Вікіпэдыя:Лялечны тэатар
Гэтая старонка — частка правілаў Вікіпэдыі. Пададзеным тут нормам мусяць падпарадкоўвацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваньнем упэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі маеце сумневы, сьпярша абмяркуйце зьмены на старонцы абмеркаваньня. |
Скарачэньні: ВП:ЛТ ВП:ЛЯЛЬКА |
---|
У цэлым чакаецца, што ўдзельнікі Вікіпэдыі выкарыстоўваюць адзін (лепш зарэгістраваны) уліковы запіс. Выкарыстаньне аднаго ўліковага запісу падтрымлівае бесьперапыннасьць рэдагаваньняў, павышае адказнасьць і павялічвае давер супольнасьці, што дапамагае будаваць доўгатэрміновую стабільнасьць у энцыкляпэдыі. Хоць існуюць пэўныя паважлівыя прычыны мець некалькі ўліковых запісаў у Вікіпэдыі, увогуле такія ўліковыя запісы ўводзяць у зман іншых удзельнікаў, перакручваюць абмеркаваньні і галасаваньні, дапамагаюць абыйсьці накладзеныя санкцыі, або якім іншым чынам парушаюць стандарты функцыянаваньня супольнасьці. Такія паводзіны называюцца лялечным тэатрам (анг. Sock puppetry) і забараняюцца правіламі Вікіпэдыі.
Лялька (клон, віртуал, марыянэтка, сокпапэт, мульт, фэйк) — гэта ўліковы запіс, дадаткова зарэгістраваны адным з аўтараў Вікіпэдыі. Такіх удзельнікаў называюць «лялькаводамі». Выкарыстаньне лялек зьяўляецца вельмі непажаданым з многіх прычынаў.
Лялечны тэатар у Вікіпэдыі можа мець некалькі розных формаў:
- стварэньне новага ўліковага запісу, каб пазьбегнуць апазнаньня;
- выхад з сыстэмы і пераход на рэдагаваньне ад IP-адраса;
- рэанімацыя старых закінутых уліковых запісаў, каб выглядаць іншым удзельнікам;
- прыцягненьне сяброў і знаёмых да стварэньня ўліковых запісаў з мэтай падтрымаць нейкі бок дыскусіі. Такія ўліковыя запісы называюцца «тушкамі» (анг. meatpuppetry, літаральна — мясныя лялькі).
Няслушнае, гэта значыць такое, матывам якога зьяўляецца адзін з прыведзеных вышэй пунктаў, выкарыстаньне некалькіх уліковых запісаў разглядаецца супольнасьцю як сур’ёзнае парушэньне даверу. Гэта ў асноўным прыводзіць да блякаваньня ўсіх ненатуральных уліковых запісаў, блакаваньня карыстальніка, які стаіць за гэтымі ўліковымі запісамі, і раскрыцьцё перад супольнасьцю ўсіх гэтых уліковых запісаў і IP-адрасоў, выкарыстаных у Вікіпэдыі, аж да (патэнцыйна) рэальнага публічнага раскрыцьця такой дзейнасьці і пэрсанальных зьвестак з «рэальнага свету», з мэтай прадухіліць выкарыстаньне лялек у будучыні.
Удзельнікам, якія жадаюць выкарыстоўваць больш за адзін уліковы запіс з пэўных паважных прычынаў, пажадана разьмясьціць спасылку паміж адпаведнымі старонкамі з тлумачэньнем прызначэньня кожнага ўліковага запісу, пры жаданьні можна таксама стварыць перанакіраваньне паміж такімі старонкамі і абмеркаваньнямі. Удзельнікі, якія не дадалі такое паведамленьне, або тыя, хто практыкуе адначасна і ананімныя рэдагаваньні з IP-адраса, мусяць быць уважлівымі і пазьбягаць перасячэньня рэдагаваньняў адной старонкі або яе асобнага падразьдзелу, таму што нават ненаўмыснае выкарыстаньне розных уліковых запісаў могуць растлумачыць як лялечны тэатар, і далейшае тлумачэньне неспадзяваным супадзеньнем могуць не прыняць у якасьці прабачэньня.
Недапушчальныя выпадкі выкарыстаньня некалькіх уліковых запісаў
рэдагавацьУдзельнікі ня мусяць выкарыстоўваць альтэрнатыўныя ўліковыя запісы для зману, парушэньня або падрыву кансэнсусу. У прыватнасьці, гэта пашыраецца на наступныя выпадкі, аднак не абмяжоўваецца імі:
- Стварэньне ілюзіі падтрымкі: альтэрнатыўныя ўліковыя запісы нельга выкарыстоўваць, каб зрабіць уражаньне большай падтрымкі, чым існуе напраўду.
- Рэдагаваньня прасторы праекту: нераскрытыя альтэрнатыўныя ўліковыя запісы ня мусяць рэдагаваць правілы, даведку і адпаведныя старонкі абмеркаваньняў; ня могуць галасаваць па адміністрацыйных пытаньнях, пытаньнях вылучэньня або браць удзел у выбарах.
- Абыход санкцыяў: санкцыі накладаюцца на асобаў, а не на ўліковыя запісы. Такія правілы, як забарона трох адкатаў, тычацца кожнага чалавека. Выкарыстаньне іншага ўліковага запісу для парушэньня правіла цягне за сабой штрафныя санкцыі, якія будуць тычыцца вашага асноўнага акаўнту, а ў выпадку абыходу санкцыяў, забароны або блякаваньня адлік тэрміну санкцыі пачынаецца нанова.
- Рэдагаваньне адной старонкі (абмеркаваньня) з розных уліковых запісаў: удзельнікі ня могуць выкарыстоўваць больш за адзін уліковы запіс для рэдагаваньня адной старонкі або абмеркаваньня, калі ствараецца ўражаньне, што гэта рабілі розныя людзі. Але не забараняецца рэдагаваньне адной старонкі з законных альтэрнатыўных уліковых запісаў, для якіх гэта выразна паказваецца (напрыклад, рэдагаваньне адной старонкі з вашага асноўнага і публічнага кампутараў, або рэдагаваньне старонкі вамі і вашым робатам).
- Завада вывучэньню ўнёску: выкарыстаньне альтэрнатыўных уліковых запісаў, паміж якімі не паказваецца беспасярэдні зьвязак, разьдзірае гісторыю вашых рэдагаваньняў. Гэта азначае, што іншыя ўдзельнікі ня могуць вызначыць ваш унёсак. З тае прычыны, што пры пэўных абставінах дазваляецца вывучэньне ўнёску, такія альтэрнатыўныя ўліковыя запісы парушаюць права іншых аўтараў, якія маюць законную цікавасьць да агляду вашага ўнёску[a].
- «Добрая рука» і «дрэнная рука»: трымаць адзін уліковы запіс «чыстым» для канструктыўнай працы, тады як іншы — уцягнутым у парушэньні і шкодніцтва.
- «Саламяны супраціўнік»: лялька стварае бачнасьць думкі, процілеглай пазыцыі лялькавода. Такія лялькі ў абмеркаваньнях прыводзяць малазначныя аргумэнты, якія лёгка зьняпраўджваюцца асноўным удзельнікам, або пераходзяць на абразы. Такім чынам пазыцыя асноўнага ўдзельніка ў спрэчцы ўзмацняецца. Такія лялькі часта паказваюць сябе невукамі або неінфармаванымі, а таксама могуць паводзіць сябе фанатычна. У выніку спрэчка часта заходзіць у тупік або ператвараецца ў цырк, памяншаючы зацікаўленасьць іншых удзельнікаў узяць удзел у абмеркаваньні, такім чынам адпрэчваючы магчымасьць грунтоўнай дыскусіі з прывядзеньнем сур’ёзных аргумэнтаў кожнага з бакоў. Выявіць такія лялькі складаней, бо сустракаюцца людзі, якія сапраўды так паводзяць сябе ў спрэчках (з той жа мэтай).
- Прадстаўленьне нэўтральным камэнтатарам: выкарыстаньне альтэрнатыўнага ўліковага запісу ў абмеркаваньні іншага ўліковага запісу той жа асобы.
- Галасаваньне больш за адзін раз.
- Рэдагаваньне па выхадзе з сыстэмы (log out) з мэтай схавацца: ананімныя рэдагаваньні з IP-адраса могуць разглядацца як рэдагаваньне з розных уліковых запісаў, калі яны носяць дэструктыўны характар або парушаюць правілы. Калі вы выйшлі з сыстэмы памылкова і зрабілі ўнёсак, вы можаце зьвязацца з адміністратарам або іншымі ўдзельнікамі, каб пазьбегнуць непаразуменьня.
- Калектыўныя (агульныя) уліковыя запісы: паколькі ўліковы запіс прадстаўляе вашыя рэдагаваньні, «калектыўныя ўліковыя запісы» — то бок уліковыя запісы, рэдагаваньні зь якіх робяць некалькі чалавек — забараняюцца, і яны блякуюцца. Выняткі з гэтага правіла — акаўнт не для рэдагаваньня, а для стварэньня сьпісу рассыланьня, уліковыя запісы, ухваленыя Фундацыяй Вікімэдыі, і пацьверджаныя робаты зь некалькімі гаспадарамі.
Апраўданае, дапушчальнае выкарыстаньне некалькіх уліковых запісаў
рэдагавацьАльтэрнатыўныя ўліковыя запісы могуць выкарыстоўвацца правамерна. Напрыклад, даўні аўтар, зарэгістраваны пад рэальным імем, можа выкарыстоўваць псэўданім, каб схаваць свой унёсак у асобнай тэме, калі ня хоча, каб яго імя асацыявалася зь ёй. Або дасьведчаны ўдзельнік можа стварыць новы ўліковы запіс, каб праверыць, як супольнасьць паводзіць сябе з пачаткоўцам. Калі вы выкарыстоўваеце альтэрнатыўны акаўнт, вы мусіце пераканацца, што не парушаеце правілы. Падставы выкарыстаньня ўлучаюць:
- Бясьпека: паколькі на агульнадаступных (публічных) кампутарах могуць быць траяны, якія крадуць паролі, удзельнік можа зарэгістраваць альтэрнатыўны ўліковы запіс, каб прадухіліць магчымы ўзлом асноўнага акаўнту. Такія альтэрнатыўныя ўліковыя запісы мусяць быць галосна зьвязанымі з асноўным акаўнтам ці мець просты і выразны ідэнтыфікатар, які паказвае на такі зьвязак. Напрыклад, Удзельнік:Ян Карповіч можа зарэгістраваць уліковы запіс Удзельнік:Ян Карповіч (дадатковы) і перанакіраваць яго на Ўдзельнік:Ян Карповіч.
- Прыватнасьць: асоба, рэдагуючы артыкул зь вельмі дыскусійным зьместам адносна яе сям’і, сацыяльнага або прафэсійнага кола і чыю ідэнтычнасьць у Вікіпэдыі ведаюць усярэдзіне гэтага кола або адсочваюць яе ідэнтычнасьць у рэальным сьвеце, можа выкарыстоўваць альтэрнатыўны акаўнт, каб пазьбегнуць наступстваў сваіх рэдагаваньняў (або іншых дзеяньняў у Вікіпэдыі) у рэальным жыцьці.
- Тэхнічная падтрымка (анг. Maintenance): аўтар можа выкарыстоўваць альтэрнатыўны акаўнт для выкананьня задачаў тэхнічнай падтрымкі. Другі ўліковы запіс трэба дакладна зьвязаць з асноўным.
- Робаты: Важны спэцыяльны выпадак падтрымкі ўлучае робатаў, гэта значыць праграмаў для аўтаматычнага або паўаўтаматычнага рэдагаваньня. Удзельнікам, якія выкарыстоўваюць робатаў, рэкамэндуецца выкарыстоўваць асобныя ўліковыя запісы, і пажадана пазначыць іх як ботаў, каб зробленыя такім чынам рэдагаваньні адфільтроўваліся ў гісторыі рэдагаваньняў (гл. Вікіпэдыя:Робаты).
- Згублены пароль: Калі вы забылі пароль уліковага запісу або ведаеце (ці падазраяце), што нехта іншы даведаўся пра ваш пароль, цалкам натуральным жаданьнем стане зарэгістраваць новы рахунак з «чыстым» паролем. У такім выпадку вы мусіце паведаміць на старонках кожнага такога акаўнту, што яны зьяўляюцца вашымі альтэрнатыўнымі ўліковымі запісамі, і можаце папрасіць адміністратараў аб блякаваньні вашых папярэдніх акаўнтаў.
- Чысты старт з новым імем: Калі вы надумалі пачаць жыцьцё ў Вікіпэдыі «з чыстага аркуша», вы спыняеце выкарыстаньне старога акаўнту (-аў) і ствараеце новы. Такі чысты ўліковы запіс ня мусіць вяртацца да старых тэмах, спосабаў рэдагаваньня або паводзінаў, якія раней былі прызнаныя праблематычнымі, і не чыніць дзеяньняў, якія могуць разглядацца як завада вывучэньню ўнёску. Чысты старт дазваляецца толькі тады, калі вы ня маеце дзейнага блякаваньня, забаронаў і санкцыяў, прынятых да папярэдняга ўліковага запісу. Спыненьне старога акаўнту азначае, што вы ня будзеце выкарыстоўваць яго зноў: на старой старонцы ўдзельніка мусіць паказвацца, што ён ёсьць неактыўным, каб пазьбегнуць пераключэньня паміж уліковымі запісамі для лялечнага тэатру.
- Гумарыстычныя пэрсанажы: супольнасьць талерантна ставіцца да гумарыстычных альтэрнатыўных уліковых запісаў, але гумар, які будзе імі прадукавацца, ня мусіць мець нічога агульнага з парушэньнем правілаў Вікіпэдыі.
Тушкі
рэдагавацьСкарачэньне: ВП:ТУШКА |
---|
Гучныя спрэчкі ў Вікіпэдыі часта прыводзяць у праект новых удзельнікаў. Пэўныя вікіпэдысты могуць прасоўваць свае мэты, прыцягваючы ў галасаваньні або абмеркаваньні сваіх сяброў, сваякоў і іншых удзельнікаў-аднадумцаў. Гэтых удзельнікаў часам называюць «тушкамі» (анг. meatpuppetry). Хоць Вікіпэдыя кіруецца здагадкай пра сумленнасьць, асабліва для новых рэдактараў, прыцягваньне новых удзельнікаў дзеля ўплыву на выракі, пастановы або выбар пэўнага варыянту разьвязаньня пытаньняў у Вікіпэдыі забараняецца. Калі новы ўдзельнік паводзіць сябе такім жа чынам, як і іншы ўдзельнік у тым жа кантэксьце, і з усяго відаць, рэдагуе Вікіпэдыю толькі дзеля гэтага, то да яго могуць ужывацца тыя ж захады, што і да ўдзельніка, якога ён падтрымлівае.
Вікіпэдыя мае мэханізмы прадухіленьня адмоўных наступстваў, выкліканых прытокам удзельнікаў з азначанай вышэй мэтай:
- Кансэнсус у многіх дыскусіях мае ў ідэале грунтавацца не на колькасьці галасоў, а на аргумэнтах, выказаных удзельнікамі.
- Пры галасаваньні новых удзельнікаў можна праігнараваць або надаць ім значна меншую вагу, асабліва калі многія зь іх выказваюць адно і тое ж меркаваньне. Іх камэнтары могуць пазначацца заўвагай, якая паказвае на тое, што яны маюць малы ўнёсак, або ўвогуле ня ўнесьлі ніякіх іншых рэдагаваньняў па-за межамі абмеркаваньня.
- У мэтах разьвязаньня спрэчак, калі існуе нявызначанасьць ці зьяўляецца пэўны бок спрэчкі адным удзельнікам зь лялькамі або некалькімі ўдзельнікамі з ідэнтычнымі звычкамі рэдагаваньня, гэты бок варта разглядаць як аднаго ўдзельніка зь лялькамі.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Няслушны або схаваны чысты старт, з мэтай перайсьці на чысты ўліковы запіс, таксама можа разглядацца як парушэньне гэтага правіла