Вікіпэдыя:Чым не зьяўляецца Вікіпэдыя

(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:БЕЗЦЭНЗУРЫ»)
Скарачэньне:
ВП:ЧНЗВ

Вікіпэдыя — гэта інтэрнэт-энцыкляпэдыя і заснаванае на духу ўзаемнай павагі сеціўнае згуртаваньне, зацікаўленае ў стварэньні высакаякаснай энцыкляпэдыі. Адпаведна, ёсьць рэчы, каторымі Вікіпэдыя безумоўна не зьяўляецца.

Стыль і фармат

рэдагаваць

Вікіпэдыя — не папяровая энцыкляпэдыя

рэдагаваць

Вікіпэдыя — не папяровая энцыкляпэдыя (анг.). Фактычна, колькасьць тэмаў і шырыня іх асьвятленьня абмяжоўваецца толькі пунктамі гэтай старонкі і некаторымі іншымі дзейнымі правіламі. Адначасна, ёсьць розьніца паміж тым, што можа быць зроблена, і тым, што мусіць быць зроблена — пра гэта распавядаецца ў сэкцыі Зьмест. Падобная палітыка не зьяўляецца «зялёным сьвятлом» для абы чаго: кожны артыкул мусіць прытрымлівацца правілаў і рэкамэндацыяў, ухваленых суполкай (кароткай вытрымкай якіх зьяўляюцца пяць слупоў).

Вытрымка памераў артыкулаў у разумных аб’ёмах ёсьць вельмі важным пунктам у падвышэньні даступнасьці Вікіпэдыі, асабліва для карыстальнікаў мабільных тэлефонаў. Памер артыкулаў беспасярэднім чынам уплывае на хуткасьць загрузкі старонак і зручнасьць прагляду (глядзіце Вікіпэдыя:Памер артыкулаў). Натуральным выйсьцем зьяўляецца падзяленьне аб’ёмнага артыкула на больш дробныя часткі, пакідаючы невялічкую вытрымку (кшталту прэамбулы) з спасылкай на асноўны артыкул па тэме. Некаторыя тэмы ў папяровых энцыкляпэдыях асьвятляюцца вельмі дробна, фармальна. У той жа час у Вікіпэдыі можна раскрыць тэму цалкам, дадаўшы шмат карыснай інфармацыі, ілюстрацыяў, спасылак на вонкавыя старонкі і, галоўнае, дынамічна абнаўляць зьвесткі.

У кожную энцыкляпэдыю інфармацыя ня можа дадавацца толькі на падставе яе праўдзівасьці або карыснасьці. Хаця існуюць спрэчкі наконт крытэраў энцыкляпэдычнасьці ў дачыненьні да пэўных катэгорыяў, наступныя прыклады зьяўляюцца добрым апісаньнем таго, чым Вікіпэдыя не зьяўляецца. Улічвайце, аднак, што прыведзеныя прыклады не зьяўляюцца ўсёахопнымі.

Вікіпэдыя — ня слоўнік

рэдагаваць

Вікіпэдыя — гэта ня слоўнік і не дапаможнік па выкарыстаньні словаў або выразаў. Артыкулы Вікіпэдыі не зьяўляюцца:

  1. Слоўнікавымі дэфініцыямі.
  2. Сьпісамі слоўнікавых значэньняў.
  3. Дапаможнікам па словаўжываньні ці па выкарыстаньні жаргонных і фразэалягічных выразаў.

У той жа час існуе братэрскі праект — Вікіслоўнік, які як раз і зьяўляецца слоўнікам, пабудаваным на вікі-тэхналёгіі.

Вікіпэдыя — ня месца публікацыі арыгінальных дасьледаваньняў

рэдагаваць

Вікіпэдыя ня месца для публікацыі вашых уласных ідэяў і вынікаў аналітычных дасьледаваньняў або зьмяшчэньня новых, дагэтуль нідзе не апублікаваных зьвестак. Таму ня варта выкарыстоўваць Вікіпэдыю для зьмяшчэньня:

  1. Першасных (арыгінальных) дасьледаваньняў, напрыклад, шляхам прасоўваньня непацьверджаных і маргінальных тэорыяў, уласных тлумачэньняў словаў або нэалягізмаў. Калі вы зрабілі арыгінальнае дасьледаваньне, апублікуйце яго ў аўтарытэтных рэцэнзуемых выданьнях або сайтах, вартых даверу. Як толькі вашае дасьледаваньне стане шырока прынятым, яно зьявіцца ў Вікіпэдыі.
  2. Уласных вынаходніцтваў. Калі вы або ваш сябра вынайшлі новае слова, ці стварылі сваю вэрсію літарболу, то гэтага недастаткова, бо значнасьць падобнага вынаходніцтва занадта нізкая для ўзгадваньня, пакуль пра гэта ня будзе паведамлена ў аўтарытэтных другасных крыніцах.
  3. Уласных эсэ. Яны адлюстроўваюць толькі вашыя думкі і пачуцьці на дадзеную тэму і не заўсёды ствараюць аб’ектыўную карціну. Вікіпэдыя стваралася, каб сабраць веды чалавецтва, але ня як інструмэнт для станаўленьня падобных эсэ часткай гэтых ведаў. Уласныя эсэ дапушчальныя на падстаронках удзельніка, ці ў Мэта-вікі.
  4. Дыскусійных форумаў. Калі ласка, паспрабуйце зрабіць сваёй галоўнай мэтай у Вікіпэдыі толькі стварэньне энцыкляпэдыі. Вы можаце абмяркоўваць вікіпэдыйныя справы на старонках гутарак удзельнікаў, або разьвязваць праблемы з артыкуламі на адпаведных старонках абмеркаваньня, але, калі ласка, ня варта абмяркоўваць сам аб’ект артыкула. Старонкі абмеркаваньня ствараюцца з мэтай удасканаленьня артыкулаў, а не для высьвятленьня ўласных пытаньняў на тэму. Для звычайных гутарак можна скарыстацца адмысловымі IRC-каналамі, напрыклад #wikipedia-be-tarask.
  5. Журналісцкіх рэпартажаў. У Вікіпэдыі не пажаданае зьмяшчэньне рознага кшталту гарачых навін і матэрыялаў зь першых рук. Вікіпэдыя не зьяўляецца першаснай крыніцай інфармацыі. Для гэтага ёсьць асобны вікіпраект Вікінавіны, які адмыслова для гэтага і быў створаны.

Вікіпэдыя — не трыбуна

рэдагаваць

Вікіпэдыя — гэта не трыбуна і ня сродак прапаганды альбо рэклямы. Гэта тычыцца як саміх артыкулаў, так і катэгорыяў, шаблёнаў, старонак абмеркаваньня і ўласных старонак удзельнікаў. Адпаведна, старонкі Вікіпэдыі не для:

  1. Прапаганды, залукі ці адвакацтва любога кшталту;
  2. Плётак ці скандалаў;
  3. Самарэклямы;
  4. Рэклямы.

Вікіпэдыя — ня сэрвэр-люстэрка, ня файлавы архіў і не каталёг спасылак

рэдагаваць

Вікіпэдыя не зьяўляецца сэрвэрам-люстэркам, архівам для захоўваньня файлаў або каталёгам спасылак. Артыкулы Вікіпэдыі не павінныя ўяўляць зь сябе:

  1. Набор вонкавых спасылак або інтэрнэт-каталёгі. Няма нічога кепскага ў тым, каб дадаць адну або некалькі спасылак, адпаведных зьместу артыкула, але вялікія сьпісы вонкавых спасылак шкодзяць разьвіцьцю артыкула і адцягваюць ад мэты Вікіпэдыі.
  2. Просты сьпіс унутраных спасылак, з выняткам старонак разьвязаньня неадназначнасьцяў, а таксама структураваных сьпісаў, якія дапамагаюць у арганізацыі артыкулаў.
  3. Набор выточных матэрыялаў, а таксама матэрыялаў, якія знаходзяцца ў грамадзкім набытку, такіх як тэксты кніг, выточныя коды, гістарычныя дакумэнты, лісты, законы і іншыя матэрыялы, якія зьяўляюцца каштоўнымі толькі ў сваім нязьменным выглядзе. Поўныя тэксты арыгінальных крыніц разьмяшчайце ў Вікікрыніцах. Пры гэтым матэрыялы, якія знаходзяцца ў грамадзкім набытку (напрыклад, энцыкляпэдыя «Брытаніка» 1911 году выданьня), могуць быць выкарыстаныя для пашырэньня зьместу артыкулаў.
  4. Наборы фатаздымкаў або мэдыяфайлаў без суправаджальнага тэксту. Калі вы жадаеце дадаць свой фатаздымак або малюнак, стварыце артыкул, які створыць энцыкляпэдычны кантэкст вакол вашай выявы, або вы можаце загрузіць яе ў Вікісховішча, адкуль яе змогуць выкарыстаць рэдактары ўсіх разьдзелаў.

Вікіпэдыя — не дармовы хостынг або ўэб-правайдэр, ня блог, не сацыяльная сетка і не мэмарыял

рэдагаваць

Вікіпэдыя не зьяўляецца сацыяльнай сеткай, вы таксама ня можаце разьмяшчаць тут свой сайт, блог, вікі або сховішча зьвестак. Ня варта разглядаць Вікіпэдыю ў якасьці месца для:

  1. Асабістых старонак. Удзельнікі Вікіпэдыі маюць свае асабістыя старонкі, але яны могуць выкарыстоўвацца толькі для разьмяшчэньня інфармацыі, зьвязанай з працай у Вікіпэдыі. Калі вы шукаеце месца для сваёй ўэб-старонкі альбо блогу, зьвярніцеся да паслуг шматлікіх сайтаў, дзе гэта можна зрабіць задарма. Асноўнай мэтай асабістых старонак Вікіпэдыі зьяўляецца не камунікацыя зь іншымі ўдзельнікамі, а сродак для больш эфэктыўнай супрацы ў паляпшэньні Вікіпэдыі.
  2. Асабістых файлаў. Калі ласка, загружайце ў Вікіпэдыю толькі тыя файлы, які выкарыстоўваюцца (ці будуць выкарыстоўвацца) на старонках энцыкляпэдыі; усё астатняе будзе выдаленае. Калі вы маеце дадатковыя матэрыялы, загружаце іх у Вікісховішча, адкуль яны могуць быць выкарыстаныя ў Вікіпэдыі.
  3. Знаёмстваў. Вікіпэдыя не зьяўляецца сайтам знаёмстваў або сацыяльнай сеткай. Вядома ж, няма нічога заганнага, каб заводзіць сяброўства на грунце агульных ідэяў паляпшэньня Вікіпэдыі.
  4. Мэмарыялу. Вікіпэдыя — ня месца для шанаваньня памерлых сяброў і блізкіх. Кожная асоба, якая апісваецца ў артыкуле Вікіпэдыі, мусіць мець вядомасьць, а ня проста пакінуць па сабе добрую памяць.

Вікіпэдыя — не каталёг

рэдагаваць

Вікіпэдыя — гэта не каталёг усяго, што існуе ці існавала ў сьвеце. Артыкулы Вікіпэдыі не павінныя ўяўляць зь сябе:

  1. Сьпісы або сховішчы слаба ўзаемазьвязаных зьвестак, такіх як цытаты, афарызмы або сьпісы асобаў. Калі вы жадаеце ствараць сьпісы цытат, зьмяшчайце іх у праект Вікіцытатнік. Вядома ж, няма нічога кепскага ў сьпісах, зьмест якіх істотна зьвязаны з тэмай артыкула або значна дапаўняе яе. Вікіпэдыя таксама ўтрымлівае таблічныя зьвесткі, якія можна выкарыстоўваць для спрашчэньня пошуку інфармацыі.
  2. Генэалягічныя дрэвы або тэлефонныя даведнікі. Біяграфічныя артыкулы дапушчальныя толькі пра асобаў, якія дастаткова знакамітыя або вядомыя сваімі дасягненьнямі. Адным з крытэраў вядомасьці асобы зьяўляюцца згадкі пра яе ў вонкавых крыніцах (сеціўных або друкаваных). Менш вядомыя асобы могуць быць згаданыя ў артыкулах пра рэчы, да якіх яны маюць дачыненьне.
  3. Каталёгі, даведнікі, дапаможнікі, «жоўтыя старонкі». Напрыклад, артыкулы пра радыёстанцыі не павінныя зьмяшчаць анонсы будучых перадач, кадравыя зьмены або нумары тэлефонаў. Пры гэтым значныя зьмены і падзеі могуць быць апісаныя. Старонкі абмеркаваньняў артыкулаў прызначаныя для абмеркаваньня саміх артыкулаў, а не вядзеньня бізнэсу, зь імі зьвязанага.
  4. Каталёг тавараў. Артыкулы не павінны ўключаць у сябе зьвесткі пра кошты тавараў або даступнасьць іх у продажы, акрамя выпадкаў, калі ёсьць надзейныя крыніцы і прычына для такой згадкі. Вікіпэдыя — гэта ня месца, дзе параўноўваецца кошт тавараў або даступнасьць тавараў у розных вытворцаў.

Вікіпэдыя — не бязладны сьметнік інфармацыі

рэдагаваць

Вікіпэдыя — не бязладная калекцыя інфармацыйных зьвестак. Нават калі дакладна вядома праўдзівасьць нейкай інфармацыі, што пацьверджана надзейнымі крыніцамі, гэта не зьяўляецца нагодай, каб дадаць гэтыя зьвесткі ў Вікіпэдыю. Каб мець энцыкляпэдычную каштоўнасьць, інфармацыя павінна мець кантэкст з тлумачэньнямі, якія спасылаюцца на аўтарытэтныя крыніцы. Пры гэтым артыкулы Вікіпэдыя не павінныя ўяўляць зь сябе:

  1. Сьпісы частых пытаньняў з адказамі на іх. Замест гэтага зрабіце, каб артыкул меў выгляд апавядальнага тэксту на адпаведную тэму.
  2. Даведнік для вандроўнікаў. У артыкуле пра Парыж варта зьмясьціць інфармацыю пра Эйфэлеву вежу або Люўр, але не кантактныя зьвесткі гатэляў ці кошт гарбаты ў кавярнях. Падобныя зьвесткі вітаюцца ў праекце Віківандроўка.
  3. Зборнік тэкстаў песень. Артыкулы пра песьні могуць утрымліваць зьвесткі пра аўтарства, дату публікацыі, уплыў на грамадзтва і г. д. Некаторыя часткі тэксту могуць быць праілюстраваныя невялікімі цытатамі песьні, каб падкрэсьліць пэўныя моманты з артыкула. Поўныя ж тэксты могуць быць разьмешчаныя ў Вікікрыніцах, але трэба ўлічваць, што пераважная большасьць тэкстаў, напісаных пасьля 1922 году, ахоўваецца аўтарскімі правамі і іх цытаваньне мусіць быць зьведзенае да мінімуму. Не разьмяшчайце спасылкі на сайты з тэкстамі песень, якія ахоўваюцца аўтарскімі правамі, калі вы ня ўпэўненыя, што яны маюць права на распаўсюд гэтых твораў.
  4. Пераказ сюжэтаў твораў. Артыкулы пра мастацкія творы, кампутарныя гульні, выдуманыя сусьветы і падобнае не павінныя складацца выключна зь пераказу сюжэту. Яны павінныя зьмяшчаць аналіз твораў, яго асаблівасьцяў і гістарычнага значэньня.
  5. Даведнікі, рэцэпты, інструкцыі. Хаця Вікіпэдыя і ўключае ў сабе апісаньні асобаў, месцаў, прадметаў, артыкулы не павінныя выглядаць як інструкцыі, юрыдычныя або мэдычныя кансультацыі, пакрокавыя інструкцыі, як нешта зрабіць, або як прайсьці нейкую гульню.
  6. Журналы абнаўленьняў кампутарных праграмаў. Усе артыкулы пра кампутарныя праграмы павінныя зьмяшчаць спасылкі на другасныя крыніцы (а ня прэс-рэлізы або іншыя першасныя крыніцы), датычныя выхаду чарговых вэрсіяў праграмаў.

Вікіпэдыя — ня кававая гушча

рэдагаваць

Вікіпэдыя — не калекцыя прадказаньняў і здагадак. Усе артыкулы, якія апярэджваюць будучыя падзеі, мусяць мець магчымасьць праверкі, а прадмет артыкула мусіць мець нашмат большую значнасьць, чым тая, якая можа абгрунтаваць стварэньне артыкула пра ўжо мінулую падзею. А менавіта:

  1. Пэўныя чаканыя ў будучыні або магчымыя падзеі могуць заслугоўваць апісаньня, але толькі тады, калі пра падзею штосьці вядома і яна неадменна або зь вялікай імавернасьцю адбудзецца. Калі падрыхтоўка да гэтай падзеі яшчэ не пачалася, здагадка пра яе мае быць досыць абгрунтаванай. Прыкладамі такіх падзеяў могуць быць наступныя летнія або зімовыя Алімпійскія гульні. Між тым Алімпійскія гульні больш позьняга часу не зьяўляюцца дапушчальнай тэмай для артыкула, бо пра гэтую падзею немагчыма сказаць нічога, што можна было б праверыць і што не было б арыгінальным дасьледаваньнем. Пералік чаканых у будучыні падзеяў таксама можа быць дапушчальным;
  2. Дакладна гэтак жа асобныя элемэнты зь пераліку чаканых або вядомых праз сыстэму найменьня будучых падзеяў або адкрыцьцяў не зьяўляюцца дапушчальнымі тэмамі для артыкулаў, калі пра іх невядома нічога, апроч агульнай інфармацыі. Напрыклад, «Пералік імёнаў трапічных цыклёнаў» энцыкляпэдычны, але пра трапічны ўраган з пэўным імём празь некалькі гадоў — не, хоць, у прынцыпе, вядома, што ўраган з такім імем зьявіцца ў пэўным рэгіёне і будзе круціцца супраць гадзіньнікавай стрэлкі. Таксама неэнцыкляпэдычнымі зьяўляюцца артыкулы пра словы, утвораныя паводле стандартнай сыстэмы называньня лікаў (напрыклад, «мэгагігатэрабайт»), калі толькі яны не вызначаюцца ў аўтарытэтнай крыніцы або не знаходзяцца ў шырокім ужытку. А вось пэўныя навуковыя прадбачаньні, напрыклад, хімічныя элемэнты, дакумэнтаваныя IUPAC, але яшчэ не вылучаныя ў лябараторных умовах, лічацца энцыкляпэдычнымі;
  3. Артыкулы, якія зьмяшчаюць прадказаньні, здагадкі і «гісторыю будучыні» зьяўляюцца арыгінальнымі дасьледаваньнямі, і таму недапушчальныя. Хоць, вядома, існуюць і могуць стварацца артыкулы пра вядомыя творчыя працы, эсэ або навуковыя дасьледаваньні, якія зьмяшчаюць здагадкі і прадказаньні. Таму артыкулы Зорныя войны або Канцэпцыі сучаснай футуралёгіі цалкам дапушчальныя, а Зброя чацьвертай сусьветнай вайны — не.

Калі вы жадаеце абмеркаваць «гісторыю будучыні» ў вікі, наведайце Wikicities Future.

Дапушчальна апісваць дыскусію і аргумэнтацыю з нагоды пэрспэктываў разьвіцьця і посьпеху яшчэ не завершаных праектаў і распрацовак, калі на такую дыскусію спасылаюцца ў аўтарытэтных крыніцах. Аднак рэдактар ня можа дапаўняць матэрыял уласным аналізам або камэнтарамі, бо гэта будзе ўжо арыгінальным дасьледаваньнем, якія забараняюцца ў Вікіпэдыі. Для артыкулаў, якія апісваюць яшчэ не выпушчаныя прадукты (фільмы, гульні і інш.), трэба пераканацца, што яны не зьяўляюцца рэклямай.

У Вікіпэдыі няма цэнзуры

рэдагаваць

Скарачэньні:
ВП:ЦЭНЗУРА
ВП:БЕЗЦЭНЗУРЫ
ВП:НЕЦЭНЗУРА

У Вікіпэдыі можа быць зьмешчаная інфармацыя, непрыўкрасная або абразьлівая для асобных чытачоў — і нават вельмі непрыемная. Немагчыма задаволіць густы ўсіх карыстальнікаў, спрабуючы прыстасаваць тэкставы і графічны энцыкляпэдычны зьмест пад іхнія погляды альбо агульныя сацыяльныя ці рэлігійныя нормы.

Зьмест будзе выдалены, калі вырашыцца, што ён парушае правілы Вікіпэдыі (асабліва што да біяграфіяў жывых людзей і нэўтральнага пункту гледжаньня) альбо права Злучаных Штатаў Амэрыкі (дзе разьмешчаная Вікіпэдыя). Аднак паміж выяўленьнем такога зьместу і ягоным выдаленьнем можа прайсьці пэўны час, бо непрымальны матэрыял адлюстроўваецца ў Вікіпэдыі імгненна.

У артыкулах могуць сустракацца выявы, тэксты ці спасылкі, якія адпавядаюць тэме, аднак для некаторых чытачоў падаюцца спрэчнымі. Абмеркаваньне спрэчнага зьместу мусіць засяроджвацца не на ягонай патэнцыйнай абразьлівасьці, а на прымальнасьці гэтай выявы, тэксту або спасылкі. Апроч таго, «спрэчнасьць» зьместу — у цэлым не дастатковая прычына для ягонага выдаленьня.

Правілы альбо традыцыі пэўных арганізацыяў могуць патрабаваць сакрэтнасьці ў дачыненьні да нейкіх сфэраў іхняй дзейнасьці. Для Вікіпэдыі гэтыя абмежаваньні ня маюць значэньня, бо Вікіпэдыя не ўваходзіць у гэтыя арганізацыі; таму, калі падобная энцыкляпэдычная інфармацыя зьмяшчаецца ў артыкуле, падставаў яе выдаляць не існуе.

Супольнасьць

рэдагаваць

Вікіпэдыя — ня поле бітвы

рэдагаваць

Кожны ўдзельнік мусіць паводзіць сябе ветліва, спакойна і ў духу супрацы пры кантактах зь іншымі ўдзельнікамі. Не абражайце, не чыніце нападак, не пужайце тых, з кім вы ня згодныя. Лепш падыдзіце да нязгоды разважліва і растлумачыце яе ў спакойнай і ветлівай дыскусіі. Калі іншы ўдзельнік паводзіць сябе няветліва, агрэсіўна, не жадае супрацоўнічаць, абражае, запалохвае, — гэта не дае вам права паводзіць сябе такім жа чынам у дачыненьні да яго. Або карэктна адкажыце толькі на прыведзеныя апанэнтам довады, праігнараваўшы недарэчныя выбрыкі, або ігнаруйце недапушчальную рэпліку цалкам.

Калі канфлікт працягваецца, зьвярніцеся да рэкамэндацыяў разьвязаньня канфліктаў.

Апроч таго, не стварайце і не зьмяняйце артыкулаў толькі для таго, каб прадэманстраваць няпраўду апанэнта. Не выкарыстоўвайце Вікіпэдыю, каб стварыць юрыдычную або іншую пагрозы для яе, яе ўдзельнікаў або Фундацыі Вікімэдыя. Існуюць іншыя сродкі паведаміць пра юрыдычныя праблемы[a]. Пагрозы зьяўляюцца недапушчальнымі і могуць прывесьці да блякаваньня вашага доступу да рэдагаваньня старонак Вікіпэдыі.

Вікіпэдыя — не экспэрымэнт у сфэры анархіі

рэдагаваць

Вікіпэдыя вольная і адкрытая, але абмяжоўвае гэтую волю і адкрытасьць, калі яны пачынаюць супярэчыць галоўнай мэце — стварэньню энцыкляпэдыі. Адпаведна, Вікіпэдыя ня тое месца, дзе кожны можа казаць, што ўздумаецца. Той факт, што Вікіпэдыя зьяўляецца адкрытым, самакіравальным праектам, не азначае, што ён мае на мэце вывучэньне жыцьцяздольнасьці анархічных суполак. Наша прызначэньне — стварэньне энцыкляпэдыі, а не вызначэньне дапушчальных межаў анархізму.

Вікіпэдыя — не экспэрымэнт у сфэры дэмакратыі

рэдагаваць

Вікіпэдыя не экспэрымэнт у сфэры дэмакратыі або якойсьці іншай формы палітычнай арганізацыі грамадзтва. Асноўным спосабам дасягненьня кансэнсусу зьяўляецца абмеркаваньне, а не галасаваньне і не самаўпраўнасьць асобна ўзятых адміністратараў. У складаных выпадках дзеля дапамогі ў дасягненьні кансэнсусу могуць праводзіцца выбарачныя апытаньні. Падобныя апытаньні варта праводзіць з асьцярожнасьцю і не лічыць іх вынікі разьвязаньнем праблемы. Каб паэкспэрымэнтаваць з дэмакратыяй, наведайце праект Вікідэмакратыя (на ангельскай мове).

Вікіпэдыя — не экспэрымэнт у законатворчасьці

рэдагаваць

Вікіпэдыя — ня школа адвакатаў, яе правілы не самамэта, а сродак палегчыць жыцьцё, таму бюракратычныя працэдуры варта, калі магчыма, пазьбягаць. Фармальнае парушэньне працэдуры (напрыклад, у прапанове чагосьці або ў вылучэньні кандыдатуры) не падстава для таго, каб адпрэчыць прапанову. Ідзіце за духам, а не за літарай правілаў і рэкамэндацыяў. Усе нязгоды трэба разьвязваць абмеркаваньнем, а не бюракратычна дакладным выкананьнем правілаў і працэдур.

Калі незразумела, што рабіць

рэдагаваць

Калі вы сумняваецеся, мае ці ня мае быць штосьці ў артыкуле, спытайце сябе, што чакае ўбачыць чытач пад такім назовам у энцыкляпэдыі. Архівы Вікіпэдыя:Кандыдатуры на выдаленьне не зьяўляюцца часткай афіцыйных правілаў і рэкамэндацыяў, але іх можна выкарыстоўваць як крыніцу інфармацыі пра тое, што прызналі або не прызналі энцыкляпэдычным у мінулым.

Калі вы маеце здагадку, што прыведзеныя вышэй правілы парушаюцца, разгледзьце наступныя магчымасьці:

  • Зьмяніць зьмест артыкула (звычайнае рэдагаваньне);
  • Замяніць зьмест старонкі на перасылку, з захаваньнем гісторыі;
  • Прапанаваць старонку на выдаленьне, калі, паводле правілаў выдаленьня артыкулаў, для гэтага ёсьць падставы. Дзеля выпрацаваньня разуменьня таго, які ўнёсак рызыкуе быць выдаленым, рэгулярна сачыце за тамтэйшымі абмеркаваньнямі;
  • Зьмяняць правілы на гэтай старонцы можна толькі на аснове кансэнсусу, выпрацаванага ў выніку абмеркаваньня зь іншымі ўдзельнікамі на старонцы абмеркаваньня. Пры даданьні новых пунктаў, калі ласка, фармулюйце іх настолькі ясна, наколькі гэта магчыма, і прыводзіце контрпрыклады зьместу, падобнага да апісанага, але ўсё ж дапушчальнага.

Чым не зьяўляецца вашая старонка ўдзельніка

рэдагаваць

Многія з правілаў, пералічаных тут, аднолькава датычацца і вашай старонкі ўдзельніка. Ваша старонка ўдзельніка — не пэрсанальны сайт і не асабісты блог. Увогуле, ваша старонка ўдзельніка — не ваша. Яна частка Вікіпэдыі і існуе дзеля супрацы зь іншымі ўдзельнікамі Вікіпэдыі, а не дзеля самарэклямы. Падрабязьней гл. у артыкуле пра старонкі ўдзельнікаў.

  1. ^ Калі вы лічыце, што вашыя юрыдычныя правы парушаюцца, можаце абмеркаваць гэта з іншымі ўдзельнікамі, якія маюць дачыненьне да праблемы, зьвярнуцца ў пералік рассылкі, зьвязацца з Фундацыяй Вікімэдыя, або, у выпадку парушэньня аўтарскіх правоў, апавясьціць нас у en:WP:Request for immediate removal of copyright violation (анг.)