаў. За другога кандыдата, кансэрватара Артура Алесандры, бацька якога таксама раней займаў пост прэзыдэнта Чылі, было аддадзена 24,3 % галасоў. 11 сакавіка 1994 году адбылася прэзыдэнцкая прысяга Эдуарда Фрэя.
Прэзыдэнцкія выбары 2006 году
рэдагавацьНа прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2005 году ні адзін з кандыдатаў ня змог дасягнуць неабходнай абсалютнай большасьці галасоў.
Пры паўторных выбарах 15 студзеня 2006 году Мішэль Бачэлет, кандыдатка ад кааліцыі дэмакратычных партыяў, атрымала перамогу над кандыдатам Себасьцянам Піньерам, атрымаўшы 53,5 % галасоў выбаршчыкаў. Такім чынам, яна стала першай жанчынай-прэзыдэнтам у гісторыі Чылі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГісторыя Чылі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў