Грамадзянская вайна

Грамадзя́нская вайна́вайна паміж арганізаванымі групамі ў межах адной дзяржавы[1], ці, радзей, паміж дзьвюма нацыямі, якія ўваходзілі ў склад раней адзінай аб’яднанай дзяржавы[2]. Мэтай бакоў, як правіла, зьяўляецца захоп улады ў краіне ці ў асобным рэгіёне, незалежнасьць рэгіёну, ці зьмяненьне палітыкі ўраду[1]. Прызнакамі грамадзянскай вайны зьяўляюцца наяўнасьць элемэнтаў дзяржаўнай ваенна-палітычнай машыны ў абодвух ваюючых бакоў і агульнанацыянальны размах падзеяў.

Падбіты танк Т-62 пасьля ўваходжаньня паўстанцаў у Адыс-Абэбу ў канцы Грамадзянскай вайны ў Этыёпіі, 1991 год

Спосабы вядзеньня грамадзянскіх войнаў часьцяком адрозьніваюцца ад традыцыйных. Нароўні з выкарыстаньнем варагуючымі бакамі рэгулярных войскаў вялікі распаўсюд атрымлівае партызанскі рух, а таксама розныя стыхійныя паўстаньні насельніцтва і іншае. Нярэдка грамадзянская вайна спалучаецца з барацьбой супраць замежнай інтэрвэнцыі іншых дзяржаваў[3].

Грамадзянскія вайны з канца Другой сусьветнай вайны мелі працягласьць ў сярэднім крыху больш за чатыры гады, што зьяўляецца істотным павелічэньнем з 1,5 гадоў, сярэдняй працягласьці войнаў на працягу 1900—1944 гадоў. У той час як узровень узьнікненьня новых грамадзянскіх войнаў быў адносна сталы, пачынаючы зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя, нарастальная працягласьць гэтых войнаў прывяла да ўзрастаньня колькасьці войнаў, якія адбываюцца ў кожны дадзены момант часу. Да прыкладу, ня больш за пяць грамадзянскіх войнаў адбываліся адначасова ў пачатку XX стагодзьдзя, у той час як больш за 20 адначасовых войнаў здараліся ў сьвеце напрыканцы халоднай вайны, перш чым зноўку значна зьменшыцца паводле колькасьці ў сувязі з тым, што канфлікты, зьвязаныя з супрацьстаяньнем звышдзяржаваў, прыйшлі да свайго канца[4].

З 1945 году грамадзянскія войны прынесьлі каля 25 мільёнаў сьмерцяў, уключаючы гвалтоўную дэпартацыю мільёнаў іншых людзей. Грамадзянскія войны таксама сталі прычынай эканамічнага каляпсу краінаў, дзе яны праходзілі, як то Самалі, Бірма, Уганда і Ангола зьяўляюцца прыкладамі дзяржаваў, якія шырока разглядаліся як пэрспэктыўныя ў пляне разьвіцьця, пакуль яны не перайшлі да стану грамадзянскай вайны[5].

  1. ^ а б James Fearon, "Iraq's Civil War" in Foreign Affairs, March/April 2007  (анг.)
  2. ^ Nations, Markets, and War: Modern History and the American Civil War | Book Reviews, EH.net. "Two nations [within the U.S.] developed because of slavery." October 2006. Retrieved July 2009.  (анг.)
  3. ^ Гражданская война // Большая российская энциклопедия. — 2007. — Т. 7. — С. 591. — ISBN 978-5-85270-337-8
  4. ^ Hironaka 2005. С. 3.
  5. ^ Hironaka 2005. С. 1−2, 4−5.

Літаратура

рэдагаваць
  • Hironaka Ann Neverending Wars: The International Community, Weak States, and the Perpetuation of Civil War. — Cambridge: Harvard University Press, 2005. — ISBN 0-674-01532-0

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Грамадзянская вайнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў