Прывілей 1432 году
Прывілей 1432 году (Гарадзенскі прывілей) — адзін з заканадаўчых актаў Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены 15 кастрычніка 1432 году ад імя караля польскага і вярхоўнага князя літоўскага Ягайлы, рэгуляваў пераважна пытаньні зямельнай палітыкі краіны. Апублікаваны ў рамках супрацьдзеяньня канфлікту ў ВКЛ 1432—1439 гг.
Палажэньні
рэдагавацьРэгулюючы перадусім пытаньні ўнутранай палітыкі краіны, скіраваныя на згашэньне канфлікту ўнутры краіны, надаваў фэўдалам ВКЛ праваслаўнага веравызнаньня права вольнага распараджэньня (з фармальным дазволам вялікакняскага ўрадніка) як вотчыннай, так і пажалаванай землямі, а таксама пашыраў іншыя льготы, атрыманыя каталіцкімі баярамі згодна з актам Гарадзельскай уніі (1413). Прыватныя ўладальнікі атрымлівалі таксама права далучэньня да гербавага брацтва з тымі баярамі, якія атрымалі гербы ў 1413 годзе, на што патрабавалася фармальная згода іх польскіх аднагербоўнікаў. Разам з тым, прыватныя землеўладальнікі атрымлівалі абавязак сплачваць дзякла[1][2]. Згодна зь меркаваньнем М. Доўнар-Запольскага, у дзеяньне прывілею былі ўключаныя ў тым ліку пажалаваньні г. зв. да волі і ласкі гаспадарскай (па-руску: до воли и ласки господарской)[3] (зямля, пажалаваная вялікім князем на нявызначаны тэрмін).
Выдадзены ад імя тагачаснага караля польскага і вярхоўнага князя літоўскага Ягайлы, аднак ня быў ім зацьверджаны, з прычыны чаго фармальнае чыннасьці ня меў[4]. Праз два гады дапоўнены прывілеем 1434 году, які фактычна пацьвярдзіў апублікаваныя ў прывілеі палажэньні[1][2]
Перадумовы
рэдагаваць- Асноўны артыкул: грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў
Тэкст прывілею мае прамыя ўказаньні на палітычныя перадумовы прыняцьця акту, а менавіта імкненьне да заспакаеньня варагуючых бакоў у міжфэўдальным і ўрадавым канфлікце 1432—1439 гг. Тэкст прывілею ўказвае на прыхільнікаў прэтэндэнта на вялікае княжаньне літоўскага Сьвідрыгайлы, у адрас якіх з мэтаю захаваньня дабрабыту краіны і прысягі Ягайлу і выдадзены прывілей[5][6]. Прывілей, аднак, фактычна не зьмяніў у лепшы бок становішча іншага прэтэндэнта на вялікакняскі сталец, Жыгімонта Кейстутавіча[6], які на той момант быў прызнаны Каралеўствам Польскім і падтрымліваўся баярамі і князямі захаду ды цэнтру ВКЛ. Прыкметныя зьмены ўнутрыпалітычнага становішча на карысьць Жыгімонта Кейстутавіча былі выкліканыя толькі па прыняцьці наступнага прывілею ў 1434 годзе, хоць імкненьне да ўраўнаньня правоў праваслаўных і каталіцкіх землеўладальнікаў было выкарыстана Сьвідрыгайлам як адна з нагодаў для працягу барацьбы за вялікакняскі пасад[7][8]. Іншым мажлівым фактарам прыняцьця прывілею магло стаць імкненьне зацікавіць фэўдалаў усходніх земляў ВКЛ пытаньнем дарэчнасьці Крэўскай уніі, якое было негалосна ўзьнятае баярамі заходніх і цэнтральных земляў ВКЛ[9].
Буйныя княскія землеўладальнікі ў часе канфлікту перайшлі пераважна на падтрымку Сьвідрыгайлы, што, меркавана, магло стаць фактарам распаўсюджваньня палажэньняў прывілеяў і на княскіх уладальнікаў, не згаданых у прывілеях 1413 і 1387 гг.[10], пагатоў, у часы Вітаўта адзначылася пэўнае выцясьненьне баярамі князёў зь вялікакняскага двара[11]. Зь іншага боку, княскія землеўладальнікі практычна ва ўсе часы існаваньня ВКЛ, у тым ліку і да выданьня прывілею 1387 г., карысталіся практычна поўным імунітэтам у межах сваёй зямельнай уласнасьці. Так, уладаньні княскіх галінаў краіны ня мелі патрэбы ў фармальным спраўджваньні зямельных зьдзелак на продаж, дараваньне ці завяшчаньне і, больш за тое, мелі права выдаваць права сваім слугам службы па ўласным жаданьні (кому похотят), маючы нават права суду і адміністрацыі ў межах уладаньнях[12]. Фактычна тыя ж правы, што гарантаваў прывілей 1432 году, атрымлівалі некаторыя рэгіёны, што захоўвалі нутранае самакіраваньне, але ў якіх пазьней гуртаваліся прыхільнікі Сьвідрыгайлы: так, адзін з ранейшых абласных прывілеяў Віцебскаму намесьніцтву захоўваў правы Гарадзенскага прывілею ў тым ліку для каталікоў, якія перайшлі ў праваслаўе, чым у сутнасьці рабіў прывілей 1432 году ў гэтым рэгіёне бессэнсоўным[13]. Апроч гэтага, права вольнага распараджэньня маёнткам і права ўдавы на дзель зямлі па сьмерці мужа закладзенае ў адным з прывілеяў Полацкаму намесьніцтву часоў Вітаўта[14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 62. — 179 с.
- ^ а б Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 423. — 579 с.
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 69. — 179 с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 422. — 579 с.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 172-173. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ а б Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 70. — VIII,807.[1].CXII.II с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 418, 421, 428-429. — 579 с.
- ^ Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М. В. Довнар-Запольский. — Киев: 1901 Т. 1. — С. 67. — VIII,807.[1].CXII.II с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 416-417. — 579 с.
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 174. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно / М. К. Любавский. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — С. 166. — 395 с. — (Помнікі гістарычнай думкі Беларусі).
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 55-56. — 179 с.
- ^ Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego / H. Łowmiański. — Poznań: Wydawnictwo Naukowe UAM, 1983. — С. 414. — 579 с.
- ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. Комиссариат земледелия БССР. — Мн.: 1927. — С. 116. — 179 с.