Вікіпэдыя:Пераклад

Пераклад артыкулаў зь іншых моўных разьдзелаў Вікіпэдыі — цалкам прымальная і патрэбная дзейнасьць. Калі вы валодаеце некалькімі мовамі, дык пераклад артыкулаў можа стаць для вас добраю нагодаю далучыцца да разьвіцьця Вікіпэдыі. Разам з тым, пераклад мае на ўвазе шэраг умоваў, якія трэба ўсьведамляць, каб вашая праца была карыснаю.

Перакладнік — суаўтар

рэдагаваць

У Вікіпэдыі да ўсіх артыкулаў ужываюцца агульныя правілы і крытэры якасьці, незалежна ад таго, перакладзены гэта артыкул або арыгінальны. Акрамя таго, перакладны артыкул можа разьвівацца рэдактарамі далей без аніякай сувязі з артыкулам, які пачаткова быў выкарыстаны для перакладу. Іншымі словамі, для чытачоў Вікіпэдыі ўсе артыкулы ствараюцца аднолькава.

Менавіта таму, перакладаючы артыкулы, стаўцеся да тэксту з тою ж пільнасьцю і ўважлівасьцю, зь якою вы б пісалі ўласны тэкст — вось жа чытачы Вікіпэдыі ня бачаць, перакладзены гэты артыкул або арыгінальны. Заўжды намагайцеся, каб перакладны тэкст успрымаўся настолькі ж натуральна, як калі б артыкул быў арыгінальным.

Аўтарскія правы

рэдагаваць

Перакладаць артыкулы можна толькі зь іншых моўных разьдзелаў Вікіпэдыі або з тых крыніцаў, якія яўна пазначаюць, што іхны тэкст пашыраецца на ўмовах аднае з вольных ліцэнзіяў, сумяшчальных зь Вікіпэдыяй. Падрабязную інфармацыю пра выкарыстаньне тэкстаў зь іншых крыніцаў можна знайсьці на старонцы ВП:Аўтарскія правы.

У выпадку перакладу артыкула зь іншага моўнага разьдзелу Вікіпэдыі ў час захаваньня перакладзенага тэксту ў полі «Апісаньне зьмяненьняў» пад вакном рэдагаваньня варта абавязкова пазначыць наступную інфармацыю:

  • што тэкст не арыгінальны, а перакладзены;
  • назву і нумар вэрсіі арыгінальнага артыкула.

Калі ў перакладзеным артыкуле не пазначаны арыгінальны тэкст, парушаюцца аўтарскія правы, а выкананьне аўтарскага права ёсьць адным з асноўных прынцыпаў Вікіпэдыі. Атрымаць спасылку на канкрэтную вэрсію арыгінальнага артыкула найпрасьцей, скарыстаўшыся інструмэнтам «Сталая спасылка» ў групе кнопак «Панэль інструмэнтаў» зьлева (ангельскаю — «Permanent link», украінскаю — «Постійне посилання», славацкаю — «Trvalý odkaz»), і запоўніць поле «Апісаньне зьмяненьняў» такім чынам:

  крыніца — https://en.wikipedia.org/wiki/Battle_of_the_Yser?oldid=630718187  

Акрамя таго, існуе шаблён {{Перакладзены артыкул}}, які варта дадаць на старонку абмеркаваньня, правільна яго запоўніўшы (гл. Як карыстацца шаблёнам «Перакладзены артыкул»)

Выбар артыкула для перакладу

рэдагаваць

Вікіпэдыю пішуць розныя ўдзельнікі, таму артыкулы могуць быць даволі рознай якасьці. Найбольш якасныя зь іх пазначаюцца як «абраныя» або «добрыя». Такія артыкулы, як правіла, адрэцэнзаваныя і абмеркаваныя вялікай колькасьцю рэдактараў, яны належным чынам аформленыя і маюць добрую правяральнасьць. Звычайныя ж артыкулы далёка не заўжды праходзяць праверку староньнімі ўдзельнікамі, таму перад тым, як перакладаць такі артыкул, вам трэба зьдзейсьніць уласную праверку асноўных тэзаў на адпаведнасьць крыніцам. Вось колькі пунктаў, якія вам у гэтым дапамогуць:

  • Найперш упэўніцеся, што вы маеце хоць бы базавыя веды ў галіне, да якой належыць тэма артыкула, і абазнаныя ў галіновай тэрміналёгіі на абодвух мовах. Не бярыцеся перакладаць артыкул, калі ня маеце такіх ведаў.
  • Упэўніцеся, што артыкул адпавядае крытэрам значнасьці, а таксама прытрымліваецца нэўтральнага пункту гледжаньня.
  • Далей праглядзіце артыкул і высьветліце, ці мае ён спасылкі на крыніцы. Калі іх няма, артыкул перакладаць ня варта.
  • Калі крыніцы прысутнічаюць, перачытайце артыкул і паспрабуйце супаставіць істотныя сьцьверджаньні, а таксама наяўныя ў іх лічбы, даты і да т. п., з даступнымі крыніцамі. Інфармацыя ў артыкуле мае адпавядаць пададзеным крыніцам. Калі нейкія пункты немагчыма спраўдзіць, у час перакладу артыкула ў адпаведных месцах дадайце шаблён {{Крыніца?}}. Мажліва, хтосьці пазьней дадасьць патрэбную інфармацыю з наяўных у яго крыніцаў.

Калі артыкул адпавядае пералічаным патрабаваньням, тады яе можна перакласьці.

Машынны пераклад

рэдагаваць

Выкарыстаньне машыннага перакладу зьяўляецца непажаданым ў Вікіпэдыі. Машынны пераклад дае вельмі нізкую якасьць тэксту і мае шмат хібаў:

  • неадэкватны пераклад асобных словаў, якія маюць некалькі значэньняў у мове-арыгінале, а таксама прафэсійных тэрмінаў;
  • няўзгодненасьць склонаў або родаў;
  • граматычныя канструкцыі, неўласьцівыя беларускай мове — машынны пераклад ня ўлічвае глыбінных законаў мовы, што могуць патрабаваць іншай ад арыгінала пабудовы сказа, перадачы думкі іншымі лексычнымі канструкцыямі;
  • перакручваньне тэхнічных элемэнтаў, зьяўленьне неадаптаваных для беларускага разьдзелу Вікіпэдыі шаблёнаў або катэгорыяў, спасылак на файлы;

Калі вы ўсё ж надумалі скарыстацца машынным перакладам, то мусіце старанна апрацаваць згенэраваны ім чарнавы тэкст артыкула. Дзеля меншай колькасьці памылак за аснову лепш браць бачны тэкст, а не вікікод.

Калі вы ўжо захавалі тэкст, але яшчэ працуеце над ім, калі ласка, дадайце ў артыкул шаблён {{Пішу}}.

Артыкулы, у якіх выкарыстоўваўся машынны пераклад і якія яшчэ не дастаткова добра вычыталі, трэба пазначаць шаблёнам {{Артаграфія}}. Гэта будзе падахвочваць іншых удзельнікаў дапамагчы вычытаць пераклад. Калі артыкул доўга знаходзіцца ў стане невычытанага аўтаперакладу і няма рэдактараў, зацікаўленых у яго паляпшэньні, яго могуць намінаваць на выдаленьне.

Калі ласка, не перакладайце артыкулаў, якія зусім ня ўтрымліваюць крыніцаў. Помніце, што абавязак пацьверджаньня інфармацыі крыніцамі ляжыць на вас незалежна ад таго, ці пішаце вы артыкул самастойна, або перакладаеце яго. Дапоўніце артыкул матэрыяламі зь беларускамоўных крыніцаў, калі такія існуюць.

Калі якіясьці незвычайныя высновы, якія зьмяшчаюцца ў артыкулах, ня маюць спасылак на крыніцы, паспрабуйце самастойна адшукаць надзейныя крыніцы, каб пацьвердзіць іх, або напішыце запыт на старонцы абмеркаваньня арыгінальнага артыкула.

Праглядзіце старонку абмеркаваньня арыгінальнага артыкула — магчыма, там будзе карысная дадатковая інфармацыя або нават зьняпраўджваньні якіхсьці сьцьверджаньняў з адпаведнымі крыніцамі. Мажліва таксама, што аўтар меў карысную пацьверджаную інфармацыю, але ня ведаў, як слушна адрэдагаваць артыкул, таму надумаў напісаць на старонку абмеркаваньня.

Пажадана дадаць у артыкул пералік літаратуры на адпаведную тэму, перш за ўсё беларускамоўнай.

Культурныя супярэчнасьці

рэдагаваць

У розных культурах сустракаюцца істотна адрозныя погляды на адныя і тыя ж паняцьці, факты, працэсы. Часам гэта можа тычыцца беспасярэдне прадмета артыкула, але можа зачапіць і адносна нязначную праблему, якую закранае артыкул. У час перакладу пажадана, калі мажліва, узгадняць супярэчлівыя паняцьці з разнастайнымі крыніцамі і такім чынам трымацца правіла нэўтральнага пункту гледжаньня.

Акрамя таго, у розных мовах аднолькавыя паняцьці часам маюць розныя фармулёўкі, таму ў час перакладу трэба зьвяртаць увагу на тэрміналягічныя асаблівасьці і паказваць тыя пазначэньні прадметаў, падзеяў, зьяваў і інш., якія існуюць у беларускай мове, каб пазьбегнуць непажаданых памылак.

Глядзіце таксама

рэдагаваць