Вікіпэдыя:Заява Джымі Ўэйлза пра асновы Вікіпэдыі
Заява пра асновы Вікіпэдыі ад яе заснавальніка Джымі Ўэйлза, першапачаткова разьмешчаная на яго старонцы ўдзельніка ў Ангельскай Вікіпэдыі 27 кастрычніка 2001 году.
Уводзіны
рэдагавацьЗ прычыны разьвіцьця кампутарных тэхналёгіяў і сацыяльных зьменаў, думаю, вельмі важна, каб я дакладна і рашуча выказаў свае погляды на адкрытасьць і ліцэнзіі. Гэтая старонка, як кожная старонка Вікіпэдыі, ёсьць жывы, зьмяняльны дакумэнт, які я буду абнаўляць і ўдакладняць пры ўзьнікненьні пэўных пытаньняў.
Мушу адзначыць, гэта мае асновы, я — апошні ім судзьдзя. Гэта ня значыць, што я ня буду слухаць вас, але значыць, што на пэўным канцавым, фундамэнтальным узроўні, гэта — тое, на чым будуецца Вікіпэдыя.
(Ніжэй вы ўбачыце, гэта ня страшна)
Асновы
рэдагаваць- Посьпех Вікіпэдыі на сёньняшні дзень агулам залежыць ад нашай адкрытай супольнасьці. Гэтая супольнасьць будзе жыць, дыхаць і расьці, толькі пры ўмове, што яе ўдзельнікі і далей будуць рабіць усё слушна. Рабленьне ўсяго слушна можа мець розныя формы, але, мабыць, галоўным зьяўляецца зьберажэньне нашага агульнага погляду з захаваньнем нэўтральнага пункту гледжаньня і культуры ўдумлівай, дыпляматычнай ветлівасьці;
- Новыя ўдзельнікі заўсёды толькі вітаюцца. Ня мае быць інтрыг, ня мае быць эліты, ня мае быць герархіі ці структуры, якая б замінала адкрытасьці нашай супольнасьці для новых удзельнікаў. Усякія захады бясьпекі мусяць ужывацца для абароны супольнасьці ад сапраўдных вандалаў (такія вандалы на праўдзе ёсьць і ўжо шкодзяць нам) на ўзор «жорсткага разгляду». «Жорсткі разгляд» азначае, што кожны захад, ужыты дзеля бясьпекі, мусіць абараняць пэўную відавочную карысьць супольнасьці і ажыцьцяўляцца ў вузкім кірунку на дасягненьне гэтай мэты і ніякай іншай. Напрыклад, замест даручэньня пэўным людзям слушнага вызначэньня сталых удзельнікаў, мы мусім карыстацца простым, ясным і адкрытым альгарытмам, каб сталыя ўдзельнікі аўтаматычна атрымлівалі пэўныя прывілеі, праз пэўны час удзелу, няхай і не вялікі. Гэты працэс мусіць быць незаўважаным для новых удзельнікаў, ня маем вымагаць ад іх нейкіх адмысловых дзеяньняў, каб рабіць свой унёсак у супольнасьць;
- «Ты можаш рэдагаваць гэтую старонку зараз» — галоўная праверка ўсяго, што мы робім. Мусім лічыць гэтую аснову сьвятыняй;
- Усякія зьмяненьні праграмнага забесьпячэньня маюць быць паступовымі і зваротнымі. Мусім упэўніцца, што ўсякія зьмяненьні станоўча ўспрымаюцца супольнасьцю, як гэта вызначаецца Фундацыяй Вікімэдыя, з абавязковым дасягненьнем супольнасьцю кансэнсусу;
- Адкрытая і вірусная прырода GNU Free Documentation License і Creative Commons Attribution/Share-Alike License — аснова доўгатэрміновага посьпеху сайту. Дзеяньні кожнага, хто хоча карыстацца зьместам нашага сайту закрыта, уласьніцкі, маюць быць абскарджанымі. Мы мусім жорстка трымацца літары і духу ліцэнзіяў;
- Вікіпэдыя — энцыкляпэдыя. Тэматыка артыкулаў Вікіпэдыі заўсёды мусіць глядзець вонкі, не ўсярэдзіну Вікіпэдыі;
- Да людзей з скаргамі варта ставіцца вельмі паважліва і годна. Варта заахвочваць іх выказваць свае праблемы заўсёды ў канструктыўным рэчышчы. Кожны, хто проста скардзіцца, без абгрунтаваньня, адмаўляецца ад абмеркаваньня, мае быць адкінутым і ігнараваным. Кансэнсус ёсьць згодай зацікаўленых бакоў, якія працуюць у канструктыўным рэчышчы на дасягненьне агульнай мэты. Мы ня мусім бесьперапыннам змазваць «рыпучае кола», каб толькі не рыпела;
- Дыпляматыя складаецца з сумленнасьці і ветлівасьці. Абедзьве якасьці ёсьць аб’ектыўна каштоўнымі маральнымі асновамі. Будзьце сумленнымі з мною і зычлівымі. Не перакручвайце маіх поглядаў уласнай палітычнай заўзятасьцю, і я буду ставіцца да вас такім жа чынам.
Паводле копіі старонкі на вікінастальгіі, якая зьмяшчае арыгінальную вэрсію гэтай Заявы пра асновы, створанай а 01:34, 27 кастрычніка 2001 году.