Гісторыя Зьдзецелу

Зьдзецел (Дзятлава) — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся барокавыя касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і палац Радзівілаў, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Палац Радзівілаў. Н. Орда, 1860-я

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Палац Радзівілаў, 1871 год

Упершыню Зьдзецел упамінацецца ў 1440—1450-х гадох. У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводзтва. Каля 1492 году вялікі князь Казімер фундаваў тут будаваньне касьцёла. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандар перадаў воласьць Зьдзецел гетману вялікаму Канстантыну Астроскаму ў вечнае карыстаньне з правам заснаваньня мястэчка[1]. Апошні ў пачатку XVI ст. збудаваў у мястэчку драўляны замак, які некаторы час меў важнае абарончае значэньне (у дакумэнтах упамінаецца як двор Здетело).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Зьдзецел увайшоў у склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. На 1580 год тут было 118 двароў і 5 вуліцаў[1]. У пачатку XVIІ ст. Зьдзецел перайшоў у валоданьне Сапегаў. У 1624—1646 гадах Леў Сапега збудаваў у мястэчку касьцёл, пры якім дзейнічаў шпіталь. З 1655 году Зьдзецелам валодалі князі Палубінскія, з 1685 году — Радзівілы. На 1689 год — 126 двароў і 9 вуліцаў[1].

 
Палац Радзівілаў, 1846 год

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў студзені 1708 году ў ваколіцах Зьдзецела некаторы час знаходзілася асноўная групоўка расейскіх войскаў. У самім мястэчку на працягу тыдню кватараваў маскоўскі гаспадар Пётар I. Пазьней Зьдзецел занялі швэды, якія спалілі яго разам з замкам. У 1743 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1751 годзе Радзівілы збудавалі ў Зьдзецеле палац. На 1784 год тут было 176 двароў, 5 вуліцаў і 3 завулкі; працавалі 3 млыны, школа і шпіталь[1]. У канцы XVIII ст. мясьціна перайшла ў валоданьне Солтанаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Зьдзецел апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Апошні ўладальнік мястэчка Станіслаў Солтан браў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў, за што расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

 
Рынак

У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага склалі сьпіс населеных пунктаў, назвы якіх «перакруцілі ў час польскага панаваньня ў краі» (рас. подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае) і якім неабходна надаць «тутэйшыя расейскія назвы» (рас. местные русские названия). Адным з пунктаў гэтага сьпісу было перайменаваньне Зьдзецелу ў Дзятлава[2].

На 1878 год у Зьдзецеле было 118 двароў; дзейнічалі мураваны касьцёл, драўляная царква і 2 сынагогі; працавалі народная вучэльня, паштовая станцыя, валасная ўправа, магазын, крамы, 6 заезных двароў, корчмы; у аўторкі праводзіліся кірмашы. На 1914 год — працавалі ватная фабрыка, 5 мёдаварняў, лесапільня, цагельня і 2 гарбарныя заводы. У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1915 году мястэчка занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зьдзецел абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Зьдзецел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Зьдзецел увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 8 студзеня 1954 году ў складзе Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 30 чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 25 сьнежня 1962 году Зьдзецельскі раён расфармавалі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Слонімскага, Наваградзкага і Лідзкага раёнаў. 6 студзеня 1965 году раён аднавілі ў складзе Гарадзенскай вобласьці.

21 чэрвеня 1990 году Зьдзецел атрымаў статус места. 1 сьнежня 2004 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне мескіх гербу і сьцяга.

Палац Радзівілаў

рэдагаваць

Вуліца Замкавая

рэдагаваць

Вуліца Слонімская

рэдагаваць

Рака Зьдзецелка

рэдагаваць
  1. ^ а б в г Ярашэвіч А. Дзятлава // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 590.
  2. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 377.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць