Станіслаў Солтан
Станіслаў Солтан (1746 або 27 жніўня 1756 — 1836, места Мітава) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (з 1782) і падкаморы вялікі (з 1790), апошні маршалак надворны (1791—1795)[1]; генэрал-ад’ютант літоўскай польнай булавы.
![]() Станіслаў Солтан | |
![]() Герб «Сыракомля» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1746 або 27 жніўня 1756 |
Памёр | 1836 |
Род | Солтаны |
Бацькі | Станіслаў Солтан Алена з Ромэраў |
Жонка | Францішка Тэафілія з Радзівілаў Канстанцыя з Тапліцкіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Адам Лявон Людвік, Караліна, Ганна, Алена ад 2-га шлюбу: Станіслаў, Уладзіслаў, Алена |
Дзейнасьць | інжынэр цывільнага будаўніцтва |
Быў старостам слонімскім. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1782)[2], Белага Арла (1791) і Ганаровага легіёну (1813)[3].
БіяграфіяРэдагаваць
Прадстаўнік шляхецкага роду Солтанаў гербу «Сыракомля», сын Станіслава, старосты амелянаўскага, і Алены з Ромэраў.
У 1781 быў сябрам ложаў «Гарлівы літвін» і «Дасканалая еднасьць» таемнага таварыства Вольных муляроў[4]. У 1782 атрымаў урад харунжага вялікага літоўскага і званьне генэрал-маёра войска Вялікага Княства Літоўскага, у 1790 — урад падкаморага вялікага літоўскага.
У 1788 абіраўся паслом на Чатырохгадовы Сойм (1788—1792). У час працы сойма ўваходзіў у патрыятычную групоўку і падтрымаў Канстытуцыю 3 траўня (1791). Тады ж атрымаў урад маршалка надворнага літоўскага.
У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году выступаў супраць далучэньня караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Таргавіцкай канфэдэрацыі, 24 чэрвеня эміграваў у Саксонію.
Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794), па здушэньні якога расейскія ўлады выслалі яго ў Казань. У 1796 вызвалены расейскім імпэратарам Паўлам I.
У 1806—1807 разам з палкоўнікам Ф. Патоцкім рыхтаваў новае паўстаньне ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, у 1808 выехаў у Варшаўскае княства. У вайну 1812 году Напалеон прызначыў яго старшынём часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага; адначасна ўзначаліў камітэт харчаваньня і магазынаў. Прыбыў у Вільню 18 ліпеня, аднак з прычыны кепскага стану здароўя з 24 жніўня да 6 лістапада не выконваў абавязкаў. Па сканчэньні вайны эміграваў.
Першы раз ажаніўся з Францішкай Тэафілій Радзівіл, другі — з Канстанцыяй Тапліцкай. У першым шлюбе меў сына Адама Лявона Людвіка і дачок Караліну, Ганну і Алену, у другім — сыноў Станіслава і Ўладзіслава, а таксама дачку Алену.
ГалерэяРэдагаваць
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Ерашэвіч А. Солтан Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 620.
- ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 189.
- ^ Męclewska М. Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705-2008. — Warszawa: Zamek Królewski, 2008. S. 254.
- ^ Małachowski-Łempicki S. Wykaz polskich lóż wolnomularskich oraz ich członków w latach 1738-1821 // Archiwum Komisji Historycznej. T. XIV. — Kraków, 1930. S. 397.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Станіслаў Солтан — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Stanisław Sołtan(пол.). Sejm-Wielki.pl. Праверана 25 студзеня 2011 г.