Гронаў
Гро́наў[1], Геранімаў — вёска ў Беларусі, каля ракі Сажа. Уваходзіць у склад Вепрынскага сельсавету Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 334 чалавекі. Знаходзіцца за 7 км на ўсход ад Чэрыкава, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў (лінія Ворша — Клімавічы); каля аўтамабільнай дарогі Краснапольле — Чэрыкаў.
Гронаў лац. Hronaŭ | |
Першыя згадкі: | 1726 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Магілёўская |
Раён: | Чэрыкаўскі |
Сельсавет: | Вепрынскі |
Насельніцтва: | 334 чал. (2007) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2243 |
Паштовы індэкс: | 213533 |
Нумарны знак: | 6 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°34′12″ пн. ш. 31°27′24″ у. д. / 53.57° пн. ш. 31.45667° у. д.Каардынаты: 53°34′12″ пн. ш. 31°27′24″ у. д. / 53.57° пн. ш. 31.45667° у. д. |
± Гронаў |
Гронаў — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, таксама вядомае пад назвай Геранімаў ў гонар Гераніма Флярыяна Радзівіла.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ 1726 годзе, відаць, Ганна Кацярына Радзівіл з князёў Сангушкаў заснавала ў Крычаўскім старостве Амсьціслаўскага ваяводзтва, ува ўрочышчы Камені мястэчка Геранімаў, якое атрымала сваю назву ў гонар Гераніма Флярыяна Радзівіла, сына заснавальніцы[2]. Паводле інвэнтару Крычаўскага староства 1747 году, аснову плянавальнай структуры мястэчка складаў Рынак, адзін з бакоў якога выходзіў на раку Сож. З астатніх бакоў Рынку адыходзілі вуліцы Манастырская, Вушакоўская і Вепрынская. Апроч таго, інвэнтар упамінае незабудаваныя завулкі Крычаўскі і Зорскі, якія вялі з Рынку ў бок Сажа. У мястэчку было толькі 18 жылых дамоў, зь якіх 6 месьціліся на Рынку; 8 дамоў і 34 пляцы стаялі парожнімі. Сярод местачкоўцаў было 5 алейнікаў (зь іх 3 купцы), 2 купцы, 2 кушнеры, ганчар і пастух.
У 1753 годзе ў Геранімаве было 6 алейнікаў. У 1770 годзе мястэчка атрымала права на таргі ў серады[3].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Геранімаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дубравіцкай вобласьці Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні. Відаць, у гэты час паселішча атрымала назву Гронаў. На 1777 год вёска знаходзілася ў валоданьні І. Галынскага, тут было 14 двароў. На 1785 год — 23 двары, на 1811 год — 26.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Гронаве было 50 двароў, непадалёк існаваў заезны двор. На 1909 год — 58 двароў, працавала школа граматы.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гронаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Гронаў вярнулі БССР, у Чэрыкаўскі раён Калінінскай акругі. На 1926 год у вёсцы было 98 двароў. У 1931 годзе савецкія ўлады стварылі ў Гронаве калгас. 20 лютага 1938 году вёска ўвайшла ў склад Магілёўскай вобласьці. На 1940 год тут было 363 двары. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 году Гронаў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
У 1958 годзе Гронаў радыёфікавалі, у 1963 годзе — электрафікавалі. 16 верасьня 1959 году вёска ўвайшла ў склад Крычаўскага, 25 сьнежня 1962 году — Краснапольскага, 6 студзеня 1965 году — зноў Крычаўскага, 30 ліпеня 1966 году — Чэрыкаўскага раёну. На 1989 год у Гронаве было 143 двары, на 2007 год — 138.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1777 год — 106 чал.; 1785 год — 138 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1811 год — 89 муж.; 1897 год — 327 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 341 чал.; 1926 год — 481 чал.; 1940 год — 362 чал.; 1989 год — 438 чал.[4]
- XXI стагодзьдзе: 2007 год — 334 чал.[5]
Інфраструктура
рэдагавацьУ Гронаве працуюць бібліятэка, дом культуры, фэльчарска-акушэрскі пункт.
Забудова
рэдагавацьПлян складаецца з крывалінейнай, амаль шыротнай арыентацыі вуліцы і паралельнай да яе просталінейнай вуліцы, злучаных у цэнтры завулкам. Забудова пераважна двухбаковая, шчыльная, традыцыйная драўляная сядзібнага тыпу. На паўночным захадзе разьмяшчаецца вытворчы сэктар.
Эканоміка
рэдагавацьДрэваапрацоўчы камбінат, цэх-лесапільня Чэрыкаўскай лясной гаспадаркі, лесапункт.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагавацьКаля Гронава захаваліся 2 археалягічныя стаянкі. На адной зь іх выявілі крамянёвыя вырабы і фрагмэнты ляпнога посуду эпохі позьняга нэаліту, раньняга бронзавага і жалезнага вякоў (на яе месцы пазьней было селішча зарубінецкай культуры). На другой стаянцы верхнедняпроўскай культуры знайшлі рэчы раньняга і позьняга бронзавага веку[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
- ^ Мяцельскі А. Геранімаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 171.
- ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 2008. № 23.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 356.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 355.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 447.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 544 с. ISBN 978-985-11-0452-5.