Гарадная
Гарадна́я[2] — вёска ў Беларусі, на возеры Татарскім Стойле[3]. Цэнтар сельсавету Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 рок — 871 чалавек[1]. Знаходзіцца за 28 км на захад ад Століна, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь.
Гарадная лац. Haradnaja | |||||
Траецкая царква | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1592 | ||||
Магдэбурскае права: | 1670 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Столінскі | ||||
Сельсавет: | Гараднянскі | ||||
Насельніцтва: | 871 чал. (2015)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1655 | ||||
Паштовы індэкс: | 225522 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 51°52′11″ пн. ш. 26°29′59″ у. д. / 51.86972° пн. ш. 26.49972° у. д.Каардынаты: 51°52′11″ пн. ш. 26°29′59″ у. д. / 51.86972° пн. ш. 26.49972° у. д. | ||||
± Гарадная | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гарадная — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захавалася драўляная царква Сьвятой Тройцы, помнік архітэктуры XVIII ст.
Назва
рэдагавацьТапонім Гарадная ўтварыўся ад старажытнай назвы агароджы — гародні[4]. Мясцовая дыялектавая назва мястэчка — Городна́.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагаваць30 студзеня 1592 року пісар Пінскага замку Флярыян Маркоўскі заснаваў каралеўскае мястэчка Гарадную. Гэтая падзея апісваецца ў лісьце караля і вялікага князя Жыґімонта Вазы да пінскага маршалка Пятра Дастаеўскага[5]. У сьнежні 1653 року Гарадную зьнішчылі татары[6], пра што сьведчыць гарадэнскі войт Самойла Васьковіч у прысязе, складзенай 9 верасьня 1654 року[7]. У палон вывялі каля 700 жыхароў[8], у полымі загінулі дакумэнты Магдэбурскага права, пра што ўпамінаецца ў прывілеі 1670 року[9]. У 1664—1665 роках у мястэчку Гарадной Кігіраўскага войтаўства Пінскага павету на пастоі разьмяшчаўся драґунскі полк Кальштына[10].
5 лістапада 1670 року паводле хадайніцтва старосты пінскага Яна Караля Млоцкага кароль Міхал Вішнявецкі ўзнавіў Гарадной Магдэбурскае права, якое пацьвярджалі сваімі канфірмацыйнымі прывілеямі каралі Ян Сабескі 1 сакавіка 1677 року, Аўгуст Сас 4 студзеня 1759 року[11] і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 30 сьнежня 1773 року[7]:
…з унясеньнем тады да нас Панамі-Радаю і ўраднікамі нашымі, якія пры нашым боку, ад высакароднага Яна Кароля Млоцкага, старосты нашага пінскага, за мястэчкам Гарадною названым, у Пінскім старостве разьмешчаным, у ягоным на той час беспасярэднім трыманьні, надумалі мы прыгаданаму мястэчку Гарадной усялякія вольнасьці, якія служаць майдэборскаму праву, сілаю даўнейшых, якія ім празь непрыяцеля загінулі, надаць і зацьвердзіць...[12] | ||
Паводле прывілею 1670 року, «…мяшчане нашыя гарадэнскія войта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў або рымскае, або таксама грэцкае рэлігіяў, якія ёсьць у Вуніі Сьвятой, раз у тры леты сярод сваіх абіраючы, і якія ў тамтэйшым магістраце засеўшы, усялякія справы, як крымінальныя, гэтак і іншыя ўсялякія запісамі, облігамі, зарукамі, ці іншаю якою назваю названымі, пад суд свой майдэборскі падлеглыя...». Апэляваць гарадэнцы маглі да пінскага старосты. У крайнім разе была магчымасьць зьвяртацца і ў каралеўскі суд. Жыхары места мелі права «...солад, мёд, піва, гарэлку не адно на сваю ўласную патрэбу, але і на шынковы продаж рабіць, з выплатай чопавага, да скарбу Вялікага Княства Літоўскага прыналежнага...[9]».
Паводле інвэнтару 1747 року, у мястэчку Гарадной было 8 вуліцаў (Высацкая, Падлеская, Карпілаўка, Ад возера, Жаўкінская, Астроўская, Красная і Гарадэнская), квадратны Рынак з старою царквою. 147 гаспадароў жылі на 160 заселеных пляцах, яны валодалі 48 валокамі зямлі, мелі 71 вала, 17 коней, 119 агародаў, 889 засьцянковых маргоў. Акрамя таго, у мястэчку пуставала 40 пляцаў, 58 валок, 31 агарод, 149 маргоў. На войта Людвіка Даманскага і царкву былі зарэзэрваваныя 20 пляцаў і 13 валок[a]. Паводле люстратарскага інвэнтару 1765 року, мяшчане Гарадное валодалі 184 пляцамі, 64 валокамі, 165 агародамі, 1062 маргамі[b].
У 1776 року Гарадную, як і ўсе мястэчкі Вялікага Княства Літоўскага, пазбавілі Магдэбурскага права. Уладальнік Пінскае эканоміі Міхал Казімер Агінскі і адміністратар эканоміі пінскі падстароста Мацей Бутрымовіч сталі змушаць гарадэнцаў да адпрацоўкі паншчыны і іншых павіннасьцяў звыш інвэнтару 1765 року. Гарадэнцы адмовіліся падпарадкоўвацца ды ігнаравалі новыя патрабаваньні. Выбарныя мяшчане наведалі ў 1784 року Варшаву, дзе выпрасілі ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага аберагальны ліст. Таксама гарадэнцы распачалі цяжбу ў Літоўскай асэсорыі супраць М. К. Агінскага і М. Бутрымовіча, якая ў 1790 року спынілася з прычыны вайсковае інтэрвэнцыі Расеі. У 1789 року другі люстратарскі інвэнтар Гарадное з парады М. Бутрымовіча быў складзены, не выяжджаючы ў мястэчка. Паводле яго падаткі вырасьлі ў 5 разоў у параўнаньні з 1747 рокам. Гарадэнцы адмовіліся выконваць новы інвэнтар, запісаўшы пратэст у Пінскім земскім судзе[7].
Закон аб местах 18 красавіка і Канстытуцыя 3 траўня 1791 року, якія ўраўновалі ў правох мяшчан Рэчы Паспалітае са шляхтаю, і прывілей аднаўленьня Магдэбурскага права 17 сакавіка 1792 року давалі надзею на сканчэньне прэтэнзіяў з боку магнатаў. У гэтым прывілеі герб Гарадное апісваецца ў выглядзе лася, які мае залатыя рогі[7].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 рок) Гарадная апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Мяшчане працягвалі змагацца за сваю зямлю і за свае вольнасьці ў судах. 17 траўня 1799 року Валынскі задворны суд прызначыў выязны Камісарскі суд, які распачаўся беспасярэдне ў Гарадной. У выніку колькігадовага працэсу 1 красавіка 1803 року суд вызначыў аддаць урадлівыя землі гарадэнцаў суседзкім зямянам (Бутрымовічам, Валконскім, Філяцьевым). Аднак мяшчанам, дзякуючы захаваным імі ранейшым каралеўскім прывілеям, была захаваная асабістая свабода[7]. Гэтыя акалічнасьці і зрабілі ганчарства асноўнаю крыніцай існаваньня мяшчан. Гарадная стала называцца прывілеяваным (скарбовым) мястэчкам Пінскага павету Менскае губэрні.
На 1880 рок у Гарадной было 236 дамоў, дзеяла царква. Паводле вынікаў перапісу 1897 року, у мястэчку было 419 двароў, дзеялі царква і малітоўны дом, працавалі школа, 6 крамаў, 2 карчмы, 40 горнаў вырабу глінянага посуду.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 року Гарадную занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадная абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[13].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 року Гарадная апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, сьпярша ў Лунінецкім павеце, а з 1 студзеня 1923 року — у Столінскім павеце Палескага ваяводзтва. У 1924 і 1925 роках сюды перасялілася каля 200 радзінаў з Галіччыны. Перасяленцы стварылі асобнае паселішча хутарскога тыпу (мела назву «Калёнія») і адрадзілі грэцка-каталіцкую парафію. Неўзабаве ім перадалі будынак драўлянай царквы, першае набажэнства ў якім адбылося 5 студзеня 1928 року[14].
У 1939 року Гарадная ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 року стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941—1944 роках Гарадная знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1970 рок тут было 470 двароў, на 1993 рок — 522, на 2005 рок — 464.
-
Старая царква. І. Сербаў, 1912 р.
-
Новая царква. І. Сербаў, 1912 р.
-
Старая царква, 1928 р.
-
Старая царква. С. Бохніг, 1929 р.
-
Званіца. С. Бохніг, 1929 р.
-
Вятрак. С. Бохніг, 1929 р.
-
Татарскае Стойла. С. Бохніг, 1929 р.
-
Рынак, да 1939 р.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1880 рок — 1012 чал.[15]; 1897 рок — 2291 чал.[16]
- XX стагодзьдзе: 1921 рок — 2597 чал.[17]; 1939 рок — 3874 чал.[18]; 1941 рок (перад вайною) — 1820 чал.[19]; 1959 рок — 1540 чал.[18]; 1970 рок — 1965 чал.[20]; 1993 рок — 1587 чал.[8]; 1996 рок — 1483 чал.[21]; 1999 — 1301 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 рок — 1190 чал.[22]; 2009 рок — 1038 чал.[23]; 2010 — 1023 чал.; 2015 — 871 чал.[1]
Інфраструктура
рэдагавацьУ Гарадной працуюць сярэдняя школа, лякарня, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
рэдагавацьВуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
Клімука плошча | Рынак пляц |
Майская вуліца | Паповая вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Гарадной да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Аселіца, Высацкая, Клімаўская, Цімохаўская, Школьная.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагавацьЗа 2 км на паўночны ўсход ад Гарадной захаваліся гарадзішча і селішча.
- Царква Сьвятой Тройцы (1787; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Капліца
- Царква Сьвятога Мікалая (пачатак XX ст.)
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Нікіфарэнка А. Нашчадкі Магдэбургскага права // Навіны Палесся, 16 студзеня 2015.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 264.
- ^ Вячорка Ф. У краіне продкаў // «Homo historicus». — Вільня, 2008. С. 486.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 81.
- ^ Vilniaus universiteto bibliotekos katalogas, Šifras: F5-F114-30855. Zygmunt Tretij Boźeju Myłostiu Korol Polski, Wełyki Kniaz Litows. ...
- ^ Катастрофа перад Калядамі 1653 года, Городна — полеське местэчко
- ^ а б в г д Кісель В. Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету // «ARCHE Пачатак». — 2013. — №4. С. 308-311.
- ^ а б ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 476.
- ^ а б Кісель В. 1670. Прывілей Гарадной на магдэбургскае права, Городна — полеське местэчко
- ^ Акты издаваемые Виленскою коммисіею для разбора древних актовъ. Т. 34. — Вильна, 1909. С. 378-380.
- ^ Стрэнкоўскі С. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV—XVIII ст.), частка II. — Менск, 2013. С. 70.
- ^ 1670. Прывілей Гарадной на магдэбургскае права, Городна — полеське местэчко
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Ільіна А. Служэнне а. Івана Тыляўскага // Гістарычная брама. № 1 (22), 2004 г.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 138.
- ^ Населенныя места Россійской имперіи в 500 и более жителей с указаніемъ всего налічнаго в нихъ населенія и числа жителей преобладающихъ вероисповеданій по даннымъ всеобщей переписи населенія 1897 г. — Санкт-Петербургъ, 1905. С. 105.
- ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Województwo Poleskie. T. VIII. Warszawa, 1924. S. 34.
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 575.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. — Мн., 2003. С. 609.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 477.
- ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 42.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 574.
- ^ Регионы Беларуси. Т. 1. Брестская область. Кн. 2. — Минск, 2010.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 978-985-11-0388-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — 640 с.: іл. ISBN 985-6302-49-8.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.