Ордэн картузаў (картэзіянцаў) — кантэпляцыйны манаскі ордэн, які быў заснаваны напрыканцы XI стагодзьдзя і атрымаў назву ад кляштара Grande Chartreuse (па-лацінску: Cartusia).

Кляштар картузаў у Бярозе на карціне 1750 году

Гісторыя рэдагаваць

 
Эмблема ордэну картузаў

На чале заснавальнікаў Ордэну стаяў сьвяты Бруна Кёльнскі, які разам з шасьцю аднадумцамі ў 1084 годзе ў мястэчку Шартроз, каля Грэноблю, заснаваў першы картускі кляштар. Першапачаткова Ордэн атрымаў распаўсюджаньне толькі ў Францыі, але да другой паловы XII стагодзьдзя такія кляштары меліся ўжо ў шматлікіх краінах Эўропы: у Швайцарыі (1146), Швэцыі (1162), Гішпаніі (1163), Італіі (1171), Ангельшчыне (1178), Ірляндыі (1252), Нямеччыны (1320), Польшчы (1360) і інш.

У пэрыяд найвышэйшага росквіту (кан. XV — пач. XVI ст.) Ордэн налічваў 196 кляштараў.

Ва Ўсходняй Эўропе найбольш вядомым быў Кляштар сьвятога Крыжа, заснаваны ў 1648 годзе ў мястэчку Бяроза (цяпер у Берасьцейскай вобласьці, Беларусь). Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай кляштар апынуўся на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, і быў зачынены ў 1831 г.

Заняпад рэдагаваць

У XVI стагодзьдзі картузы падзялілі лёс усіх манаскіх супольнасьцяў той эпохі. З пачаткам Рэфармацыі і рэлігійных войн Ордэн страціў 94 кляштары, а ў Ангельшчыне і Нямеччыне больш за 50 манахаў загінулі пакутніцкай сьмерцю. Тым ня менш, у XVII ст. картузы змаглі аднавіць свае пазыцыі, і да 1676 г. налічвалі 173 кляштары па ўсім сьвеце.

Моцны ўдар па Ордэне нанесла Француская рэвалюцыя, падчас якой быў закатаваны 51 картуз. У канцы жа XX — пач. XXI стагодзьдзя, з прыходам лібэральных уладаў, пачаўся масавы перасьлед картузаў у Эўропе. Вынікам такой палітыкі стала зачыненьне мноства кляштараў у Францыі, Італіі, Нямеччыне і інш. Да цяперашняга часу 7 манахаў-картузаў кананізаваныя і 22 бэатыфікаваныя. Бэатыфікацыйныя працэсы, згодна з традыцыяй Ордэна, пасьля першых стагодзьдзяў існаваньня, больш не праводзяцца.

За амаль тысячагадовую гісторыю картузы ня раз падвяргаліся масавым перасьледам, разбурэньням кляштараў і мноства манахаў атрымалі пакутніцкі вянок. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, Ордэн выстаяў і змог захаваць непахіснасьць векавых традыцый духоўнага жыцьця.

Жаночая галіна рэдагаваць

Картузіянкі зьявіліся ў якасьці жаночай галіны Ордэна ў XII стагодзьдзі ў Францыі. Вядучы кантэпляцыйнае малітоўнае жыцьцё, жанчыны ляканічна ўліліся ў стройную структуру Ордэна.

Цяперашні час рэдагаваць

На сёньняшні дзень Картускі ордэн налічвае па ўсім сьвеце каля 400 манахаў і манашак, якія насяляюць 23 кляштара ў Францыі, Гішпаніі, Італіі, Ангельшчыне, Аргентыне, Бразыліі, Нямеччыне, Партугаліі, Славэніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Швайцарыі і Паўднёвай Карэі.

Духоўнасьць рэдагаваць

Асновай духоўнасьці картузаў зьяўляецца поўны зыход ад сьвету, сузіральнае і адасобленае жыцьцё, напоўненае фізычнай і інтэлектуальнай працай, сталай малітвай. Картускі ордэн быў заснаваны дзеля праслаўленьня Бога, шуканьня Яго і ўзьяднаньня зь Ім. Нягледзячы на тое, што гэта агульная мэта жыцьця ўсіх хрысьціянаў, але асаблівасьць Ордэна ў тым, што ў яго членаў няма іншых мэт. Увесь іх жыцьцёвы ўклад падпарадкаваны гэтай адзінай мэце, каб яны маглі «старанна шукаць, хутка знайсці і здабыць Пана Бога», дайшоўшы менавіта такім чынам «да дасканалай любові» (Statuta). Таму картуз выракаецца ўсяго, што не вядзе яго да гэтай адзінай, галоўнай мэты.

Манахі не карыстаюцца нейкімі своеасаблівымі малітоўнымі практыкамі, памятаючы аб тым, што адзіным шляхам да Айца зьяўляецца Яго Сын. Сузіральнае жыцьцё не цікавіцца дзейнасьцю самога чалавека, яно зьвернута да таго, якое дзеяньне вырабляе ў гэтым чалавеку Пан Бог.

Ордэн мае сваё асаблівае апостальства: манахі, якія прысьвяцілі сябе Богу, жыцьцём і малітвай заступаюцца за ўсіх людзей, а іх адзінота (Solitudo) і самаахвяраваньне зьяўляюцца яскравым сьведчаньнем веры для ўсяго астатняга сьвету.

Разам з гэтым картузы выконваюць місію, даручаную ім Касьцёлам: падобна крывяносным венам, Ордэн распаўсюджвае жыцьцёвую моц па ўсім Містычным Целе Хрыста. «Адасобленыя ад усіх, але трываючыя ў сувязі з ўсімі, мы стаім ад імя свету перад Жывым Богам» (Statuta).

Адрозьненьні ад іншых манаскіх супольнасьцяў рэдагаваць

Істотнымі адрозьненьнямі Ордэна картузаў ад астатніх кантэмпляцыйных супольнасьцяў (Цыстэрцы, Бэнэдыктынцы, Камэдулы і інш.) зьяўляюцца:

  • Адзінота (Solitudo);
  • Раўнавага паміж пустэльніцтвам і супольным жыцьцём;
  • Картуская літургія;

Супольнасьць картузаў складаецца з манахаў-сьвятароў і тых, хто рыхтуецца імі стаць, а таксама манахаў-братоў. Усе яны жывуць у строгай адзіноце і маўчаньні, не пакідаючы келіі ў гадзіны не вызначаныя ў Рэгуле, акрамя як тройчы ў дзень на Літургію і часьцей у нядзелю.

У сваіх кельлях манахі-айцы праводзяць час у малітве, чытаньні, вучобе і працы. Кожны айцец, на роўні з штодзённай канвэнтуальнай Імшой, таксама перажывае Эўхарыстыю ў сваёй адасобленай капліцы. Айцы жывуць у сваіх злучаных крытай галерэяй асобных кельлях. Адданасьць ім мае вельмі вялікае значэньне ў жыцьці картуза: «Гэта сьвятое месца, дзе слуга Божы часта размаўляе з сваім Панам, дзе душа злучаецца з Словам Божым, дзе нявеста знаходзіцца ў прысутнасьці Жаніха, дзе аб’ядноўваецца нябеснае з зямным і Боскае з чалавечым» (Statuta).

Браты жа займаюцца забесьпячэньнем унутранага жыцьця кляштара (кухня, агарод, рамонт і інш.) і маюць больш вольнага руху, чым манахі-айцы. Такім чынам, кожны навіцый можа абраць той вобраз служэньня, які бліжэйшы яму. Браты прысьвячаюць больш часу фізычнай працы, чым айцы, аднак, не звыш сямі гадзін у дзень. «Варта ім клапаціцца аб тым, каб старанна захоўваць у сваім сэрцы памяць аб Богу, як у адзіноце келіі, так і ў сваёй працы»(Statuta).

Картуская літургія рэдагаваць

На пачатку існаваньня Ордэна, сьвяты Бруна і яго браты адаптавалі літургію да сваёй эрэміцкай формы жыцьця. У параўнаньні з Рымскім, Картускі рытуал мае прасьцейшую і больш суровую структуру: працяглаю адарацыю, маўчаньне, мэдытацыю і кантэмпляцыю. На працягу стагодзьдзяў ён апынуўся пад ўплывам Галіканскай літургіі. Пры служэньні сьвятой Імшы перавага аддаецца лацінскай мове, а сам рыт, непасрэдна, бярэ свае карані ў высокім сярэднявеччы, і застаецца нязьменным дагэтуль, толькі часткова ўвабраўшы ў сябе элемэнты II Ватыканскага Сабора.

Асноўныя характарыстыкі літургіі Ордэна:

  • адсутнасьць канцэлебрацыі Эўхарыстыі (за рэдкім выключэньнем);
  • адсутнасьць музычных прыладаў;
  • шмат часу надаецца маўчаньню (Silentium);
  • выкарыстаньне грыгарыянскага харалу;

Склад жыцьця манахаў рэдагаваць

На сьвітанку цэлебруецца канвэнтуальная Імша з удзелам усіх манахаў кляштара, што зьяўляецца выразам іх унутранага адзінства. Акрамя яе, кожны айцец, у сваёй асабістай капліцы, штодня мае прыватную Эўхарыстыю. Яго сустрэча з Хрыстом, працякае ў поўнай цішыні і адзіноце, даючы сьвятару выдатную магчымасьць пагрузіцца ў містэрыю адкупленьня чалавека.

На прыканцы дня, картузы зноў сустракаюцца ў касьцёле для сумесных Нешпараў (Ad Vesperas). Іншыя жа часткі Літургіі Гадзін (Ad Primam, Tertiam, Sextam, Nonam) праводзяцца кожным манахам у сваёй келіі, акрамя сьвяточных дзён, калі Афіцый сьпяваецца ў касьцёле.

Валодаючы вялікай пашанай да Багародзіцы, манахі далучылі да штодзённай Літургіі Гадзін паралельны Афіцый да Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Нястомная малітва картузаў не спыняецца нават уначы. Пасьля кароткага сну, манахі ўстаюць, каб пачаць малітву ў сваіх кельлях, а затым ідуць у касьцёл на сумесныя малітвы (Matutinum et Laudes), якія працягваюцца ля трох гадзін. У гэты час сьпяваюцца псальмы, чытаецца Сьвятое Пісаньне і фрагмэнты тэкстаў Айцоў Касьцёла. Начныя чуваньні завяршаюцца малітвай у сваіх кельлях, пасьля чаго манахі адыходзяць да сну.

Картускі шпацыр рэдагаваць

Раз на тыдзень манахі-пустэльнікі зьдзяйсьняюць шпацыр за межамі кляштара. Яны ідуць парамі. Гэта рэдкі момант, калі картузы могуць пагутарыць. Пары складаюцца такім чынам, каб з часам усе манахі паразмаўлялі адзін з адным. У братоў такі шпацыр бывае раз у месяц, але ён неабавязковы. Акрамя яго і нейкіх надзвычайных выпадкаў, накшталт візыту да лекара, манахі ніколі не пакідаюць кляштар. Родныя могуць прыяжджаць да іх адзін раз у год на два дні, або два разы на год па адным дні.

У выніку адасобленасьці ад сьвету Ордэн ніколі за сваю гісторыю ня быў рэфармаваны. Картузы кажуць, што «Сartusia numquam reformata, quia numquam deformata». Дэвізам жа Ордэна зьяўляецца выраз «Stat crux dum volvitur orbis» («Крыж стаіць, пакуль круціцца Зямля»).

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Картузысховішча мультымэдыйных матэрыялаў