Грама́дзкі набы́так (па-ангельску: Public Domain; таксама часам «грамадзкая ўласнасьць») — сукупнасьць творчых працаў, аўтарскія правы на якія скончыліся або ніколі не існавалі. Таксама «грамадзкім набыткам» часам называюць вынаходніцтвы, тэрмін патэнту на які выйшаў. Распаўсюджваць і выкарыстоўваць грамадзкі набытак могуць усе без вынятку.

Творы, якія перайшлі ў грамадзкі набытак, могуць вольна выкарыстоўвацца любой асобай бяз выплаты аўтарскай узнагароды. Пры гэтым мусіць выконвацца права аўтарства, права на імя і права на ахову рэпутацыі аўтара (уласныя немаёмасныя правы аўтара).

Тэрміны і парадак пераходу твору ў грамадзкі набытак у адрозьніваюцца розных краінах. На твор, які зьяўляецца грамадзкім набыткам у Беларусі, можа дзейнічаць аўтарскае права ў ЗША, і наадварот. У большасьці эўрапейскіх праінаў пераход у грамадзкі набытак прадугледжаны пасьля заканчэньня тэрміну ў 70 гадоў пасьля сьмерці аўтара або праз 70 гадоў пасьля публікацыі твору.

Імплемэнтацыя ў розных краінах

рэдагаваць

Беларусь

рэдагаваць

Паводле беларускага заканадаўства грамадзкі набытак — любы аб’ект аўтарскага права ці сумежных правоў, маёмасныя правы на які скончыліся або ўвогуле не існавалі (паводле артыкула 4 Закону Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах[1]).

Крытэры пераходу твораў у грамадзкі набытак вызначаюцца артыкулам 23 Закону Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве і сумежных правах. Артыкул 8 Закону вызначае творы, якія не зьяўляюцца аб’ектамі аўтарскага права, а таму, адпаведна, знаходзяцца ў грамадзкім набытку.[1] Такім чынам, паводле беларускага заканадаўства творы пераходзяць у грамадзкі набытак, калі скончваецца тэрмін аховы маёмасных правоў на аб’екты аўтарскага права або сумежных правоў. Таксама грамадзкім набыткам паводле беларускага заканадаўства лічыцца тыя аб’екты аўтарскага права або сумежных правоў, якім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ніколі не прадастаўлялася ахова. Аб’екты аўтарскага права і сумежных правоў, якія перайшлі ў грамадзкі набытак, могуць вольна выкарыстоўвацца любой фізычнай або юрыдычнай асобай бяз выплаты ўзнагароды пры захаваньні асабістых немаёмасных правоў. Пры гэтым Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь можа вызначаць выпадкі і парадак выплаты адлічэньняў за выкарыстаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў, якія перайшлі ў грамадзкі набытак.

Асобная група твораў, створаных у Беларусі, таксама знаходзіцца ў грамадзкім набытку. Гэта афіцыйныя дакумэнты (законы, судовыя пастановы, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады; дзяржаўныя сымбалі і знакі (сьцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі); творы народнага мастацтва, аўтары якіх невядомыя.

Паводле закону аб аўтарскім праве, які дзейнічае ў ЗША, любыя творы, апублікаваныя да 1 студзеня 1927 году на тэрыторыі Злучаных Штатаў, зьяўляюцца грамадзкім набыткам. Калі твор быў апублікаваны ў 1927 годзе або пазьней, ён можа ахоўвацца законам аб аўтарскіх правах.

Да 1 студзеня 2022 года, падобнае дзейнічала з датай 1 студзеня 1923 году,якая не магла быць зьмененая ў заканадаўстве да 2019 году[Крыніца?].

Твор, які быў створаны ў ЗША, пераходзіць у грамадзкую ўласнасьць пры выкананьні любога з наступных умоваў:

  1. калі ён быў створаны больш за 95 гадоў таму або ягоны аўтар памёр 70 гадоў таму;
  2. калі ён быў створаны да 1 студзеня 1923 году. З 2019 году гэтая ўмова перастае дзейнічаць.

Лічбавыя копіі і фатакопіі аб’ектаў, якія знаходзяцца ў грамадзкім набытку

рэдагаваць

Паводле законаў Злучаных Штатаў Амэрыкі рэпрадукцыі двухмерных аб’ектаў мастацтва (карцінаў, фатаздымкаў, кніжных ілюстрацыяў) не зьяўляюцца аб’ектам аўтарскага права за выключэньнем тых выпадкаў, калі пры стварэньні рэпрадукцыі быў унесены арыгінальны творчы ўнёсак (напрыклад, эфэкты рэтушы). Да прыкладу, калі вы з прамога ракурсу сфатаграфуеце Джаконду, ваш фатаздымак ня створыць новы аб’ект аўтарскага права і яго можна будзе выкарыстоўваць як грамадзкі набытак. Тое самае тычыцца адсканаваных выяваў — яны спадкуюць аўтарскія правы арыгіналу. Такім чынам, калі арыгінал знаходзіцца ў грамадзкім набытку, то адсканаваная або сфатаграфаваная копія таксама зьяўляецца грамадзкім набыткам.

Рэпрадукцыі абароненых аўтарскім правам двухмерных працаў таксама не зьяўляюцца самастойнымі працамі. Адсканаваная выява вокладкі кнігі або DVD гэтаксама зьяўляецца абароненым аўтарскім правам, як і арыгінал.

Творы, выкананыя Фэдэральным урадам ЗША

рэдагаваць
 
Гэтае фота Lockheed F-117 Nighthawk было зроблена вайскоўцам на службе ў ВПС ЗША, таму паводле заканадаўства ЗША яно зьяўляецца грамадзкім набыткам.

Творы, створаныя Фэдэральным урадам ЗША і яго структурамі, у тым ліку творы, створаныя службоўцамі ў часе нясеньня службовых абавязкаў, паводле аўтарскага права ЗША не зьяўляюцца аб’ектамі аўтарскага права, таму аўтаматычна лічацца грамадзкім набыткам.[2]

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б «Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах(недаступная спасылка)» Рэспублікі Беларусь, 16 траўня 1996 г. № 370-XІІІ  (рас.)
  2. ^ Copyright Basics. — United States Copyright Office. — С. 5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць