Вежа
Эйфэлева вежа
франц. Tour Eiffel
Эйфэлева вежа
Эйфэлева вежа
Краіна Францыя
Горад Парыж
Адрас Марсава поле і вуліца Анатоль-Франс[d] (5)
Каардынаты 48°51′30″ пн. ш. 2°17′40″ у. д. / 48.85833° пн. ш. 2.29444° у. д. / 48.85833; 2.29444Каардынаты: 48°51′30″ пн. ш. 2°17′40″ у. д. / 48.85833° пн. ш. 2.29444° у. д. / 48.85833; 2.29444
Аўтар праекту Гюстаў Эйфэль
Дата заснаваньня 28 студзеня 1887[1] і 31 сакавіка 1889[2]
Будаваньне 28 студзеня 1887—31 сакавіка 1889
Статус вежа
Стан дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Эйфэлева вежа на мапе Францыі
Эйфэлева вежа
Эйфэлева вежа
Эйфэлева вежа
Эйфэлева вежа на Вікісховішчы

Э́йфэлева ве́жа (па-француску: Tour Eiffel) — цалкам жалезная вежа, пабудаваная ў 1887—1889 гадох на Марсавым полі на ўзьбярэжжы ракі Сэны ў Парыжы да Сусьветнай выставы 1889 году і сьвяткаваньня гадавіны Францускай рэвалюцыі. Вежа стала агульнапрызнанай культурніцкай іконай Францыі і адной з найбольш пазнаваных структураў у сьвеце[3], не зважаючы на тое, што першапачаткова праект за нізкую эстэтычнасьць крытыкаваўся некаторымі вядомымі прадстаўнікамі мастацтва і інтэлектуалы Францыі. Эйфэлева вежа зьяўляецца самым наведвальным платны помнікам у свеце, яе ў 2015 годзе наведалі 6,91 мільёнаў чалавек. Аўтарам вежы і будаўніком быў Гюстаў Эйфэль, чыя кампанія распрацавала і рэалізавала праект.

Э́йфэлева ве́жа

Вежа мае вышыню 324 мэтры, што прыблізна адпавядае вышыні 81-павярховага будынку. Вежа ёсьць самай высокай пабудоваў у Парыжы. Аснова канструкцыі ёсьць квадратная, скаладючы 125 мэтраў з кожнага боку. За час свайго будаўніцтва Эйфэлева вежа пераўзышла Вашынгтонскі манумэнт і сталася самай высокай тэхнагеннай структурай у сьвеце. Гэты тытул трымаўся 41 год, пакуль Крайсьлер-білдынг, пабудаваны ў Нью-Ёрку, ня быў завершаны ў 1930 годзе. Вежа ёсьць першай структурай, якая дасягнула вышыні ў 300 мэтраў. Праз усталяваны радыёперадавальнік, які быў уладкаваны на вяршыні вежы ў 1957 годзе, вежа пераўзышла па сваёй вышыні Крайсьлер-білдынг на 5,2 мэтраў. За выключэньнем перадавальніку, Эйфэлева вежа зьяўляецца другой паводле велічыні сталай пабудовай Францыі пасьля віядука Міё. Вежа мае тры ўзроўні для наведваньня, на першым і другім зь якіх месьцяцца рэстарацыі. Верхні ўзровень знаходзіцца на вышыні 276 мэтраў, што ёсьць самай высокай назіральнай пляцоўкай, даступнай грамадзкасьці ў Эўрапейскім Зьвязе. Квіткі можна набыць для ўздыму на першы і другі ўзровень скарыстаўшыся лесьвіцай або ліфтам.

Кожныя 7 гадоў вежу пакрываюць 60 тонамі фарбы для прадухіленьня іржавеньня[4].

Гісторыя

рэдагаваць

Праектаваньне і зацьвярджэньне праекту

рэдагаваць

Дызайн Эйфэлевай вежы прыпісваецца Марысу Кёшлену і Эмілю Нуг’е, двум вядучым інжынэрам, якія працавалі ў эйфэлевым бюро «Кампанія праектаваньня». Яна павінна была быць прыдатнай цэнтральнай кампазыцыяй прапанаванай для Сусьветнай выставы 1889 году, якая была прысьвечана стагодзьдзю Францускае рэвалюцыі. Эйфэль прызнаваў, што натхненьнем для вежы была абсэрваторыя Лэйтынг, пабудаванай у Нью-Ёрку ў 1853 годзе[5]. У траўні 1884 году, працуючы дома, Кёшлен зрабіў эскіз сваёй ідэі, названай ім вялікім пілонам, які складаецца з чатырох рашоткавых бэлек, якія стаяць вакол цэнтру кампазыцыі, злучаюсычя ў верхняй частцы, то бок аб’яднаныя мэталічнымі фэрмамі праз роўныя інтэрвалы[6]. Спачатку Эйфэль амаль ня выказаў энтузіязму, але ўсё ж такі ўхваліў далейшае праектаваньне, а потым два інжынэры запрасілі Стэфана Савэстра, кіраўніка архітэктурнага аддзела кампаніі, прыняць удзел у распрацоўцы праекту дызайна. Савэстр дадаў дэкаратыўныя аркі да падножжа вежы, шкляны павільён першага ўзроўню і іншыя ўпрыгожваньні.

 
Першы малюнак Эйфэлевай вежы, зроблены Марысам Кёшленам, уключаючы параўнаньне памераў з іншымі парыскімі славутасьцямі, як то Нотр-Дам-дэ-Пары, копія статуі Свабоды і Вандомская калёна.

Удасканалены праект атрымаў падтрымку Эйфэля, то бок ён набыў эксклюзіўныя правы на патэнт у сваіх супрацоўнікаў Кёшлена, Нуг’е і Савэстра, а дызайн быў выстаўлены на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва восеньню 1884 году як распрацоўка кампаніі. 30 сакавіка 1885 году Эйфэль прадставіў свае пляны на вежу Таварыству цывільных інжынэраў, абмеркаваўшы тэхнічная праблемы канструкцыі і падкрэсьліўшы практычнае выкарыстаньне вежы. Ён скончыў свой выступ, дадаўшы, што вежа будзе сымбалізаваць ня толькі мастацтва сучаснай інжынэрнай справы, але і будзе ўхваляць стагодзьдзе індустрыяльнай навукі, падмурак якой быў закладзены навуковым рухам ХVIII стагодзьдзя і францускай рэвалюцыяй 1789 году. Акрамя таго, Эйфэль сьцьвярджаў, што вежа стане помнікам, пабудаваным як выраз падзякі Францыі[7].

Першы прагрэс быў дасягнуты да 1886 году, калі Жуль Грэві быў пераабраны прэзыдэнтам Францыі, а Эдуар Лякруа быў прызначаны міністрам гандлю. Пасьля таго, як бюджэт экспазыцыі быў сфармаваны і зацьверджаны, 1 траўня Лякруа абвесьціў аб зьмяненьні ўмоваў правядзеньня адкрытага конкурсу на цэнтральную частку экспазыцыі, што фактычна зрабіла прадказальнай перамогу праекту Эйфэля, бо работы павінны былі ўключаць у сябе праектаваньне і стварэньне чатырохграннай мэталічнай вежы вышынёй 300 мэтраў на Марсавым поле[7]. Вежа такой вышыні на той момант лічылася вельмі складанай інжынэрнай працай. 12 траўня была створаная адмысловая камісія для вывучэньня дызайнаў і работ, прапанаванымі Эйфэлем і ягонымі канкурэнтамі. Празь месяц яна вырашыла, што ўсе прапановы, апроч Эйфэлевай, альбо ёсьць непрактычнымі, альбо ня маюць дастатковай дэталізацыі.

Пасьля спрэчак наконт дакладнага разьмяшчэньня вежы 8 студзеня 1887 году быў падпісаны кантракт на будаўніцтва. Цікава, што Эйфэль падпісаў яго, выступаючы ў якасьці фізычнае асобы, а не як прадстаўнік сваёй кампаніі. Камісія выдаткавала на праект 1,5 мільёнаў франкаў, што складала крыху менш за чвэрць усіх неабходных сродкаў, якія складалі, паводле ацэнак, 6,5 мільёнаў франкаў. Паводле дамовы Эйфэль павінен быў атрымаць увесь прыбытак ад камэрцыйнай эксплюатацыі вежы падчас выставы і на працягу наступных 20 гадоў. Пазьней ён стварыў асобную кампанію для кіраваньня вежай, выдаткаваўшы палову неабходнага капіталу з уласных сродкаў[8].

Пратэст прадстаўнікоў мастацтва

рэдагаваць
 
Карыкатура на Гюстава Эйфэля, які параўноўвае Эйфэлеву вежу з эгіпецкімі пірамідамі.

Прапанаваны праект вежы адразу стаў прадметам спрэчак і выклікаў крытыку з боку тых, хто ня верыў, што такі праект было б магчыма рэалізаваць, і тых, хто лічыў, што вежа пярэчыць мастацкай эстэтычнасьці. Да пабудовы Эйфэлевай вежы аніводная канструкцыя ніколі не была ўзьведзена на вышыні ня меншай за 300 мэтраў, і многія людзі лічылі гэта немагчымым. Такія пярэчаньні былі выразам шматгадовай дыскусіі ў Францыі адносна сувязі архітэктуры і тэхнікі. Калі будаўнічыя працы пачаліся на Марсавым полі, быў створаны «Камітэт трох сотняў», паводле аналёгіі з вышынёй спраектаванай канструкцыі, які ачоліў вядомы архітэктар Шарль Гарнье, а таксама ўключаў выбітных дзеячаў мастацтва, як то Вільям-Адольф Бугеро, Гі дэ Мапасан, Шарль Гуно і Жуль Масэнэ. Пэтыцыя пад назовам «Мастакі супраць Эйфэлевай вежы» была накіраваная кіраўніку работ і ўпаўнаважанаму па экспазыцыі Адольфу Альфану. Пазьней пэтыцыя была апублікаваная ў газэце «Le Temps» 14 лютага 1887 году.

Адказваючы крытытам, Гюстаў Эйфэль параўноўваў сваю вежу з эгіпецкімі пірамідамі. Ён бачыў праект грандыёзным помнікам сучаснасьці і не разумеў, чаму старажытнаэгіпецкія піраміды ёсьць прыкладам велічнасьці і аб’ектам захапленьня ягоных сучасьнікаў, а вежа ёсьць агіднай і сьмешнай на думку крытыкаў пабудовай Парыжу[9]. Да крытыкаў таксама зьвяртаўся Эдуар Лякруа ў сваім лісьце падтрымкі, напісанаму Альфану[10]. Лякруа лічыў, што пратэст ня мае сэнсу, бо праект быў зацьверджаны месяцамі раней, а будаўніцтва вежы ўжо пачалося.

Сапраўды, Гарнье, чалец камісіі па будаўніцтву вежы, якая разглядала розныя прапановы, ня меў пярэчаньняў прапанаванаму праекту. Эйфэль аналягічна не хваляваўся наконт узьвядзеньня вежы, сказаўшы журналістам, што яшчэ заўчасна судзіць аб вежы выключна на аснове малюнкаў, і што Марсавае поле, дзе павінен разьмяшчацца аб’ект, дастаткова аддаленае ад выбітных помнікаў, згаданых крытыкамі, таму башня не сапсуе іхны зьнешны выгляд. Паводле эстэтычнага віду вежы, Эйфэль зазначыў, што законы прыродных сілаў заўсёды адпавядаюць таемным законам гармоніі[11]. Некаторыя з крытыкаў зьмянілі свой погляд, пасьля таго як вежа была пабудаваная, аднак іншыя заставаліся непахіснымі[12]. Да прыкладу, Гі дэ Мапасан нібыта штодня сьнедаў у рэстарацыі вежы, бо гэта было адзіным месцам у Парыжы, дзе вежы не было відаць[13].

Да 1918 году вежа сталася сымбалем Парыжу і Францыі пасьля таго, як Гіём Апалінэр напісаў нацыяналістычную паэму ў форме вежы (каліграфію), каб выказаць свае пачуцьці з нагоды вайны супраць Нямеччыны[14]. На сёньня Эйфэлева вежа лічыцца выдатным творам інжынэрнага мастацтва і часта дэманструецца ў фільмах і згадваецца ў творах літаратуры.

Будаўніцтва

рэдагаваць
 
Падмурак падпораў Эйфэлевай вежы.

Праца над падмуркам пачалася 28 студзеня 1887 году[15]. Работы над ўсходняй і паўднёвай апорамі былі даволі простымі, кожная зь іх мае падмурак, які ўяўляе сабой чатырохмэтровую бэтонную пліту. Работы над заходнай і паўночнай апорамі былі больш складанымі праз блізкасьць да Сэны. Кожная пліта была ўмацаваная ўсталяванымі кесонамі, запампаванымі сьціснутым паветрам. Кесоны мелі даўжыню ў 15 мэтраў і дыямэтар у 6 мэтраў, яны былі загнаныя ў зямлю на глыбіню 22 мэтраў з мэтай падтрымкі бэтонных плітаў, таўшчынёй 6 мэтраў[16]. Кожная з гэтых плітаў патрымлівала нахільную апору з вапняку, якая ў сваю чаргу была часткай апоры жалезных канструкцыяў падножжа вежы.

Кожная мэталічная апора была прымацаваная да каменнай кладцы парай замацавальных шворанаў дыямэтрам 10 сантымэтраў і даўжынёй 7,5 мэтраў. Падмурак быў пабудаваны 30 чэрвеня, і надалей пачалося ўзьвядзеньне жалезабэтонавых канструкцыяў. Акрамя працы непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы, велізарная праца зь вялікай колькасьцю патрабавальных падрыхтоўчых работ праводзілася ў кабінэтах, то бок было падрыхтавана 1700 агульных чарцяжоў і 3629 дэталёвых чарцяжоў з пазначэньнем 18038 розных частак[17]. Задача стварэньня схематычных плянаў кампанэнтаў вежы ўскладнялася выкарыстаньнем складаных кутоў і неабходнай ступеньню дакладнасьці, то бок пазначэньне адтулінаў для нітаў вызначалася ў межах 1 мм, а куты вылічваліся да адной сэкунды дугі. Гатовыя камплектуючыя вырабы, некаторыя зь якіх ужо былі злучаны ў адзіны кампанэнт, прыбывалі на пляцоўку коньмі з заводу, які месьціўся ў парыскім прадмесьці Левалюа-Пэрэ. Спачатку дэталі шчэпліваліся адна з адной балтамі, але потым замяняліся на ніты. Сьвідраваньне на будаўнічай пляцоўцы не праводзілася, калі нейкая дэталь не ўкладвалася ў канструкцыю, яна адпраўлялася назад на завод на пераапрацоўку. Усяго 18038 дэталяў былі злучаныя разам з выкарыстаньнем 2,5 мільёнаў нітаў[15].

Спачатку мэталічныя падпоры былі сканструяваны як кансольная бэлька, але прыблізна на паўдарогі будаўніцтва першага ўзроўню прыпынілася, каб пабудаваць рыштаваньне пад кожную апору. Гэта аднавіла заклапочанасьць грамадзтва наконт структурнай цэласнасьці вежы і ейнай трываласьці. Мясцовыя газэты пачалі выходзіць з сэнсацыйнымі загалоўкамі, прадракаючы злом канструкцыі[18]. На гэтым этапе ў кожнай апоры быў усталяваны невялікі «паўзучы» кран, прызначаны для перасоўваньня будаўнікоў угору па вежы. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся накіроўніцы ліфтаў, якія павінны былі быць усталяваны ў кожную апору. Крытычны этап злучэньня апораў на першым узроўні быў завершаны да канца сакавіка 1888 году[15]. Не зважаючы на тое, што мэталаканструкцыі былі падрыхтаваны з асаблівай увагай, быў, аднак, прадугледжаны этап унёску невялікіх карэктываў, каб дакладна выраўнаваць апоры. Да кожнай з чатырох апораў быў усталяваны гідраўлічны падымач, здольны падтрымліваць груз у 800 тон, а самі апоры былі наўмысна пабудаваныя пад крыху большым кутом, чым гэта было неабходна, падтрымліваючыся рыштаваньнем умацаваным мяхамі зь пяском. Не зважаючы на тое, што на аб’екце працавалі 300 будаўнікоў[15], толькі адзін чалавек загінуў, што зьяўлялася даволі сур’ёзным дасягненьнем таго часу, дзякуючы мерам бясьпекі Эйфэля і выкарыстаньню перасоўных трактаў, агароджаў і экранаў[19].

 
Мэханізмы ліфтоў Otis, якія першапачаткова выкарыстоўваліся на паўночнай і паўднёвай апорах.

Абсталяваньне вежы надзейнымі і бясьпечнымі ліфтамі для пасажыраў стала адной з самых асноўных праблемаў урадавай камісіі, якая ажыцьцяўляла нагляд за экспазыцыяй. Не зважаючы на тое, што чакалася, што некаторыя наведвальнікі будуць падымацца на першы ўзровень, а то і на другі пешшу, усё ж такі было відавочна, што пад’ёмныя прылады павінны былі стаць асноўным сродкам уздыму наведвальнікаў на вежу[20].

Будаўніцтва ліфтаў да першага ўзроўню было адносна простым, бо апоры былі досыць шырокімі ўнізе амаль прамымі, таму была пабудаваная прамая каляіна для двух ліфтоў, якія былі замоўленыя ў францускай кампаніі Roux, Combaluzier & Lepape. Ліфты былі ўсталяваныя на ўсходняй і заходняй апорах[21]. Roux, Combaluzier & Lepape выкарыстоўвалі пару бясконцых ланцугоў зь цьвёрдымі, шарнірнымі зьвёнамі, да якіх быў прымацаваны малы колавы мэханізм.

Абсталяваньне ліфтаў на другі ўзровень было больш складанай задачай, таму што пабудаваць прамую каляіну было немагчыма. Аніводная француская кампанія не жадала брацца за гэтую працу. Эўрапейскае прадстаўніцтва Otis Brothers & Company выступіла з прапановай, але яна была адхілена праз статут выставы, які ўсталёўваў абмежаваньне на выкарыстаньне любых замежных матэрыялаў пры будаўніцтве вежы. Тэрмін падачы заявак быў падоўжаны, але францускія кампаніі па-ранейшаму не парываліся атрымаць кантракт, таму, у рэшце рэшт, насуперак статуту ў канчатковым выніку Otis былі прыцягнутыя да праекту ў ліпені 1887 году[22]. Прадстаўнікі Otis былі ўпэўненыя, што ім у канчатковым выніку прапануюць кантракт, таму яшчэ да падпісаньня дамовы яны пачалі працаваць над праектам. Арыгінальныя ліфты для падарожжа паміж другім і трэцім узроўнямі паставіў францускі інжынэр Леон Эду.

Адкрыцьцё і міжнародная выстава

рэдагаваць
 
Ілюмінацыя вежы ўноч у час працы Сусьветнай выставы 1889 году.
 
Паштоўка, прысьвечаная сусьветнае выставе. Эйфэлева вежа зьяўлялася часткай экспазыцыі.

Асноўныя работы па будаўніцтву вежы былі завершаныя ў канцы сакавіка 1889 году. У 31 сакавіка адбылася сьвяточная цырымонія, якую ўзначаліў сам Эйфэль, а ў групу ўваходзілі ўрадавыя службоўцы ў суправаджэньні прадстаўнікоў прэсы. Дэлегацыя накіравалася на вяршыню вежы[12]. Паколькі ліфты яшчэ не працавалі на той момант, пад’ём ажыцьцяўляўся пешшу і заняў больш за гадзіну, пры гэтым Эйфэль часта спыняўся, каб растлумачыць розныя асаблівасьці і цікавосткі пра канструкцыю. Большая частка дэлегацыі спынілася на ніжніх узроўнях, але нешматлікія ейныя чальцы, як то інжынэр-будаўнік Эміль Нуг’е, кіраўнік будаўніцтва, Жан Кампаньён, а таксама прэзыдэнт гарадзкой рады ў суправаджэньні рэпартэраў газэтаў «Le Figaro» і «Le Monde Illustré», скончылі ўзыходжаньне на самым высокім узроўні вежы. У 14:35 Эйфэль узняў вялікі трыкалёр пад акампанэмэнт 25-гарматнага салюту, выпушчанага на першым узроўні[23].

Не зважаючы на тое, што міжнародная выстава пачала сваю працу 6 траўня, першыя дзевяць дзён вежа яшчэ была зачынена для наведваньня праз работы над абсталяваньнем і запускам ліфтаў. Нават з адкрыцьцём вежы ліфты ўсё яшчэ не працавалі і наведвальнікі былі здольныя ўзьняцца на вежу толькі пешшу, але нават гэта не перашкодзіла вежы атрымаць імгненны посьпех сярод грамадзкасьці. Амаль 30 тысяч наведвальнікаў зьдзейсьнілі ўздым, робячы 1710 крокаў да вяршыні, перш чым ліфты былі ўведзеныя ў эксплюатацыю 26 траўня[24]. Квіткі каштавалі 2 франкі на першы ўзровень, 3 — на другі і 5 — на верхні. Кошты падалі ўдвая ў нядзелю[25], а да канца працы выставы 1 896 987 чалавек наведалі вежу[3].

З надыходам ночы вежа асьвятлялася сотнямі газавых лямпаў, а адмысловыя ліхтары выпускалі тры прамяні чырвонага, белага і сіняга колераў. Для асьвятленьня розных будынкаў экспазыцыі былі таксама выкарыстаны два пражэктары, усталяваныя на круглявую рэйку. Штодзённае адкрыцьцё і закрыцьцё экспазыцыі суправаджалася стрэламі з гарматаў, усталяваных на вежы.

На другім узроўні француская газэта «Le Figaro» мела офіс і друкарню, дзе выпускалася спэцыяльнае сувэнірнае выданьне «Le Figaro de la Tour». На гэтым жа ўзроўні месьцілася патысэрыя. Уверсе разьмяшчалася паштовае аддзяленьне, адкуль наведвальнікі маглі адпраўляць лісты і паштоўкі як памяць пра свой візыт. Аркушы паперы штодня мацаваліся да сьценаў вежы, каб наведвальнікі маглі фіксаваць свае ўражаньні ад вежы. Вядомымі наведвальнікамі вежы былі прынц Ўэйлскі, Сара Бэрнар, Бафала Біл і Томас Эдысан[24]. Эйфэль запрасіў Эдысана ў свой прыватны пакой на верхняй частцы вежы, дзе Эдысан прадставіў яму адзін з сваіх фанографаў, новае вынаходзтва, які быў адным з экспанатаў экспазыцыі[26]. Акрамя таго Эдысан пакінуў запіс у кнігу для гасьцей.

Эйфэль меў дазвол на выкарыстаньне вежы на 20 гадоў. Пасьля канструкцыю трэба было разабраць у 1909 годзе, а зямля, на якой стаяла вежа, мусіла вярнуцца ва ўладаньне гарадзкой рады. Улады мелі намер разбурыць вежу, між тым гэта было часткай арыгінальных патрабаваньняў конкурсу на праектаваньне, якое заключалася ў тым, што вежа павінна лёгка разьбірацца. Аднак, паколькі вежа аказалася каштоўнай з камунікацыйных мэтаў, было дазволена пакінуць яе пасьля заканчэння тэрміну дзеяньня дазволу. Эйфэль выкарыстоваў свой пакой на верхнім узроўні дзеля правядзеньня мэтэаралягічных назіраньняў, а таксама правядзеньня экспэрымэнтаў над дзеяньнем супраціву паветра на целы, якія падаюць[27].

Наступныя падзеі

рэдагаваць
Падрыхтоўка Франца Райхэльта і пагібельны скок з Эйфэлевай вежы.

Для сусьветнай экспазыцыі 1900 году, якая прайшла ў Парыжы, ліфты на ўсходняй і заходняй частках былі заменены новымі ліфтамі на другім узроўні, пабудаваным францускай кампаніяй Fives-Lille. Яны мелі кампэнсацыйны мэханізм, які прыводзіў у рух аналягічны гідраўлічны мэханізм, які выкарыстоўвася ліфтамі Otis. Гідраўлічны ціск забясьпечваўся акумулятарамі пад ціскам, разьмешчанымі побач з гэтым мэханізмам[22]. У той жа час ліфт на паўночным баку быў дэмантаваны і заменены лесьвіцай на першы ўзровень. Пляніроўка і першага, і другога ўзроўняў была зьменена, а прастора сталася даступнай для наведвальнікаў на другім узроўні. Першапачатковы ліфт на паўднёвым баку быў дэмантаваны толькі праз 13 гадоў.

19 кастрычніка 1901 году Альбэрту Сантус-Дзюмон, першым дасягнуў вежы на сваім дырыжаблі №6, атрымаўшы за перамогу прыз 100 тысяч франкаў, які прапанаваў мэцэнат і адзін зь піянэраў авіяцыі Анры Дойч дэ ля Мёрт, у спаборніцтве, якое ўключала ў сябе рэйс з Сэн-Клю да Эйфэлевай вежы і назад менш чым за паўгадзіну[28].

 
Амэрыканскія вайскоўцы назіраюць як над Эйфэлевай вежай лунае францускі сьцяг.
 
Рэкляма кампаніі Сытраэн, якая месьцілася на вежы з 1925 па 1936 гады.

Шмат інавацыяў пачатку XX стагодзьдзя так ці інакш былі зьвязаны з Эйфэлевай вежай. Гэтак у 1910 годзе сьвятар Тэадор Вульф вымяраў пранікальную радыяцыю атмасфэры ўверсе і ўнізе вежы. Ён заўважыў, што паказчыкі наверсе былі большымі за тыя, якія ён чакаў бачыць, і, дарэчы, выявіў тое, што сёньня вядома як касьмічныя прамяні. Усяго праз два гады, 4 лютага 1912 году, аўстрыйскі кравец Франц Райхэльт памёр пасьля скоку зь першага ўзроўню вежы, то бок з вышыні 57 мэтраў, праводзячы экспэрымэнты з парашутам асабістага дызайну[29]. У 1914 годзе, калі пачалася Першая сусьветная вайна, радыёперадавальнік, усталяваны на вежы, глушыў нямецкую радыёсувязь, сур’ёзна перашкаджаючы іхняму прасоўваньню на Парыж і спрыяючы перамозе хаўрусьнікаў у Першай бітве на Марне[30]. З 1925 па 1934 гады францускае аўтамабільнае прадпрыемства Citroën(fr) выкарыстоўвала 4 бакі вежы ў якасьці рэклямнага шчыту, які быў найбольшым у сьвеце[4][31]. У красавіку 1935 году вежа выкарыстоўвалася для стварэньня экспэрымэнтальных тэлевізійных перадачаў, выкарыстоўваючы кароткахвалевы перадавальнік магутнасьцю 200 Вт. 17 лістапада быў усталяваны ўдасканалены перадавальнік на 180 лініяў[32].

У 1925 годзе вядомы махляр Віктар Люстыг двойчы прадаў вежу, якая па ягоных словах прадавалася пад разборку[33]. Праз год, у лютым 1926 году, лётчык Леон Калет загінуў, спрабуючы праляцець пад вежай. Ягоны самалёт заблытаўся ў антэне, якая належыла бесправоднай станцыі[34]. 2 траўня 1929 году ля паўночнае апоры быў усталяваны бюст Гюстава Эйфэля працы Антуана Бурдэля[35]. У 1930 годзе вежа страціла першае месца ў рэйтынгу самых высокім збудаваньняў у сьвеце, пасьля таго як было скончанае будаўніцтва Крайсьлер-білдынг у Нью-Ёрку[36]. У 1938 годзе дэкаратыўная аркада вакол першага ўзроўню была дэмантаваная[37].

За часам нямецкай акупацыі Парыжу ў 1940 годзе кабэлі былі перарэзаныя, праз што ліфты перасталі працаваць, а вежа была зачыненая для грамадзкасьці. Толькі ў 1946 годзе былі праведзеныя рамонтныя работы[38]. У 1940 годзе нямецкія жаўнеры ўзьнялі агромністы сьцяг Трэцяга Райху[39], які, аднак, празь некалькі гадзін быў зрынуты ветрам, пасьля чаго меншы сьцяг быў усталяваны на вежу[40]. Наведваючы Парыж, Адольф Гітлер вырашыў не падымацца на вежу. Калі хаўрусьнікі набліжаліся да Парыжу ў жніўні 1944 году, Гітлер даў загад генэралу Дытрыху фон Хольтыцу, вайсковаму губэрнатару Парыжу, зруйнаваць вежу разам з астатнім горадам, але генэрал не падпарадкаваўся загаду[41]. 25 чэрвеня, перад тым, як немцы былі выгнаныя з гораду нямецкі сьцяг быў заменены трыкалёрам[38].

3 студзеня 1956 году праз тэлеперадавальнік, усталяваным на вежы, пачаўся пажар, які пашкодзіў верхавіну вежы. У 1964 годзе Эйфэлева вежа была афіцыйна абвешчана помнікам гісторыі міністрам культуры Андрэ Мальро[42]. Праз год у паўночную апору была ўсталявана дадатковая сыстэма ліфтаў[43]. Згодна з інтэрвію, якое ў 1967 годзе даў мэр Манрэалю Жан Драпо, было складзенае сакрэтнае пагадненьне з Шарлем дэ Голем аб разьбіраньні вежы і часовым пераездзе яе ў Манрэаль падчас сусьветнай выставы 1967 году. На гэты плян, нібыта, кампанія, якая эксплюатавала вежу, наклала вета, баючыся, што францускі ўрад можа адмовіць у дазволе на аднаўленьне вежы ў першапачатковым месцы[44].

У 1982 годзе арыгінальныя ліфты паміж другім і трэцім узроўнямі былі заменены пасьля 97 гадоў службы. Праз тое, што яны працавалі на гідраўлічным прыводзе ў пэрыяд зь лістапада па сакавік мэханізм не выкарыстоўваўся, бо вада звычайна замярзала. Новыя машыны, якія працавалі на пары, маглі працаваць узімку, а таксама ўраўнаважваць адна адную, скарачаючы час шляху з васьмі хвілінаў да менш чым дзьвюх хвілінаў. Адначасова былі ўладкаваныя дзьве новыя аварыйныя лесьвіцы, якія замянілі арыгінальныя вітыя лесьвіцы. У 1983 годзе паўднёвая апора была абсталяваная ліфтам Otis з электрычным прыводам, дзеля абслугоўваньня рэстарацыі Жуль Вэрн. Ліфты Fives-Lille, усталяваныя на ўсходнай і заходняй апорах у 1899 годзе, былі капітальна адрамантаваныя ў 1986 годзе. Была абсталявана кампутарная сыстэма, каб цалкам аўтаматызаваць працу ліфтаў. Праз тры гады да паўднёвай апоры быў дададзены службовы ліфт для перамяшчэньня невялікіх грузаў і абслугоўваньня.

15 траўня 2019 году ў Парыжы ўрачыста адзначылі 130-годзьдзе Эйфэлевай вежы. Мэдыйнай частцы сьвята папярэднічала дабрачынная экскурсія для школьнікаў, то бок паводле рашэньня мэра Парыжу Ан Ідальго каля за 1,3 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў краіны змаглі ў гэты дзень бясплатна агледзець сусьветную славутасьць. Пасьля таго, як сьцямнела контуры вежы асьвяціла маляўнічае сьветлавое шоў з прымяненьнем лазэрных пражэктараў.

  1. ^ а б в г Guinness World Records 2019 (анг.)Guinness World Records Limited, 2018. — P. 28. — 256 p. — ISBN 978-1-912286-46-1
  2. ^ а б в г Constructing the Architect: An Introduction to Design, Research, Planning, and Education — 2019. — ISBN 978-1-138-06270-2
  3. ^ а б «The Eiffel Tower at a glance». Eiffel Tower.
  4. ^ а б 10 фактаў пра Эйфэлеву вежу і ром // Зьвязда : газэта. — 22 лістапада 2011. — № 222 (27086). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ G. H. Frost (1889). «Engineering News and American Railway Journal». — С. 482.
  6. ^ Harvie 2006. С. 78.
  7. ^ а б Loyrette 1985. С. 116.
  8. ^ Loyrette 1985. С. 121.
  9. ^ Paul Souriau; Manon Souriau (1983). «The Aesthetics of Movement». University of Massachusetts Press. — С. 100. — ISBN 0-87023-412-9.
  10. ^ Harvie 2006. С. 99.
  11. ^ Loyrette 1985. С. 176.
  12. ^ а б «The Eiffel Tower». The Times (32661). London. 1889. col B. — С. 5.
  13. ^ Jill Jonnes (2009). «Eiffel’s Tower: And the World’s Fair where Buffalo Bill Beguiled Paris, the Artists Quarreled, and Thomas Edison Became a Count». Viking. — С. 163—164. — ISBN 978-0-670-02060-7.
  14. ^ Guillaume Apollinaire (1980). Anne Hyde Greet (ed.). «Calligrammes: Poems of Peace and War (1913—1916)». University of California Press. — С. 411—414. — ISBN 978-0-520-01968-3.
  15. ^ а б в г «Origins and construction of the Eiffel Tower». Eiffel Tower.
  16. ^ Loyrette 1985. С. 123.
  17. ^ Loyrette 1985. С. 148.
  18. ^ Harvie 2006. С. 110.
  19. ^ «Construction of the Eiffel Tower». Wonders of the World.
  20. ^ Vogel 1961. С. 20—21.
  21. ^ Vogel 1961. С. 28.
  22. ^ а б Vogel 1961. С. 23—24.
  23. ^ Harvie 2006. С. 122—123.
  24. ^ а б «The Eiffel Tower during the 1889 Exposition Universelle». Eiffel Tower.
  25. ^ Harvie 2006. С. 144—145.
  26. ^ Jill Jonnes (23 May 2009). «Thomas Edison at the Eiffel Tower». Wonders and Marvels.
  27. ^ Watson, William (1892). «Paris Universal Exposition: Civil Engineering, Public Works, and Architecture». Washington, D.C.: Government Publishing Office. — С. 829.
  28. ^ «M. Santos Dumont’s Balloon». The Times (36591). London. 1901. col A. — С. 4.
  29. ^ «L’inventeur d’un parachute se lance de le tour Eiffel et s'écrase sur le sol». Le Petit Parisien. 1912. — С. 1.
  30. ^ Barbara Wertheim Tuchman (1994). «August 1914». Papermac. — С. 236. — ISBN 978-0-333-30516-4.
  31. ^ «40 fascinating facts about the Eiffel Tower». The Daily Telegraph.
  32. ^ Stephen Herbert (2004). «A History of Early Television». Выд. 2. Taylor & Francis. — С. 40. — ISBN 978-0-415-32667-4.
  33. ^ Piers Letcher (2003). «Eccentric France: The Bradt Guide to Mad, Magical and Marvellous France». Bradt Travel Guides. — С. 105. — ISBN 978-1-84162-068-8.
  34. ^ «An air tragedy». The Sunday Times. Perth, WA.
  35. ^ Harriss 1975. С. 178.
  36. ^ «The Silver Spire: How two men’s dreams changed the skyline of New York». The New Yorker.
  37. ^ Harriss 1975. С. 195.
  38. ^ а б Harriss 1975. С. 180—184.
  39. ^ «The Germans unfurl Nazi flags at the captured Palace of Versailles and Eiffel Tower during the Battle of France». Critical Past.
  40. ^ «Eiffel Tower: 40 fascinating facts». The Telegraph.
  41. ^ Carlo D’Este (2003). «Eisenhower: A Soldier’s Life». Henry Holt and Company. — С. 574. — ISBN 978-0-8050-5687-7.
  42. ^ Harriss 1975. С. 215.
  43. ^ «The Eiffel Tower’s lifts». Eiffel Tower.
  44. ^ «How this city nearly got the Eiffel Tower». The Montreal Gazette.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць