Вікіпэдыя:Значнасьць

(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:ЗНАЧ»)
Скарачэньні:
ВП:ЗН
ВП:ЗНАЧ

Вікіпэдыя — гэта энцыкляпэдыя, а не каталёг спасылак або трыбуна. З гэтай прычыны ў Вікіпэдыі існуюць адмысловыя крытэры значнасьці, якія вызначаюць вартасьць зьмяшчэньня інфармацыі пра той або іншы аб’ект у энцыкляпэдыі. Значнасьць не вызначаецца вядомасьцю або папулярнасьцю аб’екту. Тым ня менш, у пэўны момант гэты аспэкт можа падмацаваць значнасьць у час узьнікненьня нейкіх сумневаў.

У Вікіпэдыі тэма або прадмет артыкула лічацца меркавана значнымі, гэта значыць годнымі асобнага артыкула, калі яны адпавядаюць прыведзенаму ніжэй агульнаму крытэру значнасьці або аднаму з прыватных крытэрыяў значнасьці.

Гэтае правіла не ўплывае беспасярэдне на зьмест артыкулаў, яно дазваляе толькі вызначыць, ці варта ствараць артыкул на пэўную тэму. Але існуюць і правілы, якія рэгулююць зьмест артыкулаў: Нэўтральны пункт гледжаньня, Магчымасьць праверкі, Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў, Чым не зьяўляецца Вікіпэдыя і іншыя.

Агульны крытэр значнасьці

рэдагаваць

Прадмет або тэма хутчэй за ўсё зьяўляюцца значнымі, калі яны заўважна асьвятляюцца ў незалежных ад суб’екту надзейных крыніцах.

  • Хутчэй за ўсё азначае, што значнае асьвятленьне ў надзейных крыніцах дае падставы, аднак не гарантуе вартасьці асобнага артыкулу на тэму. Магчыма, спатрэбіцца глыбейшае абмеркаваньне, ці не падпадае тэма артыкулу пад сьпіс таго, чым не зьяўляецца Вікіпэдыя.
  • Заўважнае асьвятленьне мае прадухіліць арыгінальнае дасьледаваньне ў артыкулах. Асьвятленьне ў крыніцах ня мусіць быць трывіяльным згадваньнем, але і не патрабуецца прысутнасьць тэмы ў якасьці асноўнай.
  • Незалежныя ад суб’екту адкідае творы, напісаныя суб’ектам тэмы або кімсьці зь ім зьвязаным. Напрыклад, рэкляма, прэс-рэлізы, аўтабіяграфія, ўэб-сайт аўтара ня лічацца незалежнымі.
  • Надзейныя крыніцы маюць на ўвазе патрэбу правяральнасьці ацэнкі іхнай значнасьці. Крыніцы могуць ахопліваць апублікаваныя ўва ўсякай форме і ўсякай мовай творы. Наяўнасьць другасных крыніцаў на тэму — добрая праверка значнасьці.
  • Крыніцы мусяць быць другаснымі, бо яны найбольш аб´ектыўна сьведчаць пра значнасьць. Колькасьць патрэбных крыніцаў не акрэсьліваецца, бо яны могуць мець розную якасьць і глыбіню раскрыцьця, аднак пажадана наяўнасьць прынамсі некалькіх крыніцаў. Розныя публікацыі аднаго аўтара пры вызначэньні значнасьці звычайна лічацца адной крыніцай.

Тэма або прадмет, якія супольнасьць паводле кансэнсусу прызнала адпаведнымі гэтаму крытэру, як правіла, зьяўляюцца значнымі; ім можна прысьвяціць асобны артыкул энцыкляпэдыі. Калі тэма не адпавядае агульнаму крытэру значнасьці, аднак усё ж мае асобныя правяральныя факты, то яе можна асьвятліць у межах існага артыкула на больш агульную тэматыку.

Значнасьць патрабуе аб’ектыўных довадаў

рэдагаваць

Пры разьвязаньні пытаньня пра значнасьць артыкула галоўным зьяўляецца патрабаваньне паказаць аб’ектыўныя довады адпаведнасьці крытэрам значнасьці. Заўважнае асьвятленьне ў надзейных крыніцах, прызнаньне ў прафэсійным асяродзьдзі, іншыя фактары, пералічаныя ў крытэрах значнасьці для пэўных тэмаў, зьяўляюцца такім довадам.

Варта помніць, што адсутнасьць у бягучы момант у артыкуле спасылак на надзейныя другасныя крыніцы яшчэ не азначае, што тэма артыкула ня мае значнасьці.

Скарачэньне:
ВП:НЕНАВІНЫ

Вікіпэдыя — ня месца для навінавых рэпартажаў. Каб асьвятляць бягучыя падзеі існуе праект Вікінавіны. Для абгрунтаваньня значнасьці патрабуецца большае, чым кароткі воплеск цікавасьці мас-мэдыя да падзеі або зьявы грамадзкага жыцьця. Адпаведна, у тых выпадках, калі зьяўленьне надзейных крыніцаў на тую або іншую тэму мае эпізадычны або спарадычны характар, трэба або прадэманстраваць падрабязны разгляд прадмета артыкула ў высакаякасных аналітычных матэрыялах (гэта значыць створаных кампэтэнтнымі экспэртамі ў адпаведнай галіне або з прыцягненьнем такіх эспэртаў), або паказаць неаднаразовае згадваньне ў якасьці тыповага прыкладу прадмета артыкула ў надзейных крыніцах па-за межамі кароткачасовага воплеска цікавасьці да яго.

Артыкулы, якія не адпавядаюць крытэрам значнасьці

рэдагаваць

Хоць ува ўсіх артыкулах мусіць паказвацца значнасьць іх тэмаў, а артыкулы на тэмы, якія не адпавядаюць крытэрам значнасьці, звычайна выдаляюцца, важна ўлічваць ня толькі бягучы стан артыкула, але і патэнцыял яго разьвіцьця. Калі абмяркоўваецца выдаленьне або аб’яднаньне артыкулаў з прычыны іх нязначнасьці, абмяркоўваць трэба ня толькі пытаньне, ці паказваецца значнасьць тэмы ў артыкуле, але і пытаньне верагоднасьці таго, што значнасьць у прынцыпе можна паказаць. Калі знаходжаньне незалежных крыніцаў выглядае магчымым, выдаляць артыкул з прычыны нязначнасьці ня варта да таго часу, пакуль ня спраўдзіцца, што актыўныя высілкі з пошуку гэтых крыніцаў ня далі ніякага плёну.

Калі не атрымалася знайсьці крыніцаў дзеля падмацаваньня значнасьці адпаведнага артыкула, разглядзіце магчымасьць даданьня яго зьместу ў артыкул з больш агульнай тэматыкай (у тым ліку, праз працэдуру аб’яднаньня артыкулаў)[a], інакш артыкул давядзецца выдаліць. Існуе шмат прыкладаў, калі прапановы пра выдаленьне артыкула адхілялі як неадэкватныя. Перш чым выдаляць артыкул, варта старанна правяраць, ці нельга знайсьці крыніцы, якія пацьвярджаюць яго значнасьць.

  • Калі артыкул адпавядае аднаму з крытэраў хуткага выдаленьня, варта пазначыць яго адпаведным шаблёнам.
  • Інакш трэба вынесьці артыкул на абмеркаваньне выдаленьня, гэтая працэдура апісваецца ў Вікіпэдыя:Як выдаляць артыкулы.

Значнасьць не губляецца з часам

рэдагаваць
Скарачэньне:
ВП:НЕГУБЛЯЕЦЦА

У Вікіпэдыю можна дадаваць артыкулы пра тэмы, якія зьяўляюцца значнымі ў бягучы момант або былі значнымі ў мінулым. Калі тэма артыкула адпавядае агульнаму крытэру значнасьці, няма патрэбы паказваць бесьперапыннасьць і актуальнасьць цікавасьці да гэтай тэмы. Тэмы, значнасьць якіх пакуль не зьяўляецца відавочнай, з часам, па зьяўленьні новых крыніцаў на адпаведную тэму, могуць прызнаць значнымі. Тым ня менш, аргумэнтацыя значнасьці артыкулаў ня мусіць засноўвацца на заяве, што тэма можа атрымаць дадатковае асьвятленьне ў будучыні.

Значнасьць датычыцца тэмаў артыкулаў, а ня іх зьместу

рэдагаваць
Гл. таксама: Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня

Правілы і рэкамэндацыі пра значнасьць дазваляюць пастанавіць, ці зьяўляецца тэма дастаткова значнай, каб прысьвяціць ёй асобны артыкул. Яны ў пераважнай большасьці выпадкаў беспасярэдне не датычацца зьместу артыкулаў. Магчымасьць улучэньня асобных частак і фактаў у артыкул рэгулюецца іншымі правіламі і рэкамэндацыямі, а менавіта: магчымасьць праверкі, выкарыстаньне надзейных крыніцаў, чым не зьяўляецца Вікіпэдыя і іншыя.

У той жа час трэба ўлічваць патрабаваньні нэўтральнасьці артыкулаў і непажаданасьці празьмерна аб’ёмнага асьвятленьня малаважных дэталяў, датычных тэмы або прадмета артыкула. Аўтары маюць імкнуцца да таго, каб падрабязнасьць апісаньня адпавядала важнасьці адпаведнага аспэкту тэмы.

Прыватныя крытэры значнасьці

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Вікіпэдыя:Значнасьць асобаў

Населеныя пункты

рэдагаваць

Кожны населены пункт значны па змоўчаньні.

  1. ^ Напрыклад, артыкулы пра герояў мастацкай літаратуры можна аб'яднаць у адзін артыкул пра усіх герояў адпаведнага твору або аўтара; артыкулы пра школы могуць стаць часткамі артыкулаў пра паселішчы або рэгіёны, дзе яны знаходзяцца; сваякі знакамітасьцяў — апісвацца ў адной з частак артыкула пра самога вядомага чалавека; артыкулы пра людзей, адметных толькі тым, што яны асацыююцца зь нейкай падзеяй, можна злучыць з артыкулам пра адпаведную падзею